Вы тут

Мерапрыемствы, якія чакаюць нас напярэдадні Новага года


На навагоднія святы экскурсійныя аўтобусныя маршруты Мінска загавораць па-беларуску.

Парад казачных персанажаў ужо стаў для жыхароў сталіцы добрай традыцыяй. У гэты раз ён пройдзе 24 снежня ў 17.30 ад плошчы Незалежнасці да плошчы Свабоды. У фінале гледачы апынуцца ў «Краіне выканання жаданняў», дзе ўбачаць светлавое і піратэхнічнае шоу. Аднак гэта далёка не адзінае, што зможа ўразіць жыхароў сталіцы ў святочны дні: усяго чакаецца больш за 100 мерапрыемстваў, прымеркаваных да Новага года.


Па словах намесніка начальніка ўпраўлення аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай працы Мінгарвыканкама Аляксандра ШАСТАКОВА, тэматычныя канцэрты, шоу і прадстаўленні будуць нацэленыя на розную ўзроставую аўдыторыю. У гарадской Ратушы з 24 снежня па 5 студзеня будзе арганізаваны таямнічы перфоманс для дзяцей «У гасцях у Дзеда Мароза». Час наведванняў — з 11 да 21 гадзіны. Святочныя мерапрыемствы правядуць і адміністрацыі ўсіх раёнаў горада Мінска. У навагоднюю ноч галоўнай святочнай пляцоўкай стане тэрыторыя каля Палаца спорту. Канцэрт пад назвай «З Новым годам, сталіца!», у якім возьмуць удзел зоркі беларускай эстрады, будзе доўжыцца з 23 да 4 раніцы. Агні маляўнічага феерверка заззяюць над Свіслаччу ў 1.30.

Намеснік начальніка аддзела арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання ГУСР Мінгарвыканкама Аляксандр ФРАЛОЎ расказаў, што гандлёвыя прадпрыемствы пачалі падрыхтоўку да свят загадзя: яны ўжо закупілі больш за паўтара мільёна баулаў кандытарскіх вырабаў і 2,6 мільёна бутэлек шампанскага. Па традыцыі сярод аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання аб'яўлены конкурс на лепшае навагодняе афармленне залы. Для зручнасці пакупнікоў падоўжаны рэжым работы шматлікіх аб'ектаў: сярод іх 990 харчовых і больш за тысячу прамтаварных магазінаў, а таксама 450 кафэ і рэстаранаў.

З 15 снежня па 15 студзеня ў раёне Палаца спорту з 12 да 20 гадзін будзе праводзіцца «Калядны кірмаш», у навагоднюю ноч ён будзе доўжыцца да заканчэння святочных мерапрыемстваў. Што тычыцца продажу жывых елак, то яна будзе арганізавана з 22 па 31 снежня. Цана — ад 7 рублёў за прыгажуню вышынёй адзін метр, да 23 — за яе трохметровую пушыстую сястру.

Аляксандр Фралоў таксама адзначыў, што ў перыяд правядзення навагодніх ранішнікаў і карпаратываў сталічныя аб'екты грамадскага харчавання штодня будуць прымаць да 25 тысяч наведвальнікаў. На дадзены момант больш за 75% месцаў ужо забраніравана.

Намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Святлана ДЗЯМЕШКА паведаміла, што з пачаткам снежня стартуе і зімовы спартыўны сезон. У сталіцы будзе заліта 48 коўзанак, 27 хакейных каробак і 16 лыжных трас, калі дазволяць умовы надвор'я. Акрамя таго, будзе арганізавана 40 пунктаў пракату інвентару і абсталявання.

У гэтым сезоне ў 10-ы раз пройдуць рэспубліканскія спаборніцтвы па хакеі з шайбай сярод аматарскіх каманд на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і ўжо ў 13-ы раз — Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Форум, у якім прыме ўдзел 8 каманд, у тым ліку 7 замежных, адбудзецца з 4 па 7 студзеня ў «Чыжоўка-Арэне». Другі раз у рамках чэмпіянату Беларусі паміж сабой паспаборнічаюць аматары зімовага плавання. Экстрэмальны заплыў адбудзецца 17—18 снежня на Камсамольскім возеры.

У святочны перыяд чакаецца вялікі паток замежных турыстаў. У Мінску зараз дзейнічае два аўтобусныя экскурсійныя маршруты: №1 і №100. Аповед пра славутасці сталіцы вядзецца на англійскай і рускай мовах, аднак напярэдадні Новага года да іх дадасца яшчэ і беларуская.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Набліжаецца «нашэсце» Дзядоў Марозаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».