Вы тут

Сеймур Байджан. Апавяданне, якому цяжка падабраць назву


Я не разбіраюся ў анёлах і святых, я пішу пра жывых людзей. Прыхільнікі анёлаў, якія шукаюць у кнігах не людзей, а нябесных істот ды ягнят божых, няхай напішуць пра іх самі, я не ўмею.

Томас Вульф


Цяпер я пачынаю разумець, наколькі цяжкі лёс выпаў на долю гэтай змардаванай жыццём жанчыны, успаміны пра яе працінаюць сэрца невыносным болем. Перад тым, як завесці пра яе размову, апішу сцэну, якая ўзнікае перад вачыма кожны раз, ― варта толькі прыгадаць. Вось бабуля сядзіць на самаробным зэдліку ў двары і скубе курыцу. Тут жа з’яўляецца муж, падыходзіць да бабулі і пачынае біць яе кулакамі па галаве, в потым пускае ў ход ногі. Бабуля пакорліва прымае ўдары, не прамовіўшы ні слова, унурыўшы галаву ў плечы і закрыўшы рукамі твар. Яна нікога не кліча на дапамогу. Калі муж, стаміўшыся ад біцця, сыходзіць, бабуля правярае спачатку сукенку, ці не пашкоджана, потым ідзе ў куратнік, дзе пачынае гучна галасіць. Спалоханыя куры квохчуць ды разбягаюцца хто куды. Наплакаўшыся ўдосталь, яны выходзіць з куратніка, мыецца і працягвае, як нічога і не было, займацца гаспадаркай. Нягледзячы на раны, атрыманыя ад мужа, будзе прыгатавана цудоўная вячэра.

Аднойчы муж схапіў яе за валасы і пачаў цягаць па двары. Стаміўшыся, ён ударыў яе кулаком па твары, з носа лінула кроў. Потым сеў у машыну ды паехаў піць гарэлку з сябрамі. Як толькі яго машына схавалася з поля зроку, бабуля ўзнялася на ногі і ўзнесла рукі да неба, праклінаючы самога бога. Мая дзіцячая свядомасць тады не вытрымлівала такога блюзнерства. Сёння ж я разумею, што сварылася яна на яго таму, што не магла знайсці адказ на адвечнае пытанне: «Завошта мне гэтыя пакуты?!» Мо яна расплачваецца за сваё «няправільнае» жыццё? Мо яна не пражыла яго прыстойна, так як трэба? А як трэба жыць «правільна» і дзе яна магла зрабіць памылку?

Бабуля галосіць, кідаецца, ліхаманкава цягае старую сукенку. Са свайго з’яўлення на свет не бачыла яна шчаслівага дня ― у дзяцінстве страціла маці, расла сіратой і ў юным узросце родзічы выдалі яе замуж за майго дзеда.

Жорсткі і грубы, гэты чалавек быў не дурань, каб смачна паесці, добра выпіць ды пагуляць. Усе ведалі яго як бабніка, які без згрызот сумлення мог захапіцца апошняй мярзотніцай. Гэты тыран абыходзіўся са сваёй сіратой жонкай так, як яму хацелася. У любы час дня і ночы ён мог пабіць, прынізіць ды высмеяць яе, нават пры старонніх. Усё жыццё несла яна сляды пабояў на твары і, нягледзячы на гэта, працягвала смачна гатаваць, займацца гаспадаркай, трымаць у ідэальным парадку дом, клапаціцца пра тое, каб кожная талерка блішчэла. Муж грошы дадому не прыносіў, усё спускаў на пагулянкі. Апранаць дзяцей, набываць ім рэчы для школы ― гэта быў прамы абавязак бабулі. Як яна спраўлялася з гэтым усім пры сваім нізкім заробку ― застаецца загадкай.

Бабуля заўсёды хадзіла бязгучна, дробнымі крокамі. Старалася нічога не зачапіць, быццам бы перадаючы рэчам спакой і цішыню. Калі да чаго дакраналася, то рабіла гэта так мякка і далікатна, быццам рукі яе былі з ваты. Плакала яна так шчодра, што, здавалася, слёзы цякуць з вачэй, рота і носа адначасова. Яна плакала ад сваёй бездапаможнасці, глыбокай самоты, бязлітаснасці людзей ды жорсткага бога.

Бабуля была адной з тых рэдкіх жанчын, якім наканавана ідылічнае сямейнае жыццё. Але лёс вырашыў інакш, пазбавіўшы яе сямейнага шчасця. Мала таго, што за ўсе гады сумеснага жыцця яна ні разу не пачула ад мужа добрага слова, не атрымала падарунка, дык ён яшчэ біў і прыніжаў яе. Ні разу яна не была ў кавярні ці рэстаране, не мела нават уяўлення пра падобныя ўстановы. Звычайна такія жанчыны растрачваюць любоў, прызначаную для мужа, на людзей у сваім асяроддзі. Жанчыны, такія як мая бабуля, валодаюць настолькі велізарным запасам любові, што могуць дзяліцца гэтай любоўю не толькі з блізкімі, але і з зусім незнаёмымі людзьмі.

Я купаўся ў яе пяшчоце з тых часоў, як сябе памятаю. Але яе любоў і клопат я магу ацаніць толькі цяпер. На жаль, той далёкай парой я не мог зразумець, наколькі рэдкім і цудоўным стварэннем была гэтая жанчына. Бабуля не толькі не казала, але і не думала пра сябе. Усё жыццё яе поўнілася любоўю і адданасцю. Я так прызвычаіўся да яе бясконцай любові да ўнукаў і старонніх людзей, што не мог яе ўявіць не гэткай, а іншай. Мы зусім не былі ёй удзячныя. Ніхто з нас ніколі не задаваўся пытаннем: «Ці задаволена яна намі?» Ніхто ― ні дзеці, ні ўнукі, ні калегі, ні суседзі, ― не здольныя былі зразумець усю глыбіню яе пакут.

Звыклая да пастаяннага гвалту, гэтая жанчына глядзела на свет поўнымі жаху вачыма, азіралася на кожны шоргат, дрыжэла ад кожнага гуку. Яе слабое цела і плечы, што неслі непамерны цяжар быцця, калаціліся ад драбнейшых, нязначных навін. На твары, вакол вачэй ды вуснаў, назаўсёды застаўся глыбокі выраз стомы і душэўных узрушэнняў, за ўсё жыццё я не бачыў твару больш драматычнага. Калі раптам яна рабілася выпадковай сведкай вулічнай сваркі ці бойкі, то пачынала гучна плакаць і дрыжэць ад жаху. Слёзы і боль іншых яна ўспрымала як асабістыя, пралівала слёзы падтрымкі разам з самотнымі, хварэла разам з хворымі, цяжка пераносіла гора незнаёмых людзей, перажываючы іх пакуты, ператварала іх бяду ў асабістую трагедыю. Дзіця лёгка магло абвесці яе вакол пальца. Напрыклад, сказаць у сонечны дзень, што зараз поўнач, і яна б паверыла яму. Памятаю, як мы, унукі, імітуючы самагубства, заціскалі сабе раты і насы рукамі. Божа, з якой трывогай яна бегла да нас, просячы аб дапамозе ўсіх святых і молячы нас пачаць дыхаць. Мы, заліваючыся смехам, беглі прочкі, каб выдумаць новую хітрасць, якая прымусіць хвалявацца гэтую прастадушную наіўную жанчыну.

Аднойчы я выпацкаў белую кашулю гранатавым сокам і з крыкам выбег на двор. За некалькі крокаў ад яе я заваліўся на зямлю, чым увёў бедную жанчыну ў стан шоку. Калі бацькі, асабліва маці, каралі і білі нас, бабуля заўсёды намагалася нас абараніць. Калі ёй не ўдавалася вырваць унукаў з рук бацькоў, то яна пачынала плакаць разам з намі.

Дзядуля памёр, і бабулю быццам бы няма каму было біць, катаваць і прыніжаць. Але лёс працягваў выпрабоўваць яе цярпенне, на гэты раз з маім дзядзькам, яе сынам, якога яна да глыбіні душы любіла і звязвала з ім усе свае спадзяванні.

Пасля дзядулі за бабулю ўзяўся ён ― мой дзядзька.

Нягледзячы на магчымасці сямейнага бюджэту, ён паліў дарагія цыгарэты і насіў дарагое аддзенне. Каб задаволіць непамерныя патрэбы сына, бабуля вымушана была працаваць на дзвюх работах ― у бальніцы і аптэцы. Да таго ж яна разводзіла хатнюю птушку, вырошчвала гародніну, корпалася ў градах, палівала дрэвы. Дзядзьку асабліва не цікавіла, з якой цяжкасцю здабываюцца грошы. Ён працягваў паліць дарагія цыгарэты, надушваўся дарагой парфумай, насіў дарагія касцюмы і часцяком прыходзіў з чарговага балявання ці папойкі пабітым да крыві, у падзёртым адзенні. Ніякія клятвы ды ўгаворы не дапамагалі. Ён усё патрабаваў і патрабаваў ад бабулі грошай і дарагіх рэчаў. Заўсёды вяртаўся дадому далёка за поўнач, а бабуля не спала і чакала да ранку. А потым, выпіўшы нашча горкую гарбату, бегла на працу.

Дзядзька пасадзіў у двары каноплі і загадаў бабулі паліваць іх кожны дзень салодкай вадой. Бабуля ўзрадавалася новаму захапленню сына. Думала, паразумнеў, калі раслінамі захапіўся, вось і ўзялася з энтузіязмам за паліванне канаплянага куста салодкай вадой.

Кожны выкарыстоўваў яе, як мог.

Бабуля валодала абсалютнай памяццю непісьменнага чалавека. Калі-нікалі, вельмі рэдка, яна дзялілася ўспамінамі. Пачынаючы з дзяцінства, завяршаючы старасцю. Дзядулю яна спадабалася на вяселлі, дзе ён убачыўшы прыгожанькую дзяўчынку ў танцы, вырашыў пасватацца да яе. Вось бабуля пакідае сваю маленькую дачку, маю маму, у калысцы пад дрэвам і ідзе збіраць бавоўну. Тады, каб немаўляты не плакалі і не перашкаджалі працы, іх паілі гарбатай з сонных зёлак. Сабраўшы бавоўну са свайго надзелу і вярнуўшыся па калыску, яна бачыць там змяю, якая звілася клубком побач з дзіцём, якое соладка спіць. Бабуля замірае ад жаху, але змяя, не прычыніўшы шкоды малой, адпаўзае.

Вось дзед вяртаецца дадому пасля чарговай папойкі, збівае бабулю і праганяе яе з хаты. Бабуля ідзе ночыць у куратнік. Але дзед праганяе яе і адтуль. Бабуля вымушана прасіцца да свайго брата. Але і тут няма ёй спакою, братавая кпіць з яе, кавалка хлеба не дае, і бабуля галадае. Прыходзіць дзядуля і забірае яе дадому, каб зноў біць і прыніжаць. Так і не ўбачыўшы ў жыцці нічога добрага, яна нараджае ліхадзею мужу пяцярых дзяцей і адна, без дапамогі, выхоўвае іх. Рана прыходзіць старасць з-за цяжкага жыцця. Дзяўчынкі адна за адной выходзяць замуж, паўтараючы лёс маці ― ім таксама не бачыць сямейнага шчасця. Мужы іх аказваюцца не лепшыя за дзеда ― таксама збіваюць, прыніжаюць і выстаўляюць за дзверы.

Расказы бабулі, яе ўспаміны паўняцца пранізлівым горам, слязьмі, крыўдамі... Ах, калі б яна магла пісаць!

Потым… потым пачалася карабахская вайна, разваліўся Савецкі Саюз і пайшло-паехала. Разбураліся дамы, высыхалі дрэвы. Даводзілася нам вандраваць з месца на месца і не раз пачынаць жыццё з чыстай старонкі. Адбываліся такія жудасныя, брудныя, агідныя падзеі, што я з цяжкасцю магу іх апісваць.

У рэшце рэшт наша вялікая сям’я вымушана пасялілася ў маленькай кватэры, і бабуля стала жыць разам з намі. Страціўшы пад канец жыцця свой прытулак, родны край, яна дажывала свае дні як паслушніца ў манастыры ― у поўнай адзіноце.

Аднойчы яна паспрабавала падняцца з крэсла і тут жа звалілася. Паглядзела на свае саслабелыя ногі і страціла прытомнасць. Мы адвезлі яе ў бальніцу, і яна там доўга праляжала. Маме і цёткам давялося патраціць на яе лячэнне вялікія сумы. Без таго складаная фінансавая сітуацыя пагоршылася яшчэ больш.

Пасля бальніцы бабуля рэдка размаўляла. Сэрца калацілася ў грудзях, не дазваляла ёй раскрыць рота. Яшчэ ёй было сорамна за выдаткі дачок. Я пакутаваў кожны раз, як бачыў яе танклявыя рукі, худыя плечы і хваравіты твар. Бабуля нагадвала мне лодку, поўную паклажы, якая марудна ідзе на дно. Павярнуўшыся тварам да сцяны, яна магла гадзінамі ляжаць не рухаючыся. Бабуля так старанна і акуратна падрыхтавалася да сыходу, што працяг жыцця, поўнага сумненняў і трывог, прыносіў ёй неймаверныя пакуты. Яна даўно ўсвядоміла і змірылася, што для вечнага спакою чалавеку патрэбна толькі яма два метры даўжынёй. Яна не хвалявалася наконт хуткай смерці, ніколькі яе не баялася, і толькі перажывала з-за нас, не была ўпэўнена, што пасля яе сыходу з нашай сям’ёй усё будзе ў парадку.

Аднойчы мы засталіся з ёй дома адны, і я раптам спытаў:

— Як гэта было?

Цікава, што неадукаваная, непісьменная жанчына адразу зразумела, пра што я пытаюся. Павярнуўшыся да мяне, ўважліва паглядзела пажаўцелымі вачыма. Яна глядзела так, быццам бачыла мяне ўпершыню.

— Вельмі проста, — прамовіла бабуля. — Дарма мяне вярнулі…

Яе твар перакасіўся, вусны нацягнуліся, на лбе з’явіліся глыбокія зморшчыны, з вачэй пацяклі буйныя слёзы. Жудасна было бачыць старога чалавека, які тоне ва ўласным горы ды турботах, які прагна жадае хуткай смерці.

Неўзабаве яна зноў не знайшла ў сабе сілы падняцца з крэсла. Гэтым разам мы не павезлі яе ў бальніцу ― не было грошай ― і пачалі лячэнне дома. Калі ў хаце безнадзейна хворы чалавек, ствараецца асаблівая атмасфера. Я кажу пра тыя нязручныя моманты, калі блізкія нерашуча, саромеючыся саміх сябе, жадаюць смерці хвораму. Толькі дзеці баяцца смерці родных і нават у страшным сне ўявіць сабе не могуць такую страту.

Усе ведалі, што яна не пражыве больш за месяц. Жадаючы ёй хуткай смерці і пазбаўлення ад пакут, дарослыя ўсё ж паілі яе немаведама дзе здабытымі лекамі, падманваючы ў першую чаргу сябе, а потым паміраючага чалавека. У кватэры панавала амаральная, прыніжаючая мана. Бабулю, якая так спяшалася ў лепшы свет, я любіў больш за ўсіх, і мне даводзілася з болем у сэрцы назіраць за перамогай падману ў нашай сям’і. Бабуля ж толькі паслухмяна глытала горкія безнадзейныя таблеткі ды імкліва худнела.

У рэшце рэшт, пражыўшы поўнае пакут жыццё, бабуля адмучылася. Усе мы плакалі, а яна ― ужо не. Са смерцю скончыліся яе пакуты. Жыццё цякло ў сваім звыклым рэчышчы, толькі ў адных чуллівых грудзях сэрца спынілася назаўсёды. Яна так моцна схуднела, што нечага было класці ў труну. Маці, цёткі ды іншыя родзічы паядналі свае невялікія сродкі і пахавалі косці маёй бабулі на гаўсанінскіх могілках.

 

P. S. Толькі аднойчы я бачыў бабулю, якая смяялася ад душы. Гэта было падчас сумеснага прагляду «Вялікай прагулкі». Натуральна, яна не ведала імя акцёра і называла Луі дэ Фюнэса проста «смешным чалавекам».

 

 

Пра майго дзядулю

 

Сапраўды! Чаканыя на ўсіх святах ды вечарынках мужчыны звычайна нікчэмныя сямейнікі. Калі казаць прасцей, то дрэнны муж і бацька здольны добра весяліцца, гуляць і сябраваць, атрымоўваючы ўсё ад жыцця напоўніцу. Заробленыя грошы яны трацяць не на будучыню дзяцей, а на выпіўку, сяброў і прастытутак ― гэта іх крэда. Мой дзед быў адным з такіх марнатраўцаў. Ён апантана збіваў сваю бедную жонку, якая несла на слабых плячах увесь цяжар іх сумеснага жыцця. Але толькі ён пераступаў парог і аказваўся на вуліцы, як гнеў спаўзаў з яго твару, змяняючыся на добрую ўсмешку. Пяць хвілін таму ён катаваў да крыві, цягаў за валасы знясіленую, бездапаможную немаладую жанчыну, — а цяпер вось смяецца з дзяцей, непрыстойна жартуе з бабулямі-суседкамі, выводзіць з сябе мужчын, корміць хлебам дварнякоў. Дзед, які сварыўся дома самымі паскуднымі словамі, рабіўся на вуліцы заўзятым жартаўніком, шчаслівым грамадзянінам, які зараджае ўсіх вакол невычарпальнай энергіяй. Ён проста зачароўваў людзей!

Таму многія і не здагадваліся пра рэальнае становішча ў яго сям’і і не ўяўлялі сабе, якія пакуты даводзілася вытрымліваць маёй бабулі. Знаходзіліся нават тыя, хто вінаваціў бабулю за атрыманыя ад мужа пабоі. Зразумець іх было нескладана ― гэтага шчодрага, вясёлага, камунікабельнага чалавека не магчыма было ўявіць катам, пачварай у сямейным жыцці.

Дзед быў непераўзыдзеным арганізатарам арыгінальных, вясёлых вечарынак. Усё рабіў з густам і не забываўся адпускаць жарцікі, якія не напружвалі, а толькі ўлагоджвалі гасцей. То ён збіраў усіх на рыбалку, то ладзіў паход у лес, і на ўсіх пагулянках абавязкова чаркаваўся, і абавязкова здаралася так, што браў у рот цыгарэту фільтрам уперад. Дзе б ён ні сядзеў на ўрачыстасцях, яго стол ператвараўся ў эпіцэнтр свята. Калі ён напіваўся, у яго мяняўся голас, ён пачынаў хрыпець, як быццам кожнае вымаўленае слова яго душыла, ён гаварыў і адначасова масіраваў горла. Любіў назіраць за людзьмі і выяўляць рысы іх характару і род заняткаў. Наведваў абсалютна ўсе пагулянкі, з’яўляўся на ўсіх вяселлях і хаўтурах.

У рэстаранах, кавярнях ды крамах дзед лёгка расставаўся з грашыма. З кожным патрачаным рублём рабіўся бадзёрым і свежым. Пры гэтым падэшвы яго абутку бялі заўсёды сцёртыя, а на штанах бязглузда надуваліся расцягнутыя каленкі. Гучны смех не стасаваўся з яго знешнасцю. Здавалася, што замест цыбатага, шыракаплечага чалавека з гуллівымі вачыма смяецца нехта іншы. З дзяцінства і да глыбокай старасці ён працаваў у першабытных умовах, ад цяжкай працы рукі стрэс былі пакрытыя мазалямі. Ад яго грубых і страшных рук хацелася адвесці вочы. Твар яго быў знявечаны воспай.

З-за высокага росту яму даводзілася не толькі нахіляць галаву, але і самому згінацца, каб прайсці ў дзверы. У гэтага грознага мужчыны ў кожнай вёсцы, у кожным паселішчы меліся шматлікія сябры, усе яны сустракалі яго ў любы час з вялікім жаданнем. Штогод, па традыцыі, ён ехаў на курорты і ў санаторыі, любіў фатаграфавацца на прыродзе.

Дзед усюды знаходзіў сабе жанчын. Зарабіў рэпутацыю ненажэрнага бабніка, змучанага неўтаймоўным лібіда. Яго жарсць выяўлялася на кожным кроку і ў кожнай справе. Аднойчы я заспеў яго дома за праглядам тэніснага матча. Дзед увесь засяродзіўся на гульні і пускаў сліну. Захоплены выгляд старога, прыкутага да экрана, заўсёды здзіўляў мяне, пакуль я не зразумеў, што ён сочыць не за гульнёй, а захапляецца грудзямі ды клубамі спартсменак. Ён любіў жанчын з вялікімі азадкамі. У тыя гады па тэлебачанні часта спявала мажная жанчына, толькі пабачыўшы якую ён кожны раз маліў бога, каб той скінуў спявачку проста яму на галаву. Неверагодна, але ён марыў застацца пад гэтай жанчынай, задыхнуцца і памерці. Ён шчыра жадаў сабе падобнай смерці, у гэтым я ніколькі не сумняваўся.

У розных месцах і сітуацыях я ўважліва назіраў за ім. Дзед нацешыцца не мог з мяне і вельмі мной ганарыўся. Гэты кат і дыктатар падарыў мне увесь запас любові, які згубіўся ў цёмных закутках яго чэрствага сэрца. Звычайна жорсткія, халодныя ў адносінах да ўласных дзяцей людзі робяцца шаўковымі з унукамі. Яны быццам бы захоўваюць арсенал самаахвярнасці, увагі і клопату для ўнукаў ― і гэтым усё сказана. Няцяжка здагадацца, якой велізарнай увагай дзеда я карыстаўся.

З кожнай сваёй вандроўкі ён прывозіў мне падарункі і заўсёды даваў мне кішэнныя грошы. Калі я ночыў у яго, то ранкам ён адвозіў мяне ў школу на машыне. Набываў мне самыя якасныя ранцы, сшыткі, асадкі. Прычым усё гэта ён прывозіў з розных гарадоў Расіі. Выпадала яму на працягу трох дзён не бачыць мяне ― і ён пачынаў сумаваць. Калі я хварэў, ён моцна нерваваўся і зрываўся на бабулі, маці, цётках, сварачыся і абражаючы іх. Правіна іх заключалася ў тым, што яны «не дагледзелі дзіця належным чынам».

Памятаю, як аднойчы летам я разбурыў пчаліны вулей. Раз’юшаныя пчолы накінуліся на мяне, і я не паспеў уцячы і схавацца. Пчолы джалілі мяне ва ўсе магчымыя часткі цела. На мой немы крык збегліся людзі, хутка прыгатавалі гразевую сумесь і нацёрлі ёй уджаленыя месцы. Потым яны закапалі мяне ў пясок, пасля чаго намазалі цела кефірам. Узнялася тэмпература, напух твар, галава была падобная на галаву дзіка. Выклікалі ўрача.

Ранкам твар апух настолькі, што я не мог расплюшчыць вочы. Седзячы каля варот, я скрозь вузкія шчыліны вачэй паміж павекамі бачыў дзяцей, якія пужаліся мяне, а дарослыя глядзелі так, як глядзяць гарадскія жыхары на кабылу пры шашы. Страшэнна свярбеў твар, але ўрач забараніў дакранацца да яго. У тыя дні маці хадзіла ў шаўковай спадніцы і я, седзячы на падлозе, паміж яе кален, цёрся тварам аб падол яе спадніцы. Дзед тады адпачываў у Есентуках. Даведаўшыся, што са мной здарылася, ён перарваў адпачынак і тэрмінова вярнуўся дадому. Мала што магло прымусіць яго адмовіцца ад задавальнення. Нічым іншым, акрамя бязмежнай любові да ўнука, гэты ўчынак не патлумачыш.

У гэтай любові была яшчэ адна важкая прычына ― я нарадзіўся ў дзень смерці яго любага брата. Дзед часта паўтараў: «Бог паслаў мне цябе замест яго». Брат дзеда загінуў маладым, у аўтамабільнай катастрофе. Гэтая смерць літаральна падкасіла ўсіх родных і блізкіх ― Робертам захапляліся ўсе. Мама і цёткі і па сённяшні дзень узгадваюць яго самымі шчырымі душэўнымі словамі. Ён быў сімпатычным маладым чалавекам. Мне паказвалі фотаздымак, з якога на мяне глядзіць з густам апрануты юнак прыемнай знешнасці. Усе, асабліва дзеці, яго вельмі любілі.

Мама распавядала, як у часы яе студэнцтва і пражывання ў інтэрнаце ў Баку да яе аднойчы наведаўся дзядзька. «Дзяўчаты прыйшлі, кажуць, цябе ўнізе сімпатычны хлопец пытаецца. Спускаюся ўніз, бачу ― стаіць каля ўвахода мой дзядзька з тортам, ружамі і шампанскім у руках. Абняліся, пацалаваліся, пагаварылі пра тое-сёе. Уяўляеш, ён сыходзіць, я падымаюся наверх, а дзяўчаты не вераць, што гэта мой дзядзька. Каханы кажуць ― і ўсё тут! Ніяк не магла ім патлумачыць, што ніякі гэта не «каханы»…»

Калі не памыляюся, брат дзеда быў мараком і пасля службы ў войску вырашыў застацца ў Расіі. Таму ён і вылучаўся сярод нас. Ён пераняў ад рускіх шмат станоўчага. Калі збіраўся на госці, то набываў абавязкова букет, торт, шампанскае. Восьмага Сакавіка ўсе жанчыны ў акрузе, незалежна ад узросту, атрымоўвалі ад яго падарункі. Бабуля вельмі любіла Роберта, які клапаціўся і пра яе. Пра жудасную аварыю яна распавядала са слязьмі на вачах.

Дзед не мог змірыцца са смерцю любага брата, часта хадзіў на магілу. Там ён рабіўся зусім іншым чалавекам. Спачатку зрываў пустазелле каля магільнай пліты, праціраў анучай яе мармуровую паверхню, паліваў кусты і дрэвы. Скончыўшы працу, ён клаўся на магілу і пачынаў гучна галасіць: «На каго ты пакінуў мяне, брат? На каго?»

Я баяўся яго галашэння і, намагаючыся хоць неяк адцягнуць сваю ўвагу, назіраў за белай кабылай, якая гуляла паміж магіламі і адганяла хвастом надакучлівых мух. Я і цяпер не магу забыцца на гэтую таварыскую спакойную жывёлу. У час Ашура1 дзеці па чарзе праходзілі пад гэтай кабылай. Старыя распавядалі, што коні імамаў таксама былі белага колеру і праходжанне пад белай кабылай ― гэта даніна памяці ім. Мы кармілі кабылу пернікамі. Яна брала іх сваімі мяккімі вуснамі з нашых далоней і, арыстакратычна жуючы, глядзела на нас добрымі вачыма і прасіла яшчэ. Нагаласіўшыся ўдосталь, дзед супакойваўся, клікаў мулу, які павінен быў прачытаць малітву за спакой душы памерлага. Пасля гэтага мы сыходзілі з могілак.

 

1 Дзясяты дзень першага месяца Мухарам па мусульманскім календары ― дзень жальбы. У гэты дзень загінуў унук прарока Мухамеда ― імам Хусейн.

 

Супярэчлівая натура дзеда здзіўляла мяне, і я не мог да канца зразумець яго характар. Як удавалася яму мучыць родных, але на вуліцы шкадаваць кожную сабаку? Як ён спалучаў у сабе міласэрнасць ды тыранію? Які з іх быў сапраўдным дзядулем?

У яго было шмат сяброў армян, да якіх мы часта заходзілі. Мажныя армянкі, абрысы цел якіх добра былі бачныя з-пад сукенак, даставалі ўсю ежу са скляпенняў і накрывалі шыкоўны стол. Віно, каньяк, гарэлка, разнасолы, кампот, вараная курыца, смажаная рыба. Стол выносілі звычайна на свежае паветра ― у цень ад дрэў. Мужчыны рабілі шашлык, жанчыны завіхаліся з сервіроўкай. Калі ўсе было падрыхтавана, мужчыны, жанчыны, дзеці збіраліся за вялікі стол, і пачыналася свята. Мужчыны налягалі на гарэлку, спявалі хорам на армянскай, рускай, азербайджанскай мовах, разбівалі бутэлькі аб талеркі і ствалы дрэў. Дзядуля ў армян змяняўся, жартаваў, спяваў, смяяўся з кожнага слова. Я дзівіўся такім зменам. Пасля застолля ў двары гаспадары і госці ішлі ў лес з сырам, кавунамі, памідорамі, гуркамі ды віном. Лес на доўгі час губляў свой спакой.

Дзіўнае ў яго было жыццё. Дзед меў неймаверную колькасць сяброў розных саслоўяў, яму з лёгкасцю давяралі, ён прымаў удзел ва ўсіх вяселлях і пахаваннях, знаходзіў рэдкія тавары, быў гурманам і ніколі не еў нясмачныя стравы. Нават у самых неспрыяльных умовах ён быў мастак прыгатаваць выдатную страву. Ніколі не піў алкаголь нашча і не прымушаў нікога піць. Ён быў чалавекам-тэатрам, быў і за рэжысёра, і за акцёраў. Дзед ладзіў драмы і камедыі, ператвараючы самыя будзённыя сітуацыі ў дзеі грандыёзнага маштабу.

Аднойчы мы ехалі з ім на машыне па вузкай вясковай дарозе, якую занялі цалкам жанчыны. Яны неслі на плячах вялізныя кашы, прывязаныя вяроўкамі. Жанчына гучна размаўлялі і нават не заўважылі машыну, якая ехала на адлегласці выцягнутай рукі. Дзед не стаў сігналіць, ён проста высунуў галаву з акна і, быццам клічучы куранят, звярнуўся да жанчын: «Цып, цып, цып». Усе мы, уключаючы жанчын, гучна засмяяліся і засталіся задаволеныя гумарам дзеда.

Неяк дзед адвёз мяне на хутар да сваіх сяброў-пастухоў. Пастухі сустрэлі нас са шчырай радасцю. Вядома, дзед жа быў жаданым госцем усюды акрамя ўласнага дома. Усюды, дзе б ён ні з’яўляўся, яго сустракалі з увагай і клопатам, а мне дарылі падарункі і ледзь не насілі на руках. Канешне, гэта рабілася дзеля дзядулі, пра яго любоў да ўнука хадзілі чуткі.

Пастухі, не губляючы часу, закалолі дваіх ягнят, хутка прыгатавалі булён з вялікімі кавалкамі мяса і зрабілі шашлык. Выпіўку ў вялікай колькасці дзед прывёз з сабой. І панеслася! Болей за ўсіх гаварыў дзед, а ўсе моўчкі, з задавальненнем слухалі, бо ніхто не мог супернічаць з ім у красамоўстве і знаходжанні цікавых тэм для застольных бясед. Ён мог гадзінамі распавядаць пра месцы, у якіх ніколі не быў, складаць гісторыі, да якіх не меў ніякага дачынення. Ён расказваў вайсковыя байкі, і пастухі заходзіліся са смеху. Бо ніхто не ведаў, што мой дзед ніколі не служыў у войску. У дзяцінстве ён атрымаў сур’ёзную траўму ― асколкамі шкла знявечыла пальцы ног. Гэты, па вялікім рахунку нябачны, дэфект дапамог яму пазбегнуць службы. Аднойчы я стаў сведкам яго размовы з ветэранам вайны, які не быў раней знаёмы з дзедам. Некалькі гадзін слухаў ён «успаміны» дзеда пра вайну і паверыў у тое, што дзед служыў з ім на адным фронце. Ён меў рэдкі талент хлусіць і быў паталагічным фантазёрам.

У той вечар мы засталіся ночыць на хутары. Я пасябраваў з калматымі сабакамі пастухоў. Дзядуля з сябрамі выпілі вельмі шмат гарэлкі і цяпер крычалі, свісталі, спявалі песні і елі без перапынку. Галасы іх гучалі па ўсёй акрузе і адказвалі рэхам. Кожны жадаючы сказаць тост павінен быў ляпаць нажом па шклянцы. Пілі яны да паўночы, а ў мяне ўжо зліпаліся вочы. Я пайшоў у будан і лёг на тоўсты матрац з моцным авечым пахам. Заснуў я так хутка і моцна, як атрымоўваецца толькі ў дзяцінстве ― без таблетак і ўколаў.

Раніцай, выйшаўшы з будана, я ўбачыў жудасную карціну, ад якой мне стала дрэнна. Пакуль я спаў, пастухі закалолі ўсіх старых аслоў і коней і цяпер кармілі сабак цэльнымі тушамі жывёл. Змучаны пахмеллем пастух моршчыўся ад млосці і цягнуў за сабой апошні сабачы сняданак ― худую, брудную, высокую кабылу з куртатым хвастом і болькамі на спіне. Кабыла з цяжкасцю ішла на трох нагах, цягнучы пераламаную ніжэй калена чацвёртую. Сабакі радасна скакалі вакол кабылы і падбадзёрвалі адзін аднаго. Пастух адвёў кабылу даволі далёка ад буданоў і паваліў яе ніцма. Прачытаўшы кароткую малітву, ён рэзка шаснуў лязом нажа па горле жывёлы. Праз колькі хвілін сабакі ўжо разгрызлі няшчаснай кабыле пуза, дасталі адтуль цёплыя кішкі і глыталі шчодры сняданак. Некалькі варон чакалі зручнага выпадку перахапіць сёе-тое. Час ад часу сабакі ленавата брахалі на галодных варон і нават спрабавалі іх злавіць. Тады вароны спрытна ўзляталі і адразу ж апускаліся на старое месца.

Гэтая карціна моцна ўзрушыла мяне і траўміравала маю падлеткавую псіхіку. На той час я ўжо цікавіўся літаратурай, прагна чытаў казкі, легенды, дзіцячыя раманы, словам, усё, што траплялася пад руку. Раз на тыдзень я абавязкова хадзіў у дзіцячую бібліятэку па чарговае бярэмя кніг. З кожным разам, з кожным паходам у бібліятэку колькасць прачытаных мной кніг павялічвалася, а ў жыцці маім, у маім атачэнні нічога абсалютна не мянялася. Усё заставалася на сваіх месцах. Я ўжо не мог атрымліваць задавальнення ад гульняў з маімі аднагодкамі, не праяўляў інтарэсу да былых захапленняў. Я перамяніўся. Літаратура заключыла мяне ў свае чароўныя абдымкі. Я закінуў урокі і цэлымі днямі чытаў кнігі, вандруючы на ветразях фантазіі на далёкія астравы, у мінулае, хваляваўся за любімых персанажаў, ненавідзеў адмоўных герояў. Усё гэта знаёма тым, хто рана пачаў чытаць. Літаратура навучыла мяне прасцей ставіцца да многіх рэчаў, я займеў уласны пункт гледжання. Пачуцці мае абвастраліся кожны дзень. Я аддаляўся ад пагодкаў. Дайшло да таго, што бацькі пачалі хвалявацца з-за маёй новай «жарсці» да кніг. Я чытаў, хаваючыся ад іх, як партызан. Рабіў выгляд, што сяджу наж хатнім заданнем, а ў той час паміж старонкамі дапаможніка па геаграфіі быў схаваны дзіцячы раман, які клікаў мяне ў чароўны свет. Тады я яшчэ не мог сабе ўявіць, што словы, радкі, сказы, абзацы, надрукаваныя ў кнігах, могуць быць хлуслівымі. Друкаванае слова было для мяне вышэйшым аўтарытэтам.

Любыя адносіны базуюцца на сумяшчэнні супрацьлегласцей. Заўсёды нехта цалуе, нехта дазваляе цалаваць. Адзін кахае, другі дазваляе сябе кахаць. Паход на хутар прынёс яснасць у нашы з дзедам адносіны. Пасля хутара я пачаў пазбягаць яго, катэгарычна адмаўляўся хадзіць у яго ўлюбёныя месцы. Дзед таксама змяніўся ― стаў больш зласлівым і пахмурным з хатнімі. Ён сварыўся, прыніжаў іх і біў, каго хацеў. Мучыць жонку і дзяцей, прыгражаючы ім, стала для яго жыццёвай неабходнасцю.

Усе гэта дрэнна ўплывала на мяне, падлетка, схільнага да меланхоліі. У юным узросце я пачаў ужо адчуваць цяжар на сэрцы. Прычынай таму была мая здольнасць прадчуваць. Магчыма, я шмат чаго не разумеў, але ўсё перажытае пакідала ў душы глыбокі след. Тады я не здатны быў разважаць па-філасофску, але балюча перажываў тое, што адбывалася вакол. Дзіцячыя забавы назаўсёды пакінулі мяне. Галава, шыя, паходка, голас, кожная частка цела і кожны рух дзеда выклікалі ў мяне моцнае раздражненне. Яго падарункі ўжо не цікавілі мяне. Ён працягваў траціць грошы не на сям’ю і спаць у штанах. Руку ён заўсёды трымаў у кішэні, баяўся, што хатнія скарыстаюцца яго п’яным станам і скрадуць грошы. Хаця ніхто і ніколі не рызыкнуў бы палезці да яго ў кішэню.

Мяне ванітавала ад звязкі ключоў, якая вісела ў яго на рамяні. Калі ён біў бабулю, гэтыя ключы звінелі, і ўсё ў ім: яго пастава, расшпілены каўнер кашулі, тое, як ён пачэсвае грудзі, заціскае па адной ноздры і смаркаецца ― выглядала так абуральна і агідна, што я з задавальненнем перарэзаў бы яму горла тупым нажом.

Я не разумею, чаму дзед ператвараўся дома ў ката. Мо нечаканая смерць брата зрабіла яго такім падонкам? Мо ён марыў, што створаны для вялікіх адкрыццяў і здзяйсненняў? Мо яго душыў сялянскі быт? Мо ў больш спрыяльных умоваў ён стаў бы вялікім авантурыстам? У мясцовасці, дзе ўсе ведаюць адзін аднаго, людзі, падобныя да майго дзеда, пазбаўляюцца магчымасці прадэманстраваць свой талент, раскрыць яго да канца. Мо нерэалізаваныя мары і зрабілі яго тыранам? З-за іх ён зрываўся на блізкіх? Я ніяк не магу гэта ўразумець, зусім ніяк. За адсутнасцю магчымасці абараніць бабулю я перастаў мець стасункі з дзедам, пазбягаў яго і не хадзіў да іх у госці.

Аднойчы дзед нечым атруціўся і захацеў мяне пабачыць. Я праігнараваў яго жаданне. Неўзабаве мне сказалі, што яму зусім дрэнна і ён зноў просіць, каб я прыйшоў. Я ўсё роўна не пайшоў. Потым мне сказалі, што дзед прамірае і жадае развітацца. Выявіўшы памежную жорсткасць і асліную ўпартасць, я не зайшоў апошні раз паглядзець на паміраючага старога. На трэці дзень яго не стала.

Калі мне гэта паведамілі, я глядзеў дома фільм «Робін Гуд». Я даглядзеў фільм да канца і не спяшаючыся выправіўся ў бабулін дом. Яго цела, пакладзенае пасярод пакоя, было накрыта белай прасціной. Жанчыны, якія пачулі навіну, збегліся для выканання апошняга абавязку перад памерлым. Згодна з рытуалам, пры ўваходзе ў пакой спачатку трэба апрануць маску непаразумення, углядаючыся ў твары прысутных. Толькі потым можна кідацца на цела, рваць сабе валасы і драпаць твар. Назіраючы за імі, я намагаўся вылучыць тую, якая вырве сабе больш валасоў і пакіне больш драпін. Актыўней за ўсіх лямантавала сястра дзеда, якую ніяк не маглі заспакоіць. Яна драпала твар, здзіраючы з яго скуру, рвала валасы і некалькі разоў страчвала прытомнасць. Так я вызначыў, хто больш за ўсіх у гэтым жыцці любіў дзеда. У старажытнасці толькі ўдовы драпалі сабе твары як знак таго, што пасля мужа прыгажосць ім не патрэбна.

Так, дзеда на самай справе больш не было. Я адразу адчуў на душы цяжар ад свайго ўчынку, сведчання бязглуздай упартасці і празмернай жорсткасці. З першых хвілін я зразумеў, што гэты ўчынак яшчэ доўга будзе прыносіць мне невыносны боль. Тады я нема загаласіў. Галасілі таксама маці і цётка. Яны па традыцыі былі абавязаны плакаць, але іх сэрцы поўніла пачуццё бязмежнай радасці і спакою. Гэта была хітрая, падспудная радасць, якую трэба было хаваць і ад чужых, і ад сваіх. Гэта была радасць разам з сорамам, радасць, з-за якой трэба было чырванець. Бабуля таксама плакала. Як бы я ні прыглядаўся да яе, намагаючыся разгадаць, шчыра яна плача ці на публіку, ― як след не разгадаў.

Цырымонія развітання прайшла на славу. Дзеда пахавалі побач з братам, потым была трапеза за спачын душы. Усе рытуалы выконваліся механічна, суха і дакладна. Пасля саракавін у хаце бабулі запанаваў спакой. Ні бабуля, ні цёткі ды дзядзькі, ні мама больш ніколі не ўзгадвалі дзеда. Ніхто пра яго нічога не распавядаў, не дзяліўся ўспамінамі. Як і належыць у такіх выпадках ― ні дрэнна, ні добра. Што ж тычыцца мяне, то я працягваў жыць з асадкам у душы ад уласнай жорсткасці.

Дзіўна, але я дакладна бачу, магу сабе ўявіць усе твары з дзяцінства. Магу да дробязей па памяці апісаць выразы гэтых твараў. Толькі твар дзядулі кожны раз губляецца. Я памятаю яго рысы паасобку, але не магу сабраць іх разам, убачыць твар цалкам.

Варта зазначыць, што мая няздольнасць узнавіць дакладна яго твар не з’яўляецца нагодай лічыць, што ў мяне дрэнная памяць.

 

З азербайджанскай. Пераклад Юліі АЛЕЙЧАНКІ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.