Вы тут

Як развіваецца супрацоўніцтва паміж Гомельшчынай і Расіяй


Амаль 60 % аб'ёму знешнегандлёвых аперацый прадпрыемстваў Гомельшчыны прыпадае на Расію. Эканамічна наша вобласць злучана з 75 яе суб'ектамі ва ўсіх федэральных акругах. Гэтыя сувязі найбольш цесныя з Маскоўскай і Бранскай абласцямі, а таксама з самой сталіцай Расіі.


З Гомельскай вобласці ў Расійскую Федэрацыю пастаўляюцца чорныя металы і вырабы з іх, сельскагаспадарчая тэхніка, малочная прадукцыя, вырабы з пластмасы і шмат чаго яшчэ.

Начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва камітэта эканомікі Гомельскага аблвыканкама Ірына Давыдзенка гаворыць, што цяпер у Расійскай Федэрацыі дзейнічае пяць уласных суб'ектаў тавараправоднай сеткі гомельскіх прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны. Аб'ёмы паставак прадукцыі за першае паўгоддзе на адрас уласных крам павысіліся практычна ўдвая:

— Акрамя таго, прадпрыемствы мяса-малочнай галіны маюць дыстрыб'ютараў у 12 рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. Малочная прадукцыя пастаўляецца ў 15, а ялавічына і каўбасныя вырабы — у 17. Паміж Гомельскай вобласцю і расійскімі рэгіёнамі складзена 26 дагавораў аб гандлёва-эканамічным і навукова-культурным супрацоўніцтве. 80 дамоўленасцяў пра партнёрскія і пабрацімскія сувязі рэалізуюцца гарадамі і раёнамі вобласці з адпаведнымі адміністрацыйнымі расійскімі ўтварэннямі.

Больш за 10 гадоў ажыццяўляецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва паміж Жлобінскім раёнам і Выксунскім муніцыпальным раёнам Ніжагародскай вобласці. У горадзе Выкса працуе гандлёвы цэнтр «Жлобінскі кірмаш». На яго першым паверсе прадстаўлены беларускія прадукты харчавання, а на другім — прамысловыя тавары. Сваю прадукцыю сюды пастаўляюць не толькі Жлобінскі мясакамбінат, але і іншыя прадпрыемствы. Расіяне з задавальненнем набываюць мужчынскія касцюмы ад гомельскай фабрыкі «Камінтэрн», кашулі ад мазырскай «Надэкс», штучнае футра ад «Белфа», дзіцячае адзенне ад Жлобінскай швейнай фабрыкі і шмат чаго яшчэ...

Партнёрскія адносіны паміж Гомельскай вобласцю і паўднёва-заходняй акругай сталіцы Расіі актыўна развіваюцца на працягу апошніх дзесяці гадоў. Адным з вынікаў гэтага ўзаемадзеяння ў межах рэалізацыі дагавора аб эканамічным, навукова-тэхнічным і сацыяльна-культурным супрацоўніцтве стала ўладкаванне на тэрыторыі Савецкага раёна Гомеля праекта «Маскоўскі дворык», а ў раёне Новыя Чаромушкі — праекта «Беларускі дворык».

Апошні ўпрыгожвае скульптурная кампазіцыя, у якой ёсць месца фантану, а таксама зубру, буслам, вожыкам і жабкам. Гомельскі скульптар Дзмітрый Папоў паклапаціўся, каб па перыметры была выкладзена плітка з беларускім арнаментам і ўсталяваны лаўкі вытворчасці гомельскага ліцейнага завода «Цэнтраліт». Пра паходжанне дворыка нагадваюць таксама выявы гербаў Гомеля і Гомельскай вобласці. На тэрыторыі добраўпарадкаваныя спартыўная і дзіцячая пляцоўкі з арэлямі, трэнажорамі, пясочніцамі і дэкаратыўнымі ліхтарамі.

Ну а ў падарунак гамяльчанам расіяне зрабілі ў Гомелі прыгожы і сучасны «Маскоўскі дворык». За кошт прэфектуры Паўднёва-заходняй акругі Масквы ў двары па вуліцы Бочкіна абсталяваны спортпляцоўкі са спецыяльным пакрыццём, дзіцячыя пляцоўкі з гульнявым абсталяваннем, усталяваны лаўкі, абноўлена хакейная пляцоўка, разбіты новыя газоны...

Дагавор аб эканамічным, навукова-тэхнічным і сацыяльна-культурным супрацоўніцтве паміж Гомельскім аблвыканкамам і Адміністрацыяй Бранскай вобласці падпісаны сёлета ў жніўні. На тэрыторыі гэтага расійскага рэгіёна дзейнічае сумеснае прадпрыемства па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі — закрытае акцыянернае таварыства «Брансксельмаш». Цяпер тут арганізаваны ўчасткі зваркі, афарбоўкі, механічнай апрацоўкі... Спецыялісты сумеснага прадпрыемства разам з Гомсельмашам займаюцца вытворчасцю і рэалізацыяй сельскагаспадарчай тэхнікі і запасных частак, а таксама сэрвісным абслугоўваннем. На прадпрыемстве адбываецца зборка сямі мадэляў камбайнаў, якія прайшлі выпрабаванні і маюць усе неабходныя сертыфікаты Расійскай Федэрацыі.

Развіваюцца прамыя партнёрскія кантакты і паміж адукацыйнымі ўстановамі Масквы і Гомельскай вобласці. Так, школа № 1368 Масквы і Рэчыцкі раённы ліцэй падпісалі дагаворы аб супрацоўніцтве. Аналагічныя існуюць паміж Гомельскім абласным ліцэем і Цэнтрам адукацыі «Школа здароўя» № 46 Масквы, а таксама паміж школай № 191 сталіцы Расіі і гімназіяй № 51 Гомеля.

Актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў сферы спорту, турызму і культуры. Сёлета літаратурныя відэамасты звязвалі Гомель з Масквой. На іх абмяркоўвалася, у тым ліку, творчасць дзіцячых пісьменнікаў Гомельшчыны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ёсць кантакт!

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.