Вы тут

Блізкасць


Беларуская дакументальная праграма «Лістапада» сёлета паказала, што цяперашняя рэчаіснасць можа быць цікавай гледачу. Нягледзячы на цяжкасці як візуальнага ўспрымання, так і псіхалагічнага. Усё ж тое, што можна ўбачыць у гэтых стужках, неверагодна блізкае нам. І гэта блізкае айчынныя рэжысёры адлюстроўваюць не ў мастацкіх стужках, а менавіта ў дакументальных, бо захаваць сапраўднасць моманту ў такім кіно, злавіць атмасферу, высачыць героя — задача ў першую чаргу фільмаў неігравых. Сёлета на «Лістападзе» можна было пераканацца: з гэтым беларускія дакументалісты паспяхова спраўляюцца.


Кадр з фільма «25» (рэж. А. Куціла).

Месца, дзе спыніўся час

Хоць пра блізкасць «Саламанкі» беларускаму гледачу не раскажаш, але менавіта гэтае кіно стала пераможцам нацыянальнага конкурсу дакументальных стужак. Гэта гісторыя пра мексіканскае паселішча менанітаў Саламанка, пра яго жыхароў і тое, як бавяць час людзі,

якія жывуць далёка ад звыклай для нас цывілізацыі. Кіно ўжо паказвалі на расійскім фестывалі «Артдокфэст» і на Амстэрдамскім фестывалі дакументальнага кіно (дарэчы, на апошні яго прынялі не адразу: напэўна, не вельмі ўважліва глядзелі).

Чорна-белая, як адзначаюць крытыкі, «Саламанка» адсылае да «Белай стужкі» Ханэке, дзе распавядаюць пра далёкае мінулае, але тут мы бачым сучаснасць, у якую жыхару, напрыклад мегаполіса, паверыць будзе цяжка. Такое здараецца падчас праглядаў: часам, знаходзячыся пад уражаннем, у многае з таго, чаго не было, можна паверыць (як паверыць у тое, што мы «Першыя на Месяцы» (стужка Аляксея Фядорчанкі). А тут бок адваротны: рэальнасць, якую паказваюць Руслан Фядотаў і Аляксандра Кулак у «Саламанцы», для нас не існуе, яе не ўбачыш у паўсядзённасці, на тэлебачанні, і толькі зрэдку — у кінатэатры.

«Саламанка» — стужка пра тое, як людзі, жывучы дзесьці ў Мексіцы, зберагаюць свае традыцыі і права на спакойнае жыццё. Дарэчы, рэжысёры нікому не расказалі, дзе ж знаходзіцца Саламанка: на карце яе няма. Бо ім таксама не хочацца парушаць той рытм жыцця, тыя прынцыпы і правілы, якія склаліся ў людзей, пра якіх мы даведваемся з вялікага экрана. Здавалася б, чым можа прывабіць беларускага гледача гэты фільм? А менавіта тым, што кожны з нас жадае ціхага жыцця, не парушаць свой рытм — мы такія ж, як і мексіканскія менаніты. Заўсёды цікава, як жывуць там, па той бок акіяна.

Жаданне вярнуцца

Дзмітрый Махамет гаворыць пра падобныя рэчы, але іншай кінамовай — каляровай, зразумелай беларусу, пейзажнай. І вось тут паняцце блізкасці не адноснае: рэжысёр здымаў стужку пра сваю сям’ю, пра бабулю і яе летнія «канікулы» ў вёсцы.

«Ты сюды больш не вернешся» — асабістая гісторыя, але разам з тым кіно, якому ёсць месца амаль у кожнай сям’і з нашай краіны. Вёска, якая заўжды прыцягвае нашых бабуль, але для нас — чужая і часам непрывабная, тут паказана сапраўдным домам: гераіня, якая прыязджае сюды на лета, спрабуе выратаваць амаль памерлую хату, быццам вяртае час. І сваёй маладосці, і мінулага нашых бацькоў.

У рэжысёра атрымалася выклікаць менавіта тое пачуццё — настальгічнае, суперажывальнае. Глядач назірае за тым, як гераіня бесперапынна шукае галінкі, трымаецца за вясковае жыццё, наталяецца роднай зямлёй. І, убачыўшы гэта ў стужцы, рэфлекторна перажываеш, узгадваеш сваю маладосць.

Кадр з фільма «Саламанка» (рэж. Р. Фядотаў, А. Кулак).

Падарожнічаць па радзіме

Крэўскі, Быхаўскі, Гальшанскі — усе гэтыя замкі можна ўбачыць амаль за гадзіну. Блізкія па тэме, гэтыя фільмы дыяметральна супрацьлеглыя тым, якімі паказаны замкі. Гледача чакае падарожжа па гэтых вядомых, але ненаведаных помніках.

Вольга Дашук у сваім «Крэўскім замку» распавядае гісторыю магутнага, багатага на падзеі і людзей будынка праз прызму думак жыхаркі Крэва. Рэжысёр знайшла менавіта тую аўтэнтыку, якая б звязала сучаснасць з мінуўшчынай, гледача — з замкам. Легенды, расказаныя жанчынай, яе думкі пра Крэва, яе маленечкая постаць на фоне хоць разбураных, але ўсё

такіх жа надзейна-магутных сцен замка, гавораць пра тое, што гісторыя мёртвай не бывае: ёй пранізаныя не толькі будынкі, але і чалавечыя лёсы.

«Прыгоды ў Быхаўскім замку» Кацярыны Махавай — дакументалістыка + анімацыя. Барочны замак з магутнымі фортамі калісьці быў сапраўдным гонарам айчыннага дойлідства. Былі часы, калі пра яго складалі легенды. Але цяпер замак у заняпадзе. Яго багатую гісторыю рэжысёр расказвае і праз непасрэдную экскурсію па тых пакоях, якія яшчэ засталіся, і праз гістарычныя падзеі, паказаныя анімацыйна. У фільме сапраўды адчуваецца неверагодная, часам каралеўская, атмасфера часоў велічы Быхаўскага замка, але і шкадаванне пра страту гэтага цудоўнага напаміну пра беларускую гісторыю.

Гальшанскі палац быў узведзены як абарончае збудаванне і як замак. Паяднанне магутнасці і прыгажосці далі палацу і народную назву — «Каменная кветка». Юрый Цімафееў у сваім «Гальшанскім замку. Імгненне» ўзгадвае, што засталося ад былога хараства легендарнага замка. Пярліна беларускага дойлідства ў стужцы ахутана туманам, выглядае казачнай і быццам не існуе ў сапраўдным жыцці: праз «попел стагоддзяў» захаваліся толькі цагляныя

сцены і безліч легенд. У гэтым падарожжы па беларускай зямлі, у гэтай мазаіцы з найпрыгажэйшых мясцін не хапае аднаго элемента — «Друі». Праз раку адсюль — Латвійскі бок. Друя была легендай нашай Радзімы: Напалеон Орда маляваў тут свае карціны. Друя наогул заўжды быццам «вабіла» мастакоў: мясціны тут багатыя на прыгажосць. Ілья Бажко ў сваёй стужцы расказаў пра Друю праз гісторыю мінскай мастачкі, якая прыязджае сюды за натхненнем, малюе для мясцовага касцёла абраз і сваёй працай спрабуе адбудаваць былое хараство гэтага месца.

Рухацца далей 

Беларусь гістарычная саступае месца таму, што адбываецца цяпер, што чакае нас пасля. Героі, якіх знаходзяць айчынныя рэжысёры, бывае, балансуюць на мяжы сваіх сіл, на скрыжаванні, калі трэба вырашаць, куды рухацца далей.

«200 000 абаротаў» — якраз такое кіно, пра рух. І рух не толькі ў класічным разуменні, але рух псіхалагічны. Змены ў жыцці героя стужкі Сашы Аўдзевіча моцна адбіліся і на яго будучыні, адмыслова — і на марах. Пасля аварыі хлопец застаўся напалову паралізаваным, але

гэта не стала перашкодай для яго жаданняў. Напрыклад, здзейсніць падарожжа да Балтыйскага мора.

На авантуру героя стужкі прыйдзецца пайсці і гледачу: увесь час ён будзе рухацца разам з Сашам, бачыць яго эмоцыі, суперажываць і нават падбадзёрваць. Але галоўнае — будзе адчуваць гонар за чалавека, які аказаўся здольным на ўчынкі, падуладныя не кожнаму. Пад-

час свайго, здавалася б, невялічкага падарожжа, Саша пераадолеў 5000 кіламетраў, адпаведна і 200 000 абаротаў рукамі. У беларускім кіно прыйшла чарга аповедаў пра людзей моцных — не толькі фізічна, але і маральна.

Падарожжы на адлегласці, але разам з тым і ў глыбіні сваёй свядомасці сталі добрай традыцыяй беларускай дакументалістыкі. І гэта выклікае эмоцыю, ставіць пад удар пачуцці гледачоў і ўражанні — тое, што блізкае для нас, прымушае даверыцца і задумацца… А часам і дакрануцца. Як гэта зрабіў Андрэй Куціла ў стужцы «25».

Фільм пра першае пакаленне тых, хто вырас у суверэннай Беларусі, стаў энцыклапедыяй уласна гэтага пакалення. «25» — яшчэ маладосць, але ўжо адказнасць, незалежнасць і непазбежнасць выбару. Героі стужкі — на геаграфічнай, псіхалагічнай і перспектыўнай адлегласці адзін ад аднаго. Тут і жыхары Баранавічаў, Мінска, Магілёва, Чапялёў, Гомеля.

Тут і інжынеры, і супрацоўнікі індустрыі прыгажосці, і жанчыны ў дэкрэце, і фермеры, і прарабы. Яны па-рознаму ўладкаваліся ў жыцці... Калі ў іх ёсць праца, гэта яшчэ не значыць, што ёсць псіхалагічная стабільнасць, — героі стужкі Куцілы прагнуць зменаў у жыцці. Баранавіцкі інжынер Дзіма, па сумяшчальніцтве музыкант, вось-вось атрымае амерыканскую візу, Крысціна пераехала ў Мінск з Бельгіі, бо не хоча там жыць, а тут выхоўвае сына і дачку. Яна чакае з’яўлення сына.

Саша з жонкай і дзіцём жывуць размераным жыццём у вёсцы Салігорскага раёна, а Ілья перыядычна ездзіць на заробкі ў Маскву. Беларусам з іх праблемамі і жаданнямі ў фільме даецца слова: яны паводзяць сябе так, як у жыцці, не іграюць на камеру, часам адчайныя, апантаныя, шчаслівыя. «25» — узрост як для краіны, так і для чалавека, яшчэ малады.

Жыццё як фільм

У кіно адлюстроўваецца рэчаіснасць. А кіно ў кіно — рэдка. «Масоўка. Буйны план» — спроба рэжысёра выправіць непаразуменне. У некаторыя моманты ўзнікае пачуццё зайздрасці да акцёраў.

Праца, якую яны робяць, працай нам не падаецца, разам з тым, яны атрымліваюць грошы і папулярнасць. Але ці так гэта? Аляксандр Зубаўленка ў сваім фільме вырашыў адлюстраваць адваротны бок акцёрскай прафесіі: ён гаворыць не пра тых, каго мы бачым у свецкіх хроніках і на чырвоных дарожках, а пра тых, на каго мы наогул не звяртаем у кіно ўвагі. Масоўка — гэта тыя ж самыя амбіцыйныя акцёры, якім бы хацелася выконваць галоўныя ролі, трапляць на вокладкі глянцу, прымяраць святочныя ўборы.

У стужцы рэжысёр паказвае акцёраў масавых сцэн яшчэ і ў псіхалагічным разрэзе: глядач атрымлівае адказы на пытанне «А навошта гэта ім трэба?» і знаёміцца з пазакамернымі праблемамі акцёрскай прафесіі.

Калі не звяртаць увагі на тое, што ўсе гэтыя стужкі — дакументальныя, можа падацца, што ў сцэнарыстаў багатая фантазія. Гэта ж трэба прыдумаць такіх герояў! Але жыццё само падказвае і герояў, і падзеі, і гісторыі. Нам застаецца толькі сачыць за тым, што ж адбываецца ў дакументальным кіно, а згодна з гэтым — і ў жыцці. Каб нічога вартага ў гэтым шпаркім рытме не абмінуць.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.