Вы тут

На радзіме Скрыгана


Пабывалі літаратурныя падарожнікі.


Больш як дваццаць вандровак за чатыры гады — так Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры набывае рэпутацыю нястомнага падарожніка. Гэтым разам пісьменнікі, артысты, навукоўцы ды журналісты пабывалі ў вёсцы Труханавічы, дзе нарадзіўся Ян Скрыган. Нядаўна мы адзначалі яго 111-годдзе.

Вандроўку «падмацавала» яшчэ адна дата: пяць гадоў з дня заснавання адзначыў музей Скрыгана ў школе аграгарадка Камень Капыльскага раёна.

Ад былой сядзібы Скрыганоў застаўся адно падмурак, але прагнозы аптымістычныя: унук пісьменніка, Юрась Скрыган, мае намер аднавіць дом, нягледзячы на тое, што стала жыве ў ЗША. Праўда, зазначае: праца гэта не такая простая, і справа нават не ў фінансаванні; трэба адшукаць майстроў, якія здолеюць паставіць дом на камяні, як некалі і было. Засталася да гэтага часу прысядзібная студня. Побач растуць старадаўнія дуб і ясень. Лідзія Шагойка, дырэктар музея гісторыі беларускай літаратуры, зазначае, што месца гэтае поўніцца асаблівай энергетыкай: адчуваеш нешта накшталт паяднання з пісьменнікам, да якога прыехаў у госці.

Сёння Труханавічы — звычайная вёска, якіх у Беларусі тысячы. Жывая, але моладзі ўсё меней. Школа, дзе некалі навучаўся сам Скрыган, зачыненая. У ёй, дарэчы, настаўнічаў пасля гістфака Кастусь Цвірка. У той час ён і пазнаёміўся са Скрыганамі — дапамагалі ў пошуках кватэры, — пра што й распавёў падчас падарожжа.

Ініцыятарам літаратурнай вандроўкі выступіла Галіна Іванаўна Скрыган, дачка пісьменніка і галоўная захавальніца памяці пра яго. Яна ж дапамагала ствараць музей у школе аграгарадка Камень, перадала ў экспазіцыю рэчы, якім мог бы пазайздросціць сталічны музей: асабістыя прадметы Яна Скрыгана, арыгіналы дакументаў і рукапісаў, фотаздымкі. Тут захоўваецца рабочы стол пісьменніка, і славутыя скрыганаўскія кіёчкі, якія той вырабляў сам і дарыў сябрам-калегам, а таксама — шахматы, найлюбімейшая яго гульня.

Да дня народзінаў музея Галіна Іванаўна падрыхтавала падарунак: рукапіс артыкула Яна Скрыгана, прысвечаны праблемам захавання беларускай мовы. Адметна, што экскурсаводамі ў музеі «працуюць» навучэнцы школы. Удзельнікі падарожжа як адзін адзначылі іх глыбокія веды ў творчасці і біяграфіі пісьменніка, як і талент маленькай даследчыцы Дар’і Тагіль, якая на святочнай сустрэчы прэзентавала навуковую работу «Творчыя сляды дзядулі Скрыгана» — расповед пра таленавітых нашчадкаў пісьменніка.

Прыкладам, знаёмыя з Галінай Іванаўнай ведаюць, як добра яна спявае. Пачулі яе і падчас падарожжа: з Сяргеем Доўгушавым і Яўгенам Курыльчыкам яны выканалі раманс «Толькі з табою» на словы Адама Русака.

На сустрэчы ў Камені сабраліся не толькі навучэнцы школы, але і мясцовыя жыхары: усё ж цікава паглядзець на гасцей, сярод якіх пісьменнікі — Анатоль Бутэвіч, Анатоль Валахановіч, Віка Трэнас, Хрысціна Лялько. Яе на пачатку творчага шляху вельмі падтрымаў Ян Скрыган, адстойваў самабытнасць і арыгінальнасць паэзіі маладой аўтаркі. Добра памятаюць Яна Аляксеевіча і «дзеці пісьменнікаў»: Людміла Карпава, Валерыя Навуменка, Таццяна Зарыцкая, Наталля Брыль, чые сем’і сябравалі са Скрыганамі. «Такія непасрэдныя дзіцячыя ўспаміны вельмі каштоўныя, — зазначае Лідзія Паўлаўна, — бо дзеці бачаць не пісьменніка, а чалавека». Відэапрывітанне з Германіі перадаў малодшы ўнук Скрыгана — таксама Ян. Урыўкі з твораў пісьменніка чытала Галіна Дзягілева, дырэктар — мастацкі кіраўнік тэатра «Зніч».

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.