Вы тут

На закрыцці футбольнага сезона назвалі лепшых гульцоў і трэнераў


Як і годам раней урачыстая цырымонія «Зорны мяч» прайшла ў сталічным Рrіmе Hаll. У гэты вечар там сабралася ўся эліта айчыннага футбола. Ужо па традыцыі першым з прывітальным словам выступіў кіраўнік федэрацыі Сяргей Румас, ён падвёў вынікі адыходзячага года.


— 2016-ы выдаўся няпростым для ўсіх нас. Вядучыя клубы не змаглі прабіцца ў групавыя стадыі еўракубкаў, іншага выніку мы чакалі ад зборнай. Праблемным стаў і чэмпіянат краіны, але мы прынялі няўдачы з годнасцю і верай, што яны зробяць нас мацнейшымі ў будучыні, — сказаў Сяргей Мікалаевіч, але разам з тым адзначыў і плюсы праведзенай работы ў сёлетнім сезоне. — Дзве юнацкія зборныя прабіліся ў элітны раўнд чэмпіянату Еўропы. Мы правялі чэмпіянат Еўропы сярод дзяўчат да 17 гадоў, якому УЕФА даў найвышэйшую адзнаку. Сёлета быў уведзены ў строй і ўжо функцыянуе тэхнічны цэнтр нашай асацыяцыі, якім мы без усялякага сораму можам ганарыцца, — дадаў кіраўнік.

Ад слоў і вынікаў прысутныя перайшлі да самай цікавай часткі мерапрыемства — раздачы прызоў. Пачнём з дам. Лепшай футбалісткай жаночага чэмпіянату краіны аб'яўлена Анастасія Ліннік са сталічнай «Зоркі»-БДУ, яе аднаклубніца Наталля Васкабовіч стала лепшай футбалісткай Беларусі.

Галкіпер футбольнага клуба «Мінск» Андрэй Клімовіч названы лепшым варатаром чэмпіянату, лепшым абаронцам стаў Павел Рыбак з салігорскага «Шахцёра». Сярод паўабаронцаў ганаровай статуэткі ўдастоены Ігар Стасевіч з БАТЭ, ён жа стаў і лепшым гульцом чэмпіянату. Адзначым, такое званне Ігар атрымлівае ўжо трэці год запар.

Аднаклубнік Стасевіча, капітан барысаўчан Віталь Радзівонаў шосты раз прызнаны лепшым нападаючым чэмпіянату. У 25 матчах ён забіў 15 мячоў і падзяліў званне лепшага снайпера турніру разам з партнёрам па камандзе Міхаілам Гардзейчуком.

— Рады, што мне ўдалося вярнуцца ў гэтую святочную залу. Рады таму, што працую ў лепшай камандзе краіны, з лепшымі ў краіне партнёрамі, якія дазваляюць дамагацца высокіх мэт. У БАТЭ створаны ўсе ўмовы, каб гульцы развіваліся, таму мне прыемна працаваць тут, — адзначыў Віталь.

Прыз імя Аляксандра Пракапенкі «За футбольны талент і самааддачу ў гульні за Беларусь» атрымаў Дзяніс Палякоў з БАТЭ. Лепшым трэнерам краіны прызнаны Віктар Ганчарэнка, які цяпер трэніруе «Уфу». Лепшым футбалістам краіны названы Цімафей Калачоў, які гуляе за «Растоў». Для 35-гадовага Калачова гэта другая падобная ўзнагарода, упершыню ён быў названы лепшым футбалістам краіны ў 2013 годзе.

Лепшым гульцом краіны ў пляжным футболе названы Ігар Брыштэль (БДПУ). У такой жа намінацыі ў міні-футболе статуэтку забраў Аляксандр Чэрнік («Сталіца»). Лепшая судзейская брыгада — Аляксей Кульбакоў (галоўны арбітр), асістэнты — Віталь Малюцін і Дзмітрый Жук. Прыз за асаблівы ўнёсак у развіццё масавага футбола атрымаў Юрый Бялецкі (Жабінка).

Акрамя індывідуальных узнагарод былі ўручаны і камандныя прызы. Футбольны клуб БАТЭ быў лепшым у намінацыях — «Справядлівая гульня», «Прыз сімпатый гледачоў», «За волю да перамогі», а таксама атрымаў прыз у намінацыі «Двума складамі».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: З годнасцю і верай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.