Вы тут

Дэпутаты прынялі новыя законапраекты


Захоўваць дома, а таксама перамяшчаць па тэрыторыі краіны алкаголь з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь можна будзе ў любых аб'ёмах. Затое немаркіраваную спіртную прадукцыю перавозіць можна толькі ў аб'ёмах, якія не перавышаюць 5 літраў на фізічную асобу. Такія змены ў заканадаўства ўносіць Дэкрэт Прэзідэнта ад 8 лістапада «Аб перамяшчэнні, захоўванні і продажы фізічнымі асобамі алкагольных напояў». Пастанову аб гэтым Дэкрэце ўчора прыняла Палата прадстаўнікоў.


Захоўвай колькі хочаш...

Сяргей НАЛІВАЙКА, міністр па падатках і зборах, які прадстаўляў Пастанову ў Авальнай зале, упэўнены, што з гэтым дакументам закон стаў больш ліберальным, узважаным.

— Калі алкагольная прадукцыя маркіравана акцызнымі маркамі, гэта ў дастатковай ступені пацвярджэнне легальнасці і законнасці яе знаходжання на нашай тэрыторыі, — растлумачыў міністр. — Гэта пацвярджэнне таго, што ўсе падаткі і неабходныя плацяжы выплачаны. Што да прадукцыі, якая трапляе да нас праз магазіны бяспошліннага гандлю, то яна немаркіраваная. Калі вы часта перасякаеце мяжу, то маеце магчымасць набываць, не парушаючы заканадаўства, пэўны аб'ём такіх тавараў. Калі вы не п'яце столькі, сколькі набываеце, натуральна, гэта прадукцыя будзе назапашвацца ў вас дома. Тут, на нашу думку, — і Дэкрэт гэта пацвярджае — няма нічога супрацьзаконнага. Самае галоўнае, каб гэту прадукцыю — як маркіраваную, так і немаркіраваную — вы не выкарыстоўвалі ў прадпрымальніцкай дзейнасці.

Васіль ДЗЕМІДОВІЧ, член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве, расказаў журналістам, што гэты дакумент прыняты для супрацьдзеяння незаконнаму абароту алкагольнай прадукцыі і здымае пэўныя абмежаванні па перамяшчэнні і захоўванні алкаголю на тэрыторыі Беларусі.

— Дэкрэт падразумявае і адміністрацыйную адказнасць на выпадак парушэння заканадаўства ў гэтай сферы — уводзяцца штрафныя санкцыі ад 10 да 100 базавых велічынь. Таксама магчыма канфіскацыя траспартных сродкаў — у выключных выпадках па рашэнні суда, — праінфармаваў дэпутат.

Дапамога айчыннаму экспарту

Лілія КІР'ЯК, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы, выступіла судакладчыкам праекта закона па ратыфікацыі міжурадавага беларуска-туркменскага Пагаднення аб вызваленні ад падатку на дадатковы кошт тавараў, што ўвозяцца Беларуска-туркменскім гандлёвым домам на тэрыторыю Туркменістана і Туркмена-беларускім гандлёвым домам на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

— Прыняцце гэтага законапраекта — адзін з канкрэтных крокаў, які дазволіць замацавацца нашай дзяржаве на сусветным рынку — перш за ўсё, на рынку тых дзяржаў, якія маюць значны патэнцыял узаемавыгаднага супрацоўніцтва, — сказала дэпутат журналістам. — Туркменістан — адзін са стратэгічных партнёраў Рэспублікі Беларусь, з якім будуюцца гандлёва-эканамічныя адносіны на сяброўскай аснове. Ратыфікацыя данага пагаднення дазволіць павысіць канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў на тэрыторыі Туркменістана і адпаведна павялічыць экспарт айчынных тавараў на тэрыторыі гэтай краіны.

Акадэмічных абменаў стане больш?

Законапраект, які ратыфікуе Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Рэспублікі Польшча аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, прадставіў Ігар МАРЗАЛЮК, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы.

— Пагадненне, якое выносіцца на ратыфікацыю, надзвычай важнае для акадэмічных абменаў паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Польшча, — падкрэсліў ён. — На тэрыторыі Беларусі ўжо сёння дзейнічае дзве сярэднія школы, дзе цалкам усё навучанне вядзецца па-польску. Адна са школ знаходзіцца ў Гродне, другая — у Ваўкавыску. Як вядома, беларускае насельніцтва кампактна пражывае на тэрыторыі Падляскага ваяводства — там больш за 20% насельніцтва — беларускае. Згодна з Законам аб нацыянальных меншасцях Польшчы ад 2005 года яны маюць права карыстацца беларускай мовай і ў якасці дадатковай мовы навучання. Дамова вельмі істотна дапаўняе тыя палажэнні, якія былі раней. Самае важнае ў ёй — акадэмічныя абмены ў сферы вышэйшай адукацыі.

Судовая сістэма па-новаму

Наталля ГУЙВІК, старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве, прадставіла ў другім чытанні праект закона «Аб унясенні змен і дапаўненняў у законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях судаўладкавання і судавытворчасці».

— У сувязі з тым, што ў нас аб'яднаны Вярхоўны суд і Вышэйшы гаспадарчы суд, ліквідаваны Беларускі ваенны суд, міжгарнізонныя ваенныя суды, законапраект вызначае судовую сістэму Рэспублікі Беларусь, у якую ўваходзіць Канстытуцыйны суд і суды агульнай юрысдыкцыі. Тыя паўнамоцтвы, якія былі ў Міністэрства юстыцыі па арганізацыйным, матэрыяльна-тэхнічным, кадравым забеспячэнні, новай рэдакцыяй Кодэкса аб судаўладкаванні і статусу суддзяў перададзены Вярхоўнаму суду, — паведаміла парламентарый.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Акадэмічныя абмены, алкаголь і экспарт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.