Вы тут

Нюансы заканатворчасці абмеркавалі ўчора ў Авальнай зале


Штогод у нашай краіне прымаецца каля 120 законаў, але якая праца за гэтым стаіць? Што ўвогуле падпадае пад паняцце заканатворчасць? Наколькі складана распрацаваць праект закона? Гэтыя пытанні сталі асноўнымі падчас семінара «Заканатворчы працэс у Рэспубліцы Беларусь».


Актыўная пазіцыя

Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, падкрэсліў, што ключавая задача парламента — заканадаўчае забеспячэнне намечаных пераўтварэнняў.

— Выбаршчыкі чакаюць ад нас законаў, што ствараюць надзейныя ўмовы для эканамічнага развіцця, грамадскага дабрабыту і сацыяльнай стабільнасці, — адзначыў спікер ніжняй палаты. — Законы павінны стымуляваць ініцыятыву грамадзян, знімаць лішнія бар'еры ў рэалізацыі іх правоў і законных інтарэсаў.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што заканатворчасць — вельмі складаная і карпатлівая праца.

— Больш актыўнай павінна быць пазіцыя дэпутацкага корпуса, — заявіў ён. — Трэба ўдзельнічаць у падрыхтоўцы закона з моманту яго планавання, адкрыта ўзаемадзейнічаць з распрацоўшчыкамі. Неабходна больш шырока выкарыстоўваць права заканадаўчай ініцыятывы. Прысутнасць штогадовых планаў падрыхтоўкі законапраектаў не перашкаджае дэпутатам распрацоўваць свае законапраекты.

Без інфляцыі прававой базы

Падобны семінар традыцыйна праводзіцца ў пачатку працы кожнага новага парламенцкага склікання. Валерый МІЦКЕВІЧ, выконваючы абавязкі кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, упэўнены: гэта добрая традыцыя.

— Агульная колькасць дзеючых на сёння законаў, уключаючы кодэксы, складае 1871 дакумент, з якіх 1216 законаў з'яўляюцца праварэгулюючымі, — расказаў ён. — Гэтая лічба з'яўляецца цалкам прымальнай для нашай дзяржавы. У выніку мы маем кампактную, збалансаваную, выразна выбудаваную па іерархіі сістэму заканадаўства. У нас атрымалася не дапусціць «раздування» дзеючай прававой базы — так званай інфляцыі заканадаўства — і пазбегнуць памылак некаторых краін, дзе ў вялікай колькасці актаў блытаюцца не толькі грамадзяне, але і самі чыноўнікі.

Валерый Міцкевіч упэўнены: заканатворчасць — адзін з найважнейшых кірункаў у дзейнасці дзяржавы і яе структур.

— Сёння практычна кожнае рашэнне ў рэспубліцы афармляецца прававым актам, — зазначыў выконваючы абавязкі кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. — Ад таго, як будзе складзены гэты акт, залежыць тое, як ён будзе працаваць.

Складана, але рэальна...

Ала НАВУМЧЫК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы, у размове з журналістамі прызналася: працаваць над самастойнай заканатворчай ініцыятывай — не проста.

— Закон прадстаўляе сабой вынік работы па розных аспектах. Ён можа паўплываць на розныя сацыяльныя і прафесійныя групы насельніцтва, на розныя сферы эканомікі і сацыяльнага жыцця, на розныя рэгіёны з іх асаблівасцямі... — сказала яна.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Наталля ГУЙВІК лічыць, што такі семінар вельмі важны — асабліва для тых яе калег, што ўпершыню абраныя дэпутатамі.

— Праца над законапраектамі — гэта дастаткова складаны працэс. Калі дэпутаты не будуць ведаць асноўныя этапы заканатворчай дзейнасці, яны ніколі не змогуць рэалізаваць сваю заканадаўчую ініцыятыву ў форме закона, — упэўнена старшыня Пастаяннай камісіі.

Тамара КРАСОЎСКАЯ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы і сацыяльнай абароне, прызналася прадстаўнікам СМІ, што ў яе камісіі многія дэпутаты маюць уласныя ініцыятывы — і гатовы над імі працаваць.

— Мне прыемна, што ў маёй камісіі працуюць вельмі прафесійныя людзі, дэпутаты, якія ўжо прыйшлі з заканадаўчымі ініцыятывамі, — расказала яна. — Мы ўжо рыхтуем пакет дакументаў, якія будуць накіраваны на заканадаўчую ініцыятыву ў сферы працоўных адносін. Гэта пытанні, якія тычацца абароны працоўнага калектыву і абароны работнікаў прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў стадыі банкруцтва. Мы разумеем, што не адпрацаваны абаронны механізм ад падобных рызык.

Надзея ЮШКЕВІЧ

уushkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Праца над законам — творчасць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.