Вы тут

Рыхтуемся да зімовай рыбалкі з асцярогай і па правілах


Снег і першыя, няхай і невялікія пакуль, маразы — не прычына для рыбаловаў і паляўнічых закінуць свой занятак. Наадварот, у гэту пару года перад імі адкрываюцца новыя магчымасці. Тут, галоўнае, аддавацца ўпадабанаму віду адпачынку не толькі з розумам, але і з аглядкай на заканадаўства. Як тое зрабіць, кансультуюць спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.


«Калькулятар» для сома падчас нерасту

На Краснаслабодскім вадасховішчы работнікі Нясвіжскай міжрайінспекцыі затрымалі двух жыхароў Клецка, якія рыбачылі пяццю сеткамі. 58 кілаграмаў вылаўленай рыбы абыдуцца браканьерам у вялікую суму — каля трох тысяч рублёў. Адкуль такая лічба?

Больш за дзве тысячы парушальнікі вымушаны будуць заплаціць за восем асобін сома. На яго здабычу цяпер устаноўлена забарона, адпаведна такса пры разліку шкоды, устаноўленая згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №580 ад 8.12.2005 года (у апошняй рэдакцыі), павялічваецца ў тры разы. Астатняя рыба — дзесяць шчупакоў, дванаццаць карасёў і лешч — абыдуцца амаль у тысячу рублёў. Прычым гэтыя сумы з'яўляюцца толькі пакрыццём нанесенай шкоды. Дадаткова да іх па рашэнні суда можа быць прызначаны штраф ці іншае пакаранне. Браканьераў чакае крымінальная адказнасць па частцы 2 артыкула 281 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Незаконная здабыча рыбы ці іншых водных жывёл».


Рыхтуемся да зімовай рыбалкі з асцярогай і па правілах

З надыходам халадоў многія пачынаюць задумвацца аб зімовай рыбалцы, якая па сваёй папулярнасці не саступае лоўлі рыбы на адкрытай вадзе, а часам і прыкметна пераўзыходзіць яе. Рыбная лоўля зімой прыцягвае даступнасцю любых месцаў на вадаёмах ці вадацёках.

Існуюць чатыры асноўных спосабы лоўлі рыбы з лёду: на паплавочную вуду, на мармышку, вертыкальную гульню блешняй і лоўля жарліцамі. Жарліцы і кружкі — гэта снасці для лоўлі драпежных відаў рыб: акуня, ментуза, шчупака, судака — на жыўца. Яны вельмі папулярныя ў рыбаловаў, бо даволі здабычлівыя. Рыбакі часцей ловяць рыбу на самаробныя жарліцы, снасці прамысловай вытворчасці, як правіла, выкарыстоўваюцца нячаста.

Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства забараняецца лавіць рыбу з выкарыстаннем кружкоў, жарліц, стаўкоў, так званых калабашак і іншых аналагічных сістэм і абсталявання ў начны час сутак, а таксама без ўказання на іх прозвішча і ініцыялаў чалавека, які вядзе лоўлю рыбы. Нельга пакідаць устаноўленыя прылады рыбалоўства без візуальнага кантролю — у выпадку выяўлення яны будуць канфіскаваныя.

Пры лоўлі рыбы з лёду не варта забываць пра меры бяспекі. Лічыцца, што выходзіць на яго можна, калі таўшчыня дасягае не менш за пяць сантыметраў. Мае значэнне і стан лёду, паколькі яго трываласць залежыць ад тэмпературы вады і паветра. Часам тых самых пяці сантыметраў можа аказацца недастаткова, напрыклад, калі за станаўленнем лёду наступіла адліга або пад ім мелкаводдзе з зараснікамі водарасцяў.


Без смецця каля лункі

Вада і рыба — бясцэнныя дары прыроды, што непарыўна звязаны паміж сабой. Чалавек карыстаецца гэтымі рэсурсамі пастаянна, таму і адносіцца да іх павінен рацыянальна. Тым не менш культура прыродакарыстання некаторых суайчыннікаў пакідае жадаць лепшага...

Многім рыбакам неаднойчы даводзілася выцягваць з вадаёма на кручку самыя нечаканыя рэчы — абутак, адзенне, бытавыя прадметы. Часта гэтыя «трафеі» пакідаюць іх жа таварышы пасля зімовай рыбалкі. А яшчэ шмат іншага смецця пасля раставання лёду асядае на дно або прыбіваецца да берага. Між тым Правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства абавязваюць рыбаловаў падтрымліваць належны санітарны стан рыбалоўных угоддзяў, не пакідаць на іх берагах, а таксама на лёдзе смецце і іншыя адыходы. За выкананнем гэтых патрабаванняў дзяржінспектары будуць пільна сачыць на працягу сезона. Злосных парушальнікаў прыцягнуць да адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь.

Не варта забывацца рыбакам і пра культуру паводзін. Ужыванне падчас зімовай рыбалкі спіртных напояў пагражае незваротнымі наступствамі — ад абмарожанняў і траўмаў да гібелі (падзенне на слізкім лёдзе, пападанне ў палонку). Часам у экстрэмальных умовах, калі трэба ацаніць абстаноўку і прыняць правільнае рашэнне, нецвярозы рыбалоў не ў стане хутка гэтага зрабіць — яго рэакцыя і кемлівасць замаруджаныя. Лепш за ўсё сагравацца гарачай гарбатай, кавай ці булёнам.


За што заплаціў, тое і здабывай

Трох казуль і дзіка падстрэліў жыхар Мсціслаўскага раёна. І паляванне можна было б лічыць удалым, калі б не адно «але»: па дакументах мужчына меў права здабыць толькі дзіка. Плаціць за гэта не трэба, больш за тое, самім паляўнічым выплачваюць па дзве базавыя велічыні за кожную здабытую асобіну (праўда, забіраць мяса дзіка забаронена). А тут у выніку мужчына павінен выплаціць вялікую суму грошай і адказаць за свае дзеянні па крымінальнаму артыкулу.

А выйшла так, што калега паляўнічага па захапленні аплаціў здабычу казулі, але выйшаў на паляванне з гладкаствольнай стрэльбай і ў жывёл не папаў. У жыхара ж Мсціслаўскага раёна пры сабе быў наразны карабін «Сайга» з прыцэлам начнога бачання. Вось тады мужчыны і егер, які паляваў з імі, відавочна, вырашылі «дамовіцца».

Пачуўшы ў лесе два дзясяткі стрэлаў, групу паспяшаліся праверыць работнікі Мсціслаўскай міжрайінспекцыі. Каля здабытых жывёл, якіх яшчэ не паспелі разабраць і перамясціць, дзяржінспектары выявілі сляды аднаго і таго ж чалавека, як меркавалася, уладальніка карабіна. Характар раненняў жывёл на першы погляд таксама супадаў. Пазней ветурач і медыцынскі эксперт пацвердзілі, што і дзік, і казулі былі здабыты пры дапамозе адной зброі — наразной.

Паляўнічаму, які парушыў правілы, пагражае крымінальная адказнасць. Мсціслаўскі РАУС ужо завёў справу па частцы 4 артыкула 282 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Незаконнае паляванне». Не пазбегнуць мужчыне і пакрыцця шкоды — па 2,5 тысячы рублёў за кожную незаконна здабытую казулю.

Будзь у курсе

Уведзена забарона на рыбалоўства на веснавы перыяд

Аматарскае рыбалоўства забаронена на некаторых вадаёмах, участках рэк і каналаў краіны ў веснавы перыяд. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя №31 ад 6 кастрычніка 2016 года, якая апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

З 1 красавіка па 30 мая лавіць рыбу нельга ў наваколлі Гродна на Аўгустоўскім канале ад шлюза каля вёскі Нямнова да месца ўпадзення ў Нёман, а таксама ў пойменных вадаёмах ракі (затокі каля вёсак Келбаскі і Беражаны). У Мастоўскім раёне забарона ўведзена на азёрах Стары Нёман-1 (каля вёскі Харціца), Вінабойскае і Новае (каля вёскі Навінка), затоцы каля вёскі Дубна. У Магілёве і прыгарадзе аматарскае рыбалоўства забаронена на ўчастку Дняпра і прылеглых вадаёмах ад вадазбору Магілёўскага аўтамабільнага завода ім. С.М. Кірава да вусця ракі Дзебра, у Свіслацкім раёне Гродзенскай і Пружанскім раёне Брэсцкай абласцей — на ўчастку ракі Нараў ад паўднёва-заходняга вугла квартала 176 да паўднёва-заходняга вугла квартала 206 Ашчэпскага лясніцтва нацпарка «Белавежская пушча».

З 20 сакавіка па 18 мая будзе дзейнічаць забарона ў Лунінецкім раёне на працягу 2,5 кіламетра ўверх па Мікашэвіцкім канале да месца ўпадзення ў Прыпяць і на 500 метраў уверх і ўніз па цячэнні ракі. Адпаведнае рашэнне прынята на падставе Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства. Пастановы №9 ад 14 сакавіка 2012 года і №6 ад 19 сакавіка 2014 года прызнаюцца страціўшымі сілу. Пастанова ўступіла ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Першы снег, першы лёд... Каб яны не былі азмрочаны бядой і адказнасцю за парушэнні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Капыльскі раён. Мінулы год можна назваць стабільным

Чым Капыльскі раён жыве сёння і якія планы на перспектыву?

Грамадства

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Якую літаратуру здаюць у букіністычныя крамы?

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі».

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.