Вы тут

Мінчане атрымліваюць электронныя карткі медыцынскага абслугоўвання


Аўтаматызацыя ахапіла ўсе медустановы сталіцы. Наперадзе — паліклінікі, крыху адстаюць стацыянары. У рэгіёнах працэс адбываецца павольней (груба кажучы, працоўныя месцы паловы ўрачоў яшчэ не забяспечаны камп'ютарамі), але справа рухаецца. Калі дакладна завершыцца, сказаць пакуль цяжка — усё ўпіраецца ў дастатковае фінансаванне. Грошы з бюджэту працягваюць выдаткоўвацца на закупку абсталявання, пракладванне лакальных сетак, аплату праграмнага забеспячэння і паслуг, лініі сувязі і інтэрнэт. Пры адкрыцці новых устаноў аховы здароўя ў сталіцы імкнуцца адразу правесці інфарматызацыю ўсіх працоўных месцаў — і ўрачоў, якія вядуць амбулаторны прыём, і ўсіх службаў, у тым ліку дыягнастычных, каб у рэжыме анлайн урач мог адразу азнаёміцца з вынікамі розных даследаванняў.


У першую чаргу трэба гаварыць, што ў рабочым камп'ютары ўрача знаходзіцца ўжо ўся інфармацыя аб пацыентах. Захоўваюцца звесткі на лакальных серверах. Папяровая амбулаторная картка, якую ўрач павінен запаўняць ад рукі, заканадаўствам не адменена таксама, але ж цяпер у сталіцы ўжо ніхто нічога не піша — набіраюць на камп'ютары, друкуюць, падпісваюць і прыклейваюць. Яшчэ гадоў пяць і гэты стос склееных паперак адамрэ. Будучыня, вядома, за электронным варыянтам — ён эканоміць час урача і пацыента, забяспечвае ўзаемадзеянне паміж урачамі. Электронная картка медыцынскага абслугоўвання — гэта звычайная пластыкавая картка з унікальным штрых-кодам, які забяспечвае доступ да інфармацыі пры яго счытванні. Але ніякай інфармацыі на самім пластыку няма — гэта проста метад ідэнтыфікацыі. Каштуе картка 24 капейкі, але пацыент нічога не аплачвае, закупку ажыццяўляе Белфармацыя. У сталіцы ўжо ўсе паліклінікі актыўна заказваюць пластыкавыя карткі, аднак пакуль пацыенты марудзяць з іх атрыманнем. Так, ёсць магчымасць выдаць і дарослым, і дзецям больш за 700 тысяч картак, а выдадзена менш за 300 тысяч. Між тым дастаткова толькі пры звароце ў паліклініку прад'явіць пашпарт. Па краіне выбрана пакуль 28 паліклінік для правядзення такой работы. Усе медустановы плануецца ахапіць у 2018-м. Трэба мець на ўвазе, што карткі медабслугоўвання — з'ява часовая, ім на змену праз нейкі час павінны прыйсці электронныя пасведчанні асобы для ідэнтыфікацыі, адзначае кіраўнік аддзела арганізацыйна-метадычнага і сістэмна-тэхнічнага суправаджэння інфарматызацыі аховы здароўя Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, упраўлення і эканомікі аховы здароўя Сямён ПАЛЯКОЎ.

З мінулага года актыўна ўкараняўся ў Мінску і электронны рэцэпт. Паступова ўсе медцэнтры і аптэчныя арганізацыі незалежна ад формы ўласнасці будуць працаваць з электроннымі рэцэптамі. У электронным выглядзе выпісваюцца ў тым ліку і льготныя рэцэпты. Але ўсе дубліруюцца папяровым аналагам. Дарэчы, магчымасць выпісвання паперкі не адменена нідзе ў свеце, дзе ёсць электронныя рэцэпты, хоць асабліва ніхто ёю і не карыстаецца. Укараненне электроннага рэцэпта паскорыла працэс атрымання правізарам той інфармацыі, якую ўрач адправіў з працоўнага месца на сервер. Каб убачыць рэцэпт, правізару дастаткова з дапамогай свайго камп'ютара счытаць штрых-код з пластыкавай карткі пацыента. Інфармацыя пры гэтым можа адпраўляецца і ў адваротным накірунку — ад правізара да ўрача. Увядзенне электронных картак паскорыла работу электронных чэргаў, з іх дапамогай можна і талон заказаць або адмяніць. Пры электронным заказе талона на мабільны тэлефон пацыенту прыходзіць SMS-паведамленне з поўнай інфармацыяй аб тым, на якое чысло, да якога ўрача і г. д. вам трэба прыйсці. Каб пацвердзіць візіт, націскаеце прапанаваную лічбу.

Сусветны банк рэканструкцыі і развіцця выдаткоўвае каля 125 млн долараў на развіццё сістэмы электроннай аховы здароўя, у тым ліку на ўкараненне электроннай медыцынскай карткі. У перспектыве яна будзе не толькі папаўняцца нейкімі новымі звесткамі цягам усяго жыцця пацыента — гэта і магчымасць стварэння асабістага кабінета з абмежаваннем доступу да сваёй асабістай інфармацыі. Акрамя таго, размова ідзе пра будаўніцтва і аснашчэнне сучасных вучэбных цэнтраў з манекенамі, падобнымі на жывога чалавека, для адпрацоўкі самых розных навыкаў аказання меддапамогі. Праект стартуе ў наступным годзе, а завершыцца ў 2021-м.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Пластык замяняе паперкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».