Вы тут

Як «параненая рыба»


Гісторыя жыцця Алены Кіш натхняе сучасных айчынных мастакоў.


Алена Кіш «У садзе».

Талент, майстэрства народнай мастачкі пры жыцці не былі адзначаны, але цяпер яе наіўныя творы натхняюць сучасных творцаў. У сталічнай галерэі «Універсітэт культуры» працуе выстаўка памяці генія наіўнага мастацтва Беларусі Алены Кіш.

Усе нешматлікія выстаўкі (першую выстаўку «маляванак» Алены Кіш у 1978 годзе арганізаваў Уладзімір Басалыга),  прысвечаныя творчасці аўтара маляваных дываноў, што ладзяцца на айчынных пляцоўках, выклікаюць цікавасць з боку

прадстаўнікоў творчых кірункаў і аматараў мастацтва. Выстаўка ў галерэі «Універсітэт культуры» — не выключэнне. На адкрыцці праекта сабралася шмат неабыякавых. Экспазіцыя падрыхтавана па выніках пленэру «З Аленай Кіш у сэрцы», арганізаванага галерэяй «Мастацкі маёнтак» і ўстановай «Цэнтр экалагічных рашэнняў» пры падтрымцы мецэната Святланы Воранавай у вёсцы Дуброва (Лагойскі раён). Так, на выстаўцы можна ўбачыць творы беларускіх мастакоў Ганны Балаш, Аляксандра Дзямідава, Аляксандра Наўгародцава, Жанны Капуснікавай і іншых.

Канечне, аўтары, што ўзялі ўдзел у пленэры, не пішуць у стылістыцы наіўнага мастацтва, не ствараюць «маляванкі» і тым больш не прэтэндуюць на невядомасць, але жыццёвы і творчы патэнцыял мастакоў накіраваны на адлюстраванне райскай тэматыкі, падобнай да той, якую ў работах выкарыстоўвала Алена Кіш. На працягу двух тыдняў мастакі стваралі свой райскі сад. Яны так натхніліся атмасферай, тэмай пленэру, што большасць іх твораў не проста прысвечаныя Алене Кіш, а дораць тое, што ёй было так патрэбна. Напрыклад, мастачка Ганна Балаш стварыла карціну «Дом для Алены». Гэта дом, якога ў Алены Кіш ніколі не было, які яна шукала, пазіцыянавала, ствараючы ўнікальныя дываны. А Аляксандр Дзямідаў напісаў карціну «Музыка для Алены». Дарэчы, падчас пленэру Аляксандр Дзямідаў убачыў, як каля берага возера вясковыя хлопцы стралялі ў рыбу з лука. Гэта сітуацыя адбілася ў памяці творцы, а потым стала метафарай унутранага свету мастачкі.

Аўтар адзначае, што падчас жыцця Алена Кіш была «параненай рыбай», яна хавала свой боль ад іншых, але заглушыць унутры сябе не змагла.

Аляксандр Дзямідаў «Музыка для Алены», 2016 г.

Алена Кіш не мела спецыяльнай адукацыі, але яе маляваныя дываны знайшлі месца ў многіх сялянскіх хатах. Райскія сюжэты мастачкі падабаліся простым людзям, яны замаўлялі Алене дываны, якія пасля дарылі блізкім на розныя святы (асабліва вяселле) альбо захоўвалі ў сябе як своеасаблівыя абярэгі — на шчасце. У той час не плацілі грашыма, за дываны мастачка прасіла толькі прадукты і начлег. Яна намагалася дарыць людзям тую райскую ідылію, якую ў час НЭПа, калектывізацыі і вайны дасягнуць было практычна немагчыма. Маляваныя дываны Алены Кіш з фантастычна-алегарычнымі сюжэтамі не маюць аналогій. Але ж такі від мастацтва дастаткова складаны з пункту гледжання захавання: «маляванкі» з цягам часу губляюць колер і маюць патрэбу ў рэстаўрацыі.

На выстаўцы дываны Алены Кіш прадстаўлены з фондаў музея-запаведніка «Заслаўе» і прыватных калекцый. Экспанаты дэманструюць тры асноўныя тэмы ў творчасці мастачкі. Яны адзначаны ў назвах: «Райскі сад», «Ліст да каханага» і «Дзева на водах». Апошняя вельмі сімвалічная: майстрыха скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў рацэ.

Жыццёвы шлях Алены Кіш выклікае спачуванні. На адкрыцці выставачнага праекта мастачка Ганна Балаш не змагла стрымаць слёз, калі распавядала, як на вёсцы Алену Кіш лаялі дзівакаватай за любоў да прыгажосці зямлі і жывёл, лаялі дармаедкай за тое, што яна не мела дома, гаспадаркі (з успамінаў бабулі Ганны Балаш).

Гэтая маладая жанчына была геніем з народу, але, як часта бывае, не прызнаным своечасова. Імя Алены Кіш уваходзіць у Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва нароўні з такімі прозвішчамі, як Русо і Пірасмані. Арганізатары выстаўкі і гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» заклікаюць звярнуць увагу: магчыма, у каго-небудзь сапраўдныя

шэдэўры мастацтва проста так ляжаць непатрэбнымі на гарышчы альбо ў іх, як і ў пачатку 1950-х гадоў на вёсцы, захоўваюць зерне альбо гародніну. Гэтыя «маляванкі» — унікальны скарб беларускай зямлі, які абавязкова трэба захаваць як сімвал культуры народа і памяць пра таленавітую мастачку.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.