Вы тут

Няма страхавога стажу — няма пенсіі?


Для таго каб у старасці атрымаць працоўную пенсію па ўзросце, чалавеку трэба мець працоўны і страхавы стаж. Апошні дае права на працоўную пенсію па ўзросце. Ён нядаўна быў павялічаны і, пачынаючы з 1 студзеня 2017 года, будзе штогод павялічвацца на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў. У сувязі з гэтым у некаторых людзей падышоў пенсійны ўзрост, а неабходных на сёння 15,5 года страхавога стажу ў іх яшчэ няма. Як ім быць?

Мы звярнуліся па каментарый да старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Тамары Красоўскай.


— Складанае пытанне і вельмі балючае. Права на атрыманне пенсіі за гэтымі людзьмі засталося. Калі пры адсутнасці неабходнага страхавога стажу чалавек звяртаецца па назначэнне пенсіі, яму можа быць прызначана сацыяльная пенсія па дасягненні ўзросту 60 гадоў (для жанчын) і 65 гадоў (для мужчын). Сёння яе памер складае 50% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.

Калі ж чалавек хоча атрымліваць працоўную пенсію, у гэтым выпадку яму трэба будзе ўсё ж такі адпрацаваць неабходныя гады страхавога стажу.

Людзі, якія аказаліся ў такой сітуацыі, могуць звярнуцца ў дзяржаўны цэнтр занятасці насельніцтва і стаць на ўлік у якасці беспрацоўнага, для таго каб атрымліваць дапамогу па беспрацоўі і мець права на матэрыяльную падтрымку. Але пры тым чалавек павінен выконваць усе ўмовы, якія стаяць перад тым, хто атрымаў статус беспрацоўнага.

У гэтай катэгорыі аказалася нямала тых, хто з'ехаў працаваць за мяжу і не выплачваў на працягу шэрагу гадоў узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Таму прынятыя меры ў тым ліку заклікаюць людзей задумацца пра сваю будучыню. Любы чалавек, які мае даход, павінен выплачваць страхавыя ўнёскі сацыяльнага страхавання.

Так, калі чалавек паехаў легальна працаваць у Расію і выплачвае ўзносы ў фонд сацыяльнага страхавання РФ, яму няма чаго баяцца: ён застрахаваны, і паміж нашымі краінамі існуюць дамоўленасці на гэты конт. Галоўнае, каб факт выплаты страхавых унёскаў быў дакументальна пацверджаны. Але ж ёсць шмат і тых, хто працуе па дагаворах, вахтавым метадам і ніякіх узносаў не выплачвае. І яны не думаюць, што рана ці позна акажуцца ў сферы сацыяльнага страхавання — калі надыдзе пенсійны ўзрост. Людзі ўжо сёння павінны думаць пра гэта. Напрыклад, такія работнікі могуць заключыць дагавор з нашым Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва і самастойна выплачваць страхавыя ўнёскі адзін раз у год.

Да нас прыходзяць на прыём людзі і задаюць самыя розныя пытанні. Напрыклад, адзін індывідуальны прадпрымальнік спытаў: ці магу я выплачваць узносы ў ФСАН за сваю жонку, якая не працуе? Не, гэта немагчыма. Паўтаруся: толькі чалавек, які працуе і мае даход, можа іх выплачваць.

Ці, напрыклад, возьмем рамеснікаў. У іх на сёння няма абавязку выплачваць страхавыя ўнёскі ў ФСАН, ёсць толькі права рабіць гэта. Але яны павінны яшчэ добра ўяўляць сабе, што іх будзе чакаць, калі яны гэтым правам не скарыстаюцца і ў іх не будзе страхавога стажу.

Для дзяржавы вельмі важна захаваць пенсійнае забеспячэнне. У нас у краіне сёння больш за 2,5 млн пенсіянераў, і з кожным годам іх колькасць павялічваецца. Адкуль дзяржаве браць грошы? Яна бярэ сродкі са страхавых унёскаў.

Калі гаварыць пра людзей, якія сёння пры дасягненні пенсійнага ўзросту аказаліся без права на пенсію, яны лічацца тымі, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і маюць права на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, па якую трэба звяртацца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама на субсідыі на аплату паслуг ЖКГ. Дарэчы, цяпер разглядаецца пытанне аб тым, каб пашырыць пералік асоб, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

І яшчэ хачу адзначыць: жыццё мяняецца. Як толькі наша эканамічнае становішча палепшыцца, будуць і істотныя карэкціроўкі ў дадзеным пытанні. Але пакуль мы прынялі такія меры, каб захаваць пенсійнае забеспячэнне тым, хто выплачваў страхавыя ўнёскі. Гэта вымушаная мера на дадзеным этапе.


Не блытайце страхавы і агульны стаж

Агульны працоўны стаж складаецца з усіх тых гадоў, што вы адпрацавалі. Акрамя таго, у яго ўключаецца вучоба, служба ў арміі і іншыя перыяды.

Страхавы стаж — гэта толькі тыя гады, калі вы або ваш работадаўца плацілі страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Вы заўсёды можаце праверыць, ці выплачвае за вас наймальнік узносы, звярнуўшыся ў тэрытарыяльныя органы Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва.

У страхавы стаж, акрамя работы на тэрыторыі Беларусі, уключаецца перыяд работы ў СССР, а таксама на тэрыторыі дзяржаў, з якімі Рэспублікай Беларусь заключаны дагаворы ў галіне сацыяльнага (пенсійнага) забеспячэння пры ўмове выплаты абавязковых страхавых унёскаў у пенсійныя фонды гэтых дзяржаў.

У страхавы стаж не ўключаюцца:

  • перыяды адпачынку па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў,
  • атрыманне адукацыі па дзённай форме навучання,
  • ваенная служба,
  • перыяды, калі чалавек атрымліваў дапамогу па беспрацоўі,
  • перыяды догляду за інвалідам 1-й групы.

Важна:

калі вайскоўцы, супрацоўнікі МНС, праваахоўных органаў і прыраўнаваныя да іх асобы будуць звольненыя да дасягнення тэрміну выслугі гадоў (20 гадоў), пенсію ім будуць налічваць на агульных падставах.

Ранейшае патрабаванне 5 гадоў страхавога стажу засталося:

для прызначэння датэрміновых пенсій бацькам дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства); шматдзетным маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту; інвалідам з дзяцінства; інвалідам вайны; маці ваеннаслужачых, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы; ліліпутам і карлікам.

Запісала Святлана БУСЬКО

busko@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Каб «сацыяльная» стала «працоўнай»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.