Вы тут

Андрэй Крайноў: Не пасыпаць галаву попелам


Спартыўны дырэктар СКА пра тое, што чакае клуб пасля "вылету" з Еўракубка.

У сёлетнім сезоне выступленне віцэ-чэмпіёна краіны па гандболе, клуба з самымі багатымі традыцыямі, на еўраарэне складваецца не так паспяхова. Сцэнарый падобны на леташні: СКА супрацьстаяў той жа "Хард", толькі турам ранней, і той жа "Сен-Рафаэль", толькі яшчэ не ў групе. Французы ўжо другі год запар спыняюць мінскіх "армейцаў" на шляху ў Еўропу. Пасля перамогі (+2) на хатняй пляцоўцы падапечныя Ігара Папругі ўступілі ў гасцявым паядынку 8 мячоў і не выйшлі ў групавы раўнд Кубка ЕГФ. Пра прычыны паражэння мінскіх гандбалістаў і пра тое, што яшчэ чакае СКА ў гэтым сезоне, расказвае спартыўны дырэктар гандбольнага клуба Андрэй Крайноў.


— Андрэй Віктаравіч, як ацэніце выступленне каманды ў сёлетнім розыгрышы Кубка ЕГФ?

— Можна сказаць, што ў гэтым годзе наша прысутнасць там складалася з 4-х матчаў. Першыя гульні з аўстрыйскім "Хардам" скончыліся са станоўчым для нас вынікам. Наступным сапернікам стаў моцны, топавы французскі "Сен-Рафаэль". Некаторыя недаацэньваюць узровень гэтага клуба, забываючы пра тое, што чэмпіянат Францыі — другі наймацнейшы чэмпіянат у свеце, а "Сен-Рафаэль" — яго леташні сярэбраны прызёр. Таму мы ўсе разумелі, хто будзе фаварытам у гэтай пары, тым не менш, далі добры бой. Тое, як хлопцы згулялі дома, парадавала. Так, яны не змаглі ўтрымаць перавагу ў 6 мячоў, напэўна, з-за сваёй маладосці: гульцам не ўдалося захаваць "халодныя галовы", і ў выніку канцоўка атрымалася змазанай. Складзіся яна па-іншаму, шанцаў на тое, каб выйсці ў групавы раўнд, было б нашмат больш. У Францыі гулялі нядрэнна, але моцна падвяла рэалізацыя момантаў у атацы, плюс бліскучая гульня варатара "Сен-Рафаэля" не дазволіла нам атрымаць перамогу.

Практычна ўпэўнены, што наш сапернік будзе гуляць у фінале чатырох Кубка ЕГФ. Няўжо такі вынік СКА, дзе пераважнай большасці гульцоў няма і 22-х гадоў, я магу назваць правальным?

— Гэта значыць і прэтэнзій асаблівых да гандбалістаў у вас няма?

— Што я магу сказаць 20-гадоваму Аляксандру Падшывалаву, які гуляе супраць вопытнага Вісэма Хмама? Што ён на 100 працэнтаў павінен яго абыграць? Або што мне зрабіць з Вячаславам Боханам, які два гады таму пачаў займацца гандболам, а сёння выходзіць супраць нядаўняга лідара "Барселоны" Даніэля Сарм'ента? Нашы хлопцы і так зрабілі ўсё магчымае. У нас вельмі таленавітая моладзь, і ўсе — з беларускімі пашпартамі. Таму цяпер нельга спыняцца і пасыпаць галаву попелам, а, наадварот, трэба іх падтрымаць, дапамагчы, бо праз месяц 6-7 гульцоў СКА адправяцца ў зборную, каб рыхтавацца да чэмпіянату свету ў Францыі.

— Як плануеце закрываць пазіцыю Арцёма Каралька, які ўжо гуляе за "Сен-Рафаэль"?

— Нам не ўдалося ўтрымаць Арцёма, мы не змаглі прапанаваць яму ўмовы лепшыя, чым тыя, якія прапанавалі французы. Не варта забываць, што ў нас ёсць лінейныя Вячаслаў Бохан і Дзяніс Крыцкі, мы на іх разлічваем. Будзем браць яшчэ кагосьці маладзейшага.

На два бліжэйшыя гады мы б хацелі крыху закрыцца і паспрабаваць захаваць сённяшні склад. Стараемся тлумачыць гульцам, што адна справа з'ехаць у клуб-сярэднячок, а другая ў топавую каманду. Каб трапіць у добры клуб, трэба мець ужо нешта і ў сваім багажы. Паверце, мы вельмі многае змянілі ў клубе, каманда стала больш моцнай, больш цікавай, гэта адзначаюць усе. Ёсць моманты, якія бачны ўжо сёння, некаторыя яшчэ не так прыкметны.

Гадоў 5-6 назад нашы "армейцы" наогул нікому не былі патрэбныя, мы радаваліся, калі нехта патэлефануе і проста спытае пра кагосьці з гульцоў. А сёння ў мяне разрываецца тэлефон, нашых гандбалістаў пастаянна турбуюць агенты, спрабуюць іх кудысьці перавабіць. Для нацыянальнай зборнай, вядома, добра, калі нашы хлопцы гуляюць у моцных чэмпіянатах, там яны будуць мець добрую гульнявую практыку, але што гэта дае клубу...

— Якія задачы зараз стаяць перад СКА?

— У снежні нашы гульцы павінны падысці ў добрай форме да нацыянальнай зборнай. Ужо сёння Ігар Папруга і Вадзім Сашурын працуюць над гэтым. Ну а потым ніхто не адмяняў барацьбу з "Гомелем" і БГК Мяшкова за лідарства ва ўнутраным першынстве, плюс свае задачы стаяць у нас і ў Балтыйскай лізе.

— Чаму СКА не заявіўся ў SEHA-лігу?

— Сёння мы маем усё — добрую залу, наладжаную інфраструктуру і, галоўнае, — каманду, якая дакладна не была б там самай слабай. Мы звярталіся ў SEHA-лігу з афіцыйным лістом, але станоўчы адказ пакуль нам не даюць.

— Вялікі крок наперад у апошні час зрабіла і маркетынгавая служба СКА, вылет з Кубка ЕГФ не затармозіць гэтую працу?

— Так, сёння мы задаволеныя, што наладжана больш цесная работа з балельшчыкамі, на нашых трыбунах іх становіцца ўсё больш. Стараемся прыдумаць штосьці новае, цікавае, раней ва "Уруччы" было пуста і глуха, а цяпер — пункты харчавання, піва, атрыбутыка. Нашы спецыялісты ў гэтай сферы працуюць добра, мы задаволеныя. Вядома, мы падвялі трохі маркетынгавую службу ў плане календара, але ўпэўнены, да матчаў з Брэстам яны прыдумаюць яшчэ больш цікавага. Я быў на гульнях у Францыі, Германіі, Польшчы і магу дакладна сказаць: у нас арганізацыя не горш.

Бліжэй да вясны ў Мінск прыедзе добрая каманда — ЗТР, калі мы трапім у фінал чатырох Балтыйскай лігі, то яго таксама прыме наша сталіца, так што наперадзе яшчэ шмат цікавага.

Да тэмы

Арцём Каралёк у сваім дэбютным матчы за "Сен-Рафаэль" закінуў 8 мячоў і стаў самым выніковым гульцом у складзе свайго новага клуба супраць "Крытэя".

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.