Вы тут

Якія задачы вырашае Савет па справах моладзі СНД?


Моладзь заўсёды знойдзе паразуменне. І межы для яе — не перашкода.


Ме­ма­ран­дум аб су­пра­цоў­ніц­тве пад­пі­са­лі пер­шы сак­ра­тар ЦК БРСМ Анд­рэй Бе­ля­коў і стар­шы­ня  На­цы­я­наль­на­га са­ве­та ма­ла­дзёж­ных ар­га­ні­за­цый Азер­бай­джан­скай Рэс­пуб­лі­кі Сей­мур Гу­сей­наў.

Другі фінал конкурсу «100 ідэй для СНД» пройдзе ў Беларусі ў першым паўгоддзі 2018 года. Такое рашэнне было прынятае ў Баку, на пасяджэнні Савета па справах моладзі дзяржаў-удзельніц СНД. Беларусь у сталіцы Азербайджана прадстаўлялі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, першы сакратар ЦК грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», член Савета па справах моладзі СНД Андрэй БЕЛЯКОЎ і начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля ПШАНІЧНАЯ.

Мы сустрэліся з імі, каб задаць некалькі пытанняў:

1. Што ўяўляе сабой Савет па справах моладзі СНД і якія задачы ён вырашае?

2. Які працяг атрымае праект «100 ідэй для СНД»? Ці ёсць ужо прыклады паспяховай рэалізацыі ідэй фіналістаў?

3. Як вядзецца падрыхтоўка да ХІХ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў?

4. Традыцыйна краіна, абраная месцам правядзення Савета, дзеліцца з усімі сваім досведам у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Што асабліва ўразіла ў Азербайджане?

5. Што яднае і што раз'ядноўвае сёння моладзь у краінах СНД?

Андрэй БЕЛЯКОЎ: «Наша сіла — у супрацоўніцтве»

1.

— Усё падчас сустрэч членаў маладзёжнага Савета адбываецца дэмакратычна і ніхто нікому не навязвае свой пункт погляду. Кожная краіна можа далучацца да тых праектаў, якія цікавыя, найперш, для яе моладзі. Старшынства ў Савеце таксама перадаецца штогод ад адной краіны іншай, так бы мовіць, па крузе. Беларусь выступала ў гэтым статусе ў 2014 годзе. У Баку было вырашана, што на бліжэйшы час старшынёй Савета будзе віцэ-міністр Казахстана па справах рэлігій і грамадзянскай супольнасці Абзал Нікенаў. Адносна нядаўна ў гэтай краіне было створана Міністэрства па справах рэлігій і грамадзянскай супольнасці, якому перадалі паўнамоцтвы ў сферы маладзёжнай палітыкі.

2.

— Праект «100 ідэй для СНД» змог аб'яднаць самых смелых і амбіцыйных аўтараў інавацыйных маладзёжных ініцыятыў на прасторах СНД. На сайце Выканаўчага камітэта СНД створана спецыяльная тэматычная старонка, прысвечаная міжнароднаму праекту, дзе можна пазнаёміцца з удзельнікамі фінальнага этапу конкурсу, фота-, відэаматэрыяламі і навінамі аб праекце.

У фінальнай частцы інтэлектуальнага спаборніцтва быў прадстаўлены, напрыклад, праект маладых супрацоўнікаў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі — анлайн-сэрвіс для прасоўвання і продажу комплексу паслуг у сферы медыцынскага турызму «Клінікі Беларусі» і адаптаванай мабільнай праграмы да яго. Меркавалася, што асноўнымі карыстальнікамі сэрвісу будуць замежныя грамадзяне, якія захочуць атрымаць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу ва ўстановах аховы здароўя Беларусі. А магчымасці анлайн-кансультавання дазволяць людзям, якія занятыя сваёй кар'ерай і цэняць уласны час, не выходзячы з дому, атрымліваць кансультацыі спецыялістаў. Усе надзеі, звязаныя з праектам, цалкам спраўдзіліся: за паўгода яго рэалізацыі ў нашу краіну прыехалі больш як 700 пацыентаў з краін СНД, а дзяржава атрымала рэальны прыбытак. Больш таго, праект дазваляе стварыць пазнавальны медыцынскі брэнд Беларусі і падтрымліваць імідж развітай высокатэхналагічнай дзяржавы ў гэтай сферы.

Ці вось яшчэ адзін прыклад эфектыўнасці маладзёжных ідэй: дзякуючы праекту «Інтэрактыўны музей «Галінскія ветразі», які ў фінале абараняла аспірантка Чарапавецкага дзяржаўнага ўніверсітэта Надзея Токарава, не толькі стымулюецца цікаўнасць да гісторыі роднага краю, але і ствараюцца новыя працоўныя месцы на тэрыторыі сельскай мясцовасці ў суседняй краіне.

3.

— У Сочы будзе працаваць міжнародная каманда валанцёраў у складзе 500 чалавек. І ў беларусаў ёсць магчымасць да яе далучыцца. Рэгістрацыя ахвотных ужо распачалася на сайце фестывалю. Перавага, канешне, будзе аддавацца маладым людзям з веданнем некалькіх замежных моў і досведам валанцёрскай работы на падобных міжнародных мерапрыемствах. У беларускіх хлопцаў і дзяўчат такі досвед ёсць. Магутнай школай для іх стаў удзел у якасці валанцёраў на Чэмпіянаце свету па хакеі ў 2014 годзе і іншых міжнародных спартыўных спаборніцтвах, якія ў апошнія гады праводзіліся ў Беларусі. Падрыхтоўка валанцёраў да хакейнага форуму вялася ў нас амаль год. У Расіі таксама пасля завяршэння рэгістрацыі і адбору будзе праходзіць навучанне кандыдатаў. Я б параіў моладзі не ўпускаць такую ўнікальную магчымасць. Яшчэ раней мы абмяркоўвалі з нашымі партнёрамі з Казахстана ўдзел беларускіх валанцёраў у выстаўцы «ЭКСПА—2017», якая будзе праходзіць у наступным годзе ў Астане. Мы выязджалі на аб'екты будаўніцтва — іх маштабы ўражваюць. Краіна вельмі сур'ёзна рыхтуецца да гэтай падзеі.

4.

— У Азербайджане моладзь складае 27 працэнтаў насельніцтва, і маладзёжная палітыка там — у прыярытэце. У краіне дзейнічаюць каля 300 маладзёжных неўрадавых арганізацый. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі падпісаў мемарандум з Нацыянальным саветам маладзёжных арганізацый Азербайджанскай Рэспублікі, дзе пазначаны асноўныя напрамкі для маладзёжнага супрацоўніцтва: гэта валанцёрская дзейнасць, развіццё маладзёжнага прадпрымальніцтва, занятасць моладзі (садзейнічанне другаснай занятасці, развіццё дзейнасці студатрадаў), інфармацыйная работа (абмен вопытам у галіне рэалізацыі інтэрнэт-праектаў і праектаў, звязаных з выкарыстаннем сацыяльных сетак), работа з сельскай моладдзю (рэалізацыя праектаў па стварэнні роўных магчымасцей для ўсіх маладых людзей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці).

Хачу зазначыць, што ў Азербайджане нас вельмі зацікавіў досвед правядзення там першых Еўрапейскіх гульняў, і, у прыватнасці арганізацыя валанцёрства, таму што ў 2019 годзе ў Беларусі пройдуць другія Еўрапейскія гульні. Нам расказалі, што ў рамках гэтага спартыўнага форуму працавалі 17 тысяч валанцёраў — гэта найвелізарнейшы аб'ём працы. І добра, што нам не давядзецца «вынаходзіць веласіпед», а можна будзе пазычыць карысны досвед у сваіх сяброў плюс дабавіць туды нешта сваё, каб атрымалася не горш.

5.

— Для нас вельмі важна не варыцца ў сваім катле, а браць штосьці з чужога досведу і дзяліцца сваім, каб упэўнена рухацца наперад. Моц маладзёжнага руху — у супрацоўніцтве. Упэўнены, што трэба наладжваць міжнародны абмен у самых розных напрамках, не толькі ў рамках СНД. Мы сёння праводзім шматвектарную палітыку. Цікаўнасць для нас прадстаўляе як досвед Кітая, так і досвед еўрапейскіх краін. У нашых бліжэйшых планах значыцца падпісанне пагадненняў з рознымі маладзёжнымі аб'яднаннямі краін Заходняй Еўропы.

Так, у нас шмат пазычана з савецкага мінулага (узяць той жа студатрадаўскі рух), але разам з тым мы шмат бяром і ў еўрапейскіх калег: гэта тычыцца валанцёрства і трэнінгавай работы.

Студатрадаўскі рух традыцыйна моцны ў дзвюх краінах — Беларусі і Расіі, і мы з нашымі суседзямі актыўна супрацоўнічаем у гэтай сферы, абменьваемся атрадамі. Наш досвед прэзентуецца практычна на кожным Савеце, і зерне, якое мы сеем, прыносіць плады. Летам, напрыклад, сем студэнтаў з Казахстана працавалі ў складзе студатрадаў на будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы. Але нам хацелася б больш сур'ёзнага ўзаемадзеяння, каб не толькі да нас прыязджалі нашы сябры з СНД, але каб і беларускія студэнты выязджалі ў гэтыя краіны. Тым больш што менавіта на тэрыторыі Казахстана ў савецкія часы нарадзіўся і сфарміраваўся студатрадаўскі рух: у 50 гады ХХ стагоддзя студэнтаў з усяго Саюза мабілізоўвалі на асваенне цалінных земляў у гэтай савецкай рэспубліцы.

Напрыканцы кастрычніка я ўдзельнічаў у спецыяльнай маладзёжнай сесіі «Свет. ХХІ стагоддзе» ў Астане, якая праходзіла ў рамках Маладзёжнага савета Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Там быў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж БРСМ і найбуйнейшым грамадскім аб'яднаннем у Казахстане «Маладзёжным крылом «Жас Отан» пры партыі «Нұр Отан». У прыватнасці, мы дамовіліся аказваць адзін аднаму падтрымку ў валанцёрскім руху, маладзёжным прадпрымальніцтве, развіцці інавацыйнай і навуковай дзейнасці, занятасці моладзі.

У Казахстане, напрыклад, рэалізуецца прэзідэнцкая праграма па высадцы дрэў. Гэта справа даверана моладзі. У нас таксама студэнцкія атрады задзейнічаны на пасадках лесу. Канешне, мы прапаноўвалі самыя розныя напрамкі для супрацоўніцтва, паколькі ў Беларусі паспяхова дзейнічаюць і будаўнічыя, і педагагічныя, і сэрвісныя, і медыцынскія, і археалагічныя, і валанцёрскія атрады...

Мы ўвогуле прыходзім да высновы, што ў рамках СНД усе адчуваюць патрэбу адно ў адным. Два дзясяткі гадоў грамадзяне нашых краін ездзілі вандраваць і адпачываць у Турцыю і Егіпет, у той час як у Грузіі, Арменіі, Казахстане, Азербайджане, Расіі ёсць проста непаўторныя мясціны. Трэба сябраваць, тады і развівацца нам усім будзе прасцей.

Наталля ПШАНІЧНАЯ: «Усе зацікаўлены ў збліжэнні»...

1.

 — У маладзёжнага Савета ёсць адно істотнае адрозненне ад іншых Саветаў СНД: ён збіраецца не менш як два разы на год. Пасля абмеркавання ўсе сышліся на думцы, што калі мы будзем збірацца радзей, то праца Савета можа стаць неэфектыўнай. Дынаміка нашых сустрэч задае дынаміку нашай дзейнасці.

Савет па справах моладзі застаецца не толькі ўнікальнай пляцоўкай для збліжэння моладзі нашых дзяржаў, але і пляцоўкай для пошуку наватарскіх ідэй для рэалізацыі патэнцыялу моладзі на прасторах СНД. Задачы, якія стаяць перад Саветам, самыя разнастайныя: ад аб'яднання намаганняў дзяржаў у вывучэнні праблем моладзі да актыўнага ўцягвання маладых людзей у развіццё інтэграцыйных працэсаў.

2.

— Упершыню прапанова аб рэалізацыі маладзёжнага праекта «100 ідэй для СНД» была агучана на Савеце, які праходзіў у Мінску ў лістападзе 2013 года. А ў красавіку бягучага года на базе Нацыянальнай бібліятэкі ўжо прайшоў яго фінал, які сабраў хлопцаў і дзяўчат з шасці краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі — пераможцаў нацыянальных этапаў. Усяго на мінскай пляцоўцы былі прадстаўлены 38 самых цікавых ідэй. Работы маладых інаватараў былі падзелены на восем напрамкаў: «Прамысловыя тэхналогіі і вытворчасць», «Хімічныя тэхналогіі і біятэхналогіі», «Культура», «Адукацыя», «Ахова здароўя», «Медыцына, медыцынская тэхніка і тэхналогіі, фармацыя», «Інфармацыйныя тэхналогіі (ІT-сфера)» і «Гасціннасць: турызм і нацыянальная культура».

Між іншым, ужо падрыхтаваны праект новага Палажэння аб конкурсе «100 ідэй для СНД». Вырашана праводзіць яго раз у два гады. На працягу 2017 года кожная краіна арганізуе свае нацыянальныя этапы. Да таго ж вырашана зрабіць экспертную супольнасць, якая ацэньвае прадстаўленыя ў фінале ідэі, міжнароднай. Ніякіх прэтэнзій да экспертнага савета, у склад якога ўваходзілі вядомыя навукоўцы, супрацоўнікі Акадэміі навук Беларусі і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, прадстаўнікі бізнесу і рэальнага сектара эканомікі, не было. Іх кампетэнтнасць і аб'ектыўнасць ніхто не ставіць пад сумненне, але міжнародны экспертны савет павысіць статус гэтага праекта. На Савеце было таксама вырашана звярнуцца ў Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД з просьбай аб дапамозе ў фінансаванні мерапрыемстваў міжнароднага этапу праекта.

3.

— ХІХ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў адбудзецца ўжо зусім хутка — у кастрычніку 2017 года ў Сочы. У фестывалі возьмуць удзел больш як 20 тысяч удзельнікаў з пяці кантынентаў. Фестываль па традыцыі аб'яднае найбольш прагрэсіўную моладзь планеты — лідараў маладзёжных арганізацый, прадстаўнікоў творчых прафесій, спартсменаў, інжынераў-вынаходнікаў, маладых навукоўцаў, палітыкаў, журналістаў і многіх іншых. Мяркуецца, што ў склад беларускай дэлегацыі на фестывалі ўвойдуць каля 300 прадстаўнікоў.

Пра­ект «100 ідэй для СНД» аб'­яд­наў са­мых сме­лых  і ам­бі­цый­ных аў­та­раў іна­ва­цый­ных ма­ла­дзёж­ных іні­цы­я­тыў на пра­сто­рах СНД. Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА.

4.

— Для ўвасаблення ў жыццё праектаў і ідэй моладзі пры Прэзідэнце Азербайджанскай Рэспублікі створаны Фонд моладзі, які вельмі добра падмацаваны фінансамі. Фонд прымае заяўкі на праекты і ад юрыдычных, і ад фізічных асоб. Прэтэндаваць на яго сродкі могуць як грамадскія аб'яднанні, так і асобныя грамадзяне, якія пражываюць, напрыклад, у самым аддаленым населеным пункце: заяўкі прымаюцца ў электронным выглядзе, таму доступ да сродкаў фонду ёсць абсалютна ва ўсіх, а не толькі ў тых, хто знаходзіцца да сталіцы бліжэй у геаграфічным плане. Адбор адбываецца на конкурснай аснове. Атрымліваецца, што, выбіраючы праекты, моладзь скіроўваюць у пэўным напрамку. Заўважу, што грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню і праектам гэтай накіраванасці там надаецца вельмі шмат увагі. Фонд існуе ўсяго некалькі гадоў, але зроблена ўжо вельмі многа.

Яшчэ адзін цікавы праект — будаўніцтва па ўсёй краіне Дамоў моладзі. Іх ужо 38, і яны пакрываюць раўнамерна ўсю тэрыторыю краіны. Дамы моладзі працуюць у тым ліку і з дзецьмі, і чымсьці нагадваюць нашы ўстановы дадатковай адукацыі. Але іх функцыі значна шырэйшыя, гэта фактычна шматфункцыянальныя цэнтры па рабоце з моладдзю.

Скажам, нейкае грамадскае аб'яднанне хоча правесці сваё мерапрыемства, напрыклад вучэбны семінар: яны падаюць заяўку, і ім выдзяляецца адпаведнае памяшканне з усімі ўмовамі — крэсламі-трансформерамі, мультымедыйным абсталяваннем і гэтак далей. Ці, напрыклад, хтосьці хоча правесці выставу дзіцячых малюнкаў... У Дамах моладзі дзейнічаюць і гурткі, і пакой псіхалагічнай дапамогі, кансультуе лагапед... Там можна праводзіць дыскатэкі, літаратурныя вечарыны, арганізоўваць кінасеансы. Уся прастора прадастаўлена хлопцам і дзяўчатам, і ніхто ўжо не можа сказаць, што моладзі некуды пайсці і няма дзе сабрацца.

5.

— У Баку былі агучаны вынікі сацыялагічнага даследавання «Вобраз мінулага і будучага ў свядомасці моладзі». Яго ініцыятыва належала дырэктару Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, прафесару Давіду Ротману, які каардынаваў падобную работу яшчэ на ўзроўні Савецкага Саюза. Але вырасла ўжо цэлае пакаленне моладзі, якое і нарадзілася, і выхоўвалася ў суверэнных краінах. Цікава было параўнаць меркаванні той і цяперашняй моладзі па многіх аспектах, у тым ліку і іх жыццёвыя каштоўнасці і прыярытэты. Канешне, на поўную аб'ектыўнасць даследаванне не прэтэндуе, паколькі апытаннем была ахоплена толькі студэнцкая моладзь, але з упэўненасцю можна сказаць адно — маладыя людзі зацікаўленыя ў збліжэнні. У адрозненне ад савецкіх часоў сёння адчуваецца востры дэфіцыт інфармацыі пра суседзяў па СНД: пра іх культуру, гісторыю і традыцыі. А цікаўнасць з боку маладых людзей ёсць. Прычым цікаўнасць вялікая...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.

Эканоміка

Цэны на жыллё палезлі ўгору?

Цэны на жыллё палезлі ўгору?

Праўда, эксперты кажуць, што гэта ілюзія.

Грамадства

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я Бабак расказала, як яны дзеляць дамашнія абавязкі, дзе збіраюцца падпрацоўваць і хто першы ідзе мірыцца.

Грамадства

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

«Звязда» пагутарыла з афіцыйным прадстаўніком МНС Віталем НАВІЦКІМ.