Вы тут

Нормы дэкрэта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» адкарэкціруюць


Нормы Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» адкарэкціруюць да канца года.

Такое рашэнне прынята на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, падчас якой абмяркоўваліся пытанні ўдасканалення мер у гэтай сферы.


Прэзідэнт адзначыў, што ў народзе адпаведны дакумент назвалі дэкрэтам супраць дармаедаў. «Напэўна, у гэтым нешта ёсць. Не будзем спрачацца з народам, — сказаў ён. — Дэкрэт быў накіраваны на ліквідацыю найскладанейшай праблемы — сацыяльнага ўтрыманства. Рашэнне гэтай праблемы бачылася ў стымуляванні працаздольных грамадзян, якія могуць і павінны працаваць, да легальнай працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржвыдаткаў».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб даручэнні старанна маніторыць прымяненне дэкрэта на практыцы. Адпаведная тэматыка неаднаразова абмяркоўвалася падчас дакладаў кіраўніку дзяржавы Марыяны Шчоткінай, якая раней займала пасаду міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі. «Тады я сказаў, што якія б ні былі размовы, для таго, каб прымаць дадатковае рашэнне, трэба пажыць, папрацаваць. Прайшло больш за год. Мы цяпер ужо больш-менш бачым, што даў гэты дэкрэт, якія станоўчыя бакі гэтага дакумента. Недахопы ёсць? Ну што ж, давайце папраўляць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтым пытанні яго больш за ўсё турбуе нават не тое, што грамадзяне, якія падпадаюць пад нормы дэкрэта, атрымліваюць пэўнае бясплатнае абслугоўванне або льготы. «Мяне больш за ўсё хвалюе рэакцыя людзей на гультаёў. Чалавек, які можа працаваць, не інвалід, не абмежаваны ў нейкіх здольнасцях і магчымасцях, павінен працаваць, зарабляць на сябе і сваю сям'ю і прыносіць карысць краіне, выплачваючы падаткі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прапанаваў разабрацца, якія праблемы паўсталі ў ходзе рэалізацыі дэкрэта, наколькі надзейна пастаўлены заслон сацыяльнаму ўтрыманству, ці ўздзейнічае распрацаваны механізм на тых людзей, якія не хочуць працаваць або працуюць нелегальна. Прэзідэнт таксама пацікавіўся, якая рэальная практыка прымянення дэкрэта на месцах, наколькі якасна і дакладна складаюцца спісы плацельшчыкаў гэтага збору. «Мне дакладваюць, што нярэдка паведамленні на выплату збору паступаюць ад падатковых інспекцый грамадзянам, якія не абавязаныя плаціць гэты збор і не павінны былі ўключацца дзяржаўнымі органамі ў спісы плацельшчыкаў: студэнтам, жанчынам, якія знаходзяцца ў дэкрэтных адпачынках, нават салдатам тэрміновай службы», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«У гэтай сітуацыі заўсёды будуць нейкія недахопы. Галоўнае, каб мы бачылі гэтыя недахопы і своечасова іх ліквідавалі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама запатрабаваў далажыць аб выніках выканання ўрадам даручэння аб стварэнні дастатковай колькасці працоўных месцаў для працаўладкавання беспрацоўных грамадзян і выніках маніторынгу ўзроўню беспрацоўя па ўсіх рэгіёнах краіны.

Як далажыла віцэ-прэм'ер Наталля Качанава, урадам ва ўзаемадзеянні з Адміністрацыяй Прэзідэнта праведзены маніторынг рэалізацыі дэкрэта. Галоўная выснова — дэкрэт з'яўляецца актуальным, аб'ектыўным і неабходным, аказвае станоўчае ўздзеянне на сферу працы і занятасці, уцягванне ў легальную эканамічную дзейнасць незанятага насельніцтва.

На нарадзе прынятыя некаторыя навацыі, якія будуць унесены ў якасці паправак у дзеючы дэкрэт, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. Перш за ўсё, гэта тычыцца цяжкіх жыццёвых сітуацый і прадастаўлення права мясцовым органам улады прымаць рашэнні аб вызваленні ад выплаты збору грамадзян на адпаведных падставах. Плануецца, што гэтым правам будуць надзелены мясцовыя Саветы дэпутатаў і выканаўчыя органы. Працэс прыняцця рашэнняў у гэтай сферы аддадуць на кантроль кіраўнікам рэгіёнаў.

Чакаецца пашырэнне пераліку катэгорый грамадзян, якія будуць вызваляцца ад выплаты збору. Гэта, напрыклад, тыя, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, спартсмены, якія значацца ў спісачным складзе нацыянальнай або зборнай каманды Беларусі па тым або іншым відзе спорту і не атрымліваюць нейкага даходу.

Акрамя таго, падтрымана прапанова ў якасці выплачанага падаходнага падатку з фізічных асоб улічваць таксама сумы такога падатку, на якія ён быў паменшаны ў выніку прымянення ўстаноўленых заканадаўствам падатковых вылікаў, як, напрыклад, у выпадку аказання дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля або атрыманні адукацыі.

Яшчэ адно змяненне закране перанос тэрмінаў выдачы паведамленняў і выплаты збору за 2015 год на 20 студзеня і 20 лютага 2017 года адпаведна. Гэта зроблена ў тым ліку з-за неабходнасці ўдасканалення сфарміраванай інфармацыйнай базы даных плацельшчыкаў збору.

Загаловак у газеце: Дэталёвая настройка дзейснага механізма

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.