Вы тут

Не чакайце панядзелка


Нядаўна навукоўцы вызначылі самы эфектыўны спосаб пахудзець. Чакаеце сенсацыі? Дарма. Даследчыкі правялі эксперымент на трох групах добраахвотнікаў (з нармальнай вагой, залішняй і тымі, хто нядаўна скінуў некалькі кілаграмаў) і прыйшлі да высновы, што трымаць сябе ў форме дапамагае... актыўны лад жыцця.


Гэта я да чаго? Фітнесам мы ў лепшым выпадку займаемся тры гадзіны на тыдзень (і гэтага ў прынцыпе дастаткова, калі вы не прафесійны спартсмен, — не слухайце тых, хто настойвае, што шчыраваць з гантэлямі трэба кожны дзень). Але тое, як мы праводзім свой час па-за межамі залы, уплывае на фігуру не менш. Таму добра мець не толькі абанемент у трэнажорку, але і карысныя звычкі.

Напрыклад, выбіраць прыступкі лесвіцы замест ліфта. Пры пад'ёме абавязкова абапірайцеся на пятку: правільная тэхніка нагрузіць патрэбныя мышцы. Ідзяце з торбамі ў руках? Выдатна. Міні-трэніроўка з абцяжарваннем лішняй не будзе.

Увесь дзень даводзіцца праводзіць у крэсле? Нічога страшнага, упэўнены брытанскія навукоўцы, нават у гэтай сітуацыі можна знайсці выйсце. Каб не зарабіць сабе цукровы дыябет ці праблемы з сэрцам, трэба праз кожныя паўгадзіны ўставаць з месца і выконваць простыя практыкаванні, каб размяць мышцы. Праўда, калі ў офісе правесці такую размінку не праблема, то ў вучэбнай аўдыторыі ваша імкненне быць здаровым могуць не ацаніць...

Трэніраваць мышцы прэса на працягу дня можна правільнай тэхнікай дыхання. Сэнс у тым, каб набіраць паветра не грудзьмі, а жыватом. Тонкая талія, дарэчы, не адзіны плюс такой тэхнікі. Даказана, што пры дыханні жыватом у мозг паступае ў восем разоў больш кіслароду.

Пра карысць сну вы, пэўна, чулі не раз (кажуць, хранічны недасып прыводзіць да таго, што мы ўжываем на 40 працэнтаў калорый больш, чым трэба). А ці ведаеце, што лепш прачынацца па першым сігнале будзільніка (вох, самой яшчэ над гэтым працаваць і працаваць) і ўставаць у адзін і той жа час кожную раніцу, нават у выхадныя? Гэта звычка дапаможа наладзіць свой «унутраны гадзіннік» і добра высыпацца. Да таго ж даследчыкі з універсітэта Брыгама Янга (ЗША) высветлілі, што жанчыны, якія кладуцца спаць і прачынаюцца ў адзін і той жа час, больш зграбныя за тых, хто не захоўвае гэта правіла.

Загадзя плануйце, што будзеце есці заўтра, і не саромейцеся складаць «ссабойкі» на работу ці вучобу. Па-першае, не будзеце галоднымі, а па-другое — менш рызыкі сарвацца на шкодныя прадукты і пераесці ўвечары, калі нарэшце даберацеся да халадзільніка.

Для гэтага ж не прапускайце снеданне. Вось толькі не трэба расказваць, што зранку есці зусім не хочацца. Я некалі таксама так апраўдвалася, бо ў малодшых класах кармілі пасля першага ўрока. А потым школьныя сняданкі перанесліся на 12 гадзін. А ва ўніверсітэце і ўвогуле прымусу не стала. Таму прыйшлося перавучваць свой арганізм.

А вось есці перад тэлевізарам — не лепшы варыянт. І не толькі таму, што захапіўшыся фільмам, можаце не разлічыць памер порцыі. Аказваецца, у такой абстаноўцы ежа страчвае смак — адсюль і жаданне перайсці на чыпсы і іншы фаст-фуд, шчодра прыпраўлены харчовымі дабаўкамі.

Калі не ведаеце, чым заняць сябе, напрыклад, падчас прагляду тэлеперадачы, — вось вам парада. Рабіце практыкаванні для рук. І з канапы ўставаць не трэба, і мышцы будуць у тонусе.

Каб паскорыць абмен рэчываў, можна мяняць прадукты ў рацыёне. Адзін дзень аддаваць перавагу бялкам (выбіраць курыцу, тварог, рыбу), іншы — гародніне ці садавіне. Дазваляецца нават салодкі дзень, з булачкамі і шакаладам (у межах разумнага, вядома).

А галоўнае — не адкладайце свае пачынанні, датычныя здаровага ладу жыцця, да панядзелка. Спецыялісты даказалі, што гэта не самы лепшы дзень. Наадварот — менавіта ў панядзелак «зрываецца» большасць з тых, хто сядзіць на дыетах (а яшчэ частка, відаць, не вытрымлівае ў чаканні стрэсу на рабоце і здаецца ў нядзелю). Дык чаму б не знайсці час для карысных звычак ужо сёння?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.