Вы тут

Як правільна кіраваць сваімі зберажэннямі?


Фінансісты любой краіны свету ўпэўнены, што грошы павінны працаваць нават тады (менавіта тады), калі поспехі ў эканоміцы не такія відавочныя... Зберажэннямі трэба проста правільна кіраваць. Як гэта рабіць — тут кожны выбірае свой алгарытм.


Без эмоцый

Стабільная нацыянальная валюта — гэта тое, чаго мы чакалі, аднак... На выхадных мне патэлефанавалі адразу трое сяброў, якія пыталіся парад наконт выкарыстання свабодных зберажэнняў. Ці мэтазгодна сёння ісці ў банк па замежную валюту або, наадварот, «скідваць» долары?

Бегчы ў абменнік я не параіў бы ў любым выпадку, бо прымаць сур'ёзныя рашэнні трэба з халоднай галавой. Аднак трымаць свабодныя грошы трэба абавязкова на рахунку або ў каштоўных паперах у банку, бо менавіта там яны не проста захоўваюцца, але і прыносяць даход. У далейшых падліках паспрабуем разабрацца ва ўзроўнях даходаў па розных схемах фінансавых укладанняў.

Дэпазіт у валюце — да 4%

Максімальная працэнтная стаўка па валютным дэпазіце ў камерцыйных банках цяпер складае да 4% гадавых. Такая стаўка прапануецца па дэпазітах з вялікім тэрмінам захоўвання (ад 18 месяцаў да 3 гадоў), аднак такі ўклад будзе безадзыўны — датэрмінова зняць свае грошы з яго немагчыма. Існуюць у банкаў і больш гнуткія прапановы з невялікім тэрмінам захоўвання. Напрыклад, прапануецца безадзыўны ўклад на 7 месяцаў пад 3,8% гадавых. Тут тэрмін значна меншы, а даход амаль такі ж.

Аднак гэтыя 3,8% гадавых фінансавая ўстанова абяцае толькі першыя 3 месяцы ўкладу, а потым стаўка становіцца плаваючай. Магчыма, што ў наступныя 4 месяцы даходнасць укладу можа быць паменшана ў аднабаковым парадку на сур'ёзную велічыню. І ў гэтым выпадку зрабіць ужо нічога нельга, бо ўклад таксама з'яўляецца безадзыўным.

Існуюць у банкаў і адзыўныя ўклады, але максімальная стаўка ў памеры 3% гадавых па іх прадугледжана пры тэрміне захоўвання 2 гады. Трэба разумець, што нават па адзыўных укладах банк не вітае датэрміновае зняцце грошай. У падобнай сітуацыі фінансавыя ўстановы звычайна прадугледжваюць зніжаную працэнтную стаўку, якая можа быць усяго 0,5-1% гадавых ці нават менш.

Каб не разгубіцца ў нюансах гэтых працэнтаў, спецыялісты раяць звяртаць увагу на памер эфектыўнай працэнтнай стаўкі і непасрэдна ўдакладняць у банках умовы штрафных санкцый пры датэрміновым зняцці ўкладаў. Дарэчы, максімальны памер гэтай самай эфектыўнай стаўкі ў большасці камерцыйных банкаў сёння не бывае большым за 3% гадавых.

Што тычыцца найбуйнейшых дзяржаўных банкаў, то тут даходнасць валютных дэпазітаў на маленькія тэрміны захоўвання (звычайна на 95 дзён) увогуле складае ад 1,3% да 1,4%. Па дэпазітах на кароткія тэрміны прапануюцца нефіксаваныя працэнтныя стаўкі.

На аблігацыю — 5%

Альтэрнатывай цяпер могуць стаць дакументарныя валютныя аблігацыі на прад'яўніка. Яшчэ летась падобныя каштоўныя паперы мелі даходнасць 5,5% гадавых пры тэрміне абарачэння 1,5 года. Сёння каштоўныя паперы прапануюцца з даходнасцю 5% гадавых. Тэрмін абарачэння складае ад 2,5 да 3 гадоў з магчымасцю датэрміновага пагашэння праз 18 месяцаў. Самае цікавае ў гэтай схеме тое, што пры датэрміновым пагашэнні выплачваецца і намінал паперы ў валюце, і неатрыманы даход (5% гадавых) на дату датэрміновага пагашэння. Мінімальны кошт такіх аблігацый складае тысячу долараў, а працэнты выплачваюцца праз кожныя 3 месяцы.

Новы прадукт на фінансавым рынку нашай краіны — інтэрнэт-аблігацыі для фізічных асоб, якія рэалізуюцца ў сістэме «Інтэрнэт-банкінг». Яны эмітаваныя ў бездакументарнай форме (гэта значыць, у выглядзе запісаў на рахунках аналагічна безнаяўным грашам) і з'яўляюцца «сучаснай версіяй» традыцыйных папяровых аблігацый.

Спецыялісты фінансавага рынку адзначаюць, што інтэрнэт-аблігацыі маюць шэраг пераваг не толькі ў параўнанні з дакументарнымі каштоўнымі паперамі, але і з банкаўскімі дэпазітамі. Прадавацца інтэрнэт-аблігацыі будуць да 30 верасня 2017 года, а тэрмін абарачэння іх заканчваецца 1 красавіка 2018 года. Намінальны кошт віртуальнай паперы складае 100 долараў, даход — 5% гадавых. Кліент за адзін раз можа набыць не больш за 500 аблігацый на суму 50 тысяч долараў.

Сярод плюсоў новага прадукту: магчымасць набываць аблігацыі кругласутачна, не выходзячы з дома; купляць іх як за валюту, так і за беларускія рублі, а таксама атрымліваць даход па купонах і сумы пагашэння без наведвання банка. Не існуе камісій пры куплі аблігацый і атрыманні даходу па іх, бо прадугледжана бясплатнае і дыстанцыйнае адкрыццё рахунку «дэпо» ў дэпазітарыі банка для захоўвання набытых папер. Па аналогіі з аблігацыямі на прад'яўніка, віртуальныя каштоўныя паперы не абкладаюцца падаходным падаткам.

Па новым прадукце ёсць адзін нюанс. Пры набыцці папяровых аблігацый у банку ад кліента пашпарт не патрабуюць. Давай грошы і атрымлівай аблігацыю на прад'яўніка. З інтэрнэт-аблігацыяй сітуацыя крыху іншая. Адкрыццё спецыяльнага рахунку ў дэпазітарыі банка ажыццяўляецца на канкрэтную асобу. У гэтым выпадку банк (а магчыма, і іншыя органы) будзе дакладна ведаць персанальную інфармацыю пакупніка. Калі ў кліента грошы ад легальных даходаў, то гэты нюанс яму «да лямпачкі».

Рублёвы дэпазіт — да 20%

Па беларускіх рублях выбар у кліентаў значна большы. Усе невялікія камерцыйныя банкі прапануюць досыць высокія працэнты (да 20%) у тым выпадку, калі ўклад адкрываецца на вялікі тэрмін (ад 12 месяцаў і больш). З максімальнымі працэнтамі і ў рублёвым сектары дэпазіты павінны быць безадзыўнымі. Больш таго, гэтая стаўка будзе не зусім фіксаваная, бо банкі падстрахоўваюцца формулай даходнасці (СР+2%). У гэтым выпадку СР — стаўка рэфінансавання Нацбанка (18%), якая можа памяншацца. Па дэпазітах на невялікі тэрмін захоўвання (да 6 месяцаў) банкі прапануюць стаўку да 12%-13%.

Ёсць выключэнні. Напрыклад, асобныя прыватныя банкі прапануюць нават на 150 дзён стаўкі, вышэйшыя за сярэднярынкавыя (17%-18%), але тут трэба ведаць, што яны абавязкова будуць плаваючымі. Больш таго, па такіх дэпазітах датэрміновае зняцце грошай не прадугледжваецца ні пры якіх абставінах.

Можна адшукаць уклад і на 95 дзён, за якія ўладальнік дэпазіту атрымае стабільныя 17%. Пры пралангацыі падобных укладаў працэнтная стаўка зніжаецца ў разы. На гэта банкі і разлічваюць, калі прапісваюць у дагаворы аўтаматычнае перазаключэнне ўкладу, бо кліент часта не забірае грошы менавіта ў вызначаны тэрмін. Пасля ж пралангацыі ўкладу на новых умовах датэрміновае зняцце грошай не прадугледжваецца. У гэтых выпадках, калі ўкладчык своечасова не зняў свае накапленні, то вымушаны чакаць яшчэ адзін тэрмін, але з мінімальнай даходнасцю.

Фіксаваны даход па ўкладах традыцыйна прапануюць самыя буйныя банкі краіны, але і даходнасць там крыху меншая. На невялікія тэрміны захоўвання фіксаваныя стаўкі па дэпазітах складаюць 10%-12%.

Некаторыя банкі прапануюць тэрміновыя банкаўскія ўклады, якія адкрываюць для кліентаў магчымасць кіравання ўласнымі зберажэннямі праз інтэрнэт з выкарыстаннем сваёй банкаўскай плацежнай карткі. Сярод пераваг падобнай прапановы — адкрыццё і кіраванне ўкладам без наведвання структурнага падраздзялення банка і вяртанне ўкладу шляхам пераводу рэшткаў грашовых сродкаў з налічанымі працэнтамі на банкаўскую картку.

Калі чалавек выбірае тэрмін укладу, то ён павінен памятаць, што па новых дагаворах падаходным падаткам будзе абкладацца даход па ўкладах, калі тэрмін фактычнага размяшчэння грашовых сродкаў на рахунках складае менш за адзін год у беларускіх рублях або менш за два гады ў замежнай валюце.

Галасуем за рубель

Эксперты фінансавага рынку адзначаюць, што сёння захаванне грашовых сродкаў менавіта ў нацыянальнай валюце на банкаўскіх рахунках больш выгаднае, чым па лініі розных ашчадных механізмаў у замежнай валюце. Паводле прагнозаў спецыялістаў, у беларускага рубля чакаецца працяглая паласа раўнавагі. Дадатковым фактарам захоўвання сродкаў у беларускіх рублях эксперты лічаць упэўненыя прагнозы Нацбанка аб утрыманні інфляцыі на працягу 2016 года ў межах 12% і яе памяншэнні налета. Калі гэтыя прагнозы спраўдзяцца, то і курс замежнай валюты застанецца стабільным. У гэтым выпадку рублёвыя дэпазіты стануць істотна больш выгаднымі за валютныя.

Цяпер даходнасць па ўкладах не такая высокая, якая была ў пачатку года, але банкі імкнуцца прывабіць укладчыкаў не толькі працэнтнымі стаўкамі. Напрыклад, магчымасцю часткова здымаць грошы без страты працэнтаў, адкрыць дэпазіт пры дапамозе інтэрнэт-банка, свабодна папаўняць уклад і атрымаць у падарунак міжнародную картку. А яшчэ, банкі прапануюць кліентам невялікія працэнты па дэпазітах, бо толькі ў гэтым выпадку яны змогуць прапанаваць нам жа танныя крэдыты.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Захаваць і «наварыцца»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».