Вы тут

Тут жыў Караткевіч


Даўно лічылася, што дом, дзе сям’я Уладзіміра Караткевіча здымала жыллё пасля вяртання з эвакуацыі ў 1944 годзе, не захаваўся. Ва ўсіх біяграфічных выданнях пра У. Караткевіча згадвалася, што ў 1944 — 1946 гг. сям’я здымала два пакоі ў доме царкоўнага старасты па вуліцы Пралетарскай, насупраць гарадскіх могілак. Праўда, прозвішча яго не называлася.


Вывучаючы ў архіве дакументы пра рэлігійнае жыццё ў Оршы ў ваенны і пасляваенны час, даведаўся прозвішча старасты Петрапаўлаўскай царквы, што была размешчана на могілках па вуліцы Пралетарскай (дарэчы, адна з дзвюх дзеючых у БССР у 1939 г.) — Георгій Сцяпанавіч Марочка. Таму я абышоў усе дамы побач з могілкамі (тут, дарэчы, пахаваны бацька пісьменніка), пагутарыў з іхнімі сённяшнімі гаспадарамі. Ніхто не ведаў нават такога прозвішча. Нічога не далі і пошукі ў архіве БТІ. Тры гарадскія тэлефоны, зарэгістраваныя на прозвішча «Марочка», увесь жнівень маўчалі. У адной з сацыяльных сетак знайшоў Аксану Міхайлаўну Марочка. Яна мне дала тэлефон сваёй цёткі Наталлі Уладзіміраўны Конюшка, якая з’яўляецца роднай унучкай Г. С. Марочкі.

У адну з вераснёўскіх нядзель мы з ёй накіраваліся на вуліцу Пралетарскую. Яна была ў свайго дзядулі вельмі даўно, калі прыходзіла прыбіраць у старога ў хаце. У сямейным архіве Наталлі Уладзіміраўны захаваўся дакумент, у якім яе бацьку, што вярнуўся ўлетку 1944 года з партызанаў, накіравалі жыць у дом 74 па вуліцы Пралетарскай. Уважліва разглядаючы кожны дом па цотным баку вуліцы, мы з ёй дайшлі да дома № 50. «Магчыма, гэты дом», — кажа Наталля Уладзіміраўна. Ціснем на званок. Выходзіць жанчына сталага веку. Пытаемся адразу, у каго яны набылі дом. І тут гучыць прозвішча «Марочка». Вось і гэты дом. Нумар яго змяніўся яшчэ на пачатку 1950-х гг. Дом драўляны, шаляваны, пафарбаваны, на вуліцу выходзіць чатыры акны. Ён добра захаваўся звонку. Унутры, канечне, усё ўжо пераабсталявана. Паставілі гаспадары і новыя ўваходныя дзверы. Аднак старадаўнія латунныя ручкі засталіся. Адпаліраваныя за дзесяцігоддзі да бляску, яны памятаюць і дотыкі рукі будучага класіка беларускай літаратуры.

Адсюль Валодзя Караткевіч хадзіў вучыцца ў 1-ю беларускую школу. Таксама тут пачаў, відаць, і свой творчы шлях. У 28-й папцы хатняга архіва пісьменніка захоўваюцца ягоныя творы на рускай і беларускай мовах, напісаныя ў першыя пасляваенныя гады. Сярод іх, напрыклад, артыкул пра Францішка Багушэвіча, датаваны 16 сакавіка 1946 г.

Пра сённяшні стан дома распавядала нам ягоная гаспадыня з 1989 года Людміла Георгіеўна Буканава. Праўда, пра тое, што ў яе доме пасля вайны жыла сям’я Караткевіча, яна не ведала. Такім чынам, захаваўся яшчэ адзін дом, дзе пэўны час жыў Уладзімір Караткевіч.

Ці згадваў ён дзе ў творчасці пра сваё жыццё тут? Здаецца, не. Толькі ў лісце да свайго сябра Юрыя Гальперына (1960 г.), апавядаючы пра сваё не вельмі ўдалае заляцанне да масквічкі Ніны Молевай, Караткевіч са смуткам адзначаў (ліст на рускай мове): «...кажется, скоро возьму и женюсь на просвирне, или на вдове церковного старосты».

Такім чынам, маршрут экскурсіі «Па караткевічавых мясцінах Оршы» трэба дапоўніць адрасам на вуліцы Пралетарскай. А на доме, мяркую, неабходна ўсталяваць памятную дошку.

Віктар ЛЮТЫНСКІ, г. Орша.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».