Вы тут

III з'езд Саюза пісьменнікаў Беларусі адбыўся ў Мінску


Краіне патрэбны разумныя людзі, носьбіты інтэлекту і новых ідэй. Пра гэта сведчыць увага да ІІІ з'езда Саюза пісьменнікаў Беларусі з боку афіцыйных асоб, якія прыйшлі, каб прывітаць удзельнікаў. Мандатная камісія палічыла: з 606 членаў арганізацыі на з'ездзе зарэгістраваліся 367. З трыбуны ішла гаворка пра вельмі надзённыя для літаратараў тэмы.


— Здаецца, з таго часу, калі 150 пісьменнікаў стварылі нашу творчую суполку, мінула не так многа гадоў. Але крыху больш як за дзесяцігоддзе саюз значна вырас, і сёння яго членамі з'яўляюцца каля 600 аўтараў, якія працуюць у розных жанрах, — зазначыў у сваім дакладзе старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ. Па традыцыі паведамленне кіраўніка пісьменніцкай творчай арганізацыі распачало працу з'езда — пасля агучвання ўрачыстага прывітання ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якое зачытаў Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

— За апошнія пяць гадоў члены саюза пісьменнікаў паказалі вельмі значныя станоўчыя вынікі. Калі ацэньваць аб'ектыўна, то іх можна выразіць у колькасці выдадзеных кніг, — падкрэсліў у дакладзе Мікалай Чаргінец. — Так, на працягу гэтага часу пісьменнікі прадставілі чытачам больш як 1750 выданняў. І выніковасць працы зусім не залежыць ад месца жыхарства творцы: аўтары, якія жывуць у рэгіёнах, у гэты час працавалі не менш актыўна, чым сталічныя. Разам з дзяржаўнай падтрымкай мы маем спонсарскую дапамогу, атрымалі і дазвол Прэзідэнта на тое, каб самім зарабляць грошы. Разумеем: не трэба спадзявацца на іншых, варта і самім працаваць лепш, навучыцца «манетызаваць» сваю дзейнасць. Магчыма, падумаць пра арганізацыю платных выступленняў, абмяркоўваць ганарары за выкананне твораў нашых аўтараў падчас канцэртаў.

Таксама Мікалай Чаргінец звярнуў увагу на тыя цяжкасці, з якімі пісьменнікі сутыкаюцца ў сваёй працы. Гэта, вядома, адсутнасць агульнага прызнання грамадствам значнасці кнігі і работы пісьменніка. Сёння творчасць у літаратуры ўспрымаецца хутчэй як хобі, а не прафесія, таму стаяць пытанні пра забеспячэнне пісьменнікаў пенсіямі, вышэйшымі за мінімальныя, пра выдзяленне творцам арэнднага жылля. Па меркаванні старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, патрэбна больш увагі надаваць маладым аўтарам, праводзіць для іх семінары, садзейнічаць выданню кніг.

У ліку «балючых» — і пытанне прысутнасці пісьменнікаў у публічнай прасторы і СМІ. Так, Мікалай Чаргінец заклікаў аўтараў актыўней сустракацца з чытачамі, ладзіць аўтограф-сесіі ў кнігарнях. Старшыня саюза звярнуўся да кіраўнікоў рэспубліканскіх газет і тэлеканалаў з просьбай актыўней асвятляць літаратурнае жыццё краіны, расказваць пра новыя кнігі для дарослых і дзяцей.

У сваёй прамове міністр інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ засяродзілася на асвятленні работы кнігавыдавецкай галіны:

— Штогод у краіне выходзіць звыш 10 тысяч найменняў кніг тыражом амаль 22 мільёны экзэмпляраў. Нягледзячы на тое, што гэта вялікія лічбы, трэба прызнаць, што дзесяць гадоў таму мы мелі тыражы кніг, якія выдаваліся ў краіне, у два разы большыя. У апошнія гады намецілася ўстойлівая тэндэнцыя па павелічэнні выпуску кніг на беларускай мове: гэта ў сярэднім 1000—1200 назваў у год тыражом 4 мільёны экзэмпляраў. Літаратура на беларускай мове займае больш за 11 працэнтаў у агульнай колькасці выпушчанай беларускімі выдавецтвамі літаратуры і набліжаецца па сваіх тыражных характарыстыках да 17—20 працэнтаў у сукупным тыражы.

Міністэрства інфармацыі фактычна адказвае за рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне кнігавыдання. Адным з важнейшых і прыярытэтных кірункаў дзейнасці беларускіх выдавецтваў з'яўляецца выпуск мастацкай, у тым ліку дзіцячай, літаратуры беларускіх аўтараў. Лілія Ананіч падкрэсліла, што колькасць выпушчаных за апошнія 5 гадоў кніг літаратурна-мастацкага кірунку сёння вызначаецца ў межах 1500—2000 найменняў на год. Кожная дзясятая кніга — літаратурна-мастацкая. Кніг беларускіх пісьменнікаў выпускаецца ў нашай краіне прыкладна да 800 назваў штогод. Міністэрства працуе ў цесным узаемадзеянні з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы, з 2012 года штогод 10—12 кніг сучасных беларускіх пісьменнікаў выдаюцца пры поўнай дзяржаўнай падтрымцы і пастаўляюцца для камплектавання фондаў у публічныя бібліятэкі нашай краіны — такім чынам знаходзяць свой шлях да чытача.

«Кніжная тэма» дамінавала і ў выступленні міністра культуры Беларусі Барыса СВЯТЛОВА: установы міністэрства культуры з'яўляюцца найбольш актыўнымі спажыўцамі працы літаратараў — бібліятэкі, літаратурныя музеі, установы адукацыі ў сферы культуры і іншыя. Толькі ў мінулым годзе публічныя бібліятэкі папоўніліся сацыяльна значнай літаратурай на суму больш як 800 тысяч дэнамінаваных рублёў. Але ж супрацоўніцтва з пісьменнікамі накіравана і на тое, каб прадставіць асоб: праз фестывалі, прэзентацыі, творчыя сустрэчы... Барыс Святлоў адзначыў:

— Сённяшні з'езд стаіць у шэрагу найбольш важных сустрэч творчых работнікаў нашай краіны. Упэўнены, што ён стане штуршком для далейшага развіцця беларускай літаратуры і культуры ў цэлым. Стане для пісьменнікаў стымулам у новых здзяйсненнях, а для нас — крыніцай інфармацыі аб найбольш штодзённых патрэбах творчай супольнасці.

Супольнасць уплывовая. І на грамадства ў цэлым, і на асобныя яго пакаленні, якія ў наш час вельмі па-рознаму прыходзяць да беларускай літаратуры. Але класічны пачатак — са школы.

— У вучэбных праграмах па рускай і беларускай мове і літаратуры ёсць раздзелы, якія прапануюць вучням азнаёміцца з творчасцю сучасных пісьменнікаў Беларусі. У прыватнасці, супрацоўніцтва з пісьменнікамі ідзе па падрыхтоўцы падручнікаў і кніг серыі «школьная бібліятэка», — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Вадзім БОГУШ. Таму што «беларускія пісьменнікі ствараюць мастацкі летапіс гісторыі сваёй Радзімы».

Як, напрыклад, Іван Мележ у «Людзях на балоце», узгадаў Аляксандр РАДЗЬКОЎ, старшыня грамадскага аб'яднання «Белая Русь». Ён параўнаў працу пісьменнікаў у адносінах да грамадства з задачамі квантавай фізікі: гэта вывучэнне свету, стварэнне мадэляў, праз якія можна атрымаць адказы на запыты людзей.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

P.S. Дарэчы, падчас ІІІ з'езда Саюза пісьменнікаў Беларусі, як і падчас кожнай з гэтых традыцыйных сустрэч, прайшла цырымонія выбараў старшыні творчай арганізацыі. Ім перавыбраны Мікалай Чаргінец.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА



Сустрэчы трэба цаніць

Кожны дэлегат ІІІ з'езда Саюза пісьменнікаў Беларусі адправіўся на гэты сход са сваімі радасцямі, спадзяваннямі, памкненнямі і чаканнямі. Мы запыталіся ў розных творцаў, якое значэнне адыгрывае з'езд у жыцці пісьменніцкай супольнасці ў цэлым і на іх асабістым творчым шляху ў прыватнасці.

Генадзь ПАШКОЎ, першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт:

— З'езд, як правіла, акрэслівае пэўны этап жыцця саюза. Пяць гадоў прайшло з часу нашай папярэдняй вялікай сустрэчы. І калі з самага пачатку работы пісьменніцкай арганізацыі мы больш увагі надавалі арганізацыйным пытанням, стварылі абласныя і Мінскае гарадское аддзяленні, утварылі секцыі па жанрах літаратуры, то цягам апошніх пяці гадоў маглі больш увагі надаваць справе творчай. Так, конкурс на найлепшы твор, арганізаваны раней, з мінулага года ператварыўся ў Нацыянальную літаратурную прэмію. Пісьменнікі ў наш час прымаюць удзел не толькі ў літаратурных мерапрыемствах, але і грамадска-культурных, стараемся працаваць сумесна з мясцовымі органамі ўлады, замежнымі пісьменніцкімі арганізацыямі.

Уладзімір ГНІЛАМЁДАЎ, доктар філалагічных навук, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— На з'ездзе цікава найперш пабачыцца з калегамі, прывітацца. Сустрэчы трэба цаніць, нават проста ў чалавечым плане. Бо творчасць за сталом — справа адзінокая, пісьменнік заўсёды спрачаецца сам-насам з чыстым аркушам паперы. Творцу варта часцей выходзіць на вуліцу, у людзі — каб ісці ў нагу з жыццём ці нават у некаторых момантах яго апераджаць. Раней часта казалі пра тое, што кніга перарабляе свет, але цяпер так не скажам. Мы амаль адмовіліся ад ідэалогіі асветніцтва, калі навуцы, мастацтву надавалася вялікая роля ў пераробцы жыцця, чалавека. Сёння на першы план выходзіць эканоміка, гаспадарка. Таму варта думаць і пра змены ва ўтварэнні коштаў на кнігі, каб новыя выданні былі больш даступнымі для чытачоў.

Алена СТЭЛЬМАХ, намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— Па атмасферы, што пануе сёння ў зале і кулуарах, відавочна, што з'езда чакалі, да яго рыхтаваліся. Пяць гадоў, што прайшлі пасля мінулага з'езда, былі вельмі творчымі, насычанымі для пісьменніцкай грамадскасці. Толькі ў нашым абласным аддзяленні за гэты час выйшла амаль 450 кніг. Гэта розныя выданні — ад фаліянтаў да дзіцячых казак. Вельмі прыемна, што пашырыліся нашы шэрагі. З'езд дае нам магчымасць выказаць грамадзянскую пазіцыю, падкрэсліць значнасць слова, якое павінна гучаць у грамадстве. Галоўная наша думка — каб слова, што ідзе ад пісьменніка, служыла на карысць дабру, дабрабыту, спрыяла добрым стасункам паміж людзьмі.

Сяргей КЛІМКОВІЧ, дзіцячы пісьменнік, лаўрэат ІІ Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Дэбют»:

— Любы форум прадугледжвае дыялог, зносіны, абмен думкамі, цікавыя сустрэчы, знаёмствы. Вядома, і абмен кнігамі. Думаю, для пісьменніка заўсёды важна трымаць руку на пульсе і быць у кантакце з калегамі. На з'езд я прывёз адну са сваіх кніг, першую ў серыі «Тайна кватэры №8». Яна ўжо цэлы год прадаецца ў Беларусі і Расіі, і я атрымліваю толькі станоўчыя водгукі ад калег і чытачоў.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Літаратура як дапаможнік у вывучэнні свету

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».