Вы тут

Марыя Захарэвіч: У мяне былі ролі, якімі можна ганарыцца


Гэтымі днямі святкавала 80-гадовы юбілей народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч — адна з самых яркіх зорак нацыянальнай сцэны. З гэтай нагоды ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» пабачыла свет кніга «Марыя Захарэвіч. Талент, адухоўлены любоўю». Тут змешчаны ўспаміны землякоў, калег, сяброў Марыі Георгіеўны, інтэрв'ю з любімай актрысай, а таксама вершы, прысвечаныя ёй. Мы ўбачыліся з Марыяй Захарэвіч, каб пагутарыць пра сустрэчы з класікамі, важныя жыццёвыя падзеі і згадаць некаторыя эпізоды дзяцінства.


Спатканні, што помняцца

— Марыя Георгіеўна, кожны неабыякавы да нашай нацыянальнай культуры чалавек добра ведае старонкі вашай жыццёвай і творчай біяграфіі. Але ў вашым жыцці ўсё ж такі быў цікавы эпізод, пра які мы амаль нічога не ведаем. Гэта пасяджэнне арганізацыйнага камітэта Савецкага фонду культуры, якое адбылося ў Маскве. Што важна, ад Беларусі былі запрошаны толькі вы і Васіль Быкаў. У спісе членаў аргкамітэта — шмат гучных імёнаў. Што вам запомнілася з той паездкі ў Маскву?

— Ведаеце, спіс удзельнікаў, канешне, унікальны. І, вяртаючыся ў тыя гады, я ўспамінаю, пра што мы гаварылі, што хвалявала ўсіх, якія пытанні ўзнімаліся. Напрыклад, пытанні тэатра, кіно. Вядома, паловы ці больш з гэтых людзей ужо няма. Але я нават забылася, што была ў гэтым аргкамітэце. Аднойчы знайшла гэты спіс і падумала: «Божа мой, і сапраўды, у кампаніі якіх вялікіх людзей я была!» Такія асобы — і Расул Гамзатаў, і Валянцін Распуцін, і Мустай Карым... Мая Плісецкая, Людміла Зыкіна, Раіса Гарбачова... Мне давялося нават выступаць. Праўда, не на пасяджэнні аргкамітэта, а на многіх іншых. А трапіла я ў спіс таму, што мы даволі часта былі ў Маскве, удзельнічалі ў канцэртах — нашых, беларускіх. Уявіце: тэатральнай актрысе выступаць на сцэне Вялікага тэатра СССР, прычым двойчы. Гэта было ў час святкавання 100-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. У мяне захаваліся ўсе гэтыя праграмы, я гляджу і ўспамінаю: што чытала на стагоддзе Коласа? Аказваецца, верш Кастуся Кірэенкі «Беларусь — Расія». Часта выступала я ў Калоннай зале Дома саюзаў, у Крамлёўскім Палацы з'ездаў, у Доме літаратараў на юбілейным вечары Івана Шамякіна, на іншых вечарах, у Зорным гарадку. Удзельнічала ў вялікіх гала-канцэртах у Маскве. І чытала там заўсёды «Край паэтаў» Пімена Панчанкі. Гэты верш так спадабаўся Валянціне Церашковай, што, калі яна прыехала ў Мінск, папрасіла мяне прачытаць яго. А калі было 80-годдзе Ніны Сняжковай (былы намеснік старшыні Савета Міністраў БССР. — Д.П.), гераіня свята таксама папрасіла мяне прачытаць менавіта гэты верш. Яна вельмі любіла беларускую паэзію. І, канешне, тое, што я ўдзельнічала ва ўсіх урадавых канцэртах, пачынаючы з інстытута, напэўна, і прынесла мне вядомасць.

— Шмат паэтаў і празаікаў прысвяцілі вам вершы, нарысы. Сустрэча з якім творцам найбольш запомнілася?

— На жаль, не вельмі часта мы сустракаліся для таго, каб проста пагутарыць. Магу сказаць толькі пра Уладзіміра Караткевіча. Мы з ім сапраўды пасябравалі, ён заўсёды да мяне вялікі клопат праяўляў: і дадому прыходзіў, і ў вёску прыязджаў, — гэта для мяне была вялікая маральная падтрымка. Асабліва ў той час, калі я трапіла ў аварыю і ляжала ў бальніцы. З Максімам Танкам, хоць мы і землякі, спачатку толькі віталіся. Парай слоў перакінемся — і ўсё. Але пазней, помню, была «Паэтычная пятніца» ў Доме літаратара па яго кнізе «Дарога, закалыханая жытам». Мы сур'ёзна да яе рыхтаваліся. Максім Танк быў вельмі задаволены. Пасля паэт запрасіў мяне на свой юбілейны творчы вечар, які праходзіў у нас на радзіме. Мы разам ехалі. Ён шмат расказваў. Завіталі ў яго родную вёску. Максім Танк расказваў пра дрэвы, якія сам пасадзіў, пра калодзеж, пра сваю хату. У ёй мы таксама пабывалі. Шмат жартаваў. А пасля таго вечара ў Мядзеле мы да яго зноў заехалі дадому. Ноччу. Была жывая яшчэ жонка Максіма Танка. Прывезлі столькі падарункаў — ён быў вельмі задаволены. Пазней, незадоўга да смерці Максіма Танка, мы з Нінай Загорскай прыйшлі да яго. Купілі не кветкі — усялякай зеляніны на кірмашы. У паэта якраз быў урач. Мы дачакаліся, пакуль доктар пойдзе. Максім Танк выйшаў да нас, вельмі дзякаваў. Пасля расказваў пра жонку, пра тыя вершы, якія прысвяціў ёй. Чытаў іх. Такой была мая апошняя сустрэча з Максімам Танкам...

— Марыя Георгіеўна, каго яшчэ з беларускіх класікаў можаце прыгадаць, з кім вы вось так, неафіцыйна, сустракаліся?

— Канешне, Івана Шамякіна. Я многа яго чытала. Вы ведаеце, нікога не абдзяліла з беларускіх паэтаў. Нікога. На радыё з маім удзелам былі нават не дзясяткі, а сотні перадач. Усё тое, пра што вам расказвала, — я маю на ўвазе канцэрты — ніхто іх не здымаў, не фатаграфаваў. А радыё... Напісанае, як кажуць, застаецца. І тое, што цяпер у залатым фондзе радыё, таксама. Слухаеш і здзіўляешся: як хапала сіл столькі паспяваць?

Вытокі асобы — у сям'і

— У нас ёсць дрэвы-сімвалы— «елка ў пары з хваіною», «явар і каліна», апетыя класікамі. Дзве бярозы каля роднай хаты ў вёсцы Навасёлкі для вас гэта...

— ...той помнік, што пакінуў мой бацька. Ён пасадзіў дзве бярозы, паклікаў маму і сказаў: «Гэта будзе помнікам нам з табой». Пасадзіў іх у адзін корань. Зараз бярозы вельмі магутныя. І, канешне, я іх даглядаю. Дарагі татаў падарунак застаўся.

— Марыя Георгіеўна, раскажыце, калі ласка, пра вашых бацькоў. Што прыемнае засталося для вас цяпер, калі прыязджаеце да роднай хаты?

— Я была адна ў бацькоў. Адна дачушка. Прычым нарадзілася ў даволі сталыя іх гады. Разумею, што значыла для таты з мамай. Але я не была пястушкай. Я так спачувала ім! Спачувала тату, які шмат працаваў. Тату звалі Георгій Мікалаевіч. А ў жыцці — Юрка. Памятаю, як тата збіраўся на касьбу, браў з сабой кавалак жаўтаватага сала. Калі вяртаўся, кашулю яго, белую ад солі, можна было паставіць. Я выпадкова захавала дзённікі, якія вёў тата. Цяпер у гэтым сшытку і мае дзённікі. Уявіце, якая цяжкая праца была ў калгаснікаў. Я не ведаю, як яны вытрымлівалі. Напрыклад, такі запіс у дзённіку: «Кожны дзень вазіў гной, 8—10 вазоў». А што такое накласці воз гною? Былі і іншыя віды цяжкай працы. Нават калі тата ўжо захварэў, усё роўна брыгадзір загадваў працаваць. І хату тата пабудаваў сваімі рукамі. Я сказала, што яна ніколі не будзе прадавацца, ніколі. Але, канешне, самую складаную работу выконвалі талакой. Як раней было. Таму гэта бясцэнны дар, які застаўся ад маіх бацькоў. Яшчэ, напрыклад, мая дзіцячая фатаграфія. Мама казала, што яна чатыры дні капала торф, каб зарабіць грошы і сфатаграфаваць мяне, — усё гэта дорага каштуе. У мяне яшчэ захавалася з польскіх часоў маміна хустка. У цудоўным стане. Маму звалі Ганна Іванаўна. А па-вясковаму — Ганэта. Яна была ткачыхай. У мяне ручнікі, сатканыя мамай, захаваліся. І многае іншае. Маму нават запрашалі ў розныя вёскі, каб яна паказвала сваё майстэрства. Яна і пявуння была.

— І вы, Марыя Георгіеўна, таксама прыгожа спяваеце.

— І я таксама пявуння была... (усміхаецца).

— Аднойчы ў інтэрв'ю вы сказалі пра свайго тату «глыбінны». Што мелі на ўвазе?

— Глыбінны? Разумееце, я пагляджу на яго партрэт, якіх у мяне толькі два — маленькія фотаздымкі, і думаю, што ён нечым вельмі падобны на Васіля Быкава. Тата звычайна больш слухаў, быў маўчуном. Помню, як у яго дапытвалася (я ж хацела, каб усё было добра дома): «Тата, ці хопіць ужо на карову, ці дастаткова накасіў? Ці многа яшчэ трэба?» Яму было вельмі прыемна — я ж бачыла. Ён і задачкі рашаў (з матэматыкай дрэнна ў мяне было), маляваў мне, таму што не атрымлівалася. Тата вельмі любіў мяне.

І на сцэне, і на кінаэкране

— Вы ўвасобілі шмат вобразаў. Але галоўны сярод іх — вобраз Маці.

— Безумоўна. Мяне часта запрашалі і ў кіно. Асабліва ў ваенныя фільмы, дзе я здымалася з дзецьмі. Акрамя таго, выступала на стадыёнах падчас рэспубліканскіх свят — таксама ў вобразе Маці.

— Дазвольце нагадаць некаторыя з фільмаў, дзе вы здымаліся: «Зімародак», «Сыны ідуць у бой», «Руіны страляюць», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Час выбраў нас» і іншыя. Пра гэты эпізод вашага жыцця мы ведаем, на жаль, не вельмі шмат.

— У той час на ўсе галоўныя ролі запрашалі маскоўскіх ці ленінградскіх актрыс. А нам даставаліся маленькія эпізадычныя ролі. Але і гэтаму мы былі рады. Я, напрыклад, ганаруся гэтым, мне не сорамна за маленькія ролі. Адметна і тое, што мяне бралі без ніякіх проб. І, канешне, я многім паспела сказаць «дзякуй» пры іх жыцці. Напрыклад, Віктар Тураў мяне часта запрашаў здымацца, Віталь Чацверыкоў, Міхаіл Пташук. Юрыю Цвяткову, які зняў мяне ў фільме «Ясь і Яніна», я сказала: «Дзякуй за тое, што ты мяне хоць прыгожую зняў, а то я заўсёды ў ваенных фільмах захутаная» (смяецца). Тут ён хоць трошкі паказаў мае гады... Ведаеце яшчэ што? Вялікая справа была для мяне як для актрысы не толькі здымацца, але і агучваць ролі, а таксама дубліраваць іншых акцёраў. Агучыць — гэта значыць зрабіць ролю. І ў мяне такіх работ было даволі шмат. Я агучвала расійскіх, латвійскіх актрыс. А дубляж для мяне таксама праца, і я лічу, што сыграла ў «Знаку бяды» Сцепаніду на беларускай мове. Міхаіл Пташук мяне запрасіў. У «Маці ўрагану» па Караткевічу я таксама агучвала галоўную гераіню. Пасля Пташук запрасіў мяне яшчэ агучыць лэдзі Макбет.

— Ваша тэатральнае жыццё таксама можна назваць разнапланавым. Прычым кожны вобраз — яркі, запамінальны.

— У фінале спектакля «Пагарэльцы» мая гераіня гаворыць прыкладна наступнае: «Калі даецца чалавеку пасада, заўсёды думай аб тым, каму яна дастаецца, чым гэта абернецца для людзей праз год, дзесяць гадоў». Такая роля ў мяне была — нешматслоўная. Своеасаблівыя пытанні гледачу, зварот да яго. Дзякуй богу, я іграла разнапланавыя ролі. Уявіце: Камісар у «Аптымістычнай трагедыі» і Мона ў «Безыменнай зорцы» — жанчына, якая жыве за кошт іншага чалавека. Гэта такія розныя полюсы! Варвара ў «Навальніцы» і Ганна ў «Людзях на балоце». Дзякуй богу, у мяне былі ролі, якімі можна ганарыцца. Але былі і даволі вялікія прастоі. Адзін з маіх сяброў прыслаў мне п'есу, якую мы потым ігралі з Наталляй Гайдай. П'еса называлася «Інструкцыя па выжыванні для old lady». Мы назвалі яе «Я не пакіну цябе».

— А вы былі рэжысёрам гэтага спектакля.

— Так, я была рэжысёрам, але я не лічыла сябе ім — проста мне быў зразумелы гэты матэрыял. Ён быў мне даступны. Мы з Наталляй Гайдай зрабілі спектакль у нашай грымёрцы. Усё было абгаворана і сыграна менавіта там. Я наогул люблю, калі рэпецірую што-небудзь. Вельмі люблю разбірацца, капацца, паглыбляцца... Помню, калі мы ставілі спектакль «Верачка» паводле п'есы Андрэя Макаёнка, у працэсе рэпетыцыі я не была, як кажуць, абыякавай. Рэжысёр Яўген Веніямінавіч Радамысленскі (пасля ён стаў рэктарам школы-студыі МХАТ) гэта заўважыў. І пасля, на мастацкай нарадзе, сказаў неймавернае ў той час: «Я хочу, чтобы вводы в этот спектакль делала Мария Георгиевна». А ў нас жа ёсць асістэнты рэжысёра. Гэта было ашаламляльным для мяне...

А тады, каб зрабіць на Малой сцэне спектакль «Я не пакіну цябе», часу было вельмі мала. І мы паспелі. Ведаеце, такога поспеху я не адчувала за ўсё сваё жыццё. Цэлыя дэлегацыі — не адзін-два чалавекі, а цэлыя дэлегацыі — прыходзілі пасля спектакля да нас у грымёрку. І нават пасол каралевы Вялікабрытаніі прыйшоў. І прадстаўнікі пасольстваў, і малдаўская дыяспара, і нашы вядомыя людзі...

— А ці ездзілі на гастролі з гэтым спектаклем?

— Мы ездзілі на міжнародныя фестывалі. Два разы выступалі ў Маскве, адзін раз у Кіеве і адзін — у Гомелі. У Кіеве нас вельмі цёпла прымаў Багдан Ступка. А ў Маскве выступалі ў адным з тэатраў і ў тэатральным цэнтры. Там якраз прысутнічалі Ніна Лявонаўна Сняжкова і Галіна Уладзіміраўна Мураўская — наш прафесар з Бараўлян. Так што мы з гэтым спектаклем мелі поспех.

Запаветы наступнікам і вучням

— Акцёры Мінскага абласнога тэатра, што ў Маладзечне, і цяпер з удзячнасцю ўспамінаюць вас. Асабліва — майстар-клас, які вы праводзілі для іх.

— Я і цяпер, шчыра кажучы, не разумею, як магла згадзіцца на гэта. Кожны дзень уставаць у сем раніцы...

— Вы спачатку ездзілі з Мінска, а потым заставаліся начаваць у тэатры...

— Так, даводзілася ездзіць са сталіцы, а потым і начаваць у тэатры. Начавала ў касцюмернай. І ў грымёрцы, калі было холадна. З аднаго боку, я не разумею, як мяне хапала на ўсё. Але цяпер успамінаю — і нешта цёплае ў маёй душы нараджаецца, таму што такі ўнікальны калектыў быў! І мне там было так цёпла і ўтульна! Тры спектаклі, пастаўленыя на сцэне Мінскага абласнога тэатра, я лічу вельмі дастойнымі. Адзін з іх — «Характары» Васіля Шукшына... Галоўнае — тая п'еса Івана Мележа, якую ён мне падарыў, была пастаўлена ў гэтым тэатры. Гучалі ў спектаклі і рамансы на творы Генадзя Бураўкіна.

— А вы ж таксама спявалі.

— Я аднойчы спявала. Я часта думаю: якая ж была смелая! На такое асмеліцца — каб праспяваць вершы. Але мне так хацелася! У афішы значылася: «Прызнанне ў любові». На мужчынскае свята, 23 лютага. Цудоўныя вершы Генадзя Бураўкіна! І ён мяне прасіў, каб я паказала гэта. Аднойчы я адзін верш праспявала на юбілеі Бураўкіна.

— Антон Чэхаў калісьці сказаў: «Абыякавасць — гэта параліч душы». Як, на вашу думку, можна вылечыць душы людзей ад абыякавасці?

— Ад абыякавасці? Мне здаецца, што, можа, ёсць людзі, ад нараджэння надзеленыя вялікай дабрынёй. Ці калі чалавек сам апынецца ў складанай жыццёвай сітуацыі, тады ён, можа, паспачувае іншаму чалавеку.

— Як зараз дапамагчы зрабіць дастойны выбар юнакам і дзяўчатам і ў прафесійным, і ў жыццёвым плане? Што можа аб'яднаць людзей, павысіць іх культурны ўзровень?

— Ведаеце, калі я выступаю перад моладдзю (а такіх выступленняў падчас падарожжаў у рамках культурна-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да Святыняў» з Дабрадатным Агнём было вельмі шмат), то перш за ўсё расказваю пра наша жыццё. Апавядаю юнакам і дзяўчатам, як мы жылі і як яны павінны даражыць сваімі бацькамі — не грашыма. Я кажу ім: «У вас усіх зараз мабільныя тэлефоны. Вы пазванілі — і ўсё. А лепш вы напішыце... Як гэта каштоўна! Я захавала ўсе пісьмы і паштоўкі, якія мне дасылалі. У мяне вялікі архіў. Гэта такое багацце! Напішыце маці ці каму-небудзь яшчэ добрыя словы. Разгарніце кнігу. Адкрыйце нашу беларускую літаратуру, якой па праву можам ганарыцца. Чытаць паэзію — гэта трэба патраціцца, трэба думаць. Дык нырніце туды, падумайце. Не будзьце легкадумнымі...» І ўсё. Пасля сустрэчы яны акружаюць мяне. Калі фатаграфуемся, я думаю, што, калі хаця б аднаму, дваім, траім мае словы запалі ў душу, — гэта ўжо вельмі каштоўна. Вось і ўся навука.

І ўвогуле, я лічу, што, калі ў розных кутках Беларусі, нават у самых аддаленых вёсачках, людзі пазнаюць мяне па голасе, — гэта найвышэйшая ўзнагарода.

Дзмітрый ПЯТРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».