Вы тут

Прэзентавана кніга кітайскага паэта Ван Гочжэня на беларускай мове


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентавалі новую кнігу кітайскай паэзіі на беларускай мове

Гэтым разам галоўная кніжніца краіны прадставіла сваю пляцоўку для прэзентацыі зборніка вершаў кітайскага паэта Ван Гочжэня «Мелодыі адкрытага сэрца». Выданнем працягваецца серыя «Светлыя знакі: паэты Кітая», якая ўжо мае сваю гісторыю.


Партрэт Ван Гочжэня работы Каміля Камала.

З 2014 года пабачылі свет на беларускай мове зборнікі вершаў Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Ай Ціна, Лі Хэ, Лі Цінчжао. Над праектаваннем серыі, да ўдзелу ў якой у якасці перакладчыкаў запрошаны Навум Гальпяровіч, Таццяна Сівец, Юлія Алейчанка, Валерыя Саротнік, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Бадак, Рагнед Малахоўскі, працуе міжнародны рэдакцыйны савет. Поруч з пісьменнікамі і літаратуразнаўцамі з Беларусі ў яго ўваходзяць кітайскія вучоныя і літаратары, арганізатары кніжнай справы. А гэта — намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Белдзяржуніверсітэта Лю Сулін, перакладчык і мастак-каліграф, шматгадовы галоўны рэдактар кітайскага часопіса «Сусветная літаратура» Гао Ман, дэкан факультэта Другога Пекінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Чжан Хуэйцінь, літаратуразнаўца Лю Мяо, генеральны дырэктар Кітайскага агенцтва па калектыўнаму кіраванню аўтарскімі правамі на літаратурныя творы Чжан Хунбо. Актыўны ўдзел у рэдагаванні і ўкладанні кнігі Ван Гочжэня прыняла сястра паэта — спадарыня Вань Юйхуа. Дарэчы, «Мелодыі адкрытага сэрца» прыйшлі да чытача на дзвюх мовах — па-беларуску і па-кітайску. Так што кніга можа быць яшчэ своеасаблівым дапаможнікам у вывучэнні кітайскай літаратуры на мове арыгінала.

На прэзентацыі, якую адкрыў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Белдзяржуніверсітэта Анатоль Тозік, гучалі вершы Ван Гочжэня — іх чыталі беларускія і кітайскія студэнты. Літаратурнай, музычнай частцы прэзентацыі спадарожнічала выстаўка графічных работ Каміля Камала, які праілюстраваў кнігу, выканаў партрэт паэта. Сваімі развагамі пра кітайскую паэзію, майстэрства мастацкага перакладу падзяліліся беларускія творцы Леанід Дранько-Майсюк, Навум Гальпяровіч, Таццяна Сівец, Дар'я Нечыпарук, Юлія Алейчанка (яна і вяла прэзентацыю).

Што прыемна, вітанне гэтай падзеі ў галоўнай беларускай кніжніцы даслаў з Пекіна Гао Ман. Вось што мелі магчымасць прачытаць з экрана госці, удзельнікі паэтычнай імпрэзы: «Паважаныя сябры з далёкай, але блізкай сэрцу беларускай зямлі! Мы вельмі ўдзячны вам за знаёмства беларускага народа з літаратурай Кітая. Кітайская мова пішацца асобнымі іерогліфамі, а беларуская збіраецца па складах. Беларускія перакладчыкі аддалі шмат сіл і старанняў, пераадолелі многія цяжкасці, каб паэзія, як музыка, гучала ў сэрцах айчынных чытачоў. Старанні перакладчыкаў не памеркнуць з часам, я ўпэўнены, што пераклады будуць гучаць усё лепей і лепей! Дзякуй паэтам Беларусі і перакладчыкам!»

На прэзентацыі ішла размова і пра працяг выдання серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая». Наступнай кнігай, абяцаюць выдаўцы, будзе зборнік Мэн Хаожаня.

Мікола БЕРЛЕЖ

Загаловак у газеце: Блізкія мелодыі здалёку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».