Вы тут

Малы бізнес на Віцебшчыне засяродзіўся на сферы паслуг


Стэрэатып пра тое, што пераважная большасць прадпрымальнікаў — гэта гандляры, абвяргае адпаведная статыстыка. Бізнес на самай справе шматпрофільны. Усё больш рашуча рушыць ён у сферы вытворчасці. Дарэчы, на Віцебшчыне ёсць прадукцыя, якую вырабляюць толькі на прадпрыемствах малога і сярэдняга бізнесу. У прыватнасці, аднафазныя электрарухавікі пераменнага току, адзенне з натуральнага футра, шампунь, шакалад і гэтак далей.


У глыбінцы — прэферэнцыі

На сёння ў паўночнай вобласці краіны зарэгістраваныя больш за 9 тысяч фірмаў, якія адносяцца да малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, каля 23 тысячы ІП.

Колькасць дзелавых людзей з глыбінкі таксама павялічваецца. І ім гарантаваныя прэферэнцыі. Адпаведны Дэкрэт №6 Прэзідэнта з'явіўся ў 2012 годзе. Дзякуючы прывілеям, колькасць прадпрымальніцкіх арганізацый у малых гарадах, аграгарадках павялічылася на 5%. А разам гэта амаль што 40% ад усіх зарэгістраваных у вобласці.

— Падатковымі льготамі актыўна карыстаюцца суб'екты прадпрымальніцтва Бешанковіцкага, Расонскага і Лёзненскага раёнаў. Маёмаснымі — Полацкага, Віцебскага і Пастаўскага. А найбольш актыўныя «льготнікі» — у Лепельскім, — канстатуе намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч.

У сельскай мясцовасці выгадней распачынаць сваю справу і беспрацоўным. Усе патэнцыяльныя прадпрымальнікі з ліку беспрацоўных могуць прэтэндаваць на добрую бязвыплатную субсідыю. Яе сума — ад 11 да 20 сярэдніх бюджэтаў пражытачнага мінімуму (з 1 лістапада памер аднаго бюджэту —174,52 рубля)...

А як могуць дэпутаты мясцовых Саветаў дапамагчы развіццю недзяржаўнага сектара эканомікі?

— У краіне створаная нармальная нарматыўная база для падтрымкі дзелавой ініцыятывы. У нас сапраўды спрыяльныя ўмовы для інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці. Пашыраецца дзяржаўна-прыватнае партнёрства. І дэпутаты абласных і раённых Саветаў павінны прымаць рашэнні, якія дапамагалі б росквіту прадпрымальніцтва. Я маю на ўвазе магчымасць выкарыстання дзяржаўнай маёмасці, зямлі і іншае, — расказвае памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Пазняк.

Маленькія і вялікія

Каля 80% суб'ектаў сярэдняга прадпрымальніцтва ажыццяўляюць дзейнасць у галіне прамысловасці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі. А так званы малы бізнес (фірмы да 100 чалавек) засяродзіўся ў асноўным на сферы паслуг насельніцтву. І толькі 36,5% займаюцца гандлем.

Цікава, што невялікія фірмы, як і ў краінах з багатым вопытам бізнес-дзейнасці, паспяхова выконваюць заказы буйных прадпрыемстваў. Гэта — партнёрства ў форме субкантрактацыі. Такім чынам, на падставе кааперацыі выпускаюцца: упакоўка для харчовых прадуктаў, камплектуючыя для абутку, вымяральныя прыборы, солад, тара, паддоны... У пераліку заказаў бізнесу ёсць і ланцугі, і спружыны для сельскагаспадарчай тэхнікі, і крапежныя вырабы, і гэтак далей. Але да вопыту ў гэтым пытанні развітых краін нам яшчэ далёка. А менавіта такая практыка — адзін з вядучых фактараў павышэння эфектыўнасці вытворчасці.

— Змяніць сітуацыю можа рэструктурызацыя прамысловых прадпрыемстваў. Незагружанае абсталяванне і пустыя цэхі — гэта раскоша. Кожны рубель актываў павінен працаваць. Тут могуць быць створаны функцыянальныя малыя прадпрыемствы. Адпаведна з'явяцца новыя працоўныя месцы, панізяцца выдаткі, скароціцца імпарт, — працягвае віцэ-губернатар.

Што датычыцца экспарту, на долю бізнесу на сёння прыходзіцца амаль што яго траціна. Зразумела, патэнцыял вялікі.

Што ў інкубатары

У народзе кажуць, што куранят восенню лічаць, а ў інкубатары для бізнесу прырост падлічваюць вельмі часта.

— За 16 гадоў адкрылі больш за 100 паспяховых прадпрыемстваў. На іх працуюць каля 1000 чалавек... Сёння ў васьмі будынках размешчаны каля 180 суб'ектаў гаспадарання, — расказвае дырэктар інкубатара малога прадпрымальніцтва прававой групы «Закон і парадак» Міхаіл Кейзераў.

У інкубатары па сімвалічнай цане можна арандаваць памяшканне пад офіс, вытворчасць, склад. Тут аказваюць юрыдычныя, бухгалтарскія, маркетынгавыя паслугі. Ствараецца бізнес-школа для кіраўнікоў прадпрыемстваў — іх навучаць арыентавацца ў сучасных рэаліях бізнесу, пераадольваць крызісы, правільна наладжваць сувязі, шукаць інвестараў і заказчыкаў.

Пра тое, што падтрымка мясцовай улады параўнальна эфектыўная, сведчаць наступныя лічбы. Толькі ў першым паўгоддзі гэтага года пачалі дзейнасць каля 150 новых арганізацый і 12 вытворчасцяў. Створана каля 1,2 тысячы новых рабочых месцаў...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Бізнесу — зялёнае святло

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.