Вы тут

Зоя Матусевіч. Летнія імпрэзы Вялікага тэатра


Час бяжыць імкліва — неўзабаве пачнецца новы тэатральны сезон, а гарачыя прыхільнікі опернага і балетнага мастацтва яшчэ знаходзяцца пад уздзеяннем маштабных падзей і яркіх уражанняў, якія падарыў ім Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі на заканчэнне папярэдняга. Прычым гэта стала ўжо традыцыяй: не першы год тэатральны сезон у Вялікім завяршаецца двума фестывалямі — міжнародным балетным і выязным у фармаце open-air, што праходзіць у Нясвіжы і ў якім удзельнічаюць абедзьве трупы тэатра — як балетная, так і оперная. І кожны з гэтых фестываляў, набываючы ўсё большы рэзананс, з’яўляецца не толькі своеасаблівай творчай справаздачай тэатра перад гледачамі, але і паказчыкам яго крэатыўнасці, здольнасці знаходзіць сучасныя формы і метады работы, папулярызуючы пры гэтым акадэмічныя формы самага высокага са сцэнічных мастацтваў.


«Балетнае лета ў Вялікім»

Пад такой назвай трэці раз на сцэне Вялікага тэатра Беларусі прайшоў Міжнародны балетны фестываль, які пачаўся 11 чэрвеня і доўжыўся на працягу тыдня. Звычайна ў яго рамках адбываецца адна з яркіх прэм’ер і паказваюцца пастаноўкі, звязаныя з гучнымі імёнамі аўтараў, харэографаў і выканаўцаў.

Гэтым разам у цэнтры ўвагі была прэм’ера балета народнага артыста Азербайджана Палада Бюльбюль аглы. Гэта імя, бясспрэчна, вядома усім: вельмі папулярны спявак, кампазітар, акцёр, педагог, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, а таксама вядомы грамадскі і палітычны дзеяч, дыпламат — з 2006 года з’яўляецца надзвычайным і паўнамоцным Паслом Азербайджанскай Рэспублікі ў Расійскай Фэдэрацыі. І пры ўсёй сваёй занятасці працягвае займацца творчасцю. Летась Палад Бюльбюль аглы быў удастоены спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення», і у час міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» на Алеі зорак каля Летняга амфітэатра была адкрыта і яго імянная зорка.

«Каханне і Смерць» — так называецца прэм’ерны балет Палада Бюльбюль аглы, у аснову якога пакладзены гераічны эпас старажытнацюркскіх плямёнаў, які канчаткова склаўся на тэрыторыі сучаснага Азербайджана — «Кніга майго Дзеда Каркуда» (азерб. «Kitabi Dədə Qorqud»).

Гэты манументальны эпічны твор складаецца з 12-ці тэматычна аб’яднаных песень-паданняў, цэнтральнай фігурай якіх з’яўляецца белабароды старац Дзед Каркуд, які выступае адначасова і як удзельнік падзей, і як стваральнік паданняў. Па сваіх ідэйна-тэматычных і мастацкіх вартасцях гэты старажытны эпас выходзіць далёка за межы цюркскага свету і стаіць у шэрагу народных эпічных твораў сусветнага значэння, менавіта таму ён занесены ў Спіс нематэрыяльнай духоўнай спадчыны ЮНЕСКА.

«10 гадоў таму мы адзначалі 1300-годдзе гэтага бессмяротнага эпасу, — расказвае Палад Бюльбюль аглы, — і я, будучы ў той час міністрам культуры, па абавязку службы быў у ліку арганізатараў гэтага юбілею сусветнага маштабу, які адзначаўся ў многіх сталіцах свету па лініі ЮНЕСКА. І вось тады, падчас перачытвання гэтага эпасу, удзелу ў стварэнні энцыклапедычных выданняў, анталогій, розных каталогаў, у мяне і з’явілася задума стварыць па яго матывах вялікі эпічны твор. І я выбраў менавіта жанр балета, таму што, як умоўны від мастацтва, ён дае шмат магчымасцей для творчай фантазіі. Але ж у любым умоўным мастацтве павінна быць тая аснова, што хвалюе кожнага чалавека і прымушае яго задумацца. Бясспрэчна, ва ўсе часы былі такія праявы чалавечага існавання, як Каханне і Смерць, якія і сталі сэнсаўтваральнымі паняццямі ў маім творы і вакол якіх разгортваецца яго сюжэт. Чалавек з’яўляецца на свет ад кахання, але ўжо ў момант яго нараджэння над ім навісае цень смерці. Кагосьці яна забірае адразу, камусьці дае магчымасць пажыць на гэтым свеце, але ніхто не ведае — наколькі доўга. І нягледзячы на гэта, чалавек здольны кахаць, ведаючы, што ў любы момант усё можа абарвацца…

Сам эпас вельмі вялікі і з’яўляецца бяздоннай крыніцай, з якой чэрпаюць творчыя ідэі розныя аўтары. Па яго матывах напісана шмат кніг, створаны фільмы і спектаклі, і яшчэ адным унёскам у гэту агульную скарбонку будзе і мой балет. Пісаў я яго больш як тры гады, і ўпершыню ён быў пастаўлены ў 2005 годзе ў Баку, у Акадэмічным тэатры оперы і балета. З гэтым спектаклем мы былі на гастролях у Санкт-Пецярбургу — у Марыінскім тэатры і ў Маскве — у Вялікім. Пасля гэтага паступіла прапанова паставіць мой балет у адным з расійскіх тэатраў, і выбар выпаў на Екацярынбургскі акадэмічны тэатр оперы і балета — вельмі сур’ёзны і аўтарытэтны, якому ўжо больш за сто гадоў. І ў 2008 годзе была ажыццёўлена другая пастаноўка майго балета ў гэтым тэатры, якая, зразумела, адрознівалася ад першай бакінскай пастаноўкі. У гэтага спектакля даволі працяглае і ўдалае сцэнічнае жыццё — Екацярынбургскі тэатр ездзіў з ім на гастролі ў еўрапейскія краіны, паказваў яго ў рамках балетнага фестывалю ў Маскве на сцэне Вялікага тэатра, а таксама прывозіў яго ў Баку. І да сённяшняга дня ён знаходзіцца ў рэпертуары гэтага тэатра.

Ну а ў Мінску зараз ажыццёўлена трэцяя пастаноўка балета, зусім не падобная ні на бакінскую, ні на екацярынбургскую. І адбылася яна дзякуючы трывалым творчым сувязям паміж нашымі тэатрамі, якія, вобразна кажучы, сябруюць дамамі. Да нас часта прыязджаюць з Мінска салісты і оперы, і балета, якіх наша публіка ведае і вельмі добра прымае. Не так даўно ў мінскім тэатры быў пастаўлены балет майго настаўніка, выдатнага кампазітара Кара Караева «Сем прыгажунь», які ўваходзіць у залаты фонд азербайджанскай нацыянальнай культуры і ставіцца ў многіх тэатрах свету. І мінская пастаноўка атрымалася яркай і ўдалай — яе вельмі прыязна прынялі ў нас у Баку. І вось тады нарадзілася ідэя працягнуць творчыя кантакты і для пастаноўкі ў Мінску быў прапанаваны мой балет. Я спачатку прыслаў сюды ноты і запіс музыкі, а калі прыехаў і сустрэўся з маладым балетмайстрам Вольгай Костэль, то ўбачыў, наколькі індывідуальная і своеасаблівая яе пастановачная канцэпцыя. Я нават спрабаваў з ёю ў нечым не пагаджацца і спрачацца, але яна ў кожным выпадку пераканаўча аргументавала сваю пазіцыю. Наогул, пачуццё аўтара, калі ён сутыкаецца з увасабленнем свайго твора іншымі творчымі людьмі, даволі супярэчлівае. Калі ты пішаш музыку, седзячы ў цішы кабінета, то ўжо ўяўляеш, як яе будуць іграць. Да таго ж я, як чалавек, які доўгі час сам быў выканаўцам, прывык, што на сцэне ўсё залежыць ад цябе самога. Але калі я, ужо як кампазітар, прыходжу ў тэатр на свой балет, то ўзнікае зусім іншае пачуццё: як быццам ад мяне ўжо нічога і не залежыць — аркестр іграе, балет танцуе, і ты нічога ўжо зрабіць не можаш. Прынамсі, такое пачуццё было ў мяне, калі я прыехаў ў Екацярынбургскі тэатр на генеральную рэпетыцыю, пасля якой — ужо здача і прэмьера спектакля. Канешне, можна сказаць дырыжору-пастаноўшчыку: вось тут трэба іграць трохі хутчэй, а тут — трохі цішэй, але па вялікім рахунку змяніць у спектаклі ты нічога не можаш, бо ўся пастановачная работа ўжо зроблена. Таму, перажыўшы дзве пастаноўкі свайго балета і назапасіўшы пэўны вопыт, на трэцюю я прыехаў, можна сказаць, загадзя, і мінская прэм’ера не была ўжо для мяне такой нечаканасцю, як папярэдняя. Яна арыгінальная і па сваёй пастановачнай канцэпцыі, і па харэаграфіі, і наогул зроблена высокапрафесійна. Як музыкант, не магу не адзначыць вельмі высокі ўзровень прафесіяналізму аркестра, а творчы патэнцыял балетнай трупы проста фантастычны! Мяне вельмі ўразіла, што на кожную галоўную ролю назначана па 5—6 выканаўцаў, прытым знакамітых — народных і заслужаных артыстаў, лаўрэатаў прэстыжных міжнародных конкурсаў, многія з якіх маюць дзяржаўныя ўзнагароды. Далёка не кожны тэатр можа пахваліцца чымсьці падобным».

Так склалася, што ўжо даволі працяглы час з Вялікім тэатрам Беларусі супрацоўнічае дырыжор бакінскага тэатра оперы і балета Эйюб Куліеў, і зусім заканамерна, што менавіта ён і стаў дырыжорам-пастаноўшчыкам балета свайго суайчынніка. (Дарэчы, і ў Беларускім музычным тэатры ідуць два творы азербайджанскіх кампазітараў: балет Фікрэта Амірава «Тысяча і адна ноч», дырыжорам-пастаноўшчыкам якога з’яўляецца Эйюб Куліеў, і музычная камедыя «Аршын мал алан» Узеіра Гаджыбекава, якую паставіў галоўны рэжысёр бакінскага тэатра оперы і балета Хафіз Гуліеў.)

— Супрацоўнічаць з такім кампазітарам, як Палад Бюльбюль аглы — вялікі гонар для любога дырыжора, — адзначае Эйлюб Куліеў. — Гэта наша жывая легенда, сучасны класік, самы вядомы азербайджанскі музыкант, які дастойна працягвае лепшыя традыцыі  азербайджанскага музычнага мастацтва і вядомы далёка за межамі нашай Радзімы. Многія яго ведаюць у асноўным як кампазітара-песенніка і эстраднага выканаўцу, але ў яго ёсць сур’ёзныя і складаныя па жанры і форме творы. І яго апошняя работа, балет «Каханне і Смерць», лішні раз даказвае, што ён з’яўляецца дастойным прадаўжальнікам  школы свайго настаўніка Кара Караева і лепшых традыцый азербайджанскага класічнага балета. Пры гэтым ён стварыў сваю ўнікальную музычную мову і свой індывідуальны стыль. І я хачу адзначыць высокі прафесіяналізм, уважлівасць і своеасаблівую чуйнасць музыкантаў аркестра Вялікага тэатра Беларусі, з якімі ўжо супрацоўнічаю не першы год і дзякуючы якім удалося выдатна прачытаць рытмічна нялёгкую і інтанацыйна своеасаблівую партытуру балета. Такі аркестр — мара любога дырыжора.

Уся астатняя пастановачная група — беларуская.  Своеасаблівай падстрахоўкай для нашых стваральнікаў спектакля стала запрашэнне ў склад пастаноўшчыкаў навуковага кансультанта з Азербайджана — доктара мастацтвазнаўства, прафесара Улькяр Аліевай, якая адзначыла вельмі ўважлівае пранікненне нашага харэографа і балетмайстра Вольгі Костэль у сэнс, характар і вобразную сферу цюркскага эпасу.

У сваю чаргу Вольга Костэль заўважае:

— Ён вельмі самабытны і складаны, насычаны незвычайнымі метафарамі і гіпербаламі, і мне напачатку трэба было проста разабрацца, што ж гэта такое: ці то казка, ці то быль, ці то філасофскі роздум. Я з галавой акунулася і ў гэты эпас, і ў цюркскую міфалогію, і канешне — у гісторыю і культуру азербайджанскага народа, кансультавалася і перапісвалася з вядомымі вучонымі-ўсходазнаўцамі. Вельмі вялікую дапамогу непасрэдна ў рабоце над пастаноўкай аказала наш навуковы кансультант Улькяр Аліева. З аднаго боку, гэты твор глыбока нацыянальны, а з другога — у ім шмат агульначалавечага: драматызм гістарычных падзей, у водавароце якіх аказаліся продкі азербайджанцаў, паказваецца праз трагічны лёс закаханых, а гэта ўласціва ўсім людзям ва ўсе часы. Мне не хацелася паўтарацца і рабіць сваю пастаноўку падобнай на папярэднія, і я ўвяла ў спектакль абагуленыя вобразы дзвюх стыхій — белай і чорнай, стваральнай і разбуральнай, імя якім — Каханне і Смерць. І ў спектаклі гэтыя стыхіі пераплецены: яны выступаюць то разам, то паасобку, то ў выглядзе канкрэтных вобразаў, у залежнасці ад сцэнічнай драматургіі. Таму што і ў жыцці так — часта вельмі цяжка адрозніць чорнае ад белага і чалавек схільны прымаць адно за другое… Але бясспрэчна адно: чалавек заўсёды баіцца Смерці і баіцца страціць Каханне, і гэтыя дзве стыхіі вызначаюць існаванне як канкрэтных людзей, так і цэлых народаў. У гэтым і заключаецца галоўная ідэя пастаноўкі: усё добрае і прыгожае, што назапашана чалавецтвам на працягу ўсёй гісторыі, створана ў імя Кахання. Асобных людзей і цэлыя пакаленні раздзяляе Смерць, але яна не можа знішчыць гэтыя тварэнні, якія сталі для нас культурнай спадчынай.

Аўтар балета надзяліў галоўных герояў свайго твора імёнамі Азер і Байджан, якія, зліваючыся ў адно, утвараюць назву яго Радзімы — Азербайджан. І ў пастаноўцы Вольгі Костэль гэтыя сімвалічныя імёны-вобразы знаходзяць сваё глыбіннае праяўленне, ўвасабляючыся ў персанажах юнака і дзяўчыны, у мужчынскім і жаночым пачатках, без еднасці якіх немагчыма жыццё народа. Сплаў рэальнага і фантастычнага ў спектаклі дае магчымасць візуальна прадставіць стыхіі Кахання і Смерці дзвюма парамі выканаўцаў адпаведна ў белых і чорных касцюмах, якія таксама нясуць у сабе мужчынскі і жаночы пачаткі. І кожная з гэтых пар імкнецца перацягнуць на свой бок галоўных герояў (асабліва яскрава гэта праяўляецца ў час выканання рытм-тэмы Смерці).

Наогул музыка балета вельмі выразная. Нездарма ж кажуць: калі гучыць музыка — не трэба слоў. Яркая і каларытная, пранізаная энергічнымі рытмамі і напоўненая цудоўнымі, лёгкімі для ўспрымання мелодыямі, яна надзвычай цікавая сваёй нацыянальна-стылістычнай адметнасцю. У адным ключы з драматычнай выразнасцю музыкі атрымалася і харэаграфія балета (таксама драматычна выразная, асабліва ў характарных партыях), у якой класічны танец арганічна спалучаецца з сучаснай харэаграфічнай лексікай.

Беларуская версія балета вызначаецца не толькі своеасаблівасцю мастацка-пастановачных прыёмаў і сваім харэаграфічным стылем, але ў цэлым — новай эстэтыкай і новым балетмайстарскім і рэжысёрскім мысленнем. У драматургічным развіцці сцэнічнага дзеяння выразна вылучаюцца тры сюжэтна-вобразныя сферы: патрыярхальнае жыццё агузаў (продкаў азербайджанцаў), сярод якіх персаніфікуюцца Агуз-хан і маладыя закаханыя — Азер і Байджан; нашэсце заваёўнікаў-кыпчакаў і звязаныя з ім сцэны вайны і вакханаліі кыпчацкага хана Гара-Меліка; алегарычная сфера сутыкнення і барацьбы дзвюх стыхій — Кахання і Смерці, кожная з якіх імкнецца перацягнуць на свой бок юнака і дзяўчыну.

Як адзначалася вышэй, аўтар балета быў надзвычай здзіўлены вялікай колькасцю танцоўшчыкаў, вядучых майстроў сцэны, прызначаных на кожнага з персанажаў. У прыватнасці, на партыю галоўнага героя Азера іх аж сем, на партыю Байджан — шэсць. І сапраўды, на працягу трох вечароў (здача спектакля і два прэм’ерныя паказы) склад выканаўцаў галоўных партый быў розным: у вобразе Азера на сцэну выходзілі заслужаны артыст Юрый Кавалёў, уладальнікі медаля Францыска Скарыны Ігар Аношка і Ягор Азаркевіч; у вобразе Байджан — заслужаная артыстка Ірына Яромкіна, уладальніца медаля Францыска Скарыны Ганна Фокіна, Вікторыя Трэнкіна. Вострахарактарную партыю Гара-Меліка па-свойму ярка і адметна выконвалі народны артыст Канстанцін Кузняцоў і заслужаны артыст Антон Краўчанка, але акрамя іх на гэту партыю ёсць яшчэ тры выканаўцы. Цікава, што адны і тыя ж танцоўшчыкі ў розных складах выконваюць партыі розных, нават супрацьлеглых па характары персанажаў, напрыклад, Антон Краўчанка — Гара-Меліка і Агуз-хана.

Акрамя названых, іншых персаніфікаваных асоб у балеце няма. Але ў ім шмат масавых сцэн і асобных карцін з удзелам кардэбалету, якія нясуць на сабе значную драматургічную нагрузку, паказваючы, па-сутнасці, калектыўныя партрэты або абагуленыя вобразы праціўнікаў. Гэта жанрава-побытавыя і рытуальна-абрадавыя карціны з жыцця агузаў, батальныя сцэны, замалёўкі з лагера кыпчакаў, танец наложніц…

У цэлым спектакль робіць вельмі яркае ўражанне, чаму ў многім спрыяе і яго сцэнаграфія, цэнтральным элементам якой з’яўляецца велічэзнае раскідзістае дрэва жыцця — сведка ўсіх падзей, выгляд якога змяняецца ў залежнасці ад сцэнічнага дзеяння: спачатку гэта проста прыземісты стары ствол з каржакаватымі сухімі галінамі, якія становяцца насычана зялёнымі ў сцэне прабуджэння да жыцця, барвовымі — у сцэне нашэсця заваёўнікаў і празрыста-серабрыстымі к канцу спектакля, сімвалізуючы пераход галоўнага героя ў бессмяротнасць. А ў фінале галіны пачынаюць разрастацца і ярка зіхацець — гэта з кветкі, якую калісьці Азер падарыў Байджан, вырасла квяцістае дрэва кахання. Уражваюць таксама сцэнічныя касцюмы і асабліва вынаходлівае прымяненне ў іх нацыянальных элементаў і арнаментальнай аздобы. Вобразна кажучы, работа сцэнографа Аляксандра Касцючэнкі і мастака па касцюмах Кацярыны Булгакавай з’яўляецца дастойным абрамленнем гэтай яркай пастаноўкі.

 

Звычайна на фестывалі «Балетнае лета ў Вялікім» паказваюць і прэм’еры апошняга сезона Вялікага тэатра. Адной з іх стаў балет славутага беларускага кампазітара народнага артыста СССР Яўгена Глебава «Маленькі прынц». Адразу адзначым, што гэта прэм’ера — асаблівая. Музыка да балета была створана яшчэ ў 1981 годзе, і ўпершыню быў пастаўлены ў пачатку 1982 года, але не ў Мінску ці іншым горадзе Саюза, а ў Хельсінкі. І ўсё ж даволі хутка, у 1983 годзе, ўвасоблены на сцэне Вялікага тэатра ў Маскве, у тым жа годзе — у Горкім і ў 1990 годзе — у Самары. А на сцэне Вялікага тэатра Беларусі прэм’ера «Маленькага прынца» адбылася амаль праз 35 гадоў пасля яго напісання — 1 лістапада 2015 года.

У свой час у нас былі пастаўлены такія балеты Яўгена Глебава, як «Мара», «Альпійская балада», «Выбранніца», а яго грандыёзны «Тыль Уленшпігель» пасля прэм’еры ў 1974 годзе вельмі хутка атрымаў гучную славу і быў пастаўлены ў многіх гарадах Саюза і за мяжой. Значны рэзананс мела і опера «Майстар і Маргарыта», ажыццёўленая на нашай сцэне ў 1992 годзе.

Пастаноўку «Маленькага прынца» ў Мінску здзейсніла расійскі харэограф і балетмайстар Аляксандра Ціхамірава, якая ўжо не першы год супрацоўнічае з Вялікім тэатрам Беларусі. У садружнасці з удавой кампазітара Ларысай Глебавай яна стварыла новую версію лібрэта. Была перагледжана і партытура балета — зраблены некаторыя перастаноўкі музычных нумароў і дабаўлены новыя, з іншых твораў кампазітара (дырыжор-пастаноўшчык — Алег Лясун). Такім чынам, мінская пастаноўка стала новым поглядам і на музыку Глебава, і на алегарычную аповесць Антуана дэ Сент-Экзюперы.

Як адзначае Аляксандра Ціхамірава, яна ў першую чаргу імкнулася рабіць акцэнт на прыхаваных сэнсах, якімі поўніцца тэкст гэтага твора, як бы звяртаючыся такім чынам да асобы самога аўтара. (Лічыцца, што вобраз Маленькага прынца глыбока аўтабіяграфічны і народжаны тугой Экзюперы па самім сабе ў дзяцінстве — нашчадку старажытнага дваранскага роду, якога ў сям’і называлі Каралём-Сонца.) Зразумела, у аповесці гэты вобраз не зліваецца з вобразам Лётчыка (кім з’яўляўся на самай справе Экзюперы), але ж узаемаадносіны Прынца з капрызнай і чуллівай Ружай, як сцвярджалі сябры пісьменніка, вельмі дзіўным чынам нагадвалі ўзаемаадносіны самога Экзюперы з яго жонкай Кансуэла. Таму невыпадкова ў спектаклі з’явіліся дзве паралельныя пары: Прынц і Ружа, а таксама Лётчык і яго Каханая. Нават сцэнічныя касцюмы ў Каханай і Ружы ідэнтычныя — адрозненні паміж імі толькі ў пластычнай персаніфікацыі і харэаграфічнай лексіцы.

У гэтым спектаклі, як і ў іншых, некалькі складаў выканаўцаў. На фестывальным паказе партыю Прынца выконваў Канстанцін Геронік, Ружы — Людміла Хітрова, Лётчыка — Ягор Азаркевіч, Каханай — Аляксандра Чыжык. Захаваліся ў пастаноўцы і такія персанажы, як Ліс і Змяя, а таксама чарада характарных герояў: Кароль, Славалюб П’яніца, Фінансіст, з якімі даводзіцца сустракацца Прынцу ў час яго палётаў і паводзіны якіх яго вельмі здзіўляюць. Асаблівае месца ў пастаноўцы адведзена Ліхтаршчыку, партыю якога выконваў Антон Краўчанка. Гэты персанаж з’яўляецца звязуючым звяном паміж асобнымі эпізодамі і як своеасаблівы лейтвобраз праходзіць праз увесь спектакль. Балет пачынаецца і заканчваецца дуэтам Ліхтаршчыка і Лётчыка, ён жа становіцца правадніком Лётчыка ў дзіўны свет мрояў і ён жа вяртае Лётчыка да рэальнасці, дапамагаючы яму зразумець і прыняць свет людзей з усімі іх недарэчнасцямі і недахопамі, і галоўнае — зразумець і прыняць сваю Каханую.

Спектакль можна разглядаць як аповед аб развіцці чалавечай асобы, аб тым, як захаваць у сабе тое, што дадзена ад нараджэння кожнаму, але многімі з узростам губляецца. Адсюль і алегарычны свет палётаў (вельмі арыгінальна прадстаўлены ў пастаноўцы), які ўспрымаецца як палёт творчай думкі, і свет пустыні, у якой аказваецца творца, калі яго не прымаюць.

У аповесці Экзюперы, якая з’яўляецца па сутнасці філасофскай казкай-прытчай, няма сюжэта ў традыцыйным яго разуменні, таму няма і яўнага канфлікту; яна складаецца з асобных карцін, якія вызначаюцца сваім вобразным строем і не звязаны паміж сабой агульнай фабулай развіцця. На такім матэрыяле цяжка пабудаваць нават драматычны спектакль, не кажучы ўжо пра балетны. Але думаецца, што менавіта ўмоўная прырода балета тут у многім і дапамагла. Балетмайстру-пастаноўшчыку ўдалося ў пабудове спектакля і ў яго харэаграфічным тэксце злучыць усе гэтыя эпізоды сэнсава, з пазіцыі філасофскага погляду на іх галоўнага героя.

Вобразнаму ўспрыманню вельмі дапамагае арыгінальная і стыльная сцэнаграфія мастака-пастаноўшчыка Вячаслава Окунева — народнага мастака Расіі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, які даўно і плённа супрацоўнічае з нашым Вялікім тэатрам. Зразумела, у сцэнаграфіі балета ён выкарыстаў аўтарскія малюнкі самога Экзюперы: удава, які праглынуў слана, змяю, ліса, і канешне — знакамітую фігурку Маленькага прынца і яго ружу… А прымяненне відэапраекцыі стварае ўражанне шматслойнасці і аб’ёмнасці дэкарацый, што асабліва праяўляецца пры хуткай змене карцін, дзе нязменным застаецца дыск ілюмінатара, з якога толькі і можна ўсё гэта назіраць. Так што ўражанне касмічнага палёту ў час прагляду спектакля ўсім забяспечана!

 

На фестывалі была паказана яшчэ адна прэм’ера апошняга сезона, якая адбылася 1 сакавіка бягучага года — аднаактовы балет культавага чэшскага харэографа Іржы Кіліяна «Маленькая смерць» на музыку Вольфганга Амадэя Моцарта. Гэта пастаноўка ўваходзіць у цыкл «Чорна-белых балетаў», першы з якіх — «Шэсць танцаў», таксама на музыку Моцарта — ужо быў пастаўлены на сцэне нашага тэатра ў 2013 годзе. Таму абедзве гэтыя аднаактоўкі былі аб’яднаны ў адзін вечар балета.

Сваёй творчасцю Кіліян ускалыхнуў усю Еўропу, заваяваўшы рэпутацыю харэографа-філосафа. Ён сумеў стварыць свой асаблівы, пазнавальны фірменны стыль з надзвычай арыгінальнай харэаграфічнай лексікай, злучыўшы сучасны танец з класічным балетным мастацтвам. Яго балеты абстрактныя і бессюжэтныя, у іх няма ні лібрэта, ні персанажаў, а ўсё дзеянне будуецца на ўяўленнях і асацыяцыях. І выканаўцы не дзеляцца на салістаў і кардэбалет, а складаюць своеасаблівы надзвычай зладжаны ансамбль. Пры гэтым кожная яго пастаноўка ўсё ж мае сваю адметную форму і вылучаецца логікай канцэптуальнай пабудовы.

Так, «Шэсць танцаў» можна аднесці да разнавіднасці камічнага балета, камізм якога грунтуецца не на калізіях сюжэта, а на самой харэаграфіі. Гэта вельмі дынамічная кампазіцыя, дзе ад танцоўшчыкаў патрабуецца акцёрская ігра ў іх карнавальнай прафанацыі «галантнага веку»: чатыры кавалеры ў напудраных парыках і белых сподніках бурна высвятляюць адносіны са сваімі ўскудлачанымі дамамі ў гарсэтах. А «Маленькая смерць» — гэта ўжо больш лірычная пастаноўка, скіраваная ў бок класічнага танца. Многія называюць яе эратычным балетам, але гэта ўсё ж спрошчанае, прамалінейнае вызначэнне. Хутчэй, гэта далікатная харэаграфічная размова пра пачуццёвыя адносіны паміж мужчынам і жанчынай.

Пастаноўку «Маленькай смерці» ажыццявіла ў нас асістэнт Іржы Кіліяна Шырлі Эсебум, а дырыжорам-пастаноўшчыкам стаў Іван Касцяхін. «Шэсць танцаў» тры гады назад ставіла таксама Шырлі Эсебум у садружнасці з яшчэ двума асістэнтамі Іржы Кіліяна, а дырыжорам-пастаноўшчыкам быў Віктар Пласкіна.

У той жа вечар, аддзеленая ад аднаактовак Іржы Кіліяна антрактам, была паказана харэаграфічная карціна «Цені» з балета Людвіга Мінкуса «Баядэрка». Гэта ўзор чыстага класічнага танца, які дастаўся нам з балетнай спадчыны XIX стагоддзя. Так што былі ўлічаны густы ўсіх — і прыхільнікаў класікі, і апалагетаў сучасных харэаграфічных стыляў і напрамкаў.

Яшчэ адным прыкладам запатрабаванасці вечна жывой класікі быў балет Пятра Ільіча Чайкоўскага «Лебядзінае возера» з рэпертуару Вялікага тэатра, які, дарэчы, кожны год паказваецца ў рамках гэтага фестывалю. І кожны год галоўную партыю ў ім выконвае імянітая запрошаная зорка. На гэты раз у складанай «двайной» партыі Адэты-Адыліі прадстала прыма-балерына Міхайлаўскага тэатра заслужаная артыстка Расіі Кацярына Борчанка (якая ў 2003—2007 гадах з’яўлялася салісткай нашага Вялікага тэатра). А яе партнёрам у гэтым спектаклі быў беларускі прэм’ер Ігар Аношка (Зігфрыд).

Закончыўся фестываль, як звычайна, грандыёзным гала-канцэртам з удзелам зорак сусветнага балета, дзе быў прадстаўлены шырокі спектр стылёвай разнастайнасці балетнага мастацтва. І гэта быў не проста канцэрт з калейдаскопам разнастайных нумароў і мноствам выканаўцаў, а тэатралізаванае яркае шоу, рэжысёрам якога стала Вольга Костэль (якая рыхтавала і папярэднія гала-канцэрты гэтага фестывалю). Акрамя зорак беларускага балета (якія у гэтым канцэрце нават загаварылі), свае цікавыя нумары паказалі многія госці: салісты Англійскага нацыянальнага балета Ксенія Аўсянік і Джэймс Аляксандр Форбат, вядучыя салісты Харкаўскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Антаніна Радзіеўская і Андрэй Пісараў, салісты Дзяржаўнага тэатра оперы і балета «Астана Опера» Гаухар Усіна і Жанібек Іманкулаў, прыма-балерына Азербайджанскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета заслужаная артыстка Азербайджана Нігяр Ібрагімава, салісты Берлінскага дзяржаўнага балета Уладзіслаў Марынаў і Лучыа Герман Радрыгес Відал.

Такім чынам, на фестывалі ў чарговы раз была прадстаўлена ўся разнастайнасць харэаграфічных стыляў, школ і напрамкаў, паказаны ўзоры класічнай і сучаснай харэаграфіі, паўнаметражныя балеты і харэаграфічныя мініяцюры. І ўсё гэта багацце было даступна нашым гледачам.

 

Вечары ў замку Радзівілаў

Выязны фестываль «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» прайшоў у Нясвіжы ўжо у сёмы раз. Гэта сумесны праект тэатра і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», які праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры, Мінскага аблвыканкама і Нясвіжскага райвыканкама. Прыемна, што падобныя мерапрыемствы ў нас заўсёды знаходзяць спонсарскую падтрымку. Генеральным спонсарам праекта з’яўляецца кампанія «Мабільныя ТэлеСістэмы».

Традыцыйна фестываль працягваецца тры дні, і яго асноўныя мерапрыемствы праходзяць як у самім замку, так і ў касцёле Божага Цела — першым барочным храме XVI стагоддзя не толькі на нашых землях, але і на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай, спраектаваным італьянскім архітэктарам-іезуітам Джавані Марыя Бернардоні. Перыядычна некаторыя імпрэзы праходзяць і ў гарадской ратушы — найстарэйшай  з усіх, што захаваліся ў Беларусі і праектаванне якой таксама прыпісваюць Бернардоні, бо пабудавана яна была практычна адначасова з касцёлам. Так што задзейнічаны самыя знакавыя гістарычныя аб’екты Нясвіжа, не гаворачы ўжо пра сам замкавы ансамбль, які разам з касцёлам занесены ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКА. І менавіта тут, у рэзідэнцыі Радзівілаў, былі заснаваны першыя на тэрыторыі Беларусі пеўчая капэла, прыдворны аркестр і тэатр. І першыя ўзоры прафесійнага опернага і балетнага мастацтва з’явіліся таксама тут.

 

— Звыклы фармат фестывалю мы не мяняем, — адзначае генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка. — На адкрытай пляцоўцы ўнутранага двара замка ў першыя два вечары паказваюцца балетны і оперны спекталі, а ў трэці вечар — вялікі гала-канцэрт. У дзённы час задзейнічана Тэатральная зала замка, дзе выступаюць артысты тэатра з камернымі праграмамі. З асаблівым узнёслым настроем праходзяць дзённыя канцэрты духоўнай музыкі ў касцёле, і ў гэтым годзе менавіта такім канцэртам і пачынаецца фестываль. Але ж зразумела, што звыклы фармат кожны раз напаўняецца новым зместам. Мы абавязкова прывозім пастаноўкі беларускіх аўтараў: у мінулыя гады паказвалі оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Солтана, «Сівая легенда» Дзмітрыя Смольскага, балет «Вітаўт» Вячаслава Кузняцова і іншыя. У наступным годзе плануем прывезці прэм’еру будучага сезона — новы балет Вячаслава Кузняцова «Анастасія», прысвечаны княгіні Анастасіі Слуцкай. Але пры гэтым мы не абыходзім і сусветную класіку, напрыклад, такія шэдэўры, як балет Пятра Ільіча Чайкоўскага «Лебядзінае возера» ці оперу Джоржа Бізэ «Кармэн», без якіх немагчыма ўявіць рэпертуар не толькі нашага тэатра. Не абыходзіцца ён сёння і без прызнаных узораў сучаснай харэаграфіі, і некаторыя з іх мы таксама ўключалі ў праграму фестывалю, напрыклад, «Шэсць танцаў».

Мы імкнёмся да таго, каб высокае мастацтва оперы і балета было даступным не толькі для жыхароў сталіцы. І як паказвае практыка, на наш фестываль збіраюцца не толькі жыхары Нясвіжа і бліжэйшых населеных пунктаў, але прыязджаюць госці практычна з усіх регіёнаў Беларусі. І з Мінска таксама — каб паглядзець той жа самы спектакль у незвычайнай атмасферы. Нямала і замежных гасцей — з Літвы, Польшчы, Расіі і нават з далёкага замежжа. У першы год мы выстаўлялі ў імправізаваным партэры 600 крэслаў, потым 800, потым 1000… Сёлета выставілі 1300 месц, і ўсе яны былі прададзены цэнтралізавана яшчэ да пачатку фестывалю. Але ніхто з прыехаўшых без загадзя купленых квіткоў ніколі не застаецца за варотамі замка — прадаюцца ўваходныя білеты і месца ва ўнутраным двары хапае ўсім. Усе гэтыя гады надвор’е было як на заказ, але на выпадак непагоды мы ўсё ж прадугледзелі некаторыя меры — закупілі больш як тысячу дажджавікоў.

 

Традыцыйна значнае месца ў праграме фестываля займае беларуская духоўная музыка розных часоў, якая выконваецца ў касцёле Божага Цела, дзе проста выключная акустыка.

Арганізацыю і правядзенне гэтых канцэртаў немагчыма ўявіць без дзейнасці заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Віктара Скрабагатава — стваральніка і нязменнага кіраўніка ўнікальнага творчага калектыву «Беларуская Капэла», які ўваходзіць у склад Вялікага тэатра. Таксама цяжка пераацаніць і ўклад Віктара Іванавіча ў фарміраванне змястоўнай часткі фестывалю, а таксама яго асветніцкую дзейнасць, накіраваную на папулярызацыю нацыянальнай музычнай спадчыны.

Сяголетні фестываль якраз і адкрываўся касцёльным канцэртам беларускай духоўнай вакальнай музыкі эпохі барока, рэжысёрам і вядучым якога быў Віктар Скорабагатаў і ў якім прымалі ўдзел салісты оперы Ганна Гур’ева, Наталля Акініна, Алена Золава, Юрый Гарадзецкі і Сяргей Лазарэвіч, а таксама канцэртмайстар Ларыса Церахава.

— Калі мы з ксяндзом Пятром на пачатку нашага супрацоўніцтва абмяркоўвалі арганізацыйныя пытанні, адразу было вырашана, што ніякіх квіткоў для ўваходу ў касцёл быць не павінна — канцэрты будуць дабрачыннымі, — зазначае Віктар Іванавіч. — За прайшоўшыя гады ў сценах касцёла гучала духоўная музыка розных часоў і розных жанраў, і склад выканаўцаў быў таксама розным: толькі аркестр ці толькі хор, аркестр і хор разам, аркестр з салістамі, хор з салістамі акапэльна… Пачыналі мы з твораў эпохі барока, потым — эпохі класіцызму, рамантызму, асобная праграма складалася з твораў рэлігійнай тэматыкі Станіслава Манюшкі, пакуль не дайшлі да XX стагоддзя і не паказалі праграму з твораў Эдварда Гірдо, аб якой марыў ксёндз Пётр. Справа ў тым, што Эдвард Гірдо для Нясвіжа — асоба, можна сказаць,  легендарная. Кампазітар, музыкант, які атрымаў адукацыю ў Італіі, ён у міжваенны перыяд 30 гадоў служыў арганістам у нясвіжскім касцёле. У пачатку Айчыннай вайны, разумеючы, што немцы могуць проста вывезці арган, створаны славутым віленскім майстрам Вішнеўскім пры патранажы саміх Радзівілаў, ён яго разабраў і закапаў, а пасля вызвалення адкапаў, зноў сабраў і ўстанавіў на сваё месца. Вось у мінулым годзе канцэртам з твораў Эдварда Гірдо мы і завяршылі першы цыкл праграм беларускай духоўнай музыкі. І сёлета распачынаем другі цыкл, зноў вяртаючыся ў эпоху барока.

Праграма канцэрта пачынаецца з «Полацкага сшытка», — тлумачыць далей Віктар Іванавіч. — Між іншым, ён быў знойдзены ў вокладцы ўніяцкага трэбніка, які належаў епіскапу з Полацка. Адсюль і назва — «Полацкі сшытак». У ім 220 нумароў, і што дзіўна — у асноўным творы свецкія: нямецкія, італьянскія танцы, розныя канты… Часта над нумарам стаяць назвы — лацінскія, польскія, але часцей за ўсё беларускія, напісаныя лацінкай. Сярод гэтых нумароў  ёсць і канты рэлігійнага напрамку, і вось адным з іх — «Успамажы, Божа» — і адкрываецца наш канцэрт. Затым прагучалі фрагменты з «Псальмаў Давідавых» ананімных аўтараў канца XVII — пачатку XVIII стагоддзя ў перакладзе на старабеларускую мову Сімяона Полацкага і фрагменты з араторыі Ігара Хадоскі «Жальбы», у аснову якой пакладзены «Планкты» — жалобныя галашэнні на раскрыжаванне Пана нашага Езуса Хрыста кампазітараў XVIIXVIII стагоддзяў Германоўскага, Катовіча і іншых. Акрамя таго, у праграму канцэрта мы ўключылі і творы нямецкага барока: Ёгана Себасцьяна Баха і Георга Фрыдрыха Гендэля — таму што, пачынаючы з гэтага года, вырашылі паказваць нашу беларускую музычную культуру ў атачэнні еўрапейскай. Аналізуючы, напрыклад, творы кампазітара Катовіча, прадстаўленыя ў «Жальбах», можна дакладна сцвярджаць, што ў сваёй творчай манеры і музычнай мове ён быў апалагетам Баха, а Германоўскі — апалагетам Гендэля. Таму нам і хочацца паказаць, што нашы кампазітары мінулых вякоў сваёй творчай тэндэнцыяй абсалютна ўпісваліся ў еўрапейскую культурную прастору. Больш таго, пачынаючы з XVIII  стагоддзя, у еўрапейскай музычнай культуры былі і такія тэндэнцыі, якія нараджаліся тут, у Беларусі. Але пра гэта мы будзем ужо распавядаць у наступным годзе. І што яшчэ хочацца адзначыць: мы імкнёмся, каб нашы праграмы спачатку прагучалі ў Нясвіжы, а ўжо затым — у Мінску.

 

А вечар першага дня фестывалю быў прысвечаны класічнаму балету. На імправізаванай тэатральнай сцэне ўнутранага двара замка быў паказаны «Дон Кіхот» Людвіга Мінкуса — адзін з самых прыгожых балетаў сусветнага рэпертуару. У галоўных партыях выступілі зоркі беларускай балетнай трупы: Кацярына Алейнік (Кітры), Канстанцін Геронік (Базіль), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Марына Вежнавец (Мерседэс), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Антон Краўчанка (Эспада), Ганна Фокіна (Дульцынея). За дырыжорскім пультам стаяў маэстра Мікалай Калядка.

Другі дзень фестывалю пачынаўся з дзённага канцэрта струннага квінтэта «Сэрэнада» з удзелам салістаў оперы, які па традыцыі праходзіў у Тэатральнай зале замка. Гэты калектыў — нязменны ўдзельнік фестывальнага праекта, і кожны год ён рыхтуе для сваіх слухачоў самыя разнастайныя праграмы — ад старажытных рамансаў да джазавых кампазіцый. У склад квінтэта ўваходзяць артысты аркестра Вялікага тэатра розных пакаленняў: Генрых Мацкевіч і Аляксей Ахотнікаў — скрыпкі, Сяргей Траццяк — альт, Сяргей Анашкевіч — кантрабас, Аляксей Окунеў — віяланчэль. Мастацкім кіраўніком і нязменнай салісткай гэтага ансамбля з’яўляецца заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Траццяк. У сёлетнім канцэрце разам з ёй удзельнічалі салісты оперы Наталля Акініна і народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, якія выступілі з творамі лёгкага жанру — выканалі музычныя хіты з вядомых кінафільмаў.

Вечарам на адкрытай пляцоўцы замкавага двара была паказана оперная класіка — лірычная казка «Іаланта» Пятра Ільіча Чайкоўскага. Вядучыя партыі выканалі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Анастасія Масквіна (Іаланта), Эдуард Мартынюк (Вадэмон), Ілья Сільчукоў (Роберт), Андрэй Валенцій (Рэнэ), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Громаў (Эбн-Хакіа). Дырыжор — Алег Лясун.

І нарэшце — трэці дзень фестывалю, які пачаўся таксама ў Тэатральнай зале замка дасціпнай музычнай баталіяй — тэатралізаваным канцэртам «Тэнары супраць басоў», які падрыхтавала рэжысёр Алена Медзякова. Вядучыя салісты оперы, уладальнікі самых высокіх мужчынскіх галасоў, пры дапамозе арый і дуэтаў «высвятлялі адносіны» з другімі вядучымі салістамі — уладальнікамі самых нізкіх мужчынскіх галасоў. А ім дапамагалі канцэртмайстры Юлія Шчарбакова і Ірына Целяпнёва.

Завяршыўся фестываль грандыёзным вячэрнім гала-канцэртам у пастаноўцы галоўнага рэжысёра Вялікага тэатра Міхаіла Панджавідзе з удзелам зорак опернай і балетнай труп. У яго праграме былі прадстаўлены арыі, дуэты і ансамблевыя сцэны з залатога фонду сусветнай оперы, а таксама самыя яркія фрагменты, па-дэ-дэ, адажыа і варыяцыі з найбольш вядомых і любімых публікай балетаў. За дырыжорскім пультам змянялі адзін аднаго маэстра Віктар Пласкіна і Андрэй Іваноў.

Толькі за адзін вечар ва ўнутраным двары замка аказваецца каля паўтары тысячы гасцей фестывалю. А калі скласці разам колькасць тых, хто на працягу трох дзён наведвае ўсе мерапрыемствы, што праводзяцца ў замку і па-за яго сценамі, то атрымліваецца ўнушальная лічба. Такім чынам, сёння ўжо можна з упэўненасцю казаць, што імпрэзы акадэмічных відаў мастацтва ў фармаце open-air у нас прыжыліся. А выбар месца іх правядзення аказаўся надзвычай удалым: галоўная пляцоўка фестывалю вельмі зручная і прыцягальная адным толькі сваім месцазнаходжаннем — закрыты з усіх бакоў замкавы двор, выкладзены брусчаткай, стварае цудоўную акустыку, а ўнутраныя фасады замкавага комплексу з’яўляюцца манументальнай жывой дэкарацыяй. У Тэатральнай зале замка таксама цудоўная акустыка, не кажучы ўжо пра фарны касцёл, дзе кожнае слова і кожны гук набываюць своеасабліва ўзвышанае, незямное гучанне… І не толькі дзеля канцэрта варта пабываць у нясвіжскім касцёле — само яго ўнутранае ўбранне, ансамбль роспісаў і фрэсак можна лічыць музеем мастацкай еўрапейскай традыцыі адпаведнага гістарычнага перыяду.

Бясспрэчна, што правядзенне фестывалю Вялікага тэатра ў Нясвіжы спрыяе павышэнню яго турыстычнай прыцягальнасці. Прыток турыстаў у гэтыя дні тут значна павялічваецца, што адразу адбіваецца на запаўняльнасці гасцініц. Па асабліваму выглядае і горад у гэтыя дні, напоўнены аўтамабілямі з нумарнымі знакамі не толькі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, але і суседніх краін.

— Мы не проста прадастаўляем пляцоўку для правядзення спектакляў і канцэртаў Вялікага тэатра, але і даём магчымасць гасцям фестывалю пазнаёміцца з экспазіцыямі замкавага ансамбля і новымі выставачнымі праектамі, — гаворыць дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Сяргей Клімаў. — Напрыклад, у вялікай выставачнай зале зараз экспануецца надзвычай цікавая выстава «Археалагічныя знаходкі Палаца Вялікіх Князёў Літоўскіх. Штодзённасць Віленскага двара» з фондаў музея-палаца Вялікіх Князёў Літоўскіх у Вільні, які з’яўляецца надзвычай знакавым месцам для агульнай гісторыі дзяржаў, тэрыторыі якіх у свой час утваралі Вялікае Княства Літоўскае. І калі нехта абмежаваны ў часе і прыехаў толькі на спектакль, то нават у антракце можна падняцца ў залу і азнаёміцца з гэтай экспазіцыяй, якая дае магчымасць уявіць, як быў уладкаваны побыт уладных людзей у эпоху Гедыміна, Вітаўта, Ягелонаў... Наша супрацоўніцтва з Вялікім тэатрам прынесла і нечаканыя вынікі: у гэтым годзе наш музей-запаведнік атрымаў прыз еўрапейскай арганізацыі «Europa Nostra» — самай паважанай у Еўропе інстытуцыі ў галіне захавання культурнай спадчыны. І як было адзначана, гэта ўзнагарода нам была прысуджана за рэкордна кароткія тэрміны музеефікацыі замка і за падтрыманне да яго ўстойлівага інтарэсу грамадскасці, што адлюстроўваецца ў лічбе 400 000 наведвальнікаў у год. А ў гэтым нам і дапамагаюць такія маштабныя нацыянальныя акцыі, як «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў».

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.