Вы тут

Што трэба, каб хворы на СНІД стаў на ўлік і пачаў лячэнне?


Што ставяць сабе за мэту грамадскія арганізацыі, якія актыўна прыцягваюць у прафілактыку ВІЧ/СНІДу фінансавыя сродкі замежных фондаў і арганізацый? Спыніць распаўсюджванне інфекцыі, вядома! Але якім чынам? Што такога робяць адзінкі, пакуль большасць працягвае... спакойна спаць?


У Расіі абмежавалі грамадскую ініцыятыву па прафілактыцы ВІЧ. У выніку там пачаўся рост распаўсюджвання інфекцыі, аб чым зараз актыўна пішуць СМІ суседняй краіны. Беларусі ўдаецца захоўваць стабільную сітуацыю дзякуючы велізарным намаганням у тым ліку недзяржаўных грамадскіх арганізацый. Яны ахапілі сёння прафілактыч-
нымі паслугамі больш за 5 тысяч жанчын — прадстаўніц секс-бізнесу, каля 6 тысяч мужчын, якія мелі секс з мужчынамі, і звыш 40 тысяч спажыўцоў ін'екцыйных наркотыкаў. Аднак літаральна праз пару гадоў сітуацыя можа змяніцца да горшага...

Перамагчы эпідэмію сёння — гэта значыць дабіцца «трох 90». Каб 90 працэнтаў людзей з ВІЧ ведалі пра свой статус (у нас сёння, паводле ацэнкі, «у курсе» толькі 48 працэнтаў), каб 90 працэнтаў з гэтых 90 атрымлівалі лячэнне — антырэтравірусную тэрапію (у нас такіх толькі 48 працэнтаў), і каб яшчэ 90 працэнтаў з ліку апошніх лячыліся штодня і ўсё жыццё (толькі ў такім разе яны перастаюць быць крыніцай інфекцыі для іншых). Грамадскія арганізацыі дабіваюцца таго, каб чалавек не баяўся даведацца пра стан свайго здароўя, меў магчымасць пагаварыць з тымі, хто «ў тэме», і атрымліваў лячэнне.

Эпідсітуацыя паказвае, што не толькі групы рызыкі — спажыўцы ін'екцыйных наркотыкаў, мужчыны, якія маюць секс з мужчынамі, і жанчыны секс-бізнесу, — але і ў цэлым насельніцтва падвяргаюцца небяспецы заражэння ВІЧ-інфекцыяй. 60 працэнтаў інфіцыраваных заражаюцца палавым шляхам. Прычым у нас даўно няма ніводнай адміністрацыйнай тэрыторыі, дзе не было б выяўлена хоць бы аднаго выпадку. А ў Гродзенскай вобласці ёсць нават 85-гадовы мужчына, якому ўнук зрабіў недарэчны наркатычны «падарунак». Карацей, рызыкуюць усе.

У 2004 годзе наркотыкі і палавы шлях забяспечылі ў справе перадачы ВІЧ прапорцыю 50/50. З таго моманту ў групе рызыкі апынуліся ўсе, хто займаецца сексам. «Аднак рухаючым механізмам інфекцыі застаюцца наркаспажыўцы, сярод якіх фактычна кожны чацвёрты жыве з ВІЧ, — кажа старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання «Пазітыўны рух» Ірына СТАТКЕВІЧ. — Мы займаемся праграмамі зніжэння шкоды, якія падтрымліваюць міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Глабальны фонд па барацьбе з ВІЧ, туберкулёзам і малярыяй. Так з'явіліся пункты абмену шпрыцаў, з дапамогай якіх удалося ахапіць у Мінску спачатку 5 тысяч (пры тым, што па самых прыблізных падліках, у горадзе пражывае каля 30 тысяч наркаспажыўцоў), праз год з намі былі ўжо каля 12 тысяч, сёння — 17 тысяч (па краіне — 40 тысяч)... Гэтыя людзі не думаюць пра нейкія захворванні, яны не баяцца ВІЧ ці гепатыту С, а мы спрабуем данесці да іх інфармацыю пра гэту рызыку, звязаць з урачом-інфекцыяністам».

Да вырашэння праблемы распаўсюджвання ВІЧ грамадскія арганізацыі падключыліся ў канцы 1990-х, калі разам з дзяржаўнымі ўстановамі пачалі нялёгкую работу з вышэйпералічанымі ўразлівымі групамі. І гэта была не толькі раздача бясплатных прэзерватываў, абмен шпрыцаў, але і прадастаўленне кансультацыі, накіраванне на тэсты... «Залежныя ад наркотыкаў або тыя, хто займаецца камерцыйным сексам, могуць звяртацца да нас, бо мы створаны менавіта для дапамогі канкрэтным людзям, — тлумачыць старшыня Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Дзмітрый СУБЦЭЛЬНЫ. — Мы распрацоўваем у тым ліку метады бясплатнага дыстанцыйнага навучання, і гэтым могуць карыстацца медыкі, педагогі, валанцёры, якія працуюць з яшчэ адной вельмі важнай групай рызыкі — моладдзю. Важна выяўляць найбольш рызыкоўных маладых людзей, каб яны своечасова атрымлівалі неабходную кансультацыю».

З мінулага года ў краіне асобная увага звернута на мужчын, якія маюць секс з мужчынамі. Размова — не пра сексуальную арыентацыю, а пра сексуальныя паводзіны: паводле неафіцыйных даследаванняў, 10 працэнтаў мужчын, якія маюць секс з мужчынамі, жанатыя, каля 2 працэнтаў жывуць незарэгістраваным шлюбам з жанчынамі, 45 працэнтаў мужчын гэтай катэгорыі ўступалі калі-небудзь у сексуальныя кантакты з жанчынамі. Так што гэта група рызыкі — прамы мост для перадачы ВІЧ у агульную папуляцыю. «Але, на маю думку, дзяржава не гатова падтрымаць прафілактыку такой катэгорыі замест Глабальнага фонду», — лічыць старшыня праўлення Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Сустрэча» Аляксандр ШАБЛЫКА.

На базе недзяржаўных грамадскіх арганізацый сёння працуе 48 ананімных кансультацыйных пунктаў, дзе спецыялісты размаўляюць на роўных, без эмоцый і асуджэння, пасля чаго з'яўляецца рэальны шанц, што нематываваны да гэтага прадстаўнік групы рызыкі з'явіцца ў дзяржаўнай установе, стане на ўлік і пачне лячэнне.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Без эмоцый і асуджэння

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.