Вы тут

Дзяржаўтаінспекцыя правяла конкурс сярод мінскіх школьнікаў


Галоўная мэта — павысіць узровень ведаў аб правілах дарожнага руху. Каб пагружэнне было поўным, навучэнцы 9-11 класаў рыхтаваліся да конкурсу на працягу цэлай тэматычнай змены ў лагеры «Лідар». Калі падобныя спаборніцтвы праводзіліся і раней, то ідэя з лагерам была рэалізавана ўпершыню.


Як паведаміў начальнік аддзела агітацыі і прапаганды УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей ЗАРАНІК, у сталіцы сёлета за 10 месяцаў адбылася 41 аварыя з удзелам дзяцей, у выніку якіх двое загінулі (веласіпедзіст і пешаход), 39 — атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, з іх — 24 пешаходы, 13 пасажыраў і 4 веласіпедысты. Колькасць дзяцей, якія трапляюць у дарожна-транспартныя здарэнні з-за няведання правілаў руху, набліжаецца да мінімальнай адзнакі. Гэтаму спрыяе прафілактычная работа, якую актыўна праводзіць сярод дашкольнікаў і школьнікаў Дзяржаўтаінспекцыя. Варта адзначыць, што цяпер назіраецца тэндэнцыя, калі вінаватымі ў цяжкіх наступствах аварый часцей становяцца бацькі, якія парушаюць правілы перавозкі дзяцей у аўтамабілях. Але на змену ім прыходзіць пакаленне, лепш дасведчанае ў гэтай сферы, якое падобныя памылкі паўтараць не будзе.

— «Скрыжаванне» — гэта гарадскі конкурс. У ім бяруць удзел каманды ад усіх 9 раёнаў Мінска, у кожнай — па 10 чалавек. Сам конкурс складаецца з трох этапаў: тэставая праверка тэарэтычных ведаў, ролевая гульня «На дарозе» і дэнс-шоу. Усе яны праходзяць у адзін дзень, які з'яўляецца кульмінацыяй лагернай змены. Да гэтага штодзённа ў раскладзе ўдзельнікаў, акрамя ўрокаў па школьных прадметах, абавязкова ёсць яшчэ і заняткі па вывучэнні правілаў дарожнага руху, — расказвае старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Кастрычніцкага раёна г. Мінска Вікторыя ЦАРУК. — Калі конкурс юных інспектараў дарожнага руху «Зялёная хваля» мае ўжо багатую гісторыю: ён праводзіцца на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, то «Скрыжаванне» толькі пачынае сваё станаўленне. Да тэматычнай лагернай змены маглі далучыцца не толькі афіцыйна зарэгістраваныя юныя інспектары руху, але і ўсе астатнія ахвотныя, якім цікава гэтая сфера.

Кожная каманда апранута альбо ў аднолькавую форму, альбо прытрымліваецца адзінага стылю. Падлеткі ўслых паўтараюць правілы, калектыўна разбіраюць складаныя пытанні. Відаць, што многія моцна нервуюцца. Каманды размяркоўваюцца па класах, дзе ім трэба выканаць 10 заданняў на камп'ютарах. Ад вынікаў залежыць далейшы ход спаборніцтваў: колькасць набраных балаў вызначае, якую ролю ты будзеш выконваць у гульні. Так лідар становіцца рэгуліроўшчыкам, задача якога за мінімальную колькасць хадоў без памылак, але як мага хутчэй правесці ўвесь транспарт па зададзеным маршруце. Прычым, сам маршрут рэгуліроўшчык цалкам не ведае. Акрамя яго, на дарозе, а дакладней на імправізаваным скрыжаванні, сустракаюцца трамвай, легкавы аўтамабіль, матацыкл і пешаход, чыя роля дастаецца ўдзельніку з найменшай колькасцю балаў. Усе ставяцца да гульні вельмі сур'ёзна: ніякага смеху ці жартаў, за кожную памылку — выразныя позіркі з нямым дакорам ад членаў каманды.

— У першую чаргу конкурс, як і ўся лагерная змена, вучыць не столькі правілам дарожнага руху, колькі адказным адносінам да іх. Пасля таго як хлопцы і дзяўчаты праходзяць ўвесь гэты шлях, у іх цалкам змяняецца стаўленне да паводзін на дарозе. Яны не проста фармальна на мерапрыемствах перадаюць вучням малодшых класаў свае веды, але і нясуць іх у грамадства ў цэлым. Вельмі важна, што дзеці падаюць станоўчы прыклад, тлумачаць, як і чаму варта паводзіць сябе нават дарослым. Бо як разважаюць многія: калі я адзін, без свайго дзіцяці, то магу і на чырвонае святло перабегчы дарогу, нічога страшнага. Але ў той жа час за ім можа назіраць іншы малы, які любога дарослага лічыць аўтарытэтам. Гэтую інфармацыю важна данесці да абывацеляў. Таму юныя інспектары руху, удзельнікі тэматычнх конкурсаў — сур'ёзная дапамога для супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі ў правядзенні завэлюмаванай прафілактычнай работы, — адзначыла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Вераніка РАМАНЬКОВА.

Строгасць конкурсу пацвярджае сур'ёзнасць настрою падлеткаў. За кожным удзельнікам замацаваны член журы, ён уважліва назірае за ходам выпрабавання, уносячы ў пратакол усе грубыя памылкі і парушэнні. Дакладны час вызначаецца па секундамеры: у самай хуткай каманды атрымоўваецца пакінуць скрыжаванне менш, чым за дзве хвіліны. Прычым заданне канкурсанты бачаць непасрэдна перад гульнёй.

— Я вельмі спадзяюся, што буду рэгуліроўшчыкам, — пакуль чакае выхаду сваёй каманды, дзеліцца перажываннямі чатырнаццацігадовы Арцём Ваўчок. — Калі я быў у 5 класе, праводзіўся набор у каманду юных інспектараў руху. Я не чакаў такога, але канкурэнцыя была вельмі вострай. Мне пашанцавала, і вось ужо чатыры гады я з'яўляюся «інспектарам». Зараз сур'ёзна задумваюся аб тым, каб выбраць гэта ў якасці справы ўсяго свайго жыцця. Памылкова думаць, што мы толькі вывучаем правілы дарожнага руху. У праграме заняткаў — асновы медыцынскай падрыхтоўкі, фігурнае кіраванне веласіпеда і засваенне многіх іншых карысных для жыцця навыкаў.

Пакуль ідзе гульня, напружанне не спадае, бо каманды не бачаць, як выступаюць сапернікі. Хлопцы і дзяўчаты з палёгкай уздыхаюць, толькі калі справа даходзіць да дэнс-шоу. Тут палёт фантазіі практычна не абмежаваны, аднак праз танцы і песні ў лёгкай форме да гледачоў трэба данесці важныя ісціны пра бяспеку дарожнага руху. Тыя, каму бліжэй выяўленчае мастацтва, змаглі праявіць свае таленты ў стварэнні сімвала ДАІ горада Мінска.

Вынікі конкурсу:

І месца — каманда Маскоўскага раёна;

ІІ месца — каманда Савецкага раёна;

ІІІ месца — каманда Кастрычніцкага раёна

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Апынуцца на «Скрыжаванні»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.