Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра тое, як прайшоў кваліфікацыйны турнір у Мінску, як адыграла мінскае «Дынама» ў чарговым матчы КХЛ і хто стаў уладальнікам валейбольнага Кубка Беларусі.


1. Жаночая зборная краіны па гандболе без паражэнняў прайшла першы кваліфікацыйны раўнд чэмпіянату свету 2017 года і зараз згуляе ў плэй-оф. На пляцоўцы Палаца спорту «Уручча» падапечныя Томажа Чатэра перамаглі зборную Турцыі — 37:23, затым каманду Швейцарыі — 35:27 і разграмілі гандбалістак Косава 31:13.

— Мы былі фаварытамі кваліфікацыі і паказалі гэта на пляцоўцы. Некаторыя дзяўчаты мелі праблемы са здароўем, але правялі ўсе матчы як трэба. Трохі захваляваліся ў пачатку матча з турчанкамі. Але толькі таму, што гэта была першая гульня на турніры. Затым хутка супакоіліся і давялі матч да перамогі. Разумелі, што самая важная гульня будзе са швейцаркамі, таму выбралі актыўную абарону на гэтую сустрэчу. Задумка спрацавала. У матчы з камандай Косава, праўда, ужо выпусцілі другі склад — так як вырашылі да гэтага часу галоўную задачу. Зараз будзем чакаць саперніка па накаўт-раўндзе, — адзначыў галоўны трэнер беларускай зборнай Томаж Чатэр.

Нагадаем, нашы дзяўчаты прабіліся ў плэй-оф чэмпіянату свету ўпершыню з 2009 года. Беларускі толькі двойчы станавіліся ўдзельніцамі фінальнай стадыі планетарных форумаў — у 1997 годзе (занялі 16 месца) і ў 1999-м (былі 14-мі).

Лёсаванне плэй-оф ЧС-2017 адбудзецца 18 снежня.


2. Хакеісты мінскага «Дынама» прайгралі трэці матч запар у чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. На гэты раз на сваім лёдзе дынамаўцы былі слабейшыя за магнітагорскі «Металург» — 2:4. Адзначым, што ў варотах упершыню ў гэтым сезоне згуляў Кевін Лаланд, які атрымаў траўму яшчэ ў пачатку верасня ў матчы за зборную.

— Хакейны сезон не абыходзіцца без узлётаў і падзенняў. Ты павінен падкрэсліваць нешта для сябе ў кожным матчы — гэта будзе даваць нам сілы станавіцца найлепшымі. Я і ўсе гульцы верым, што рухаемся ў правільным кірунку. Мы ведаем аб гульнявых момантах, якія трэба палепшыць. У нас па-за гульнёй шмат форвардаў і вядучы абаронца — гэта няпростая сітуацыя, у якой мы знаходзімся ўжо тры месяцы, — пракаментаваў становішча сваёй каманды галоўны трэнер мінскага «Дынама» Крэйг Вудкрафт.

Зараз у актыве мінскага «Дынама» 58 ачкоў пасля 37 згуляных матчаў і 7-е месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі Кантынентальнай хакейнай лігі. Свой наступны паядынак «зубры» правядуць сёння на лёдзе «Мінск-Арэны» супраць хакеістаў браціслаўскага «Слована».


3. «Мінчанка» стала ўладальнікам Кубка Беларусі па валейболе, выйграўшы фінальны матч розыгрышу ў брэсцкай «Вікторыі» з лікам 3:0.

Адзначым, што валейбалісткі «Мінчанкі» ўпершыню перамаглі ў Кубку Беларусі за апошнія пяць гадоў. Раней уладальнікам ганаровага трафея станавіліся «Прыбужжа» (у 2015-м і 2014 годзе), гродзенскі «Нёман» у 2013 годзе, з 2008 па 2012 гады пераможцам станавіўся баранавіцкі «Атлант».

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Праз сем гадоў...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.