Вы тут

Познія шлюбы больш трывалыя?


Асаблівасці сучаснай сям'і абмяркоўвалі ў педуніверсітэце.

Парадаксальна, але факт: чым больш лаяльна пара ставіцца да магчымасці разводу, тым большая іх задаволенасць сумесным жыццём. Бо калі муж і жонка самадастатковыя ў адносінах, паміж імі менш псіхалагічнага напружання. Пра праблемы сучасных шлюбаў разважалі падчас міжнароднай канферэнцыі «Дзяцінства і сям'я ХХІ стагоддзя: праблемы і стратэгіі псіхалагічнай дапамогі і падтрымкі», якая праходзіла ў БДПУ імя Максіма Танка.


Узважаны выбар

За апошнія 15 гадоў беларусы сталі ўступаць у шлюб амаль на тры гады пазней. Летась сярэднестатыстычны ўзрост нявест склаў 25,5 года, жаніхоў — 27,5. Больш распаўсюджанымі становяцца познія шлюбы — калі сям'ю вырашаюць стварыць пасля 35. Асаблівасці такіх саюзаў вывучала дацэнт кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі БДПУ, кандыдат псіхалагічных навук Анастасія ГОНТА.

У позніх шлюбах муж і жонка, як правіла, цэняць свабоду. Яны любяць праводзіць вольны час паасобку. Аддаюць перавагу не сумеснаму, а змешанаму (долеваму) бюджэту, каб захаваць прывычную фінансавую незалежнасць. У такіх парах дзейнічаюць па прынцыпе «хто бачыць праблему, той яе і вырашае» і не праводзяць строгую мяжу паміж мужчынскімі і жаночымі абавязкамі.

— Перыяд «зняцця масак» у познім шлюбе праходзіць звычайна лягчэй, чым у маладых сем'ях, паколькі дарослыя сужэнцы маюць больш рэалістычны погляд на іншага чалавека. У большасці выпадкаў людзі жэняцца ў выніку ўсвядомленага і ўзважанага выбару, што з'яўляецца залогам трывалых адносін. Звычайна ў такім узросце чалавек ужо ўмее быць адзін і ўступае ў шлюб не столькі для таго, каб пазбегнуць адзіноты, колькі таму, што хоча дзяліцца эмацыйным цяплом, клопатам, ведамі, фінансамі. Хаця бываюць і дзіўныя выпадкі. Так, адна кліентка скардзілася, што не можа спаць у адным ложку з мужам. Яна проста фізічна не прывыкла, каб хтосьці быў побач, — дзеліцца Анастасія Гонта.

Магчыма, праз тое што жыццёвыя ўстаноўкі пасля 35 гадоў ужо не такія гнуткія, ствараць сям'ю становіцца больш складана? Аказалася, не: псіхалагічная аўтаномія не пагаршае якасць шлюбу.

Бацькі — тыя, хто побач

Ці праўда, што ў сем'ях паўторных шлюбаў дзеці, якія засталіся ад першага саюзу, заўсёды адчуваюць сябе некамфортна? Выкладчыца кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі педуніверсітэта Ірына ВАРАШЫЛІНА правяла даследаванне сярод падлеткаў 15—18 гадоў, якія жывуць з айчымам ці мачахай. І высветліла, што многія з іх лічаць сваю цяперашнюю сям'ю ідэальнай.

— Там, дзе маці шчаслівая, бачны ўклад айчыма, там і дзеці адчуваюць сябе добра, — кажа Ірына Варашыліна. — Праблемы ўзнікаюць, калі парушана структура адносін, і тут няважна, гэта першы шлюб ці паўторны.

А вось пра сваіх біялагічных бацькоў, якія часта пасля разводу выдаляюцца з поля зроку дзіцяці, многія падлеткі адзываюцца негатыўна. Дурны, дрэнны, эгаіст, забыўся на нас — такія характарыстыкі ім прыпісвалі. У той час, калі дзеці з першасных сем'яў, як правіла, лічаць сваіх татаў самымі лепшымі (хоць і хваравіта рэагуюць на іх занятасць і дырэктыўнасць).

Быць ідэальным... дрэнна

«Паводзь сябе прыстойна, каб нам не было сорамна», «Не вылучайся», — бацькі часта робяць дзецям такія заўвагі. Але імкненне выхаваць ідэальнага члена грамадства не вядзе ні да чаго добрага.

Пра небяспеку сацыяцэнтраваных сем'яў гаварыла дацэнт кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі БДПУ, кандыдат псіхалагічных навук Валянціна СЛЯПКОВА:

— У такіх сем'ях патрабуюць ад дзіцяці падпарадкоўвацца, быць правільным, стрыманым і закрытым. Прэтэнзія на самастойнасць успрымаецца як непаслухмянасць, адхіленне ад нормы. У іерархіі каштоўнасцяў на першае месца бацькі ставяць знешні поспех (адукацыю, кар'еру, прыгажосць): для іх ён становіцца прыкметай сямейнага дабрабыту. Але дасягненне максімальнага поспеху немагчыма ў масавым парадку!

У выніку ў дзяцей, ад якіх увесь час патрабуюць быць ідэальнымі, зніжаецца самаацэнка. Каб адчуваць сябе значнымі, яны пачынаюць шукаць розныя спосабы адпавядаць стандартам, што ўхваляюцца грамадствам. Менавіта з гэтых прычын у дзяўчат у падлеткавым узросце ўзнікаюць такія расcтройствы, як нервовая анарэксія і булімія. Харчовыя паводзіны могуць быць пратэстным спосабам дасягнення самастойнасці.

Гэта не значыць, што дзіця не трэба заахвочваць старанна вучыцца ці захоўваць добрыя манеры. Але галоўнай арыентацыяй для бацькоў мусяць быць не запыты грамадства, а інтарэсы і ўнутраны свет іх сына ці дачкі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».