Вы тут

Меркаванні пачынаюць спраўджвацца


Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Аўстрыі сталі сапраўднай сенсацыяй. Напэўна, ніколі ўвесь свет не сачыў з такой цікавасцю за самімі прэзідэнцкімі выбарамі ў гэтай краіне, паколькі здзейснена ўжо трэцяя спроба іх правесці. Першыя выбары адбыліся ў красавіку (першы тур) і ў маі (другі тур) 2016 года, але іх вынікі былі ануляваныя Канстытуцыйным судом па запыце кандыдата, які прайграў, з-за магчымасці фальсіфікацыі. Другі раз яны павінны былі адбыцца 2 кастрычніка, але ўлада не змагла іх правесці, паколькі было выяўлена, што для заклейкі выбарчых бюлетэняў у канверты, якія дасылаліся па пошце грамадзянамі, што прынялі ўдзел у галасаванні, выкарыстоўваўся клей, трываласць якога не адпавядала неабходным стандартам. І вось нарэшце выбары былі праведзены ў мінулую нядзелю.

Стаўкі былі досыць высокія. Нягледзячы на тое, што прэзідэнцкі пост у Аўстрыі не дае значных паўнамоцтваў у палітычным жыцці краіны, на коне было надзвычай актуальнае пытанне — на фоне брытанскага Brexіt, пра настроі аўстрыйскіх выбаршчыкаў убок захавання членства ў ЕС або аб магчымасці рушыць услед шляхам Вялікабрытаніі. Кандыдатуры прэтэндэнтаў былі ўзаемавыключальнымі. Першую пазіцыю падтрымліваў кандыдат ад зялёных, Ван дэр Белен, другую — кандыдат крайне правых ад Аўстрыйскай партыі свабоды Норберт Хофер. 22 мая розніца паміж імі склала толькі 0,3 працэнта галасоў. Вынікі новых выбараў, якія нарэшце адбыліся, зусім іншыя. Па дадзеных МУС Аўстрыі Ван дэр Белен атрымаў 60,4 працэнта галасоў, а Норберт Хофер толькі 39,6 працэнта. Вынікі выбараў даюць магчымасць адчуць сябе больш упэўнена тым палітыкам, якія выступаюць за захаванне ЕС, і ў іншых краінах Еўрасаюза. Тым больш што досыць хутка ўжо будуць праходзіць выбары ў найбуйнейшых з іх.


Праймерыз у Францыі, вынікі якіх абнародавалі 27 лістапада, таксама сталі досыць нечаканымі. Адна з самых важных партый Францыі — «Рэспубліканцы» — выбірала кандыдата для маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў. У адрозненне ад Аўстрыі, у французскага прэзідэнта досыць вялікія паўнамоцтвы. У праймерыз было адразу некалькі інтрыг. Першая з іх — хто з некалькіх дастаткова аўтарытэтных і вопытных палітыкаў зможа іх выйграць. Сапраўднай сенсацыяй стала перамога Франсуа Фіёна, які за некалькі тыдняў да праймерыз вельмі моцна адставаў ад фаварытаў, а потым здолеў атрымаць перамогу над такімі вопытнымі кандыдатамі, як Нікаля Сарказі і Ален Жупэ. Другой інтрыгай стаў вектар адносін да Расіі ў кандыдата ад рэспубліканцаў. Можна адзначыць, што перамогу атрымаў кандыдат, які найбольш добра адносіцца да Расіі. Франсуа Фіён таксама прытрымліваецца той рыторыкі, якая рабіла папулярным дэ Голя, — кажучы аб Францыі як мосце між Захадам і Усходам, а не як пра вернага члена НАТА. Шанцы Франсуа Фіёна выйграць прэзідэнцкія выбары досыць вялікія, улічваючы, што дзеючы прэзідэнт ад Сацыялістычнай партыі вельмі непапулярны і, разумеючы гэта, нават адмовіўся ад удзелу ў наступных выбарах, каб не падрываць аўтарытэт партыі яшчэ больш.


Не менш напружанай інтрыгай стаў праведзены ў нядзелю канстытуцыйны рэферэндум у Італіі, ініцыяваны ўрадам. Яго сутнасць досыць простая — палітычная сістэма Італіі вельмі нестабільная, а прыняцце законаў занадта зацягваецца, што дастаткова негатыўна адбіваецца на магчымасцях ажыццяўляць пазітыўныя рэформы. Прэм'ер-міністр Італіі Матэа Рэнцы ініцыяваў змены ў асноўны закон, якія былі закліканы спрасціць гэтыя аспекты і зрабіць палітычную сістэму краіны больш эфектыўнай. Прапаноўвалася знізіць ролю верхняй палаты парламента і забраць частку паўнамоцтваў у рэгіянальных улад. Але выбаршчыкі не пагадзіліся з ім. Па папярэдніх дадзеных экзітполаў, праект рэформаў падтрымалі толькі 39—45 працэнтаў, а адхілілі — 57—61 працэнт. Матэа Рэнцы ужо абвясціў аб сваёй адстаўцы.


Пачалі спраўджвацца меркаванні аналітыкаў з нагоды таго, што Дональд Трамп, які перамог на выбарах 2016 года, стане прэзідэнтам, які будзе весці актыўную антыкітайскую палітыку, што можа негатыўна адбіцца на сусветнай эканоміцы, якая і так перажывае цяжкія часы. Дональд Трамп правёў тэлефонныя перамовы з Тайванем, што катэгарычна недапушчальна з пункту гледжання КНР, якая імкнецца вярнуць з цягам часу поўны кантроль над сваёй правінцыяй, якая спрабуе аддзяліцца з моманту прыходу камуністаў да ўлады на кантыненце. Таксама ён выступіў з чарговымі папрокамі ў адрас эканамічнай палітыкі Кітая, абвінавачваючы краіну ў таннай валюце і бар'ерах на шляху паставак амерыканскай прадукцыі.


АПЕК змагла дамагчыся даўно чаканага рашэння аб скарачэнні здабычы нафты. 30 лістапада дзяржавы — члены АПЕК заключылі пагадненне аб скарачэнні здабычы нафты на 1,2 мільёна бараляў у суткі — да 32,5 мільёна. Дамоўленасці набудуць сілу са студзеня 2017 года і будуць доўжыцца паўгода. Адным з ключавых фактараў поспехаў перамоў стала згода Расіі, якая не ўваходзіць у альянс, скараціць вытворчасць на 300 тысяч бараляў у дзень. У выніку ў пачатку снежня кошт на нафту падняўся і трымаецца на ўзроўні больш за 50 долараў за бараль.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».