Вы тут

У Чэрвені пісьменнікі ўшанавалі продкаў Багдановіча


Гэтымі днямі мы адзначаем 125-годдзе вялікага беларускага паэта Максіма Багдановіча. У розных куточках нашай зямлі запальваюцца знічы памяці аб выдатным земляку. Не выключэннем стала і Ігуменшчына (сёння Чэрвеньшчына). Там сябры Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ўсклалі кветкі да магілы дзеда паэта — Апанаса Мякоты.


На­стаў­ні­ца Ва­лян­ці­на Сцянь­ко  вы­сту­пае з дак­ла­дам «Чэр­вень­скія ка­ра­ні Мак­сі­ма Баг­да­но­ві­ча».

Камень на магіле добра захаваўся. Зверху з цяжкасцю пазнаюцца дзве літары — «З» і «П» («здесь покоится»). Затое астатні тэкст бачны досыць выразна: «...прах раба божиего Афанасия Ивановича Мякото. Ум. 1878 г. 12-го января». У свой час пахаванне знайшоў чэрвеньскі краязнаўца Уладзімір Дарагуж. Магілу з двух бакоў абступаюць высокія металічныя агароджы з вялікімі жалезнымі крыжамі без шыльдаў. Можа, таму і захаваўся помнік досыць добра: не сцёрлі вятры і дажджы важных літар, што ўказваюць на продка паэта.

Гісторыю кахання Апанаса Мякоты і дачкі мясцовага святара Восіпа Малевіча Таццяны нельга назваць вельмі шчаслівай. Ён, будучы ўжо ў сталым узросце, ажаніўся другі раз з 17-гадовай дзяўчынай. А яна, у сваю чаргу, моцна кахала семінарыста Рубяроўскага, але пасварылася з ім. Таццяна прыняла прапанову ад старэйшага кавалера, толькі каб насаліць свайму былому каханку. Усе родныя і блізкія адгаворвалі яе ад такога кроку... Сам жа Рубяроўскі нічога не ведаў. Ён з'явіўся запозна — калі цырымонія вянчання ўжо адбылася і шляху назад не было.

Сям'я Апанаса і Таццяны Мякотаў прырастала дзецьмі, а разам з імі павялічваліся голад і нястача, бо заробак бацькі быў зусім невялікім. Пазней пра гэта напіша дачка Марыля (маці Максіма Багдановіча): «Не даводзіцца нам, жабракам, паесці ўволю хлеба з бярозавым сокам, — сумна жартавала Таццяна Восіпаўна. — Увесну сок з'явіцца, ды хлеб канчаецца, а восенню хлеб з'явіцца, ды соку ўжо няма».

Калі Апанас Мякота памёр, бабуля паэта, Таццяна, засталася адна з пяцярымі малымі дзецьмі на руках. Паколькі карміць іх амаль не было чым, яна прыняла рашэнне аддаць траіх старэйшых (у тым ліку Марылю) у прытулак у Мінску. З сабой пакінула дваіх самых маленькіх...

Маці жыла спадзяваннем, што дачка Марылька, трапіўшы да папячыцельніцы прытулку, якая накіравала яе вучыцца ў Пецярбург, зможа дапамагчы паправіць становішча. Але і гэтым чаканням не наканавана было спраўдзіцца. У Мінску Марыля пазнаёмілася з Адамам Багдановічам і выйшла за яго замуж. Хутка нарадзілася дзіця, таму вучобу давялося пакінуць і з'ехаць з Пецярбурга.

Адам Багдановіч пісаў: «Маці Максіма досыць пашанцавала: як жывое, багата адоранае дзіця, яна звярнула на сябе ўвагу папячыцельніцы прытулку губернатарыхі Пятровай, якая ўзяла яе да сябе ў дом і паслала вучыцца ў жаночае Аляксандраўскае вучылішча, а па сканчэнні яго накіравала ў Пецярбург у жаночую настаўніцкую школу, пасяліўшы на кватэры ў сваіх родных».

На чэр­вень­скіх мо­гіл­ках. Пом­нік дзе­ду  Мак­сі­ма Баг­да­но­ві­ча па мат­чы­най лі­ніі.

Бацька паэта лічыў, што талент Максіму дастаўся ад яго маці. Адам Багдановіч пісаў: «Каб паставіць кропку ў пытанні спадчыннасці, скажу, што, па майму меркаванню, паэтычны талент Максіма ёсць дар яго маці, які ў ёй самой драмаў у неразвітым стане». З-за замужжа і пераезду адукацыю яна так і не скончыла.

Марыя Багдановіч захаплялася літаратурай, тэатрам, музыкай. У 1893 годзе ў газеце «Гродненские губернские ведомости» быў надрукаваны адзіны яе вядомы твор — каляднае апавяданне «Напярэдадні Раства», напісанае пад уплывам Дастаеўскага.

У сям'і бацькоў паэта панавалі любоў, павага і згода. Атмасферу кахання і цеплыні можна ўбачыць у іх перапісцы, якая захавалася. Надзвычай адораным быў і брат Максіма Вадзім, але ён памёр у 18 гадоў ад сухотаў. Адам Багдановіч пісаў: «Адзінае, у чым яна была непапраўнай, ішла супраць справядлівасці, дык толькі ў тым, што лічыла сваіх дзяцей без параўнання лепшымі за ўсіх іншых дзяцей, ёй вядомых... Прабачым ёй гэта маленькае захапленне, ёй, маці, што так бясконца любіла сваіх дзяцей».

Маці памерла, калі Максім быў яшчэ досыць малым. Праз пэўны час бацька ажаніўся зноў. Але памяць пра Марылю ў сям'і шанавалі: бацька захоўваў лісты, фотаздымкі, ноты, па якіх яна любіла граць на фартэпіяна. Любоў да гэтага роднага чалавека назаўсёды засталася і ў сэрцы Максіма, ён больш нікога не змог назваць «мамай», хаця адносіны з мачыхай у яго былі досыць добрымі. Менавіта Марыля навучыла Максіма і стала прыкладам любові і да роднай краіны.

...Мемарыяльная дошка ў гонар маці Багдановіча Марыі (да шлюбу Мякоты) усталявана на будынку Чэрвеньскай стаматалогіі ў цэнтры горада. Прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі спыняліся там у гэтыя лістападаўскія дні, каб аддаць даніну памяці вялікаму паэту, каб прыгадаць тыя карані, якія сілкавалі і сёння таксама не даюць згаснуць зорцы яго таленту.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

г. Чэрвень

Фо­та Яў­ге­на ПЯ­СЕЦ­КА­ГА

Загаловак у газеце: Мама Максіма

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.