Вы тут

Міністр абароны Андрэй Раўкоў: У беларускай арміі — год якасці


Традыцыйна ў гэты перыяд у Міністэрстве абароны падводзяцца вынікі мінулага года, складаюцца планы на наступны. Год баявой падрыхтоўкі, які ўжо завяршыўся, не прадугледжваў буйнамаштабных вучэнняў узроўню «Шчыт Саюза» або «Захад», але на парадку дня былі іншыя вучэнні, праверкі, стрэльбы.


Апошнім часам задач у галіне абароны становіцца ўсё больш. Ваенна-палітычнае становішча ў свеце абумоўлівае змяненне формаў і спосабаў барацьбы. І наша дзяржава не можа не рэагаваць на гэта. Прыняцце новай Ваеннай дактрыны, а таксама глыбокая мадэрнізацыя беларускай арміі сведчаць аб тым, што Узброеныя Сілы ідуць у нагу з часам. Што яшчэ спрыяе далейшаму ўмацаванню бяспекі, падтрымлівае мір і стабільнасць у краіне, расказаў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ.

— Андрэй Аляксеевіч, ці ўдалося павысіць баявую падрыхтоўку вайскоўцаў? Або, на ўжо мінулы навучальны год, ставіліся іншыя мэты?

— Вынікамі аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, а таксама выкананымі падчас вучэнняў задачамі пацвярджаецца надзейнасць сістэмы ваеннай бяспекі нашай краіны. Камандна-штабное вучэнне Узброеных Сіл, якое прайшло ў верасні, стала апагеем мерапрыемстваў баявой і аператыўнай падрыхтоўкі за 2015/2016 навучальны год.

Вынікі праведзенага вучэння, мэтай якога з'яўлялася праверка адэкватнасці формаў і спосабаў процідзеяння новым выклікам і пагрозам ваеннай бяспецы дзяржавы, дэталёва намі прааналізаваны і будуць пакладзены ў аснову ўдасканалення тэорыі спецыяльных дзеянняў.

Прадстаўнікі Узброеных Сіл Беларусі ўдзельнічалі ў сумесных вучэннях сіл і сродкаў разведкі «Пошук-2016» на тэрыторыі Таджыкістана, міратворчых сіл «Непарушнае братэрства — 2016» на нашай зямлі і ў камандна-штабным вучэнні з кантынгентамі калектыўных сіл аператыўнага рэагавання «Узаемадзеянне-2016» у Расійскай Федэрацыі. Нязменна высокія вынікі дэманструюць воінскія часці Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны ў рамках тактычных вучэнняў з баявой стральбой на расійскім палігоне Ашулук. Сёлета ваеннаслужачыя вельмі добра паказалі сябе ў намінацыях «Авіядартс» і «Ключы ад неба» падчас «Армейскіх міжнародных гульняў — 2016». Для забеспячэння жывучасці авіяцыі абсталяваны і апрабаваны аэрадромныя ўчасткі дарог. Сёлета ўпершыню праведзена лётна-тактычнае вучэнне з пасадкай на аэрадромныя ўчасткі дарог у начных умовах самалётаў МіГ-29, Су-25, Як-130. Нядаўна завяршылася праверка ўзроўню прафесійна-службовай падрыхтоўкі афіцэраў Узброеных Сіл пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі. Яе можна смела назваць галоўным іспытам года для беларускай арміі. І гэты экзамен з годнасцю вытрыманы.

— Кіраўнік нашай дзяржавы, які асабіста ацаніў боегатоўнасць вайскоўцаў, адзначыў, што сістэму падрыхтоўкі ваенных кадраў неабходна ўдасканаліць. Якім чынам будзеце выконваць пастаўленую Галоўнакамандуючым задачу?

— Кадры вырашаюць усё. Гэты тэзіс актуальны ва ўсе часы. Не з'яўляецца выключэннем і сістэма забеспячэння ваеннай бяспекі Беларусі. Зроблена вельмі шмат. Мы стварылі нацыянальную школу падрыхтоўкі ваенных кадраў на ўсіх узроўнях. Больш за тое, Беларусь з'яўляецца першай краінай на постсавецкай прасторы, дзе пачалі рыхтаваць ваенных лётчыкаў (сярод дзяржаў, дзе раней такая падрыхтоўка не ажыццяўлялася). Але, як і любая іншая, сістэма ваеннай адукацыі патрабуе пастаяннага ўдасканалення і развіцця. Размова ідзе аб тым, што галоўны прынцып падрыхтоўкі і войскаў, і ваенных кадраў — вучыць таму, што неабходна на вайне. На сучаснай вайне — надзвычай складанай і вельмі часта непрадказальнай.

Невыпадкова кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача сканцэнтраваць асноўныя намаганні на навучанні войскаў сучасным спосабам вядзення ўзброенай барацьбы. У прыватнасці, разгрупаванні баявых дзеянняў аўтаномнымі мабільнымі групамі, здольнымі нанесці праціўніку максімальна непрымальны ўрон. А ў падрыхтоўцы кадраў — на фарміраванні ўменняў і навыкаў практычных дзеянняў па кіраванні воінскімі падраздзяленнямі. Тут неабходна разумець, што, згодна з Ваеннай дактрынай, Беларусь не разглядае ні адну з дзяржаў у якасці праціўніка. Каб не было ворагаў у нашай краіны і надалей, неабходна ўмець абараняць Радзіму. На гэта якраз і накіравана падрыхтоўка войскаў, ваенных кадраў.

— Чым было абумоўлена прыняцце новай Ваеннай дактрыны?

— Распрацоўка новай Ваеннай дактрыны, па-першае, была абумоўлена значнымі зменамі ваенна-палітычнага становішча ў свеце і Еўрапейскім рэгіёне, у тым ліку непасрэдна каля межаў Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся на працягу апошняга дзесяцігоддзя. Па-другое, асаблівасцямі сучасных ваенных канфліктаў, характэрнымі рысамі якіх з'яўляюцца змешаныя спосабы ваенных дзеянняў, прымяненне як высокаэфектыўных сістэм высокадакладнай зброі, так і шырокае выкарыстанне нетрадыцыйных формаў прымянення ваеннай сілы, у прыватнасці, рэгулярных узброеных фарміраванняў. Па-трэцяе, з'яўленнем новых выклікаў і пагроз, звязаных з распрацоўкай і актыўным ужываннем на практыцы канцэпцый і механізмаў змены дзяржаўнай улады ў іншых краінах, змены іх канстытуцыйнага ладу і парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці шляхам правакавання ўнутранага ўзброенага канфлікту.

Мір, бяспека і згода ў грамадстве — найважнейшыя каштоўнасці беларускага народа. Каб яны былі надзейна абаронены, палажэнні новай Ваеннай дактрыны ўжо рэалізуюцца.

— Наступны год ва Узброеных Сілах Вы аб'явілі годам якасці...

— Будаўніцтва і развіццё Узброеных Сіл працягваецца з задачай дасягнення іх новага якаснага стану. Год якасці прадугледжвае дасканалае авалоданне найноўшай тэхнікай і ўзбраеннем, якія паступаюць у беларускую армію, навучанне войскаў самым перспектыўным формам іх баявога прымянення. Асаблівая ўвага будзе нададзена павышэнню якасных паказчыкаў падрыхтоўкі ваенных кадраў. У нас створана айчынная сістэма ваеннай адукацыі: ад тактычнага да стратэгічнага ўзроўню. У цяперашні час ажыццяўляецца працэс яе якаснага ўдасканалення. Прычым галоўная ўвага надаецца практычным пытанням кіравання войскамі, баявой рабоце. У гэтым — залог бяспекі нашай краіны.

— Вы не аднойчы адзначалі магутны патэнцыял айчыннага ВПК. А ці складаюць беларускае ўзбраенне і ваенная тэхніка канкурэнцыю аналагічнай прадукцыі замежных вытворцаў?

— Толькі адзін прыклад. Сёлета беларускія каманды паспяхова выступілі на Міжнародных армейскіх гульнях, у тым ліку ў ходзе «Танкавага біятлону». Нашы танкісты ажыццяўлялі заезды на танках, якія прайшлі мадэрнізацыю ў Беларусі. У прыватнасці, на танку Т-72Б быў устаноўлены прыцэл айчыннай вытворчасці «Сасна-У». У ходзе спаборніцтваў падчас стрэльбаў з узбраення танка роўных беларусам не было. Таму варта аддаць належнае майстэрству нашых экіпажаў, у складзе якіх, дарэчы, былі і салдаты тэрміновай ваеннай службы.

Усё гэта сведчыць аб тым, што тэхніка і ўзбраенне, якія вырабляюцца айчынным ВПК, выкананы на ўзроўні лепшых сусветных стандартаў. Гэта і аўтаматызаваныя сістэмы кіравання зброяй і войскамі, і оптыка-электронныя сістэмы і прыцэлы, а сёння і ракетная зброя. Прыклад таму — рэактыўная сістэма залпавага агню вялікай далёкасці «Паланэз». Гэтым можна ганарыцца.

— Міністэрства абароны рэгулярна ажыццяўляе закупку ўзбраення і ваеннай тэхнікі за мяжой. Усё ж ёсць тое, чаго айчынны ВПК не здольны вырабіць сам? Або, каб ісці ў нагу з часам, мы павінны асвойваць і тую тэхніку, якая стаіць на ўзбраенні іншых армій свету?

— За мяжой мы набываем толькі тыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, якія не вырабляе айчынны ваенна-прамысловы комплекс. Сёлета па раней падпісаных кантрактах працягнулася паступленне ў ВПС і войскі СПА вучэбна-баявых самалётаў Як-130, верталётаў Мі-8 МТВ-5, зенітна-ракетнага комплексу «Тор М2» (ужо чатыры батарэі ўзброены гэтымі сістэмамі). У цяперашні час прапрацоўваецца пытанне аб закупцы ў Расіі самалётаў Су-30.

Вайскоўцы ўжо не толькі асвойваюць тэхніку, а і прымяняюць яе ў ходзе баявой вучобы. Лётчыкі 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы за кароткі час авалодалі новым самалётам Як-130 і ўжо паспяхова адпрацавалі прымяненне амаль усіх відаў штатнага ўзбраення: авіяцыйных бомбаў, некіруемых авіяцыйных ракет розных калібраў. Упершыню ў гісторыі нашай авіяцыі адпрацавана прымяненне высокадакладнай зброі — авіяцыйных бомбаў КАБ-500Кр. Гэта зброя адрозніваецца высокай дакладнасцю і эфектыўнасцю, патрабуе адпаведнага ўзроўню падрыхтоўкі лётнага складу.

— Закранаючы адну з гарачых тэм. Не сакрэт, што памяншэнне колькасці прызыўнікоў — наступства дэмаграфічнай сітуацыі 1990-х гадоў, звязанай са спадам нараджальнасці. Ужо дзейнічае Закон «Аб альтэрнатыўнай службе». На Ваш погляд, ці прыжывецца альтэрнатыўная служба ў нашай краіне?

— Беларусь — прававая дзяржава. У адпаведнасці з Канстытуцыяй парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад службы або замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам. Ён прыняты. Маладым людзям дадзена права праходзіць альтэрнатыўную, гэта значыць неваенную службу. Ці прыжывецца гэты від грамадзянскай службы? Для людзей, якія па рэлігійных перакананнях не могуць трымаць у руках зброю, — цалкам. Але ці шмат такіх у нашай краіне? На цяперашні момант гэта абсалютна мізэрная колькасць грамадзян. Кіраўніцтва ваеннага ведамства не сумняваецца, што абарона Радзімы была, ёсць і будзе святым абавязкам грамадзяніна Беларусі.

— Любоў да Айчыны прывіваецца з сям'і. Але не кожную беларускую сям'ю сёння можна назваць патрыятычна настроенай. Ці дастаткова патрыятычнае выхаванне наладжана ў школе, ва ўніверсітэце. І ўвогуле, на Вашу думку, быць патрыётам сёння прэстыжна?

— Больш чым 20-гадовы перыяд стабільнасці і міру ў незалежнай краіне аб'ектыўна паспрыяў зніжэнню пільнасці ў асобных грамадзян, выклікаў ілюзіі, што самыя важныя для народа каштоўнасці — мір і бяспека — дадзены нам раз і назаўсёды. Захаваць гэтыя каштоўнасці без гатоўнасці да ўсенароднай абароны Айчыны, якая пачынаецца з падрыхтоўкі моладзі да вайсковай службы, у сучасных умовах немагчыма.

У цэлым, грамадзяне нашай краіны гатовы абараняць сваю Радзіму, але ёсць і нявырашаныя пытанні. Размова ідзе аб неабходнасці ўдасканалення падрыхтоўкі моладзі да ваеннай службы.

Малады чалавек псіхалагічна і фізічна не заўсёды гатовы да яе. Чаму так адбываецца? Адна з прычын у тым, што ў цяперашні час дапрызыўная падрыхтоўка недастаткова эфектыўная. Прычым большасць выкладчыкаў не маюць неабходнай кваліфікацыі, не служылі ў арміі і нават не ўяўляюць, што такое вайсковая служба. Адносна невялікі працэнт ваеннаслужачых запасу, якія выкладаюць дапрызыўную падрыхтоўку, абумоўлены невысокім статусам гэтай пасады для былога вайскоўца.

Ваенным ведамствам прапрацоўваецца пытанне ўдасканалення дапрызыўнай падрыхтоўкі. Для гэтага неабходна ўнесці адпаведныя змены ў навучальныя праграмы, прыняць меры па прыцягненні да дапрызыўнай падрыхтоўкі афіцэраў запасу, павысіўшы іх службовы аклад шляхам уліку выслугі ў выкладчыцкім стажы. У перспектыве цалкам рэальна ўкамплектаваць на ўсе 100% пасады выкладчыкаў афіцэрамі запасу альбо тымі, хто прайшоў спецыяльную падрыхтоўку на базе Ваеннай акадэміі. Па ініцыятыве Міністэрства абароны пытанне дэталёва аналізуецца зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання. Калі мы адчуваем праблему, то робім усё для таго, каб яе вырашыць.

— Усё часцей непакоіць нестабільная абстаноўка ў свеце. Падчас калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі, якая нядаўна адбылася ў Мінску, Сяргей Шайгу звярнуў увагу на ўмацаванне дзейнасці НАТА паблізу межаў Саюзнай дзяржавы. Ці можа беларуская армія служыць гарантам бяспекі хоць бы для жыхароў нашай краіны?

— Яна ўжо служыць і рэальна забяспечвае бяспеку краіны, мірную працу беларускага народа, выконвае задачы па абароне Саюзнай дзяржавы. Для гэтага ажыццяўляецца рэалізацыя новай Ваеннай дактрыны, праводзіцца глыбокая мадэрнізацыя Узброеных Сіл, якія аснашчаюцца самай сучаснай тэхнікай і ўзбраеннем, ажыццяўляецца эфектыўнае ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Расіяй, дзяржавамі АДКБ. Усё гэта ў сукупнасці з паслядоўным шматвектарным знешнепалітычным курсам нашай дзяржавы, несумненна, будзе спрыяць далейшаму ўмацаванню бяспекі, а таксама падтрыманню міру і стабільнасці ў краіне.

— 23 лютага — якраз у Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі — споўніцца шэсць гадоў сумеснаму праекту рэдакцыі газеты «Звязда» і Міністэрства абароны «Плацдарм». Як ацэньваеце сумесны праект? Наколькі ён, на Ваш погляд, аб'ектыўна адлюстроўвае развіццё і будаўніцтва Узброеных Сіл?

— Дзякуючы працы таленавітых і высокапрафесійных супрацоўнікаў газеты «Звязда» штомесячны спецвыпуск «Плацдарма» чакаюць не толькі ваеннаслужачыя і ветэраны, але і прызыўнікі, іx родныя і блізкія, тыя, хто ўжо адслужыў, хто марыць аб прафесіі вайскоўца. Важная і дакладная інфармацыя аб сучаснай беларускай арміі, якая падаецца на старонках выдання, становіцца здабыткам грамадскасці, што ў поўнай меры садзейнічае вырашэнню сумесных задач па ўмацаванні бяспекі Рэспублікі Беларусь, павышэнню маральнага духу беларускага народа, патрыятычнаму выхаванню грамадзян краіны. Я ўдзячны карэспандэнтам «Звязды», якія шчыра цікавяцца працэсамі, што адбываюцца ў войску, не баяцца складаных тэм, камандзіровак у аддаленыя гарнізоны, за прафесіяналізм і журналісцкае майстэрства, жывыя і цікавыя рэпартажы, актыўную грамадзянскую пазіцыю. Упэўнены, што пастаяннае плённае супрацоўніцтва будзе працягвацца і далей.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У беларускай арміі — год якасці

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.