Вы тут

Пачаўся Міжнародны студэнцкі конкурс па міжнародным праве і арбітражы


На мінулым тыдні ў сталіцы распачаўся V Міжнародны студэнцкі конкурс па міжнародным праве і арбітражы ІCC LexMercatorіa. Спаборніцтва найлепшых маладых юрыстаў, якое яшчэ некалькі гадоў таму планавалася як невялікі конкурс для студэнтаў з Беларусі, Расіі і Украіны, цяпер выйшла на новы ўзровень. У Мінск з'ехаліся каманды і арбітры з 28 краін свету, у тым ліку з юрыдычнай школы Гарвардскага ўніверсітэта. На працягу некалькіх дзён удзельнікі імітавалі арбітражныя пасяджэнні, а іх прафесійныя якасці ацэньвалі прадстаўнікі буйных міжнародных фірм. Пераможцы атрымалі кубкі і каштоўныя прызы, а таксама магчымасць стажыроўкі ў вядомых юрыдычных кампаніях.


— Конкурс прысвечаны міжнароднаму арбітражу, — расказаў кіраўнік групы па падрыхтоўцы англамоўнай часткі конкурсу, кіраўнік Асацыяцыі міжнароднага права і арбітражу (BІLA Assocіatіon) Андрэй КОЗІК. — У юрыдычнай прафесіі гэта адзін з элітарных кірункаў. Важна, што да нас прыехалі вельмі моцныя каманды — з гэтага года спаборніцтвы праходзяць і на англійскай мове, што прыцягнула ўвагу многіх замежных універсітэтаў. Удзельнікі каманд прадстаўляюць істцоў і адказчыкаў у выдуманых (хоць і заснаваных на рэальных падзеях) справах. Трэба разумець, што ў міжнародным арбітражы звычайна разглядаюцца справы на мільёны долараў, таму мець у сваім рэзюмэ згадванне пра конкурс — фактычна абавязковае патрабаванне нават для юрыстаў-пачаткоўцаў. І я вельмі рады, што спаборнічаюць шмат айчынных каманд, для іх удзельнікаў гэта стане выдатным досведам.

Акрамя гэтага, удзельнікі змаглі паслухаць даклады майстроў юрыдычнай справы з усяго свету: на V Міжнародны юрыдычны форум, які праходзіў паралельна з конкурсам, з'ехаліся эксперты з вядучых юрыдычных фірм свету.

— Для мяне вельмі цікава ўпершыню прыехаць у Беларусь, — дзеліцца ўражаннямі ўдзельнік каманды юрыдычнай школы Гарвардскага ўніверсітэта Алекс Самір КАМАТ. — Ужо паспелі скласці пэўнае ўяўленне пра краіну, найбольш нам падабаюцца людзі, яны вельмі гасцінныя. У нас была магчымасць наведаць Мірскі замак, убачыць мясцовую прыроду, прагуляцца па сталіцы. Я мяркую, што людзям трэба часцей прыязджаць да вас, бо тут ёсць на што паглядзець. Што датычыцца спаборніцтваў, то зразумела, што арбітраж цікавіць далёка не кожнага чалавека, але наша каманда — гэта тыя, каго юрыдычныя справы па-сапраўднаму натхняюць. Конкурс — выдатная магчымасць пазнаёміцца з калегамі з іншых краін, зразумець асаблівасці іх працы, пераняць нешта для сябе. Выдатна, што Беларусь змагла арганізаваць форум такога ўзроўню, і для нас вялікі гонар — быць яго часткай.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Увага! Конкурс ідзе

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.