Вы тут

Што адносіцца да неабходнай абароны


У дзяцінстве адным з галоўных бацькоўскіх урокаў з'яўляецца тлумачэнне правілаў паводзін у канфліктах. Што рабіць, калі цябе задзіраюць ці нават б'юць? Камусьці раілі адразу ж уцякаць, камусьці — ігнараваць крыўдзіцеля, а некаторым і наогул — не раздумваючы даваць здачы. Дзеці вырастаюць і адаптуюць тыя ж правілы да дарослага жыцця, аднак тут галоўную ролю адыгрываюць не асабістыя маральныя асновы, а закон. Пра тое, як варта сябе паводзіць у небяспечнай сітуацыі, каб захаваць сваё жыццё, не здзяйсняючы злачынства, расказаў начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС палкоўнік міліцыі Ігар ГАТАЛЬСКІ.


Артыкулам 34 Крымінальнага кодэкса вызначана, што адносіцца да паняцця неабходная абарона. Гэта дзеянне, якое падразумявае прычыненне шкоды нападаючаму, але не з'яўляецца злачынствам, паколькі было накіравана на абарону жыцця, здароўя, правоў асобы, інтарэсаў грамадства або дзяржавы ад небяспечнага замаху. Аднак дапушчальныя межы гэтай шкоды — пытанне складанае. Адзінага алгарытму ў гэтай справе няма, усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Калі вам пагражаюць на словах, а вы адразу ж пускаеце ў ход кулакі, то неабходнай абаронай гэта з'яўляцца не будзе — дзейнічаць на апярэджанне тут не дарэчы. Але калі хтосьці падняў на вас руку з сапраўдным намерам ударыць, а не проста замахнуўся, знаходзячыся на кароткай адлегласці, вы маеце права, каб прадухіліць наступныя спробы, атакаваць нападніка. Але і ў гэтым выпадку не варта забываць, што біцца да перамогі — не выйсце: ваша задача — абараніць сябе, спыніць нападніка, а не пакараць вінаватага.

Ёсць катэгорыі грамадзян, якія першапачаткова знаходзяцца ў групе рызыкі, — гэта жанчыны і непаўналетнія, таму, калі раптам паўстала неабходнасць абараняцца ад іх, варта ўлічваць розніцу фізічных габарытаў і сіл, гэта значыць ступень прычынення шкоды павінна быць нязначнай. Дарэчы, неабходная абарона можа прымяняцца не толькі, каб захаваць сваё ўласнае жыццё і здароўе, але і каб дапамагчы іншым асобам. Калі чалавек быў уведзены ў зман, памылкова ўспрыняў абставіны канфлікту, дзеянні яго будуць ацэньвацца ў межах закона, аднак, калі ён паддаўся на правакацыю, ніякія паслабленні не прадугледжаныя.

За 10 месяцаў бягучага года былі зарэгістраваны 3 выпадкі перавышэння межаў неабходнай абароны, якія прывялі да смерці, і 7 — да цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Так у Маладзечна паміж двума прыяцелямі, адзін з якіх быў асобай без пэўнага месца жыхарства, распачалася сварка. На той момант яны разам ужывалі спіртное ў гаражы. Бяздомны пачаў пагражаць прыяцелю нажом, за што быў збіты, аднак «гасцінны гаспадар» не разлічыў свае сілы, так што яго «праціўнік» неўзабаве памёр у бальніцы ад атрыманых траўмаў. Жыхарка Магілёўскага раёна, якая пакутавала ад хатняга гвалту, не проста дала адпор, а забіла свайго мужа. А ў Бабруйску канфлікт разгарэўся ў бары каля крамы: нечым раззлаваны мужчына кінуў у іншага крэсла. Пацярпеламу прыйшлі на дапамогу двое сяброў, яны збілі крыўдзіцеля, хоць маглі проста яго ўтрымаць.

Абарона лічыцца неабходнай, калі рэальная пагроза прысутнічае менавіта ў гэты канкрэтны момант часу. Падставай для яе не могуць быць злачынствы, шкода ад якіх мае адкладзены эфект, такія, як, напрыклад, хабарніцтва або незаконнае звальненне.

Калі ж вы не надта верыце ў свае ўласныя сілы, можна звярнуцца да спецыяльных, дазволеных заканадаўствам, сродкаў самаабароны. Да іх адносяцца газавыя пісталеты, газавыя балончыкі слёзатачывага і раздражняльнага дзеяння, электрашокавыя прылады і іскравыя разраднікі. Аднак усё не так проста: любыя прыстасаванні павінны адпавядаць пэўным параметрам, для таго каб, хутчэй, напалохаць нападніка, чым нанесці яму сур'ёзную шкоду.

Для набыцця газавай зброі неабходны адпаведны дазвол органаў унутраных спраў. Каб яго атрымаць, трэба прадаставіць медыцынскую даведку аб стане здароўя. Пастаноўка на ўлік у псіханеўралагічным дыспансеры выключае такую магчымасць, таксама як нязнятыя і непагашаныя судзімасці, прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за шэраг правапарушэнняў. Не радзей разу ў год праводзіцца праверка ўмоў захоўвання, на адну асобу не можа быць зарэгістравана больш за дзве адзінкі газавай зброі, кожныя тры гады дазвол на захоўванне трэба падаўжаць.

Дапушчальная магутнасць электрашокераў вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя. Акрамя таго, яны павінны быць сертыфікаваны. Не так даўно вялікай папулярнасцю карысталіся электрошокеры-ліхтарыкі, аднак працэс сертыфікацыі яны не прайшлі, таму да дазволеных сродкаў самаабароны адносіцца не маглі. Наступствы іх выкарыстання былі занадта непрадказальнымі. Не варта забываць, што ў зімовы перыяд эфектыўнасць выкарыстання электрашокавых прылад на вуліцы прыкметна зніжаецца: разрад практычна не пранікае праз шчыльную тканіну цёплай вопраткі.

Што тычыцца газавых балончыкаў, то іх існуе вялікая колькасць, таму выбіраць варта ў залежнасці ад мэтавага прызначэння. Напрыклад, ёсць тып, які дзейнічае толькі на сабак, ёсць саставы і для людзей, але якія не ўспрымае чалавек у стане алкагольнага ап'янення, хоць менавіта ён часта з'яўляецца крыніцай пагрозы. Акрамя таго, існуе два асноўныя віды распылення: струменнае і аэразольнае. Струменныя балончыкі маюць вялікую дальнасць дзеяння, таксама іх можна выкарыстоўваць у закрытых памяшканнях, не асцерагаючыся нанесці шкоду самому сабе, аднак на вуліцы пры моцным ветры яны практычна бескарысныя. Да станоўчых характарыстык аэразольных балончыкаў адносіцца тое, што пры іх выкарыстанні не трэба цэліцца, бо гэта даволі складана зрабіць ва ўмовах стрэсавай сітуацыі.

У нашай дзяржаве таксама дазволена набыццё пнеўматычнай зброі з дульнай энергіяй да 7,5 джоўля. Выпускаюць нават узоры, вонкава падобныя на сапраўдны пісталет Макарава. Аднак такая зброя не з'яуляецца сродкам самааховы і можа выкарыстоўвацца толькі ў спартыўных мэтах.

Выкарыстанне траўматычнай зброі ў Беларусі, у адрозненне ад суседняй Расіі, забаронена. Па-за законам і кісцяні, кастэты, сурыкены, баявыя бумерангі, а таксама прымяненне спартыўнай і паляўнічай зброі не па прызначэнні. Нельга забываць, што нават дазволеную зброю нельга ўжываць пры вялікай колькасці людзей, калі ад гэтага можа пацярпець не толькі нападаючы, але і староннія асобы, каля сховішчаў небяспечных рэчываў, а таксама ў адносінах да інвалідаў, непаўналетніх і жанчын, калі толькі яны самі не ўзброены ці не ўдзельнічаюць у групавым нападзе.

Выбар сродкаў самаабароны залежыць ад абставін жыцця чалавека, сацыяльнага асяроддзя, у якім ён сам знаходзіцца і з якім узаемадзейнічае. У цэлым, сітуацыя ў нашай дзяржаве спакойная, таму вострай неабходнасці ў набыцці сродкаў самаабароны няма: гэта можа быць абгрунтавана толькі асабістым жаданнем ці асаблівымі абставінамі

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Не атакаваць першым і не перагінаць палку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».