Вы тут

Марыя Кобец. «Далоняў цёплых дрогкае крананне...»


Нехта скажа, што літаратурнае жыццё віруе адно ў сталіцы. Толькі тут ёсць і тусоўка, і вечарыны, і магчымасць чытачам ледзь не штодзень сустракацца з пісьменнікамі, а творцам — выходзіць да публікі. Але прыклад паэткі з Піншчыны Марыі Кобец даказвае зусім адваротнае: можна быць і жыць у літаратуры, нават жывучы ў вёсачцы на Палессі. Яна актыўна друкуецца ў літаратурна-мастацкіх выданнях, выступае на творчых вечарынах, а не так даўно прадставіла сваю другую кнігу вершаў «Палыновая квецень».

Марыю Кобец як паэтку хвалююць розныя аспекты. Гэта і горкая адзінота, і шчаслівыя моманты радасці (адсюль і сімвалізм назвы новай кнігі), і адвечная антытэза горада і вёскі, і жаданне простага жаночага шчасця. Ёсць тут ноты філасофскіх роздумаў, клопат аб лёсе роднай зямлі. Ды што казаць — лепш чытаць. Таму прапануем чытачам «Звязды» некалькі новых вершаў гэтага аўтара.


Марыя Кобец

***

З гасцінца крочу я ў сяло —

Вяртаюць карані з дарогі.

Сталіцы шумнае сіло

Стаміла цела да знямогі.

 

Ступаю роснаю травой,

Па быльнягу, па ўзмежках.

Здыму абцасы з ног далоў —

Ды басанож з усмешкай!

 

Глядзі ж ты — ў небасхіле, вунь,

Вясёлкі карагодзяць.

Гэй, поля веснавая рунь!

Ралля, што так лагодзіць!

 

Гэй, далеч, сонейка, цяпло!

Гэй ветрык, лес, мурогі!

Дамоў, у роднае сяло!

Бывайце ўжо, трывогі!

 

***

Вецер лашчыць зімовую хмарку.

Ён каханак яе і вястун.

Даланёю падхопіць і шпарка

Закалыша, гарэза-пястун.

 

Валасы ёй расчэша лісліва,

Клапатлівай расправіць рукой.

Сарамліва, ласкава, цнатліва

Пацалуе, крануўшы шчакой.

 

Побач зорка — нябёсаў істота —

Ззяе ярка на Млечным Шляху.

Але ў бляску — нуда і самота.

Ёй жа ласкі ну хоць бы крыху!

 

Маладзік — прыгажун яснавокі —

Асвятляе наўкола усіх.

Ды пагляд свой халодны, высокі

Ёй не дорыць, а звыкла прыціх.

 

Толькі зорачка з даляў далёкіх

Бляск свой дзеліць са мной

надвая.

І здаецца такой адзінокай!

Адзінокай... Такой жа, як я.

***

...Усмешкі Вашай шчырае

святло,

Далоняў цёплых хуткае

крананне —

Да дрыжыкаў,

Бяспамяцтва...

Сышло

Зімы мярзотнай золкае

трыванне.

 

Заззяў Сусвет адценнем

Вашых воч,

Згарэлі ўміг сумнеў

і спадзяванні.

...Стаў Новы Свет!

Былое ўсё — апроч!

Дзень добры,

Час адчайных парыванняў!

 

Бывай навекі ўжо, назола-тло!

Бывай...

Спатоліць хай імклівае

адхланне —

Усмешкі роднай шчырае святло,

Далоняў цёплых дрогкае

крананне...

 

***

Вечар.

Ціша.

Плыве далячынь.

Піша дождж на шкле

вокнаў нататкі.

Вечар.

Вы.

І рука на плячы.

Падваконне...

і Вашы пальчаткі.

 

Словаў шквал.

Усвядоміць б змагчы!

Рысы, рухі,

Загадкі, загадкі...

Ноч і Вы.

Галава на плячы

Падваконне...

і Вашы пальчаткі.

 

Забыццё.

Ноч сышла на спачын.

Завіхаецца золак — і раптам...

Падваконне...

Яно ж ні пры чым...

Падваконне —

без Вашых пальчаткаў.

 

Так. Адсутнасць.

Крычы — не крычы.

Без адказу — адно толькі

згадкі.

Падваконне... і Вашы ключы.

Падваконне...

без Вашых пальчаткаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?