Вы тут

Новае абсталяванне закуплена, але як вярнуць крэдыт?


Сёння многія харчовыя прадпрыемствы краіны перажываюць нялёгкія часы. Да стану санацыі і банкруцтва іх, як гэта ні парадаксальна, прывялі... мадэрнізацыя і пераўзбраенне вытворчасці. Справа ў тым, што абнаўленне кансервавых прадпрыемстваў наспела даўно. Практычна ўсе яны ўведзены ў дзеянне яшчэ ў савецкія часы. І тут практычна за доўгія гады нічога не мянялася: зношанае маральна і фізічна абсталяванне, памяшканні патрабуюць рамонту. Хацелі як лепш, а атрымалася — як заўжды. Мадэрнізацыя вялася за кошт крэдытаў, а калі настаў час іх вяртаць, то аказалася, што абаротных сродкаў не хапае, паколькі за пастаўленую прадукцыю спажыўцы часта разлічваюцца не грашыма, а сыравінай і матэрыяламі для вытворчасці нарыхтовак.


Чырвонаслабадскі кансервавы камбінат Салігорскага райспажыўсаюза.спраўляецца з плацяжамі, дзякуючы ўласнай гандлёвай сетцы.

— У нашай сістэме добра наладжаны гандаль, — расказвае старшыня праўлення Салігорскага райспажыўсаюза Мікалай ЧАРНЯЎСКІ. — У выпадку праблем з тэрміновымі плацяжамі за сыравіну і матэрыялы мы можам прыцягнуць сродкі, якія штодзень паступаюць з магазінаў. На маю думку, калі б харчовыя камбінаты мелі сваю разгалінаваную гандлёвую сетку, то маглі б скарыстацца гэтымі грашыма. Трэба працаваць па формуле: гандаль падтрымлівае прамысловасць, прамысловасць — гандаль. Ды і кіраўніцтва, спецыялісты камбіната клапоцяцца, каб прадукцыя была канкурэнтаздольнай, якаснай, шукаюць новыя рынкі збыту.

Тара таксама мае значэнне. Раней на прадпрыемстве вырабы змяшчалі ў трохлітровыя слоікі з накрыўкай пад закатку, цяпер жа выкарыстоўваюць паўлітровыя з накрыўкамі тыпу «Твіст-оф». Для гэтага давялося адрэгуляваць старую лінію для закручвання: з Балгарыі былі прывезены неабходныя запчасткі. У планах — фасаваць прадукцыю ў фігурныя слоікі розных ёмістасцей і нават слоікі-шклянкі.

На сённяшні дзень завод выпускае 46 найменняў прадукцыі. У сезон ягад, садавіны і гародніны асартымент даходзіць да 60 відаў. На рынку з'яўляецца ўсё больш імпарту. Таму на камбінаце скарэкціравалі свае планы і зрабілі стаўку на ліквідную прадукцыю, якая карыстаецца попытам і разыходзіцца без астатку. Штомесячны аб'ём вытворчасці складае 2-2,5 млрд рублёў. Павялічылася прадукцыйнасць працы. У той жа час аб'ёмы ва ўмоўных слоіках знізіліся. Гэта звязана з тым, што ўхіл робіцца не на масавы выпуск, а на рэнтабельнасць.

— Разам з тым пры меншым аб'ёме палепшылася якасць нарыхтовак, — сцвярджае намеснік старшыні праўлення Салігорскага райспажыўсаюза Марына ГЕРАСІМАВА. — Працуем толькі па рэцэптах былога Савецкага Саюза: ніякіх дабавак, узмацняльнікаў смаку, воцату. Выкарыстоўваем лімонную кіслату. Шмат сродкаў уклалі ў сваю лабараторыю. Яна акрэдытаваная, праводзіць аналізы па ўсіх параметрах. Штогод распрацоўваем новыя віды прадукцыі. Але іх шлях да пакупнікоў доўгі і складаны. Спачатку трэба зрабіць пробную партыю — 200 банак, яны павінны адстаяцца 3 тыдні. Затым цэнтр стандартызацыі і метралогіі раскладвае іх па усіх паказчыках, пасля чаго прадукцыя павінна вытрымлівацца яшчэ тры месяцы. Толькі потым яе можна задэклараваць і атрымаць сертыфікат.

Ужо трэці год прадпрыемства падтрымлівае сувязь з Туркменістанам. У асноўным там карыстаюцца попытам нарыхтоўкі з дзікарастучых ягад (чарніц, дурніц) і грыбы салёныя і марынаваныя, а таксама салянкі і салаты з дабаўленнем грыбоў. Акрамя таго, вядуцца перамовы па арганізацыі гандлёвага дома з Новасібірскам. Менавіта расійскія спажыўцы выказалі пажаданне, каб беларускія засолкі пастаянна былі на іх стале. Прадпрыемства ўдзельнічае ў кірмашах ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Смаленску. У Беларусі прадукцыя камбіната у асноўным прадстаўлена ў крамах спажыўкааперацыі. Але апошнім часам салігорскія кааператары пачалі больш актыўна прасоўваць свае прадукты ў сеткавыя магазіны. Гэта няпроста: павінен быць пакет дакументаў, граматна абстаўленае камерцыйнае рашэнне. Абавязковае патрабаванне пры фарміраванні дамовы куплі-продажу — штрых-коды, фота прадукцыі, якая ідзе праз камп'ютарную сістэму ўліку.

— Мы не здымаем з сябе віны, што не можам правільна гандляваць, прасоўваць сваю прадукцыю. У нас слабы маркетынг, не хапае вопытнага спецыяліста. Каб такога знайсці, неабходна даць яму высокую зарплату. Акрамя таго, наша вытворчасць, як правіла, размяшчаецца ў малых населеных пунктах, дзе знайсці прафесіяналаў дастаткова складана. За 40 кіламетраў з Салігорска сюды ніхто не паедзе, — кажа Мікалай Чарняўскі.

А яшчэ неабходна рэклама. Не проста «Купляйце беларускае», а магутная, агрэсіўная, накіраваная, на маю думку, перш за ўсё на моладзь. Як пацвярджэнне гэтаму, словы маёй пляменніцы: «Я ўчора ўмяла за адзін раз слоік салянкі з грыбамі. Смаката! Затым паглядзела, чыя яна. Чырвонаслабадскі завод. Упершыню пачула, што такі ёсць у Беларусі».

У тэму

Намеснік старшыні праўлення Мінскага аблспажыўсаюза Святлана СІНКЕВІЧ:

— Наша сістэма прадстаўлена малымі цэхамі і вытворчасцямі. Тут працуе 90 цэхаў і ўчасткаў, у тым ліку два кансервавыя заводы — Маладзечанскі харчовы камбінат і Чырвонаслабадскі кансервавы камбінат Салігорскага райспажыўсаюза. Асноўная ўвага ўдзяляецца нарыхтоўцы і перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны ў насельніцтва, фермераў. На сёння 50% ад выпушчанага рэалізуем ў асабістай гандлёвай сетцы. Тэмпы аб'ёма вытворчасці за 10 месяцаў у фактычных цэнах павялічаны ў 7,5 раза ў параўнанні з мінулым годам.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Выжыць пасля мадэрнізацыі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы.

Эканоміка

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Пра кантроль за станам АЭС расказалі эксперты Дзяржатамнагляда.