Вы тут

Які смак беларускай кухні?


Юлія і Кастусь мінчане, але пяць гадоў таму вырашылі пераехаць у Смаргонскі раён і пачаць уласную справу. Як гаворыць гаспадыня, яны фанаты вясковага ладу жыцця. Цяпер разам са сваімі дзецьмі Артурам і Веранікай жывуць на хутары і робяць, для кагосьці цудоўны, а для знаўцаў — традыцыйна беларускі, яблычны сыр.


Юлія і Кастусь Вінакуравы. Фота citydog.by

Ведаем наша

Не кожная сям'я адважыцца пераехаць са сталіцы ў вёску. Але Кастусь і Юлія гавораць, што нават на хутары жыць не цяжка. Асабліва калі ёсць машына. Перад тым як пераехаць, яны змянілі некалькі хат. Спачатку купілі хату-гнілушку ўсяго за 300 долараў. Святло ўключаеш — і яна як абажур: звонку відаць, як прамяні прабіваюцца скрозь сцены. У ёй перазімавалі, а потым пераехалі на хутар. Там і пачалі займацца сядзібай і вырошчваць экалагічна чыстыя прадукты.

Яблычны сыр нельга з чымсьці пераблытаць, таму яго лёгка зрабіць беларускім нацыянальным прадуктам, лічаць гаспадары.

Увогуле, яго гатуюць толькі ў нас і ў Літве, але рэцэпты з розных краін адрозніваюцца, ды і смак таксама. Рэцэпт яблычнага сыру вядомы на нашых землях здаўна. Адзін з яго варыянтаў — салодкі. Яблыкі напалову змешваюць з цукрам ці мёдам. Але такая страва магла з'явіцца на стале толькі заможных шляхцічаў, бо цукар быў даволі дарагім інгрэдыентам. А вось сяляне хутчэй ужывалі яблычны сыр з кменам. Калі дадаць туды яшчэ чырвонага перцу і солі — ён будзе нагадваць каўбасу. Такі сыр добра ідзе ў якасці закускі.

Цяпер сям'я Вінакуравых разлічвае адкрыць сваю сырную вытворчасць. У рамках аграсядзібы вырабляць прадукт даволі цяжка: прадаваць можна толькі з рук у рукі, ды і шмат не нагатуешь. А так можна выходзіць на вялікія аб'ёмы і гандляваць праз крамы. Другая ідэя — звярнуцца да кансервавага завода, каб узяць абсталяванне ў арэнду і на ім ужо гатаваць яблычны сыр і прадаваць пад сваім брэндам. Гэта першы прадукт, з якім яны плануюць выходзіць на рынак, потым могуць дадавацца іншыя традыцыйныя вырабы, каб развіваць даступнасць і пазнавальнасць прадуктаў беларускай кухні.

Кулінарныя традыцыі

Кастусь і Юлія гавораць, што яны па духу вясковыя людзі. «Нам падабаецца, калі прыходзяць госці — адразу стол накрыць трэба».

Калі пераязджаеш у глыбінку, пачынаеш цікавіцца традыцыямі мясцовасці, дзе жывеш, таму гаспадары ведаюць вельмі шмат «тутэйшых» рэцэптаў:

— На Смаргоншчыне — гэта грыбныя катлеты. Без іх ніяк. Абавязкова робяць галёнку з фасоллю і ячнымі крупамі, запечаную ў печы. Ёсць у нас і бонды — ячменныя булкі — для іх вадкае цеста на «дзікіх» дражджах наліваецца ў апалонік, потым у печку так «шлёп!» — і падымаецца. Вельмі смачна.

Каб зрабіць беларускую кухню брэндам, лічыць Кастусь, трэба пачынаць з традыцыйных прадуктаў. Зараз Беларусь асацыюецца толькі з бульбай, неабходна такую сітуацыю мяняць. Гэта паступовы працэс. У нас ёсць рэстараны беларускай кухні і сучасныя кулінарныя кнігі па ёй. Адзінае, чаго цяпер няма, — гэта рэгіянальных кухняў. У межах Беларусі існуюць асаблівасці ў кожнай мясцовасці. Так, праект «Адпачынак у вёсцы» збіраў гэтыя рэцэпты, каб зрабіць кулінарную карту і кожны вандроўнік ведаў, якую ўнікальную страву ў аграсядзібах можна пакаштаваць. Выхадам на такую рэгіянальную кухню мог бы стаць зборнік рацэптаў па мясцовасцях, як, напрыклад, ужо існуе па касцюмах.

Адкрыты шлях для бізнесу

Аграсядзіба ў Вінакуравых не простая, а пермакультурная. Гэта азначае, што яны вырабляюць толькі экалагічна чыстыя прадукты. «Заўсёды прыемна зарабляць грошы на сваім ладзе жыцця. Да таго ж зараз гэта папулярна і прыцягвае людзей. Вырашылі ў гэтым кірунку развівацца». Цяпер яны вырабляюць малочныя сыры і вырошчваюць агародніну для адной з мінскіх крам. Юлія гаворыць, што сёння мясцовыя ўлады вельмі зацікаўлены ў развіцці такіх стартапаў:

— У нас цэлая праграма па падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу. Мы абмяркоўвалі свой праект з кіраўніком нашага раёна Генадзем Харужыкам. Ён заўсёды вельмі прыхільна ставіцца да гэтай справы. У нас кожны год праводзяцца кірмашы для прыцягнення інвестыцый. І нашу ідэю з задавальненнем вылучаць на такі форум, каб знайсці фінансавую падтрымку. Але для гэтага патрэбны добры бізнес-план.

Сыр робяць у сыраварцы з казінага і авечага малака. З кароўім не заладзілася — травастой не падыходзіць, атрымліваўся толькі кефір, бо малако кіслае. У гаспадарцы трымаюць адзінаццаць коз, чатыры свінні, тры авечкі, цяля, курэй, індыка і качак. Думалі выходзіць на зімовую зеляніну — паставілі цяпліцу. Але вырашылі, што даволі дорага падключаць зімовае ацяпленне, так што зеляніну вырошчваюць сезонную.

Планы ёсць і па развіцці турызму:

— Мы хочам зараз зрабіць квэсты для сем'яў. Для дзяцей — на адным участку, каб далёка не хадзіць, а для дарослых можна і на машыне або веласіпедзе па мясцовасці пакатацца. Мы супрацоўнічаем з рознымі сядзібамі. Як на Валожыншчыне працуе праект «Адпачынак у вёсцы», так і тут можна зрабіць грамадскае аб'яднанне. Такім чынам, мы будзем працягваць турыстычны гасцінец да мяжы з Літвой. Для гэтага ў нас ёсць і зацікаўленыя гаспадары аграсядзіб з Астравецкага раёна. Ды і нашы знаёмыя падтрымліваюць гэту ідэю. Напрыклад, Юлія Літвінава і Зміцер Мурашка рамеснікі. Яны вельмі творчыя людзі. Зміцер займаецца традыцыйнай экаархітэктурай. Таму, калі зрабіць такі цікавы маршрут, можна прыцягнуць шмат турыстаў. Гэта будзе развіваць і мясцовую супольнасць, бо сядзібы могуць рабіць і сацыяльныя праекты.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: У чаргу па фруктовы сыр!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».