Вы тут

Надзея Працько: Адкрый сваё сэрца!


Гурт «РАWА» быў створаны пяць гадоў таму. З таго часу яго ўдзельнікі суадносяць сваю творчасць з беларускімі народнымі традыцыйнымі спевамі і адаптуюць іх да сучаснасці з дапамогай рока і электроннай аранжыроўкі. Гурт «Нельга забыць», у сваю чаргу, названы ў гонар аднаго з найлепшых твораў Уладзіміра Караткевіча. Усё пачыналася з таго, што вершы з аднайменнага рамана былі пакладзены на музыку, а затым і санеты Максіма Багдановіча. Надзея Працько — скрыпачка і вакалістка ў абодвух гэтых гуртах.


На ад­ным з вы­сту­пленняў «Нель­га за­быць».

— Якім чынам збіраеце матэрыял для «Павы»?

— Па вёсках мы не ездзім і песні не запісваем. Бо ёсць ужо шмат сабраных хрэстаматый па фальклоры. Асабліва нам падабаецца зборнік польскага этнографа Міхала Федароўскага. Бяром адтуль мелодыю ці тэкст альбо тое і іншае. Калі гэты матэрыял адгукаецца ўнутры нас, тады прыдумляем, як яго аформіць, як сыграць, што можам дадаць, ад чаго адмовіцца. Вядома, гэтым не абмяжоўваемся. Зараз у сеціве шмат аўтэнтычных беларускіх аудыёзапісаў, якія могуць стаць асновай для нашых будучых апрацовак. Часам падслухоўваем і тое, што знаходзіць Студэнцкае этнаграфічнае таварыства.

— Як адбываецца сам працэс «перакройкі»?

— Мы амаль нічога не пераробліваем. Мелодыю пакідаем некранутай, захоўваем тэкст. Адзінае, што бяром, напрыклад, не 10 куплетаў, а два ці тры. Апошнім часам у «Паве» спрабуем больш адыходзіць ад зыходнага матэрыялу. У гурце ёсць два чалавекі — клавішнік, аранжыроўшчык Мікіта Седзянкоў і Валерый Шаўчэнка, прадзюсар і гукарэжысёр, — якія займаюцца электроннай музыкай. Ад іх ідзе асноўная ідэя апрацоўкі, а астатнія дапаўняюць прыдуманы імі музычны каркас.

— Многія лічаць скрыпку інструментам жалобы...

— Гэта насамрэч стэрэатып. На ёй жа і музыку для танцаў іграюць, тых жа народных. Яна досыць рознабаковая. А што тычыцца журботнасці, то тут справа не ў інструменце, а ў тым, што для беларусаў у прынцыпе ўласцівая гэта рыса. Я назіраю і заўважаю пэўную меланхолію ў творчасці беларускіх кампазітараў і літаратараў. Вельмі часта ў іх гучыць туга, шкадаванне сябе, сваіх суседзяў.

— Можаш спяваць і іграць, калі штосьці не па душы?

— Магу, вядома ж, але гэта адразу адбіваецца на настроі.

Я веру, што чалавек мае права не рабіць тое, чаго ён не хоча. Але для гэтага трэба мець смеласць і ўпартасць, праяўляць іх і паступаць так, як ты лічыш патрэбным. Бо толькі ў такім выпадку здзейсненае мае сэнс. Інакш яно нікому не патрэбна.

— На твой погляд, «Пава» карыстаецца папулярнасцю?

— Так, але толькі ў вузкім беларускамоўным коле. І яно дужа спецыфічнае. Казаць пра тое, што нас ведаюць па ўсёй Беларусі, нельга. Хаця апошнім часам мы сталі часцей з'яўляцца на тэлебачанні і больш ездзіць з выступленнямі па краіне.

Гурт «РАWА» ў поў­ным скла­дзе.

— «Паву» часта крытыкуюць знаўцы музыкі. Як ставішся да гэтага?

— Балюча. Але, калі крытыка трапляе да цябе ў душу, гэта сведчыць менавіта аб тым, што ты зрабіў не ўсё, што мог.

— Можаш адказаць на пытанне, дзеля чаго працуеце?

— Цікава было б задаць яго кожнаму ўдзельніку гурта. А я пакуль што дапамагаю сябрам. Пэўна, каб адказаць на гэтае пытанне, трэба самой стварыць уласны праект.

— А як жа мэта — прывіваць беларусам сваё, роднае?

— Нашто? Калі гэта добрая рэч — яна прыжывецца, калі дрэнная — памрэ. Вось і праверым (усміхаецца).

— Злавіла сябе на думцы, што міжвольна праводжу паралель паміж двума гуртамі. Калі «Пава» дапамагае вярнуцца да фальклорных вытокаў, то «Нельга забыць» — да літаратурных.

— І тут для мяне вяртанне — не мэта. Я люблю граць з хлопцамі з «Нельга забыць», і мне даспадобы, што з гэтага атрымліваецца. Да таго ж мне блізкія тыя ідэі, што мы бяром з літаратурных твораў, асабліва Уладзіміра Караткевіча. У яго атрымліваецца так паказваць беларуса, нібы ён суперчалавек па ўсіх маральных якасцях. Цудоўна, што можна пабачыць сябе ў вобразе яго герояў. Хаця, калі тое, што напісаў Караткевіч, бліжэй да сучасных рэалій, то каб актуалізаваць вершы Максіма Багдановіча, трэба прыкласці крыху больш намаганняў.

Акрамя песень, пакладзеных на вершы беларускіх аўтараў, у нас таксама ёсць шэраг кампазіцый на творы Міхаіла Бараноўскага, нашага лідара і ідэйнага натхняльніка. Пакуль яны не запісаныя ў асобны альбом, таму часам складаецца адчуванне, што мы засяроджаны выключна на перакладанні вершаў на музыку, хаця гэта зусім не так.

— Ёсць адчуванне, што ты на сваім месцы?

— Так. Але ў той жа час разумею, што быццам бы не пачала рабіць тое, на што здольная. Магла б больш і лепш.

— Што перашкаджае?

— Каб вырас плод, ён павінен саспець. Патрэбны час, каб дарасці да пэўных рэчаў і станаў.

— Як думаеш, ці маеш свабоду творчасці?

— Напэўна, не. Гэта, хутчэй, пастаянны складаны працэс барацьбы з несвабодай, які патрэбны, каб адчуць у сабе ўпэўненасць і разуменне таго, чаго я хачу насамрэч. І гэтае абмежаванне ідзе на карысць.

Мы разважалі нядаўна з Міхаілам Бараноўскім пра тое, што нельга ствараць штосьці толькі для сябе, што глядач і слухач усё адно існуюць і на іх варта арыентавацца. Але я наіўна веру, што ўсё ж такі можна. Калі музыка ставіць за мэту поспех, славу ды багацце, тады яму цяжка ствараць. Як можна да канца раскрываць сваё сэрца і адначасова думаць, як на гэта адрэагуюць? Калі адкрываеш сэрца, то, тэарэтычна, слава і багацце могуць прыйсці, але неабавязкова. Гэта не павінна быць галоўным.

— Дзеля чаго тады выступаць?

— Для мяне мае значэнне сам працэс адчуванняў, пачуццяў, якія ў сабе адкрываеш у момант таго, як спяваеш і граеш. У стасунках паміж людзьмі я бачу тое ж самае раскрыццё душ. Творчасць, глыбіня і ўся сусветная крутасць можа быць і паміж дваімі людзьмі, і паміж выступоўцам і залай. Я лічу сябе чалавекам досыць інтравертным. Але, мяркую, музыка — гэта мой сродак размовы з сабою і са слухачом.

Мне часам дзіўна чуць сябе збоку і здзіўлена ўсведамляць, што прыгожа атрымліваецца, што гэта ўва мне ёсць такія гукі. Я здзіўляюся гэтаму, як і з'явам прыроды. Калі ёсць супадзенне ў тым, як гучыць мой унутраны голас і той, якім я спяваю, тады адбываецца сапраўдны цуд.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».