Вы тут

Сёння Садружнасці Незалежных Дзяржаў спаўняецца 25 гадоў


Віншаванне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншавальныя пасланні лідарам краін СНД з нагоды 25-годдзя з дня ўтварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падпісанне 8 снежня 1991 года пагаднення аб стварэнні СНД стала адпраўным пунктам інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы.

«За чвэрць стагоддзя, абапіраючыся на прынцыпы павагі нацыянальных прыярытэтаў і свабоды волевыяўлення дзяржаў-удзельніц, Садружнасць сфарміравалася як сучасная рэгіянальная супольнасць, якая ўлічвае інтарэсы ўсіх бакоў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што 16 верасня 2016 года прынята канцэптуальнае рашэнне аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій, якое вызначыла далейшыя шляхі яго развіцця. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што гэта падзея ўмацуе аўтарытэт Садружнасці, зробіць яе яшчэ больш запатрабаваным і актуальным аб'яднаннем.


Эксперты — пра перспектывы Садружнасці

За невялікі — па мерках гісторыі — адрэзак часу гэта арганізацыя перажыла даволі многае. Але галоўнае, што захавалася яе актуальнасць, няхай на постсавецкай прасторы цяпер сфарміравалася шмат іншых інтэграцыйных аб'яднанняў. Што чакае СНД? Якія рэформы неабходны?

Сяргей ГАЙДУКЕВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— Садружнасць Незалежных Дзяржаў неабходна захоўваць і працягваць работу ў межах гэтай арганізацыі для таго, каб мінулыя яе здабыткі не губляліся. Для Беларусі важна, каб СНД развівалася не толькі падчас сустрэч кіраўнікоў дзяржаў, але і ў рамках выканання тых рашэнняў, якія ўжо былі прынятыя. Я стаўлюся да Садружнасці Незалежных Дзяржаў, як і абсалютная большасць палітыкаў, чыноўнікаў, грамадзян, безумоўна, станоўча. Па-іншаму быць не можа. Вельмі шмат добрага СНД прынесла ў пачатку свайго стварэння, адыграла значную ролю, калі краіны постсавецкай прасторы толькі атрымалі суверэнітэт, пакуль да канца не ўстанавілі паміж сабой не толькі палітычныя сувязі, але і эканамічныя. Зараз існуе вялікая колькасць іншых міжнародных аб'яднанняў — Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы, Еўразійскі эканамічны саюз, Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі. Але пляцоўка СНД унікальная. Таму яе трэба берагчы, захоўваць і развіваць надалей.

Валерый ВАРАНЕЦКІ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах:

— Каб казаць пра перспектывы, трэба вярнуцца да вытокаў. Арганізацыя была створана ў перыяд, калі трэба было вызначыць правілы мірнага раздзялення... Рашэнне аказалася правільным, і была створана рэгіянальная міжнародная арганізацыя. Яна прызвана рэгуляваць супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, што раней уваходзілі ў СССР. Гэтыя мэты не тое каб у значнай ступені выкананыя... Задачы, якія стаялі перад СНД, з улікам таго, што на прасторы былога Савецкага Саюза ідзе рознаўзроўневая і разнахуткасная інтэграцыя ў рамках розных аб'яднанняў, рашаюцца ў той ці іншай ступені. Але ёсць цэлы шэраг арганізацый, якія не ўваходзяць у інтэграцыйныя аб'яднанні. Пляцоўку СНД важна захаваць па гэтай прычыне.

Думаю, што СНД як рэгіянальная міжнародная арганізацыя працягне сваё існаванне. Трэба разумець, што з гадамі, калі з'явіліся новыя інтэграцйныя аб'яднанні, роля СНД зніжаецца. Але з'яўляюцца новыя задачы: у плане бяспекі, міграцыйнай палітыкі, міру ў цэлым. Магчыма, роля СНД будзе ўзрастаць. Складана сказаць дакладна, тут пакажа час. Магу з упэўненасцю для сябе заявіць, што сёння СНД — арганізацыя, якая патрэбна тым краінам, якія ў яе ўваходзяць. І будзе заставацца такой жа патрэбнай яшчэ пэўны час.

Кубанычбек АМУРАЛІЕЎ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызскай Рэспублікі ў Беларусі:

— Сёлета Кыргызстан старшынствуе ў СНД. Мы сыходзілі з прынцыпу пераемнасці ў мэтах далейшага развіцця арганізацыі і нарошчвання шматбаковага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц. Гэтымі ж прынцыпамі наша краіна кіравалася пры разглядзе аднаго з галоўных пытанняў — аптымізацыі дзейнасці СНД. Апошняе мае на ўвазе рэфармаванне адказных органаў СНД, скарачэнне лішніх працоўных структур, сакратарыятаў... Мы сыходзілі з таго, што патрэбна эфектыўная рэгіянальная арганізацыя, якая адказвае запатрабаванням сённяшняга дня. Па аптымізацыі мы адразу выразна абазначылі: трэба прытрымлівацца збалансаванага і прагматычнага падыходу да пытанняў рэфармавання СНД. Мы сыходзілі з прынцыпу «не нашкодзь». Прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў сказаў: першыя — і самыя складаныя — крокі па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці Садружнасці ўжо зроблены.

Наконт самога аб'яднання, яго перспектыў, было шмат дыскусій, але самае галоўнае — з чым усе пагадзіліся, — што гэта аб'яднанне патрэбна. Садружнасці Незалежных Дзяржаў — 25 гадоў. У гістарычным вымярэнні гэта вельмі маленькі тэрмін. Але ўсё-такі арганізацыя існуе. Істотнае дасягненне — нашы людзі могуць свабодна перамяшчацца. Гэта я лічу адным з галоўных дасягненняў. Што немалаважна, сёлета ў нас завяршылася фарміраванне зоны свабоднага гандлю СНД. Калі яна сапраўды запрацуе, гэта таксама стане вялікім дасягненнем.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Аб'яднанне, якое патрэбна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?