Вы тут

«Прастор» у прасторы агульнага культурнага поля


Найстарэйшы рускі літаратурна-мастацкі штомесячны часопіс «Прастор» заснаваны ў 1933-м годзе, да першага з’езду пісьменнікаў СССР. Ён і сёння, дзякуючы намаганням старшыні Праўлення Саюза пісьменнікаў Казахстана Нурлана Аразаліна, цяпер сенатара Парламента Рэспублікі Казахстан, з’яўляецца часопісам Саюза пісьменнікаў Казахстана, уваходзіць у структуру «Каламгер-медыя».


У часопіса «Прастор» багатая гісторыя: ля вытокаў яго стварэння разам з Сакенам Сейфуліным, Ільясам Жансугуравым стаяў Дзмітрый Фёдаравіч Снегін, афіцэр-артылерыст, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну ад самых баёў пад Масквой да Берліна ў складзе 8-й Гвардзейскай дывізіі ім. І. В. Панфілава. Ён стварыў мастацкую гісторыю горада Вернага і многія дакументальна-біяграфічныя аповесці, змяніў назву часопіса «Савецкі Казахстан» на «Прастор».

У 60—70-я гады часопіс узначаліў вядомы савецкі пісьменнік, заўважаны ў свой час Горкім, які пакінуў у гісторыі літаратуры і казачую «Горкую лінію», і лірычныя прасноўскія старонкі, Іван Пятровіч Шухаў. Пры ім часопіс здабыў ўсесаюзную вядомасць, праславіўся смелымі публікацыямі, якія «не праходзiлi» парой у самога Твардоўскага ў «Новым міры» — проза Платонава, вершы і проза Цвятаевай, Пастэрнака.

У гады перабудовы часопіс «Прастор» меў наклад 120 тысяч асобнікаў, зноў жа за кошт усесаюзнага тады яшчэ чытача і гучных, а, можа быць, і «скандальных» публікацый, а часам і шчырага «чытва». Сёння ў часопіса крыху больш за тысячу падпісчыкаў на 17 мільёнаў насельніцтва Казахстана, меншая палова якога чытае па-руску, і каля 10 тысяч наведванняў у інтэрнэце па ўсім свеце.

Ужо больш як дванаццаць гадоў часопіс узначальвае выдатны паэт і эсэіст Валерый Фёдаравіч Міхайлаў, аўтар дакументальна-публіцыстычнай кнігі «Вялікі Джут» з гісторыі голаду 30-х гадоў, перакладзенай на казахскую, нямецкую, англійскую мовы і выдадзенай адпаведна ў Германіі і Вялікабрытаніі, каля 15 кніг вершаў і паэм, і кніг-даследаванняў пра Паўла Васільева, Юрыя Кузняцова, Міхаіла Лермантава, Яўгенія Баратынскага (апошнія дзве выйшлі ў серыі ЖЗЛ выдавецтва «Маладая гвардыя»).

Калі роля асобы ў гісторыі ўсё яшчэ аспрэчваецца навукоўцамі, то ў літаратуры і выдавецкай справе толькі на асобах усё і трымаецца, што і даказвае ўся гісторыя літаратуры. Гісторыя часопіса «Прастор» тут не выключэнне. У гэтыя гады, нягледзячы на эканамічныя крызісы, аслабелыя літаратурныя сувязі на постсавецкай прасторы, часопіс «Прастор» не згубіўся на прасторах рускага культурнага поля.

У выданні, якое імкнецца быць унутры агульнага літаратурнага працэсу, паказваць мастацкі ўзровень сучаснай літаратуры, разам з казахстанскімі публікуюцца вядомыя расійскія паэты, пісьменнікі, літаратуразнаўцы (светлай памяці Валянцін Распуцін, Цімур Зульфікараў, Андрэй Варанцоў, Аляксандр Сегень, Міхаіл Папоў, Юрый Пермінаў, Уладзімір Скіф, Дзіяна Кан, Яўгеній Семічаў, Вячаслаў Лютый, Святлана Замлелава і інш.).

Шматлікімі яркімі публікацыямі казахстанскіх літаратараў парадаваў чытачоў часопіс у апошнія гады. Назавём толькі некаторыя імёны: эсэ Алжаса Сулейменава, дзённікі Герольда Бельгера і яго проза, паэмы «Русь». «Рускі хаос», «Гадавая Свяча», «Свяцільня», вершы і даследчыя эсэ Валерыя Міхайлава, проза, вершы, эсэ Надзеі Чарновай (Алматы), паэмы і вершы Сяргея Комава (Рыддар), раманы Аляксандра Ялфімава (Уральск), Генадзія Дароніна (Астана), вершы і артыкулы Вольгі Грыгор’евай (Паўладар), дакументальная проза Юрыя Памінава (Паўладар), аповесці Бахытжана Канап’янова і Ануара Жалымбетава (Алматы), апавяданні і вершы Яўгенія Цітаева (Сямей), аповесці Тамары Паўленкі (Актау), вершы Любові Усавай (Цеміртау), Тамары Шабарэнінай і Таццяны Азоўскай (Уральск), Рэны Жуманавай (Какшэтау), Аляксандра Аргентума (Паўладар), артыкулы Святланы Ананьевай, Шахімардэна Кусаінава, Веры Савельевай, Вольгі Абішавай (Алматы) і інш.

Часопіс публікуе крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы пра класікаў і вядомых сучасных казахскіх пісьменнікаў, прадстаўляе ў перакладзе лепшыя творы з казахскай літаратуры: новыя пераклады вершаў Абая і Махамбета, новы пераклад Анатоля Кіма рамана-эпапеі «Шлях Абая» Мухтара Ауэзава, яго ж апавядання «Шэры люты» (пераклад Аслана Жаксылыкава), аповесцей і апавяданняў Абіша Кекілбаева (у перакладзе Анатоля Кіма), раманаў «Адплата» і «Масква-Баласаз» у аўтарскім перакладзе Акіма Таразі, рамана Тулена Абдзікава «Розуму зыркая вайна» (пераклад Анатоля Кіма), рамана Кажгалі Мухамбеткаліулы «Цяжкія часы» ў перакладзе Георгія Прахіна, аповесцей Алібэк Аскарава ў перакладзе Раўшан Байгожынай і Майры Жанузакавай, паэм і вершаў Фарызы Унгарсынавай, Нурлана Аразаліна, Ірана Гаіпа, Куляш Ахметавай, Улугбека Есдаўлетава, Галыма Жайлыбая, Акуштап Бахтыгерэевай, Адзільбека Ібрайулы і іншых у перакладах Таццяны Фралоўскай, Сяргея Мнацаканяна, Кайрата Бакберганава, Валерыя Міхайлава, Надзеі Чарнавы, Лідзіі Сцяпанавай, Таццяны Васільчанкі. Прадстаўлены на старонках «Прастору» перакладныя творы аўтараў шматнацыянальнай літаратуры Казахстана — уйгурскай, карэйскай, курдскай і г. д.

Маладыя літаратары выступаюць у рубрыках «Дэбют» і «Іншыя». Заўважнай штогадовай рубрыкай «Прастору» стала «Акцыя Саюза пісьменнікаў Казахстана і Еўразійскай групы «Краіна майстроў» — з выездам нашых пісьменнікаў на прадпрыемствы Актобе, Хромтау, Руднага, Паўладара, Аксу — на Данскі ГАК і ферасплаўныя заводы, на АТ «Алюміній Казахстана» і на Казахстанскі электролізны завод, на Сакалоўска-Сарбайскае горна-абагачальнае аб’яднанне і Казахстанскую энергетычную карпарацыю. Гэта не толькі мацуе чытацкія сувязі. Сумесна з выдавецтвам «Ана Арыс» мы выпусцілі дзве кнігі па выніках літаратурнага конкурсу «Краіна майстроў», на старонках часопіса дэбютавалі цікавыя паэты і публіцысты з працоўнай глыбінкі.

Юбілеям карыфеяў нацыянальнай культуры прысвечаны спецыяльныя рубрыкі і цэлыя блокі матэрыялаў. Так, у 2015-м годзе, у год 170-годдзя Абая штомесяц публікаваліся матэрыялы, прысвечаныя жыццю і творчасці вялікага казахскага паэта і мысліцеля. 180-годдзю Чокана Валіханава таксама быў прысвечаны блок матэрыялаў, у бягучым годзе разам з усёй краінай «Прастор» адзначыў юбілей Джамбула. У рамках 150-гадовага юбілею Івана Куратава, які адзначаўся ў рэспубліцы Комі, «Прастор» прымаў вялікую дэлегацыю літаратараў, якія прыехалі ўшанаваць памяць нацыянальнага пісьменніка і асветніка, які большую частку жыцця правёў у горадзе Верным (Алматы). Часопіс прысвяціў юбілею заснавальніка комі літаратуры падборку яго вершаў у перакладзе Андрэя Папова, у працяг літаратурных сувязей апублікаваны і вершы вядомых сучасных паэтаў Надзеі Мірашнічэнкі і Андрэя Папова, проза Алены Казловай.

Мацуючы міжнародныя пісьменніцкія сувязі, «Прастор» актыўна прапагандуе літаратуру Казахстана ў краінах СНД, супрацоўнічае з літаратурнымі часопісамі Расіі, Беларусі. Толькі ў апошнія два гады творы нашых пісьменнікаў публікаваліся ў расійскім часопісе «Бацькаваў край» (Валгаград). Казахстан быў там прадстаўлены па абмене — часопіс «Прастор» даваў вялікую падборку вершаў і прозы валгаградскіх пісьменнікаў. Таксама выйшлі сумесныя нумары часопісаў «Арт-Бухта» (Севастопаль), «Нява» (Санкт-Пецярбург), «Пад'ём» (Варонеж). Выйшаў сумесны расійска-казахстанскі нумар часопіса «Юнацтва». Актыўна ўдзельнічае «Прастор» у праекце пасольства Рэспублікі Казахстан у Расіі і «Літаратурнай газеты» — выпуску літаратурнага альманаха «Казахстан. Расія». Першы нумар яго выйшаў у мінулым годзе (рэдактар-укладальнік Кайрат Бакбергенаў), другі — з творамі саракагадовых аўтараў — здадзены ў вытворчасць у гэтым годзе (рэдактар-укладальнік Любоў Шашкова).

Палітычнае, эканамічнае збліжэнне Казахстана і Беларусі, безумоўна, служыць і актывізацыі культурных, літаратурных сувязей на дзяржаўным узроўні. Дамова аб супрацоўніцтве падпісана нашымі творчымі літаратурнымі саюзамі. Але любая ідэя мёртвая, калі яна не адухоўлена дзеяннямі людзей неабыякавых, якія дадаюць у яе сваю прафесійную, асобасную зацікаўленасць. На шчасце, у Беларусі такія неабыякавыя людзі ёсць, на чале з Алесем Карлюкевічам яны — сапраўдныя рухавікі нашых літаратурных сувязей. Яркай падзеяй стаў выхад на беларускай мове кнігі вершаў Абая «Стэпавы прастор» у перакладзе Міколы Мятліцкага пры падтрымцы пасольства РК у Беларусі, а таксама праведзены ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі «круглы стол» па абмеркаванні новага перакладу рамана «Шлях Абая» Мухтара Ауэзава з удзелам кіраўніка Міжнароднага фонду ім. М. Ауэзава Мурата Мухтаравіча Ауэзава і перакладчыка Анатоля Кіма.

«Прастор» актыўна адгукаецца на ўсе беларускія праекты, пасільна ў іх удзельнічае: у «круглых сталах», якія праводзяцца ў рамках Дня беларускага пісьменства, у сумеснай, якая выйшла ў Мінску, кнізе казахстанскіх і беларускіх аўтараў «Не ведаючы межаў», прэзентаванай на Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы «Па Вялікім Шаўковым шляху» ў Алматы. Выпушчаны абменны нумар з часопісам «Нёман», рыхтуем публікацыі нашых аўтараў у часопіс «Полымя» для перакладу на беларускую мову. У «Прасторы» былі апублікаваны новыя пераклады з беларускай Янкі Купалы, Міколы Мятліцкага, Алеся Бадака, артыкула Івана Чароты аб трагедыі Косава, вершы Анатоля Аўруціна — галоўнага рэдактара часопіса «Новая Няміга літаратурная». Але пераклады на казахскі нашых беларускіх сяброў яшчэ толькі рыхтуюцца. Адзначу, што лаўрэат дзяржаўнай прэміі РК Улугбек Есдаўлет з цікавасцю ўдзельнічаў у перакладзе на казахскую верша Францыска Скарыны. Гэта быў цікавы беларускі праект: кніжка аднаго верша пачынальніка славянскага кнігадрукавання на многіх мовах народаў свету!

Шмат робіць для ўмацавання казахстанска-беларускіх сувязей загадчык аддзела міжнародных сувязей Інстытута літаратуры і мастацтва ім. М. Ауэзава Святлана Ананьева, сталы аўтар часопіса «Прастор». Адна з апошніх прадстаўленых ёй публікацый для «Прастору» — артыкул Алеся Карлюкевіча пра выхад калектыўнай манаграфіі Інстытута «Сучасная літаратура народа Казахстана», дзе дадзена высокая ацэнка працы казахстанскіх літаратуразнаўцаў, што прадставілі нацыянальныя літаратуры, якія іграюць такую важную ролю ў захаванні міжнацыянальнай згоды ў нашай краіне і фарміраванні адзінай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Новыя пераклады на беларускую мову аўтараў «Прастору» ў часопісе «Полымя» — яшчэ адна нітка, якая злучае нашы літаратуры, нашы народы.

 

Любоў ШАШКОВА,

старшыня Савета па рускай літаратуры

Саюза пісьменнікаў Казахстана, загадчык аддзела

паэзіі і культуры часопіса «Прастор»

 

 

Сяргей КОМАЎ

 

Нараджэнне

 

Ў лістападаўскай замеці шэсцьдзясят сёмага

Сінім ранкам, як сонца косы абмыла,

Ў цяжкіх родах, вялікага, паўнакроўнага

Мая маці на свет мяне нарадзіла.

 

Са сцягамі хадзілі суседзі вясёлыя,

І гарэла сяло ў агні кумача.

У партрэтах парційцаў — адчынена школа.

Па-над хатай гучыць запавет Ільіча.

 

Працаваць і гуляць — гэта зараз, умеем!

Зноў шалёнай, вясёлай кружыць галаве!

І пад песні і пляскі ледзь Юбілеем

Не назвалі ў гэтае свята мяне.

 

Дзякуй богу, назваў мяне бацька Сярожкай.

— Ты ляці на святло, мой верабей,

І ідзі па жыцці толькі добрай дарожкай!

Чаркаваліся радасна: — Будзе Сяргей!

 

Хата танчыла доўга ў завеі стракатай,

Гучным басам гучалі напевы ў ёй.

Бацькаў сябра згубіў чаравікаў абцасы

І дзівіўся спрытнасці ў танцах сваёй!

 

Толькі ранкам знайшоў сваю важную страту.

Пахмяліўшыся добра, ён жартаваў:

— Гэта Бог тваёй Ганне падчас нараджэння

Гэтак моцна ўдачы для сына жадаў.

 

Вось жыву я шчаслівы, і мару трымаю:

Можа быць, у які снегавей

Дачакаюся праўнука да юбілею,

Што ў гонар дзядулі будзе Сяргей.

 

 

Кіно майго дзяцінства

 

Я помню, ў дзяцінстве далёкім,

Як быццам цягне аркан,

К сеансу заходзіў бокам

Падпіты механік Іван.

 

І месца знайсці немагчыма:

На печку, у дзверы, акно.

Прыперла таварыша спіна.

Ідзе пра індзейцаў кіно!

 

Сяло наша змесціцца, ясна,

Ў знаёмы маленечкі клуб.

За два пятакі гэта шчасце —

Пралезці між плеч і між рук.

 

Калі ж раптам стужка парвецца,

Бы важка ідзе на таран,

То зала гучна злуецца:

«Рамку, рамку, Іван!»

 

І тут бы яму затаіцца,

А ён з акенца крычыць,

Наш сябар, наш «бледналіцы»,

Наш дзядзька Іван інвалід.

 

Узрушана родная вёска,

Спяшаецца дзядзька Іван.

З мінулага водбліск дзівосны,

Гары, чорна-белы экран!

 

Над буйнай маёй галавою,

Над светам, дзе гасне святло,

Гучы з эпохі застою,

Дзе добрае круцяць кіно.

 

 

Балада пра вядро

 

Памяці Пастаногава Івана Майсеевіча

 

Здавалася б, што там насіцца з вядром!

Ды то ж незвычайнае будзе…

 

Вось год сорак пяты. Аэрадром

Нямецкі захоплены, людзі!

 

Хто снедаў, хто мыўся, хто проста ляжаў,

Хто чысціў брудныя боты.

Цясляр жа іх ротны, алтайскі кержак

Сур’ёзна глядзеў самалёты.

Задумаў — і выразаў жмут ён з крыла.

Сагнуў, пракляпаў ладна дужку.

Ды ўжо ж перамога была,

Што сонцам цешыла душы.

 

Такі вось дарунак даставіў з вайны, —

Вядро. Чым яшчэ мы багаты?

Я бачу дагэтуль мінуўшчыны сны

Таго радавога салдата.

 

Эх, добрае даўняе тое вядро!

Ў хаціну старую прыеду…

Я вып’ю з яго, узгадаю дабром:

— Царства нябеснае дзеду!

 

 

Валерый МІХАЙЛАЎ

 

* * *

Прачнуцца задзірлівым ранкам,

Усходам выбеліць твар.

Як коціцца яблык світанкам,

І зыркі бяроз пажар!

 

Шуміць па усім белым свеце

Шчаслівых крыніц вада.

Гуляе вакол п’яны вецер,

Забылася дом бяда.

 

І чэзне кара старая,

Гніюць старыя камлі.

Але сёння уранні

Прачнуліся карані.

 

І ў неба імкнецца шпарка

Па голых галінках сок.

Каўтнуўшы нектар-заранку,

З’явіўся на свет лісток…

 

 

* * *

Вечаровая чырвань,

Адыходзіць святло.

Ты застацца павінна,

Толькі шчасце прайшло…

 

Ў сініх прыцемках ціха.

Ясных зорак прыгоды.

Вобраз твой, як на ліха,

Я згубіў назаўсёды.

 

Ноч шаўковай пяшчотай,

Познім птушкам — лунаць.

Мне — самотныя ноты,

Як няма што чакаць.

 

 

* * *

Свет будуецца так, —

Азірніся, дурак:

За сусветным пажарам

Кружаць цацачным шарам

Ўсе шыроты Зямлі,

Акіяны, палі…

Ў навагоднім кружэнні

Ўсіх вякоў разбурэнні.

Па такіх вось законах

З дзіўным, велічным звонам

Шар пракручвае год,

Ў зорны мкне карагод.

Цемра дзён — беспраглядна,

І жыццё падуладна:

Ў капашлівай віхуры

Згодна робім алюры.

Існы хлеб здабываем,

Цуда-казку чакаем.

Спадзяёмся на нешта

Ды жывём, часам, грэшна.

Паміраць не жадаем —

Дзень вясновы страчаем.

Сэнс — у тым і у гэтым:

Сані зладзілі летам.

Ды куды ж едуць сані

Разам з вамі і з намі?

Хто ў тым вінаваты?

Свет атручвае атам…

Ўсё магчыма… ды сёння

Кружыць шар навагодні.

І між зорак ляціць,

У гірляндах гарыць...

 

Пераклад Юліі АЛЕЙЧАНКІ.

 

 

Надзея ЧАРНОВА

 

* * *

Пройдзе, як ішло, жыццё —

Як раней. Нібы на крылах

Пералёту забыццё,

Паміж «небыллю» і «быллю».

Непрыкметна дагарыць —

Ад кахання і да страты,

У імгненні, дзікаватым,

Як пад вечар сойкі крык…

 

 

Вецер-нянька

 

Рэчка рыбу глытае жывой,

Бор шуміць над пустою раллёй,

Як старонка у неба пад вокам.

Мы ў бары, што шапоча, жывём,

Мы сасновую серку жуём,

Бо ў жывіцы ўсе сосны навокал.

 

Дачакаліся ў міры бацькоў.

Вецер гушкае дзетак шпакоў

У калысках з зямлі і галінак.

У шпакоў сёння клопату шмат,

Ім памочнік — глядзець птушанят

Прыляцеў вецер-нянька з даліны.

 

Малады ён ды шчыры, дарос

Галавой ад зямлі да нябёс,

І ў рухах сваіх дзікаваты:

Гнёзды гушкаў занадта, і вось

Нібы кулі, ляцяць шпачаняты.

 

Беглі мы птушанят ратаваць,

Ды крылатых ужо не дагнаць!

Сочаць нашы дзіцячыя вочы,

Як шпакі і крычаць, і рагочуць,

Бо цяпер паляцяць…

 

 

Ідучы паўз мінулае…

 

Ідучы паўз мінулае, неяк ў акно зазірнула —

Там чарнее раяль, печка свеціцца кафляй за ім,

І у крэсле з саломы, скруціўшыся, котка заснула,

І ад свечкі затушанай ціха ўзнімаецца дым.

Вось і шаль неахайна звісае з чырвонага стула,

І трапеча ад жару, што хваляй ідзе з камінка.

Дзесьці тут гаспадыня — сукенка ў дзвярах мільганула,

І хусцінку ўпусціла, узляцеўшы, бы птушка, рука.

Мабыць, любы з ёй там, мабыць — гэта шумлівыя дзеці,

А мо ліст пахавальны у хату сягоння прыйшоў,

І вайна ля акна, і вялікае гора ў свеце,

І не вернецца болей ніхто, і не дойдзе дамоў…

Ды і хаты няма — кісяю я сасніла фіранак,

Таямнічая хата — дзяцінства ўспамін залаты.

А ў вокны яе мне заўсёды хацелася глянуць,

Толькі жах не пускаў і старыя легенды аб тым,

Што ў  хаце вякі здань блукае у шлюбным уборы,

І рыдае начамі, на бэльцы спрабуючы крук.

Абыходзяць яе, баючыся праклёну ды гора

Людзі, птушкі, звяры, і не ў’е  павуціння павук.

Я, і праўда, тады ні душы не страчала навокал —

І зачынены дзверы і вокны былі назаўжды.

Ды я ведала: там

І жыццё, і пакуты, не бачныя воку,

І, шкадуючы хату, душою ляцела туды…

 

Пераклад Валерыі РАДУНЬ.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.