Вы тут

Праект ААН «Інклюзіўная Беларусь» стартаваў у Гродне


Больш за 30 гарадскіх мерапрыемстваў на пачатку тыдня наведаў Санака САМАРАСІНХА, пастаянны каардынатар ААН у Беларусі. Ён нагадаў, што наша краіна па каэфіцыенце Джыні — індэксе, які выкарыстоўваецца для вымярэння роўнасці ў размеркаванні даходаў сярод насельніцтва — апярэджвае нават Швецыю. Праблемы, з якімі сутыкаюцца найбольш уразлівыя слаі насельніцтва, паступова вырашаюцца, і мы ўжо маем добрыя вынікі на шляху рэалізацыі Мэты 10 у галіне ўстойлівага развіцця — памяншэнне няроўнасці.


Работа па 17 напрамках, якія абазначыла ААН, летась пачалася адначасова па ўсім свеце. Кацярына ПАНІКЛАВА, намеснік пастаяннага прадстаўніка Праграмы развіцця ААН, расказала, якія ў Беларусі поспехі ў гэтых кірунках:

— Мэты ўстойлівага развіцця ўнікальныя. Упершыню за ўсю гісторыю чалавецтва яны ўключаюць у сябе адзін вельмі важны падыход — гэта няроўнасць. Мэты тысячагоддзя былі ў асноўным для краін, якія развіваюцца. А гэтыя — для ўсіх дзяржаў. Няроўнасць праходзіць чырвонай ніткай праз усе мэты, і мы лічым, што Рэспубліка Беларусь можа паказаць вельмі добрыя напрацоўкі. Сусветную няроўнасць можна пераадолець. У гэтым галоўная мэта нашай «Інклюзіўнай Беларусі», якую мы хочам правесці па ўсёй краіне і паказаць практыкі, калі інваліды з'яўляюцца часткай грамадства, дзеці з самага ранняга ўзросту ўдзельнічаюць у будаўніцтве дзяржавы, калі прадпрымальнікі шукаюць і выкарыстоўваюць зялёныя тэхналогіі, каб прадухіліць змяненне клімату. Мы кожную мэту разглядаем у сукупнасці з іншымі. Добрае здароўе не можа быць без дастойнай працы, вартая праца немагчымая без пераадолення няроўнасці. І ўсё гэта недасягальна, калі ўрад не будзе мець прафесійных дзяржаўных служачых і ўстойлівыя інстытуты. Беларусь ужо робіць крокі ў гэтым кірунку і апераджае многія краіны.

За апошнія 16 гадоў нам у значнай ступені ўдалося знізіць узровень беднасці: да 5%. Спадар Самарасінха адзначае, што Беларусь уваходзіць у топ-30 краін па гендарнай роўнасці. У рамках мерапрыемстваў у Гродне асаблівая ўвага надавалася тым выклікам, з якімі сутыкаюцца людзі з рознымі відамі інваліднасці. У нас пражывае каля паўмільёна людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Не так даўно Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў, і цяпер трэба ісці за гэтымі высокімі стандартамі.

— Я сапраўды быў уражаны ўсімі дасягненнямі абласнога, гарадскога і раённых органаў кіравання, — расказаў Санака Самарасінха. — Разам з губернатарам мы падпісалі дэкларацыю, у рамках якой абавязаліся гарантаваць, што ўсе тыя групы, якія могуць аказацца ўбаку ад дасягнення гэтых мэт, таксама будуць актыўна ўключацца. Тым самым мы забяспечым выкананне Мэты 10. У межах дадзенага мерапрыемства вызначалі, хто можа належыць да такіх уразлівых груп і з якімі цяжкасцямі і бар'ерамі ім прыйдзецца сутыкацца. Гэта робіцца для таго, каб яны маглі не толькі самастойна клапаціцца аб сабе, але і быць карыснымі для сваёй краіны. Яшчэ адна мэта нашых мерапрыемстваў — стварыць пляцоўку, дзе можна размаўляць адзін з адным, тым самым развіваючы талерантнасць, і каб людзі, якія з'яўляюцца прадстаўнікамі гэтых груп, маглі паверыць у свой патэнцыял і былі гатовыя яго праявіць.

Яшчэ адзін напрамак у кампаніі «Інклюзіўная Беларусь» — пераадоленне тых цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца жанчыны, моладзь і дзеці. У межах гарадскіх мерапрыемстваў у Гродне была праведзена школа жаночага лідарства, накіраваная на развіццё задаткаў кіраўніка сярод жанчын, у прыватнасці ў дзяржаўным сектары. Без увагі не засталіся і пытанні хатняга гвалту і гандлю людзьмі, якія абмяркоўваліся падчас правядзення кампаніі. Беларусь узяла на сябе асаблівыя абавязкі, у тым ліку і па гэтым пытанні, прыняўшы сёлета Нацянальны план па правах чалавека. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена КУПЧЫНА адзначыла, што «прыняцце такога плана адбылося ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі. Больш за 20 дзяржаўных устаноў, больш за 40 няўрадавых арганізацый, разнастайныя агенцтвы ААН у Беларусі прымалі ўдзел у яго распрацоўцы, было шмат заўваг і прапаноў, значная колькасць іх была ўнесена ў гэты план».

У Гродне ў межах правядзення кампаніі таксама аналізаваліся тыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пажылыя людзі. Санака Самарасінха адзначыў, што ў гэтым пытанні важна думаць не толькі пра тое, якім чынам больш мэтанакіравана прадастаўляць неабходныя ім паслугі, але таксама і як лепш выкарыстоўваць назапашаны імі вопыт і веды. Такім чынам, мы маглі б у максімальнай ступені выкарыстоўваць той патэнцыял, які ў іх ёсць. Але з праблемамі сутыкаецца і найбольш актыўная частка нашага насельніцтва — моладзь.

— Мы закранулі пытанні і пра наркотыкі і наведалі адну з клінік, — адзначае пастаянны каардынатар ААН у Беларусі. — Таксама ў Гродне была запушчана кампанія па тэставанні на ВІЧ. Яшчэ мы звярнулі ўвагу на стварэнне новых рабочых месцаў і аказанне дапамогі маларазвітым і бедным сельскагаспадарчым раёнам. У прыватнасці, гэта тычылася пытання падтрымкі малых прадпрыемстваў шляхам прадастаўлення ім стартавага капіталу. Па ўсіх гэтых кірунках у нас ужо або існуюць праекты, або яны будуць запушчаны на пачатку наступнага года. Дзякуючы абмеркаванню тых патрэб, з якімі сутыкаюцца жыхары канкрэтнай вобласці, мы маем магчымасць іх змяняць, каб яны максімальна адказвалі запытам насельніцтва. І ўсё гэта рэалізуецца ў межах той рамачнай праграмы, якая была падпісана паміж ААН і Беларуссю ў мінулым годзе. Яе бюджэт разлічаны на пяць гадоў і складае 111 мільёнаў долараў.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Краіна для кожнага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».