Вы тут

Беларусь і Іркуцкая вобласць наросцяць узаемны гандаль


Беларусь і Іркуцкая вобласць Расіі павінны знайсці рэзервы для нарошчвання ўзаемнага гандлю. Аб гэтым Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Іркуцкай вобласці Сяргеем Леўчанкам.


«Эканоміка — гэта аснова любых адносін, таму, хочаш ці не хочаш, прыйдзецца знайсці гэтыя рэзервы. А яны ёсць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы перад гэтым, што сёлета адбылося значнае зніжэнне ўзаемнага тавараабароту.

«Ёсць добрыя перспектывы для супрацоўніцтва па пастаўках вам кар'ернай, грузавой і іншай спецыяльнай тэхнікі, а таксама пагрузчыкаў для радовішчаў вугалю і іншых радовішчаў, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Акрамя таго, мы гатовыя пастаўляць вам сельскагаспадарчую, пасажырскую, дарожна-будаўнічую тэхніку. Развіваць вытворчую кааперацыю, у тым ліку з прадпрыемствамі абаронна-прамысловага комплексу. Мы гатовы ствараць сумесныя прадпрыемствы на тэрыторыі вобласці і ісці тым шляхам, які пракладзены намі ўжо ў іншых рэгіёнах Расіі».

На сустрэчы адзначалася, што ў Іркуцкай вобласці сёлета ўжо паспелі дастаткова сур'ёзна пераарыентавацца на беларускую тэхніку, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. Пры гэтым было падкрэслена, што яна з'яўляецца канкурэнтаздольнай па ўсіх параметрах: якасці, прадукцыйнасці, кошту і абслугоўванні.

Беларусь і Іркуцкая вобласць маюць намер таксама шукаць узаемавыгадныя сумесныя праекты ў сельскай гаспадарцы. Нягледзячы на значную аддаленасць расійскага рэгіёна, ёсць перспектывы супрацоўніцтва і ў будаўнічай галіне. Канкрэтным напрамкам супрацоўніцтва ў гэтай сферы можа стаць стварэнне сумеснай зборачнай вытворчасці ліфтаў, а таксама рэалізацыя пілотнага праекта па будаўніцтве ў Іркуцкай вобласці аграгарадка па беларускай мадэлі. Яшчэ адной перспектыўнай сферай развіцця ўзаемадзеяння можа стаць нарыхтоўка лесу. Тут бакі разглядаюць розныя варыянты супрацоўніцтва, аж да стварэння мэблевых вытворчасцяў.

Прэзідэнт сказаў, што ў краіне робяць высокую стаўку на ўзаемадзеянне з расійскімі рэгіёнамі, таму Беларусь адкрытая для супрацоўніцтва з Іркуцкай вобласцю ў самых разнастайных сферах. «Давайце рухацца ў напрамку, які быў зададзены хоць бы ў 2015 годзе, каб тавараабарот узрастаў не толькі паміж нашай рэспублікай і Іркуцкай вобласцю, але і паміж Беларуссю і Расіяй. Мы самі сябе крытыкуем, а цяпер і за мяжой пачалі казаць: што гэта за Еўразійскі эканамічны саюз, калі падае тавараабарот. Мы і самі разумеем, што гэта ненармальна, але цяпер нас крытыкаваць пачынаюць іншыя і ставяць пад сумнеў нашы інтэграцыйныя аб'яднанні», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў завяршэнні падкрэсліў, што Беларусь гатова нарошчваць тавараабарот з Расіяй і Іркуцкай вобласцю ў прыватнасці.

Загаловак у газеце: Стаўка на рэгіёны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?