Вы тут

На фестываль «JAZZіnMіnsk-2016» завітала амаль 100 замежных музыкаў


Гэтымі днямі беларуская сталіца стала сусветнай сталіцай джаза. Міжнародны джазававы фестываль «JAZZіnMіnsk-2016» ужо пяты раз збірае на сваіх пляцоўках сусветных зорак, якія прыязджаюць з-за акіяна. Яны не толькі дзеляцца сваёй яскравай музычнай творчасцю, але і адкрываюць для сябе Беларусь.


Яў­ген Ула­дзі­мі­раў з аме­ры­кан­скай спя­вач­кай Сі­гі Дэ­віс на ад­ным з джа­за­вых фес­ты­ва­ляў у Мін­ску.

За чатыры дні амаль 100 музыкаў з розных краін выступяць на мінскіх пляцоўках — у Палацы прафсаюзаў і Палацы Рэспублікі. На канцэрт-адкрыццё білеты былі раскуплены задоўга да яго пачатку.

Адзін з самых вядомых джазменаў краіны, мастацкі кіраўнік фестывалю «JAZZіnMіnsk-2016» Яўген УЛАДЗІМІРАЎ адзначае:

— Прыемна, што джаз запатрабаваны ўсюды і заўсёды. Ён, як лакмусавая паперка, сведчыць пра развіццё краіны. Хаця б раз на год Мінск робіцца сталіцай сусветнага джаза. Наш фестываль падымае рэйтынг горада на надзвычай высокі ўзровень. Натуральна, вельмі прыемна, што сюды прыязджаюць вялікія музыкі сусветнага ўзроўню — шматразовыя ўладальнікі прэміі Грэмі. Яны з першага погляду пачынаюць любіць горад. Калі замежныя выканаўцы выступаюць перад нашай аўдыторыяй, то ўсе як адзін адзначаюць, што самая падрыхтаваная, душэўная і выхаваная публіка менавіта ў Мінску. Ганарымся, што знакавыя музыкі джаза, блюза, вяртаючыся дадому, дзеляцца самымі станоўчымі водгукамі пра нашу краіну.

Варта адзначыць, што Яўген Уладзіміраў узнагароджаны дыпломам ЮНЕСКА за значны ўклад у развіццё беларускага джаза.

За пяць гадоў існавання фестывалю яго наведала ўжо больш як трыццаць тысяч слухачоў. Сюды прыязджалі музыкі, якія прадстаўлялі не толькі класічны джаз, але і фактычна ўсе сучасныя музычныя кірункі (акрамя хіба рока і шансона). Сёлета адкрываў фестываль легендарны біг-бэнд Райманда Паўлса. Спецыяльнымі гасцямі аркестра сталі амерыканскія зоркі — галівудскі спявак Фрэд Такс і сусветна вядомы трубач Рональд Бэйкер.

Учора на сцэне Палаца прафсаюзаў можна было пачуць каралеву блюза Анджэлу Браўн. Гэта легендарная выканаўца ўжо пры жыцці ўнесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса і Залу славы блюза. А сёння ў беларускай сталіцы выступае саксафаніст Гэры Уігінс, які, як лічыцца, працягвае традыцыі рок-н-рола ў джазе пасля Элвіса Прэслі. Завершыцца фестываль у нядзелю выступленнем гасцей з Арменіі.

— Чатыры дні ў Мінску знаходзяцца вядомыя музыкі — многія з іх прыехалі да нас упершыню, — заўважае старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, адзін з галоўных арганізатараў фестывалю «JAZZіnMіnsk-2016» Уладзімір КАРАГІН. — Удзельнікі мінулых фестываляў казалі мне, што Беларусь стала для іх адкрыццём. Яны вярнуліся дадому ў Вашынгтон, Нью-Ёрк, Флорыду, Сан-Францыска, Лондан і распаўсюдзілі пра нас надзвычай станоўчую інфармацыю — пра дабрыню і добразычлівасць нашых людзей, прыгажосць і сучаснасць горада і краіны. Гэта спрыяе ўмацаванню бізнес-стасункаў. Канфедэрацыя прадпрымальніцтва атрымлівае дзясяткі прапаноў накіраваць дзелавыя дэлегацыі. Часам мы пытаемся, адкуль яны даведаліся пра нас?.. Чуем у адказ, што ім распавялі пра гэта джазавыя музыканты.

На будучы год джазавы фестываль у Мінску ўжо атрымаў афіцыйную падтрымку кіраўніцтва горада. Таксама ён папоўніцца яшчэ адным, пятым днём — будзе гучаць дзіцячы джаз, а таксама пройдзе міжнародны дзіцячы джазавы конкурс.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Беларусь як адкрыццё

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.