Вы тут

Арнольд Макмілін. Прадстаўнік рэдкай дынастыі — Антон Францішак Брыль


Антон Францішак Брыль, унук Янкі Брыля, безумоўна, выбітнейшы малады пісьменнік, як у вершах, так у прозе й перакладах. Магчыма, што ён — не адзіны творчы сваяк беларускага класіка, бо апошні быў дзявятым дзіцём у сям’і: напрыклад, пакуль малавядомы аўтар, Віталь Брыль, — напісаў мініяцюру «Гульні розуму», выдадзеную ў 2011 годзе [7, с. 20]. Аднак бясспрэчна, што Антон мае выключы талент.


У існаванні музычных ці літаратурных дынастый няма нічога дзіўнага. Вядома, часам дзеці пераўзыходзяць бацькоў, ці, прынамсі, так лічыцца. Немагчыма не памятаць, што пра непараўнальнага музычнага генія Ёгана Себасцьяна Баха (1685—1750) па ягонай смерці неўзабаве забыліся, апроч як пра віртуознага клавішніка, і ў сярэдзіне XVIII ст. вялікім Бахам лічыўся адзін з ягоных шматлікіх сыноў Карл Філіп Эмануэль Бах (1714—1788). А Баха, якога мы ўсе сёння ведаем, наноў адкрыў ужо ў ХІХ ст. Ф. Мендэльсон (1809—1847).

У Беларусі, як вядома, нямала літаратурных дынастый. Напрыклад, у пісьменніка Вячаслава Адамчыка (1933—2001) два сыны, якія таксама пайшлі па літаратурным шляху: Адам Глобус (нар. у 1958 г.) і Міраслаў Шайбак (нар. у 1965 г.). Празаік Барыс Пятровіч (нар. у 1952 г.) — як вядома, пляменнік Барыса Сачанкі (1936—1995); менш вядома, што ягоная дачка Галіна Багданава (нар. у 1961 г.) таксама піша прозу, дзіцячыя вершы і п’есы і што малоадшая яе сястра была таленавітая паэтка, Святлана Явар (1968—2011). Сын Ларысы Геніюш (1910—1983), Юрка (1935—1985), таксама пісаў вершы. Маці выбітнага крытыка і літаратуразнаўцы Аксаны Бязлепкінай (нар. у 1981 г.) Святлана Бязлепкіна (нар. у 1957 г.) з Гомеля — паэтка, сярод твораў якой — «Чарнобыльская русалка» (1998). Малады сын Віктара Жыбуля (нар. у 1978 г.) і Веры Бурлак (нар. у 1977 г.) Кастусь (нар. у 2005 г.) піша вершы і апавяданні. Ёсць, мабыць, шмат іншых. Некаторыя беларускія паэты — дзеці паэтаў рускамоўных. Напрыклад, Аксана Спрынчан (нар. у 1973 г.) — дачка Вадзіма Спрынчана (нар. у 1950 г.), а майстар беларускага слова Андрэй Хадановіч (нар. у 1973 г.) — сын Валерыя Хадановіча (нар. у 1957 г.). Як вядома, Уладзімір Някляеў (нар. у 1946 г.) меў бліскучыя перспектывы ў рускай паэзіі, але, дзякуй богу, перайшоў на беларускую, і сёння належыць да найлепшых сучасных паэтаў.

Апроч як у згадцы пра Бахаў, у гэтых уводзінах не выказваецца думка, што бацькі больш альбо менш таленавітыя за дзяцей.

 

* * *

Творчасць Янкі Брыля (1917—2006), перадусім вядомага сваімі лірычнымі мініяцюрамі, здаецца, мала паўплывала на ягонага ўнука Антона Францішка Брыля (нар. у 1982 г.) У гэтым артыкуле пасля доўгіх уводзін разглядаюцца вершы й проза апошняга.

Антон Брыль заслужыў прызнанне як арыгінальны паэт і таленавіты перакладчык англамоўнай літаратуры, у тым ліку Ейтса, Толкіна, Сюзанны Кларк, ірландскіх народных казак і стараанглійскай паэзіі. У 2013 г. ён надрукаваў бліскучы пераклад «Бэавульфа» на беларускую мову. Асаблівай крыніцай натхнення для А. Ф. Брыля выступае Катул — ягоная творчасць займае істотнае месца ў першай кнізе паэта «Не ўпаў жолуд», апублікаванай накладам усяго 200 асобнікаў [З].

А. Ф. Брыль сваёй творчасцю адрозніваецца ад усіх іншых паэтаў маладога пакалення, апісаных нядаўна у кнізе «Рунь» [6]. Ён надае вялікую ўвагу рыфме і вершаванню, яго моцна вабіць мінулае, прычым ён успрымае і Вялікае Княства Літоўскае (Літву), і антычную цывілізацыю як сваю спадчыну. Пра гэта сведчыць зварот да міфалагізаваных гістарычных постацяў і магутнае адчуванне сувязі з зямлёю. Зборнік «Не ўпаў жолуд» — плён багатай фантазіі і ўяўлення, у ім ажываюць шматлікія паданні і фантастычныя пачвары. Глыбокае ўспрыманне прыроды найбольш яскрава выяўляецца ў апісаннях лясоў і балот — збольшага далёка не дабрадайных. У шэрагу вершаў дзеянне адбываецца ў вечаровых прыцемках ці ўначы, а ў фіналах паэм выразна прысутнічае рэлігійны складнік.

Даўжыня радка ў А. Ф. Брыля вагаецца ад тэтраметраў да шаснаццаці- і сямнаццаціскладовікаў; паэт карыстаецца разнастайнымі схемамі рыфмоўкі. Большасць слоў, якія ён ужывае, — досыць празрыстыя, але агульны сэнс асобных вершаў часам здаецца няўлоўным. Ясна разумеючы гэтую праблему, паэт дае тлумачэнні ў разгорнутых «Каментарах», якія пачынаюцца з тлумачэння назвы, узятай, як кажа аўтар, з англійскай народнай песні. Зборнік як цэлае пакліканы паўтарыць будову адзінай ацалелай кнігі Катула. Ён адкрываецца «Прысвячэннем Гельвію Цыне» (2008) — сябру Катула. У напісаным адзінаццаціскладовікам вершы паэт дасылае Цыну ў нёманскім чаўне запісаныя на лістах дуба пытанні пра тайніцы жыцця. Сам зборнік пачынаецца з верша, які фармальна ўяўляе сабой стылізацыю пад англійскую баладу, але, як кажа аўтар, толькі блюзавую [2]. Назва «Корамні-дэлл» (2004), пазбаўленая відавочнага значэння, паўтараецца рэфрэнам, праўда, з адным л. У астатнім простыя словы выказваюць скрушную неадступную думку, што паэт ніколі не ўбачыць Корамні-дэл. У іншай баладзе, поўнай музычных паўтораў, «Брацец сон і сястрыца смерць» (2010), гэтыя брат з сястрой выходзяць уначы выканаць сваё прызначэнне:

 

Брацец сон і сястрыца смерць

Згасла неба, ўзышоў маладзік і сусвет у ценях заціх,

І брацец сон і сястрыца смерць ідуць ад жытлаў сваіх,

І брацец сон шукае таго, каму спакою няма,

А сястрыца смерць шукае таго, каго абярэ сама,

І брацец сон суцяшае таго, хто з пачаткам працы сядзеў,

А сястрыца смерць суцішае таго, каму заставаўся дзень,

І брацец сон юнаку пяе і згадкі вядзе ўваччу,

А сястрыца смерць замыкае ключом вусны яго дзяўчу,

І брацец сон аблятае свет паводле волі сваёй,

А сястрыца смерць абнаўляе свет паводле волі сваёй,

Але неба святлее, радзее цень і дзесьці певень пяе,

І брацец сон і сястрыца смерць ідуць у жытлы свае [3, с. 6].

 

У «Простым восеньскім рандо» (2007) таксама ўздымаецца тэма смяротнасці. Простая ідэя гэтага верша ў тым, што жыццё і смерць трэба прымаць аднолькава. «Зямля» (2011) — незвычайны верш пра каханне: паэт абдымае дубы, нібы каханую. Ён напісаны ў гутарковым тоне, але перадае сур’ёзныя пачуцці. Верш «Важаняткі» (2005) створаны ў простанароднай манеры — гэтыя жывёлінкі шукаюць ежу: вужакаў, змеек, жабак, а тыя хаваюцца, каб іх не засмажылі і не з’елі. Падобная інтанацыя гучыць у вершах «Відымін» (2011), які спалучае гістарычныя і фальклорныя элементы, і «Балотны агеньчык» (2006), дзе яскрава распавядаецца, як паэт, блукаючы ў лесе ўначы, знаходзіць у слізкай атрутнай траве міфалагічную істоту — маленькага пачварыка, які змушае яго збіцца са шляху, а потым аддаецца грызотам сумлення.

«Кастрычнік» (2008) — першы верш А. Ф. Брыля на гістарычную тэму, які вымагае тлумачэнняў. У ім над сталом схіліліся два сівыя Радзівілы — празрыстая алюзія на Мікалая Радзівіла Рудога і Мікалая Радзівіла Чорнага. Праўда, Мікалай Чорны, як прызнае аўтар, дажыў толькі да пяцідзесяці гадоў, і таму наўрад ці паспеў ссівець [3, с. 41]. У вершы часта паўтараецца слова «сівы», але гэта невыпадкова. Дарэчы, Мікалай Руды таксама фігуруе ў вершы на гістарычную тэматыку над назвай «Цені» (2010): князь пад’язджае на кані да Ашмянаў і бачыць, што там адбылася крывавая сеча і горад захоплены. Большасць гістарычных вершаў А. Ф. Брыля немагчыма прывесці, бо яны надта доўгія, але нехарактэрны прыклад — «Кастрычнік»:

 

Кастрычнік

Па нябёсах ветах сівы брыдзе,

Ды яшчэ адзін — па ільдзяной вадзе,

А вятрыска лісце з галін ірве

Па сівых лясох на сівой Літве.

 

А ў вакне ў палацы, у сівым святле —

Разгарнутая кніга на старым стале,

І над ёю схілёны дзве галавы —

Радзівіл Сівы ды Радзівіл Сівы [3, с. 10].

 

А. Ф. Брыль надае вялікую ўвагу вершаскладанню. Напрыклад, «Вігінтуна» (2012) — гэта спроба стварыць новую вершаваную форму: тры станцы па сем радкоў са схемай рыфмоўкі aBaBcBc. Гэта відаць не толькі з самога тэксту, але яшчэ і адмыслова падкрэсліваецца ў аўтарскіх «Каментарах». Тут прысутнічае і ўскосная адсылка да верша «Wieczór sobotni» (Cуботні вечар, 1832), занатаванага польскім лексікографам і фалькларыстам Янам Карловічам [5 с. 101]. Дзеянне адбываецца ўначы: паэт сунімае трывогу тым, што ўяўляе, як нехта прадзе кудзелю ягоных (доўгіх) валасоў. Як і ў шмат якіх іншых творах А. Ф. Брыля, тут выразна адчуваецца вясковае жыццё з яго гукамі. Напрыклад, у вершы «Навальніца» (2004) спадчына старой Літвы для паэта мае вельмі канкрэтныя абрысы — Налібоцкай пушчы і гарадзенскага муру. Аднак, як сведчаць апошні радок другой станцы і заключны радок, тут марна шукаць хоць якой рамантыкі:

 

Я народжаны гэтаю чорнаю злою зямлёю.

[...]

Мае ногі пускаюць карэнне ў няплодную глебу [3, с. 12].

 

У творах А. Ф. Брыля (напр., «Ступені» (2003), «Рака» (2007) «Identité» (2008)), багата гатычных элементаў. У некаторых вершах дыялогі бацькі з сынам прымушаюць згадаць баладу Гётэ «Der Erlkönig» («Лясны цар»), пакладзеную на музыку Шубертам у ягонай знакамітай песні. У іншым дыялагічным вершы пад назвай «Гінвіл» (2011) чужынец праязджае каля незамкнёнага двара, хлопчык кажа пра гэта бацьку, а той збіраецца яго дагнаць і забіць [3, с. 15]. Верш «Снежань» (2010) яшчэ больш нагадвае баладу Гётэ: нячулы, абыякавы да сынавых просьбаў бацька толькі і паўтарае: «А мне і справы няма» [3, с. 17]. Верш «Сурвіла» (2010) прысвечаны малавядомаму шляхціцу XV ст., таму паэту й лейцы ў рукі: ягоны герой велічна едзе, паўтараючы рэфрэнам:

 

А ты ж мая дзетачка, засні, засні,

Ох, дзетачка, дзетачка, хутчэй засні [3, с. 23].

 

Аднак у апошняй станцы аброць ляжа ў ягоную празрыстую руку. Гатычныя матывы ёсць таксама ў вершах «Верасень» (2005) і «Чароўны народ» (2004). У першым смуга ўвасабляецца ў вобразе празрыстай дзяўчыны. Калі явар ажыве і перакінецца ў жалезнага змея, дзяўчына стане ў яго на хрыбце і з крыкам рынецца ў багну, насустрач смерці [3, с. 22]. Наогул у гэтай кнізе часта сустракаюцца змеі і цмокі, напрыклад, у вершах «Смуга», «Гедрус» і «Гольша». У вершы «Чароўны народ» лірычнага героя ахоплівае дзіўнае адчуванне, што ягоны народ хоча ад яго чагосьці, але не ведае, чаго. Ён загароджваецца ў доме і зноў абвяшчае, што яму нічога не зразумець:

 

Цішэй, цішэй, чароўны народ,

Ну нашто вам ізноў патрэбны я? [3, с. 21]

 

Некаторыя вершы маюць глыбокую мараль. Напрыклад, у «Песні пра святога Марціна» (2010) змерзламу жабраку падае міласціну Марцін — адзіны з трох жаўнераў у варце. Раскрываецца, што ў абліччы жабрака хаваўся Ісус, і святы Марцін застаецца жыць вечным сімвалам міласэрнасці і дабрыні. Жалуды ў аднайменным вершы (2010) мусяць зрабіцца народам. Людзям прапаноўваецца завучыць закляцце і кінуць паперу з жалудамі ў раку. У кнізе на тым самым разгорце — надпіс царкоўнаславянскімі літарамі і стылізаваная пад сярэднявечча выява збройнага вершніка.

Апошнія два творы, напісаныя пентаметрам, значна даўжэйшыя за астатнія. Тлумачэнні да «Гольшы» (2009) займаюць тры старонкі «Каментароў». Паэма паўстала з трох вытокаў: імкнення пераймаць ужо згаданы старажытнарымскі ўзор, адрадзіць частку Літоўскай Хронікі і аспрэчыць сэнс панятку міф, як яго ўжывае філосаф Валянцін Акудовіч (нар. у 1950 г.) Не зусім ясная сувязь з беларускай гісторыяй, і паэт прызнае наяўнасць пэўных анахранізмаў. Гольша — адзін з пяцёх сыноў Рамана, які змарнаваў сваю маладосць. Ён атрымлівае загад упаляваць дзікага звера — гэта будзе знак, дзе збудаваць горад. Велізарнага тура мала, але Гольша ўрэшце забівае страшэннага цмока і спраўджвае сваё памкненне. Цікавая дэталь: паэма сканчаецца словам «АМЭН» — не па-беларуску ці па-руску. У вершы «Гедрус» герой будуе цудоўны замак там, дзе раней былі толькі багна і чарот. Вартаваць яго мусіць мядзведзь, але замак двойчы згарае. Калі мядзведзь стаіўся, з лесу з’яўляюцца тры змяі. Гедрус угаворвае адну з іх скінуць скуру і стаць яму жонкай. Напрыканцы паэт даводзіць, што добрая жонка — гэта замак без гора, што дым — апора нябёсам і г. д. Сканчаецца ўсё зноў, як выглядае, пабожным «АМЭН».

Антон Францішак Брыль у сваім першым зборніку прадэманстраваў жывое ўяўленне, глыбокія веды і паэтычнае майстэрства. Хочацца спадзявацца, што ягоны дапытлівы розум будзе і надалей выяўляць сябе не толькі ў навуковых доследах і перакладах, але і ў паэзіі, дзе ён зрабіў сапраўды бліскучы першы крок.

 

* * *

Калі ў 2014 г., праз тры гады пасля выхаду паэтычнага зборніка «Не ўпаў жолуд», Антон Францішак Брыль апублікаваў казачную аповесць «Ян Ялмужна» [4], яе сустрэлі з вялікай цікавасцю. Як і вершы А. Ф. Брыля, «Ян Ялмужна» сведчыць пра жывое гістарычнае ўяўленне аўтара і ягоныя глыбокія веды. Апроч таго, аповесць вылучаецца сярод фантастычна-гістарычных твораў сучаснікаў тонкім адчуваннем мовы, часам вострым, але часцей далікатным гумарам і нязмушаным спалучэннем фантазіі з вартымі даверу гістарычнымі дэталямі.

У XVI ст. сапраўды жыў пан Ольбрахт Гаштаўт, і ён сапраўды меў замак у Геранёнах, на захадзе сучаснай Беларусі. Дарэчы, рыхтуючыся да напісання твора, аўтар некалькі разоў наведаў Геранёны. Бачыцца, што Ян Ялмужна таксама быў рэальнай асобай, хоць і неабавязкова амбітным кухмістрам, якім ён паўстае ў аднайменнай казцы. Пралог пачынаецца сцэнай у замку па смерці вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка (1461—1506); яна моцна ўражвае чытача апісаннем разгубленасці, якую гэтая падзея спарадзіла сярод шляхты [4, с. 5—6]; магутнае ўражанне ад гэтай сцэны можна параўняць з напісанай на паўстагоддзя раней «Вялікая элегіяй Джону Дону» (196З) [1, т. 1, с. 116—20]. Тут таксама ўводзяцца некаторыя іншыя персанажы. На самым пачатку раскрываюцца і тагачасныя вераванні, калі проста упоперак дарогі ездзяць невядомыя рыцары — задзіўленыя сведкі сцвярджаюць, што гэта чыстае чарадзейства. Далей сюжэт амаль суцэльна разгортваецца праз розныя размовы, аформленыя ў выглядзе кароткіх раздзелаў. Нягледзячы на шматлікія змены месца дзеяння, разам яны ўтвараюць адзінае цэлае.

Аднак мэта кнігі не ў тым, каб пераказаць гістарычныя факты, а ў тым, каб аднавіць дух той эпохі ў жывых рэалістычных і фантастычных сцэнах і ў шматлікіх дыялогах паміж людзьмі самых розных станаў і рангаў. А. Ф. Брыль па-майстэрску вымалёўвае сваіх персанажаў — гэта, бясспрэчна, выклікае захапленне, як і каларытная, але пры гэтым аўтэнтычная мова герояў. Шмат у якіх размовах удзельнічае Ян Ялмужна; у яго размаітых дыскусіях (асабліва са святарамі) багата гумару, яны раскрываюць самыя асновы тагачасных рэлігійных вераванняў і забабонаў. Напрыклад, айцу Марціну асабліва даспадобы гутарыць з кухмістрам, ён ахвотна наведвае яго, каб паразмаўляць пра ежу і пажартаваць, але яго апаноўвае скруха, бо ён адчувае, што ён жартуе толькі па звычцы [4, с. 57]. Айцец Марцін пераходзіць з адной тэмы на іншую і, раптам пабачыўшы сем цыбулін, пачынае казаць пра значэнне ліку сем у Бібліі. Але Яна не адолець: ён заяўляе, што ён — сёмы сын, і размова робіцца бязладнай. Дарэчы сын млынара — таксама сёмы; далей у кнізе гаворыцца пра тое, чаму істотна тое, што ты — сёмы сын [4, с. 94—95]. Айцец Марцін нібыта разумее асобныя словы, але не можа ўхапіць агульнага сэнсу, і таму выбудоўвае свае думкі, адштурхоўваючыся ад выпадковых слоў [4, с. 60]. Гэтая дзіўная размова заканчваецца толькі тады, калі Ян мусіць вярнуцца да працы, бо пан Ольбрахт верыў свайму кухмістру [4, с. 62]. Бліжэй да пачатку казкі камічны і трохі баязлівы айцец Мацей падмацоўвае ўсе свае аргументы цытатамі з Бібліі. Глыбока разважаючы пра тое, што ён — падабенства Хрыста, айцец Мацей абураецца, калі Ян выказвае меркаванне, што некаторыя ягоныя творы на кухні нагадваюць біблейныя цуды [4, с. 17—18]. Пыхлівага і палахлівага Мацея ўсё трывожыць, асабліва чуткі і плёткі, што лунаюць вакол замка.

Аднак святары — не адзіныя суразмоўцы Яна: уначы ён часам крадком ідзе ў суседні лес, дзе жыве таямнічы «лясны дзядзюхна» з зіхоткімі пёрамі на шапцы. Гэтая дзіўная істота хутка робіцца ягоным канфідантам, і Ян прызнаецца яму ў каханні да Зафійкі Якубаўны, дачкі фанабэрыстага баярына. Праўда, ён кажа, што ніколі наўпрост не гутарыў з дзяўчынай, а толькі звяртаўся да ейнага адлюстравання ў рацэ. Яна размаўляла ганарліва, але вельмі выкручаста, а Ян збольшага адказваў загадкамі. Калі дзяўчына ўрэшце здагадалася, хто ён, Ян скочыў на бераг і паглядзеў на яе адлюстраванне у вадзе. Раздзел «Размова з дрэва» [4, с. 42—48] — кранальная, хоць і малаверагодная сцэна юначых заляцанняў. Ян атрымлівае трунак, які мусіць надаць яму смеласці, каб дамагчыся сваёй недасяжнай мары, хоць лясны дзядзюхна і не любіць даваць парады ў чалавечых справах. Ён часта адказвае на пытанні занепакоенага Яна байкамі, а калі той заўважае, што яны супярэчаць адна адной, лясны дзядзюхна мае гатовы адказ:

«— Але ж, — пагадзіўся дзядзюхна. — А з таго таксама ўрок. Байкі слухай адным вухам, а пра жыццё сваё думай усёй галавой» [4, с. 54].

Лясному дзядзюхну больш даспадобы размаўляць пра лес і прыроду, распавядаць паданні і міфы — мабыць, нават больш дзівосныя за тыя, у якія вераць святары і іншыя жыхары замка пана Ольбрахта. Далей, на здзіўленне Яну, выяўляецца, што ў самім замку жывуць некалькі іншых лясных дзядзюхнаў.

Напрыканцы кнігі пасля шматлікіх перыпетый Ян просіць пана Ольбрахта зрабіць яго баярынам, і пасля якой хвілі цалкам зразумелай задзіўленасці пан абвяшчае: «Чаму б не трымаць на кухні баярына»? [4, с. 102—103] — і тым самым здымае апошнюю перашкоду, якая аддзяляе Яна ад Зафійкі. Як і належыць у фальклорнай стылізацыі, Ян дае рады адгадаць тры загадкі (ці прынамсі дзве), і кніга сканчаецца рамантычна, як у казцы: над з’яднанымі закаханымі ззяе зорка [4, с. 105—106].

Аднак унікальнасць кнізе надае не гэтая рамантычная гісторыя або які іншы складнік сюжэта, а сам тэкст з багаццем яго мовы, вобразнасці, эпітэтаў і з імклівымі зменамі тону і настрою, ад якіх гэтая выдатная казка не робіцца менш чытэльнай. Адзін раздзел, у якім не фігуруе Ян, служыць добрым прыкладам гумару ў казцы. «Размову ля брамы» вядуць два магнаты: Ольбрахт Гаштаўт і князь Павал Гальшанскі. Князь Павал хоча паразмаўляць пра караля коршакаў [4, с. 85], але ягоны суразмоўца настроены скептычна і замест гэтага пачынае прыўзносіць пчол. Наступны ўрывак дае ўяўленне пра характар іхняй размовы:

«— Але я хацеў яшчэ расказаць табе пра пчалу. Пчала мае найсаладзейшы голас, і калі яна пяе, усе змаўкаюць і цешацца.

— Ды ані каліва, — перабіў Гаштаўт. — Пчала гудзе і мармыча, як п’яны францішканін, і хто яе пачуе — так і сочыць, каб не джыганула выпадкам у руку ці ў шчаку.

— Пэўна, што і праўда так, — пагадзіўся князь Павал. — А яшчэ пчала заўжды мае патрэбу ў мёдзе, і паўсюль яго шукае, і рассылае ганцоў ва ўсе бакі, і распытвае сустрэчных, ці не бачылі яны дзе мёду, каб адтуль ужо прынесці ды скласці ў вуллі.

Гаштаўт нахмурыўся.

— Ты гэта жартуеш, родзіч, а ці звар’яцеў за кнігамі?» [4, с. 86]

Немагчыма пералічыць усе выдатныя размовы з гэтай кнігі, якую надзвычай радасна чытаць, але, бясспрэчна, варта назваць адзін з пачатковых раздзелаў пад назвай «Размова між фрэсак». Адзін пакой палаца Гаштаўта аздоблены фрэскамі, на якіх намаляванае заснаванне Літвы. Гаспадар цешыцца гэтым пакоем, падчас размалёўкі якога ён ледзь не давёў іншаземнага майстра да шаленства. Ён з гонарам паказвае і апісвае іх князю Паўлу [4, с. 32—33], пачынаючы ад Нерона і ягонага родзіча Палемона, які быў родам з Літвы. Фрэскі даюць аўтару нагоду пашырыць геаграфію падрабязных гістарычных партрэтаў далёка за межы славянскіх земляў. На трэцяй фрэсцы — рака Нёман, на якой, меркавалася, і ўзнікла краіна [4, с. 33—36]. Далей у размове пан Ольбрахт са скрухай кажа пра заняпад краіны ў 1517 г.:

«— Але што рабіць, калі часы ідуць на спад, ідуць і да сёння? Год Панскі тысяча пяцьсот сямнаццаты — у самых гэтых словах чутная восень. І як лісты адрываюцца ўвосень ад дрэў, так і людскія цноты ўжо не могуць утрымацца разам, нават і ў рымлянах» [4, с. 37].

Згадка пра рымлянаў пераходзіць у агульныя развагі пра радавод. Пан Ольбрахт перакананы, што паходзіць ад рымлянаў, але князь Павал пярэчыць, што французы, ангельцы і туркі таксама сцвярджаюць, што маюць старажытных продкаў. У адказ ён чуе, што гэта ўсё казкі:

«— Але гэта казкі! — абурыўся Гаштаўт. — Ці мала ў кнігах казак і ці мала казак у пагалосках?

— А калі не з кніг ды пагалосак, то адкуль нам знаць і пра Літву? — падхапіў князь.

Гаштаўт бліснуў вачыма і падаўся наперад, быццам маючы на гэты выпад адказ з адказаў, але замёр, уздыхнуў, нахмурыўся і не сказаў зусім нічога. А князь Павал працягваў:

— Чаму б не быць Палемону казкай? Я чуў аб ім ад цябе — а ад каго чуў ты і чаму паверыў? Можа, проста камусьці здалося, што Рым далёка, а аб далёкім заўжды выдумляюць небывалае» [4, с. 38].

Нешматлікія прыведзеныя вышэй цытаты могуць адно аддалена перадаць, з якіх разнастайных, жывых дыялогаў складаецца кніга. Некаторыя з іх утрымліваюць амаль самастойныя вершы і аповеды. Прыклад вершаў — «Размова ўверсе» [4, с. 63—69]. Тут госці пана Ольбрахта, калі гутарка згасае, прыдумляюць кароткія вершы, каб здавацца дасціпнымі, а не нуднымі. Добры прыклад аповедуа знаходзім у «Размове на лузе» [4, с. 70—76]. Ян і Зафійка размаўляюць пра легендарнага Шымку, чый прыгожы голас заводзіць яго ў небяспечны чарадзейны свет, дзе сярод іншага запыняецца час. Як і ў іншых раздзелах гэтай кнігі, якая ўся дыхае сярэднявечнымі павер’ямі і забабонамі, кожная гісторыя мае шмат версій.

У дадатак да багатай фактуры сюжэта і дыялогаў, А. Ф. Брыль дае рады з размаітых «размоў» стварыць суцэльную карціну надзвычай цікавага перыяду беларускай гісторыі праз прызму жыцця аднаго сярэднявечнага замка. У гэтай казцы пераплятаюцца наіўнасць і круцельства, досціп і дурнота, улада і злоўжыванне ёю з боку тых, хто жыве ў замку і ў яго наваколлі. «Ян Ялмужна» ніколі не стаўся б гістарычным раманам, але твор А. Ф. Брыля не менш магутна перадае дух мінуўшчыны, спалучаючы казачныя матывы і цудоўны гумар, нязменна яскравыя апісанні і выдатна прамаляваныя характары. Хоць кніга выйшла накладам усяго 300 асобнікаў, яна заслугоўвае звання «кніга года — 2014».

 

* * *

Як у сваёй наватарскай, майстэрскай паэзіі, гэтак і ў не менш удалай казачнай аповесці Антон Францішак Брыль выяўляе сябе выбітным творцам свайго пакалення. Трэба спадзявацца, што ён і надалей будзе пісаць прынамсі ці вершы, ці прозу, не адрываючыся на тое, каб зарабляць на кавалак хлеба ў галіне камп’ютарных тэхналогій. Гэткі талент нельга марнаваць.

 

Спіс літаратуры:

 

1. Бродский, И. Стихотворения и поэмы в двух томах, Санкт-Петербург, 2011.

2. Брыль, А.Ф. Live Journal, 2004.

3. Брыль, А.Ф. Не ўпаў жолуд ∕ А. Ф. Брыль, Мінск, Логвінаў, 20011.

4. Брыль, А.Ф. Ян Ялмужна ∕ А.Ф. Брыль, Мінск, Кнігазбор, 2014.

5. Karłowicz, J. Podania i bajki zabrane na Litwie / J. Karłowicz, Кракаў, 1887.

6. Макмілін, А. Рунь ∕ А. Макмілін, Мінск, Кнігазбор, 2016.

7. Федарэнка, Т. Мільён непатрэбных гукаў ∕ Т. Федарэнка (рэд.), — Мінск, Галіяфы, 2011. 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?