Вы тут

Тавараабарот з Аўстрыяй будзе істотна павялічаны


Аб гэтым заявіў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) Уладзімір Улаховіч на адкрыцці кантактна-кааперацыйнай біржы паміж прадстаўнікамі беларускіх і аўстрыйскіх дзелавых колаў. Гэта мерапрыемства было праведзена ў рамках XІІІ пасяджэння Беларуска-Аўстрыйскай камісіі па двухбаковым гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Старшыня гандлёва-прамысловай палаты назваў Аўстрыю галоўным інвестарам Беларусі сярод еўрапейскіх краін. "Толькі сёлета ў Беларусі асвойваюцца інвестыцыі аб'ёмам каля 400 млн еўра па праектах, якія прыйшлі ў нашу краіну ў апошнія гады", — адзначыў Уладзімір Улаховіч.

У сваю чаргу кіраўнік гандлёвага прадстаўніцтва Аўстрыі ў Расіі і па сумяшчальніцтве ў Беларусі, Рудольф Лукаўскі заўважыў, што ва ўзаемным гандлі апошнія два гады быў пэўны спад. Цяпер сярэднегадавы тавараабарот складае каля 170 млн еўра. "Але сітуацыю магчыма выправіць. Менавіта таму мэтай нашай эканамічнай місіі мы лічым паглыбленне дзелавых кантактаў", — сказаў Рудольф Лукаўскі. Паводле яго слоў, 25 прадстаўнікоў розных аўстрыйскіх кампаній прыехалі ў Мінск, каб сустрэцца з беларускімі калегамі і правесці перамовы. "Мы перакананыя, што ў Беларусі добрая будучыня, і мы тут дзеля таго, каб абмеркаваць сумесныя праекты", — падсумаваў ён.

Рэгіянальны менеджар па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Федэральнай палаты эканомікі Аўстрыі Міхаэль Ангірэр пагадзіўся, што патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва вялікі. Ён датычыцца праектаў у прамысловасці, а таксама ў сферы развіцця інфраструктуры ў Беларусі. Акрамя таго, аўстрыйскі бізнес гатовы не толькі фінансаваць уласныя праекты на тэрыторыі нашай краіны, але і ўдзельнічаць у прыватызацыі і мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў. З другога боку, Беларусь сёння актыўна пастаўляе металургічную прадукцыю ў Аўстрыю.

Бакі згадзіліся, што супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі цяпер больш нагадвае дарогу з двухбаковым рухам, бо наша краіна таксама пачынае ўкладваць грошы ў свае праекты на тэрыторыі Аўстрыі. "Так, сёлета за 9 месяцаў Беларусь інвеставала ў эканоміку гэтай краіны на суму каля 50 млн долараў, дзе 1,5 млн долараў складаюць прамыя інвестыцыі", — паведаміла на адкрыцці біржы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына.

Непасрэдна на біржы больш чым 50 беларускіх і 13 аўстрыйскіх прадпрыемстваў і арганізацый правялі перамовы па праектах, якія звязаны з банкаўскай дзейнасцю, сферамі страхавання, дрэваапрацоўкі і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. У падрыхтаваных праектах аўстрыйскія спецыялісты прапануюць супрацоўніцтва па лініі будаўніцтва, праектавання, мадэрнізацыі і вытворчасці абсталявання нафтахімічнай прамысловасці, а таксама іншыя высокатэхналагічныя кірункі.

Сяргей КУРКАЧ.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».