Вы тут

Непрыманне прыёмных бацькоў і дзяцей трэба пераадолець


Дзеці спачатку нібы крыху саромеліся. Сціпла сядзелі за сталамі і па першым часе нават амаль не налягалі на прысмакі. Але вядучы святочнага ранішніка, які праходзіў у кавярні «Праванс», не дарэмна хлеб есць. За чвэрць гадзіны ён разварушыў аўдыторыю, і малыя госці паступова сталі адчуваць сябе вольна. Яны танцавалі, удзельнічалі ў гульнях і флэшмобах. Потым сталі больш актыўна частавацца пірожнымі ды фруктамі. А каля стала арт-грымёра Вольгі выстраілася немалая чарга.


Юлія Гу­ля­е­ва з дач­кой Ва­сі­лін­кай.

Сустрэчы ў клубе

Названае кафэ разам з іншымі спонсарамі ды сацыяльна-педагагічным цэнтрам у Сусветны дзень дзіцяці наладзіла свята для брэсцкіх прыёмных сем'яў. На ранішнік сабралася 46 дзяцей у суправаджэнні 24 бацькоў. Свята сапраўды атрымалася добрым. І не толькі стараннямі самадзейных артыстаў, сярод якіх было нямала выканаўцаў і музыкантаў школьнага ўзросту, ды мецэнатаў. Многія з хлопчыкаў і дзяўчынак, выхаванцаў прыёмных сем'яў, ведаюць адно аднаго, яны з задавальненнем сустрэліся, размаўлялі. Яшчэ цікавей было ўбачыцца бацькам у такой вось нефармальнай абстаноўцы.

Намеснік дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра Жанна Далгадзіліна расказала, што прыёмныя бацькі на базе іх цэнтра праходзяць не толькі курсы падрыхтоўкі да свайго новага статусу, але і атрымліваюць пастаянную дапамогу, карыстаюцца кансультацыямі спецыялістаў. Створаны бацькоўскі клуб «7 Я», на пасяджэнні якога мамы і таты абменьваюцца вопытам, назіраннямі, раяцца з калегамі і спецыялістамі. У клубе пастаянна праводзяцца сумесныя мерапрыемствы для дзяцей і бацькоў, арганізоўваюцца паездкі і экскурсіі. І галоўнае, што кожны прыёмны бацька альбо маці пры ўзнікненні тэрміновага пытання ў любы час можа патэлефанаваць псіхолагу альбо педагогу, каб атрымаць параду. А такія сітуацыі перыядычна ўзнікаюць у любой прыёмнай сям'і, асабліва напачатку.

Адаптацыя

І самая тыповая з іх — адаптацыя дзіцяці ў новых умовах, калі хлопчык альбо дзяўчынка трапляюць у сямейны калектыў, дзе трэба жыць па правілах, да якіх яны не прывыклі. Ну, напрыклад, дзіця жыло ў кватэры з нядбайнымі бацькамі, дзе дарослыя забаўляліся п'янкамі, дзе нормай былі нецвярозыя кампаніі, шум, песні, а то і скандалы да раніцы. Малыя пры гэтым былі поўнасцю пакінутыя самі сабе. Іх ніхто не вучыў прыбіраць за сабой, сачыць за сваім адзеннем і знешнім выглядам, рыхтаваць урокі, нават чысціць зубы перад сном. А тут пачынаюцца патрабаванні, звязаныя з распарадкам дня, пэўныя абавязкі і іншыя непрывычныя рэчы. І дзеці вельмі часта пачынаюць выказваць пратэст самым нечаканым чынам. Тут ужо патрэбныя цярпенне і мудрасць бацькоў.

Жанна Адольфаўна згадала адносна нядаўні выпадак з хлопчыкам, які з прытулку перайшоў у сямейны дзіцячы дом. Справа ўскладнялася тым, што з двара свайго новага дома школьнік бачыў дом сваіх кроўных бацькоў. Тыя эмоцыі і ўспаміны, вядома, не праходзілі бясследна для дзіцячай душы і выліваліся ў своеасаблівы пратэст. Прыёмныя бацькі спачатку спрабавалі справіцца самі, потым раіліся са спецыялістамі. Пасля размовы з новымі бацькамі і хлопчыкам Жанна Далгадзіліна западозрыла, што на малога дрэнна ўплываюць яго біялагічныя бацькі. Пайшла да іх, пагаварыла і падазрэнні пацвердзіліся. Але педагогу ўдалося пераканаць гэтых людзей, што такім чынам яны толькі шкодзяць свайму дзіцяці. Яны крыху памянялі рыторыку размоў пры сустрэчах з сынам. І абстаноўка ў сям'і стала наладжвацца.

Пераадоленне

Яшчэ педагог з вялікім стажам лічыць, што пратэст у дзяцей нярэдка выклікае стаўленне да іх навакольных. Вельмі часта ў асяродку равеснікаў яны адчуваюць сябе не такімі, як усе. Дзеці — народ жорсткі, часам, не асабліва ўсведамляючы наступстваў, могуць нанесці адчувальную псіхалагічную траўму аднакласніку альбо аднакласніцы нават не словам, а інтанацыяй, з якой вымаўляецца слова «прыёмны». Пераадолець бар'ер адчування сябе непаўнавартым членам грамадства ці канкрэтнай супольнасці для малога чалавека бывае вельмі складана. Але не пераадолеўшы яго, такі чалавек ніколі не стане паспяховым. Таму і бацькі, і тыя, хто рыхтуе бацькоў, звяртаюць на гэта асаблівую ўвагу. Дарэчы, падобныя праблемы бываюць і ў бацькоў, яны нібы крыху саромеюцца свайго статусу, а павінны несці яго горда і пачуваць сябе самадастатковымі. Быць прыёмнымі бацькамі вельмі цяжкая і пачэсная праца. І ў рэшце рэшт грамадства ацэніць намаганні і ўклад людзей, якія ахвяруюць частку свайго цяпла чужым дзецям. Сёння напружаная сітуацыя на рынку працы, шмат мужчын і жанчын застаюцца без работы. Але, скажыце, многія з іх пагадзіліся б узваліць на плечы груз адказнасці прыёмнага бацькоўства? Вось і я пра тое.

Значыць, грамадства мусіць ацаніць і падтрымаць гэтых людзей, іншымі словамі, аддаць ім належнае. І сведчаннем таму душэўнае мерапрыемства, пра якое згадвалася вышэй. Галіна і Георгій Хмяльніцкія, гаспадары кафэ «Праванс», выступілі галоўнымі спонсарамі свята. Іх падтрымала артгрупа «Халідэй». Удзельнікі названага калектыву, як і іншыя артысты, працавалі бясплатна. Ваеннаслужачыя Брэсцкай памежнай групы перадалі падарункі. Яны, дарэчы, пастаянна падтрымліваюць сацыяльна-педагагічны цэнтр. Любое такое мерапрыемства, паездка, экскурсія азначаюць удзел таго ці іншага спонсара. На шчасце, іх не становіцца менш, што сведчыць аб сталенні нашага грамадства.

Прыманне

Першымі, з кім давялося пазнаёміцца аўтару гэтых радкоў на ранішніку, сталі прыёмная мама Юлія Гуляева і яе цудоўная дачушка Васіліна Выркоўская. Юлія ўзяла Васілінку ва ўзросце 1,5 года. Дзяўчынка не хадзіла, медыцынская даведка займала не адзін ліст. Цяпер Васіліна  — вельмі актыўнае, прыгожае, кантакнае дзіця. Праўда, у свае шэсць гадоў яна выглядае на чатыры і крыху адстае ў развіцці ад равеснікаў. Але яны з мамай не здаюцца, ходзяць на заняткі і працэдуры фактычна кожны дзень, і Юлія спадзяецца, што паступова дзіця выраўняецца з іншымі. У іх, Юліі і Васіліны, нават колер валасоў падобны. І што мяне асабліва парадавала, Юлія Гуляева адразу пагадзілася на асобную сустрэчу, каб расказаць аб праблемах і клопатах прыёмнай маці. Да гэтага, крыху раней мне даводзілася сустракацца з адмовай бацькоў. А тут наадварот, людзі не камплексуюць, яны гатовыя дзяліцца вопытам, вучыцца ў іншых.

Як, дарэчы, шматдзетныя маладыя бацькі Ала і Дзмітрый Зданевічы, пра якіх я пісала летась («Звязда» за 28 лютага 2015 года — «Любоў — гэта дзеянне»). Тады ў іх разам з прыёмным сынам было чацвёра дзяцей, зараз — пяцёра. І прыйшлі на свята ўсе разам. Самы маленькі са Зданевічаў сядзеў увесь час на руках у мамы і таты. Меншыя весяліліся з іншымі дзецьмі. А васьмікласнік Валера значна пасталеў. Яго ўзялі з дзіцячага дома чатыры гады таму. За гэты час Ала і Дзмітрый сутыкнуліся з многімі праблемамі прыёмнай сям'і, але падобна на тое, годна іх пераадольваюць. У тую сустрэчу яны здзівілі мяне сваёй даросласцю і мудрасцю, нягледзячы на тое, што абаім у раёне 30 гадоў. Можа, таму, што Ала рана засталася без роднай маці і ўсё жыццё марыла пра вялікую сям'ю, якую яна напоўніць святлом. Можа, дало плады строгае рэлігійнае выхаванне, якое цяперашнія бацькі атрымалі ў сваіх сем'ях. Але для іх правілы, традыцыі, нормы сямейнага жыцця — тое, што перагляду не падлягае. Таму, несумненна, гэты хлопчык многаму навучыцца ў сваёй новай сям'і. А яны апякуюць яшчэ аднаго выхаванца дзіцячай установы, наведваюць яго, падтрымліваюць, запрашаюць у госці. На пытанне, як цяпер складваюцца іх справы, Ала адказала лаканічна: «У нас усё добра». Значыць, так і ёсць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «У нашай сям'і ўсё добра»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.