Вы тут

На­вас­пе­ча­ныя судовыя эксперты дзеляцца першымі ўражаннямі аб працы


Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» наведалі Мінскі міжраённы аддзел Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і пагутарылі з маладымі спецыялістамі — лейтэнантамі юстыцыі, судовымі экспертамі. Яны падзяліліся першымі ўражаннямі аб працы, расказалі, з якімі цяжкасцямі паспелі ўжо сутыкнуцца, і растлумачылі, чым у крыміналістыцы тэорыя можа адрознівацца ад практыкі.


На­вас­пе­ча­ныя кры­мі­на­ліс­ты і іх ку­ра­та­ры  аб­мяр­коў­ва­юць до­ка­зы но­вай спра­вы.

— У Акадэміі МУС сярод факультэтаў міліцыі, крымінальна-выканаўчага і следча-экспертнага я, не сумняваючыся, выбраў апошні. Напэўна, сваю ролю тут адыгралі і шматлікія фільмы пра работу крыміналістаў, і нейкая «таямнічасць» прафесіі, — згадвае падзеі пяцігадовай даўнасці Аляксей Яцкевіч.

— А на мой выбар паўплываў сусед, які працаваў у падобных падраздзяленнях. Мне заўсёды падабалася яго форма, ваенная выправа і мужнасць, — падтрымаў размову яшчэ адзін малады спецыяліст Мікалай Ярашэнка.

Ака­дэ­мія МУС — асноў­ная на­ву­чаль­ная ўста­но­ва, ад­куль вы­пус­ка­юц­ца су­до­выя экс­пер­ты-кры­мі­на­ліс­ты. Ву­чо­ба доў­жыц­ца ча­ты­ры га­ды. Вы­пуск­ні­кі Ака­дэ­міі ма­юць до­пуск на пра­ва пра­вя­дзен­ня ся­мі ві­даў кры­мі­на­ліс­тыч­ных экс­пер­тыз (дак­ты­лас­ка­піч­ную, ба­ліс­тыч­ную, парт­рэ­тную, тра­са­ла­гіч­ную, экс­пер­ты­зу ха­лод­най і кі­даль­най зброі, по­чыр­каз­наў­чую і тех­ніч­ную экс­пер­ты­зу да­ку­мен­таў).

...Працоўны дзень судовага эксперта пачынаецца з інструктажу, заступлення на дзяжурства. Графік — з 9 да 18. «На суткі» спецыялісты прыходзяць да 8 гадзін раніцы.

— Спачатку было цяжка не спаць ноччу, але з часам уцягваешся. Што зробіш — служба, — каментуе Аляксей.

Працавітасць і мэтанакіраванасць будучых крыміналістаў праяўляецца яшчэ ў сценах Акадэміі. За гады навучання ў групе Мікалая і Аляксея з 27 чалавек толькі адзін «сышоў з дыстанцыі».

— Сустрэлі на рабоце нас, маладых, «зялёных», добра, — смяецца Мікалай. — Старэйшыя калегі парадамі проста закідалі, толькі паспявай занатоўваць.

Су­до­вы экс­перт-кры­мі­на­ліст На­стас­ся Гет­ман­ская.

— У 2011 годзе конкурс сярод дзяўчат быў 50 чалавек на месца. Але я свой шанц не ўпусціла, — з гонарам кажа Настасся Гетманская, лейтэнант юстыцыі, эксперт крыміналістычнага сектара Маладзечанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якая сёлета таксама скончыла Акадэмію і прыступіла да абавязковай адпрацоўкі.

Насця расказвае, што на выбар будучай прафесіі паўплывала цяга да загадак, таямніц. Судовы эксперт з дзяцінства зачытвалася дэтэктывамі.

— Скажу, што дзяўчыне нялёгка вучыцца на «мужчынскім» факультэце. Было складана прывыкнуць да формы, службы, распарадку дня, звальненняў, незвычайнага быту. З часам, вядома, прывыкаеш і нават пачынаеш бачыць у гэтым плюсы, — дзеліцца думкамі Насця.

Дзяўчына прызнаецца, што на рабоце малады спецыяліст атрымлівае шмат інфармацыі. І ўсяму хочацца навучыцца, штосьці даводзіцца чытаць дома, каб не падвесці старэйшых калег.

— Першае дзяжурства было вельмі хвалюючым, але я справілася. Разумееце, у тэорыі на «месцы здарэння» ў цябе ўсё дакладна: па пунктах распісана, што, як, з дапамогай чаго і калі трэба рабіць. На практыцы ж з'яўляецца шмат фактараў, якія збіваюць: недахоп часу, шматлікія пытанні пацярпелых і іншае. Але я разумею, што ўсё наладзіцца з часам.

Су­до­выя экс­пер­ты Дзміт­рый Раб­цаў  і Мі­ка­лай Яра­шэн­ка за ра­бо­тай.

Прафесіяналізм прыходзіць з вопытам, пацвярджае і куратар наваспечаных крыміналістаў — маёр юстыцыі, старшы эксперт-крыміналіст Мінскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Дзмітрый Рабцаў:

— Маладым спецыялістам пакуль не хапае вопыту, ад якога залежыць хуткасць выканання экспертыз. А ў нашай справе час адыгрывае важную ролю. Упэўненасць не толькі ў сваіх ведах, але і ў дзеяннях — вось што патрэбна тым, хто толькі прыходзіць да нас. Мы, у сваю чаргу, стараемся дапамагчы малодшым калегам замацаваць іх сістэму ведаў, давесці свае дзеянні да аўтаматызму.

Судовы эксперт апрацоўвае спецыяльнымі сродкамі месцы магчымага кантакту злачынца з паверхнямі, прадметамі, фатаграфуе наваколле, дапамагае следчаму адбіраць улікі злачынства. На выклік звычайна прыязджае следча-аператыўная група, якая складаецца з судовага эксперта, следчага, аператыўнага супрацоўніка і кіроўцы-міліцыянера.

— У нашай прафесіі шмат нюансаў. Напрыклад, пры апісанні злепка падэшваў маладыя спецыялісты павінны навучыцца правільна выкладаць свае думкі, каб чалавек збоку зразумеў усю «карціну». На заключэннях экспертаў-крыміналістаў ляжыць вялікая адказнасць, таму права на памылку ў нас няма, — падкрэслівае Дзмітрый.

Стаць экспертамі-крыміналістамі могуць і выпускнікі грамадзянскіх ВНУ. Для гэтага неабходна скончыць курсы пры Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

— Маладым судовым экспертам прапануецца інтэрнат або аплачваецца частка ад сумы за арэнду кватэры. Акрамя гэтага, мы маем права на атрыманне льготнага крэдыту на будаўніцтва жылля, можам прэтэндаваць на арэндную кватэру. Водпуск у судовых экспертаў — да 45 дзён, — расказвае Мікалай.

У спе­цы­яль­ным  ча­ма­дан­чы­ку —  усё па­трэб­нае  для ра­бо­ты.

Свае заробкі маладыя спецыялісты не агучваюць, але кажуць, што на жыццё ім хапае. Да таго ж і прэмію за добрасумленную працу ніхто не адмяняў.

— Спачатку мужчыны-калегі трохі жартавалі: «Ідзі дамоў, пакуль не позна. Што ты тут забылася?» Але праз тыдзень зразумелі, што гендарныя стэрэатыпы лепей адкінуць: пол на якасць работы не ўплывае. Галоўнае — любіць сваю справу, — дзеліцца Настасся. — Увогуле, дзяўчаты больш адказныя і карпатлівыя. Напрыклад, мне падабаецца праводзіць почырказнаўчыя экспертызы, у той час як хлопцам у Акадэміі гэты занятак падаваўся сумным.

Наваспечаныя спецыялісты ўсе ў адзін голас кажуць, што вольнага часу ў іх мала. Маладыя судовыя эксперты чытаюць кнігі, у тым ліку па крыміналістыцы, слухаюць музыку, займаюцца спортам.

Настасся не хавае, што вельмі задаволеная месцам свайго размеркавання. Дзяўчына вярнулася на сваю малую радзіму, у Маладзечна. Там бацькі, сябры. Як кажуць, дома і сцены дапамагаюць. Аляксей родам з Нясвіжа. Хлопец прызнаецца, што розніцы, у якім горадзе працаваць, няма. Галоўнае, каб справа прыносіла задавальненне і калектыў падтрымліваў.

— Як кажуць, нам ёсць куды расці і да чаго імкнуцца, — падсумаваў Мікалай. — Будзем старацца. Прыходзьце да нас праз год. Упэўнены: расказаць будзе што.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

asmykovіch@zvіazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Загаловак у газеце: Убачыць «карціну» злачынства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».