Вы тут

Канікулы нястрогага рэжыму


Гісторыя пра пераблытаных адрасатаў.


Назавіце самыя папулярныя фразы, якія датычаць дзіцячых пісьменнікаў, дзіцячай літаратуры ўвогуле. Можам паспрачацца, сярод згаданых вамі варыянтаў прагучалі «маленькі чытач — самы строгі» і «каб пісаць для дзяцей, трэба самому заставацца дзіцём». Штампы, але цалкам правядлівыя. А датычна другога прапануем яшчэ і трошку паразважаць.

Бунт — прыкмета якасці

Дзеля чаго трэба заставацца дзіцём? Няўжо сур’ёзны, дарослы чалавек не здольны стварыць цікавы, жывы твор, які ў чытача выкліча не стрыманае пазяханне, але смех і радасць?

Не. Не здольны.

Таму што паміж дзіцём і дарослым палягаюць словы «трэба», «павінен», «правільна». Словы, без якіх у свеце ўсталяваўся б хаос, вядома, але і на іх адных далёка не заедзеш. Калі аўтар сядае за пісьмовы стол у бездакорна белым каўнерыку, а ў творы адштурхоўваецца толькі ад гэтых строгіх пастулатаў, прыкрае адчуванне падману і расчаравання ў выніку прыйдзе не толькі да дзіця — такі стэрыльны твор застанецца некранутым на паліцы ў чытача любога ўзросту. Бо кожны з нас, незалежна ад колькасці пражытых гадоў, сацыяльнага статусу і іншых дробязных прыкметаў, ведае: паміж «павінна» і сапраўдным жыццём — бездань. Дзесяць запаветаў, вядома, дапамагаюць жыць. Але цяжка ўявіць сабе геніяльны літаратурны твор, дзе б не парушаўся хоць бы адзін з гэтых запаветаў. «Мадам Бавары», «Ганна Карэніна», «Чужая бацькаўшчына» і «Пэпі Доўгая Панчоха» — ва ўсіх іх ёсць агульны знамянальнік — разуменне чалавечых слабасцяў.

І калі ў кнігах «для дарослых» неадназначнасць чалавечай прыроды адлюстроўваецца больш-менш праўдзіва, бо мы ж дарослыя, мы ж разумеем, што так нельга, то ў кнігах для дзяцей суровы ўнутраны наглядальнік нярэдка набывае ўладу над аўтарам. І ў выніку кніга атрымліваецца не для дзяцей, але пра іх, прычым не пра жывых, гарэзлівых, непаслухмяных, цікаўных дзяцей, але пра ўзорных хлопчыкаў і дзяўчынак, чые прыгоды не сягаюць далей за плот бабулінага двара, якія з непадробнай цікаўнасцю выслухоўваюць усе дзедавы павучанні і гістарычныя экскурсы, займаюцца спортам, шануюць «жыўнасць» і ўвогуле — не ведаюць ніякіх этычных сумненняў.

А вы такіх бачылі?..

Ізяслаў і «салдаты»

Дзіўнае спалучэнне, праўда? Славуты беларускі княжыч-кніжнік — і танны расійскі серыял. Між тым спалучэнне гэтае сапраўды існуе, і не дзе-небудзь, а ў дзіцячай кнізе «Арцёмкавы канікулы», напісанай Зіновіем Прыгодзічам.

Адзначым творчыя ўдачы кнігі. Па-першае, аўтар звяртаецца да беларускай гісторыі. Вялікае Княства Літоўскае, паганскія традыцыі, жыццё шляхты, Вялікая Айчынная вайна і партызаншчына, нават развал Савецага Саюза — усё гэта знайшло месца ў «Арцёмкавых канікулах». Па-другое, Зіновій Прыгодзіч стварае партрэт «правільнага» хлопчыка: паважае старэйшых, вучыцца выдатна, любіць жывёл, здольны да спачування і добрых учынкаў.

Трэцяе — гэта мова. Так, часам сустракаюцца дробныя агрэхі, але тое недагляд рэдактара, уласна ж мова аўтара гучыць натуральна, прыгожа, не выклікае адчужэння. І чацвёртае: у «Арцёмкавых прыгодах» даволі шмат увагі надаецца свету жывёл. Што й не дзіўна: хлопчык бавіць летнія вакацыі ў вёсцы.

Да таго ж, дзядуля распавядае час ад часу пра дзікую прыроду: насельнікаў мясцовага лесу, птушыны свет... Якраз гэтыя фрагменты Зіновію Прыгодзічу ўдаюцца найбольш. Хацелася б пачытаць анімалістычныя творы гэтага аўтара. Прыкладам, самы пацешны (і тут з сумам трэба адзначыць — адзіны пацешны) момант у кнізе звязаны са спартыўнымі спаборніцтвамі, у якіх узяў удзел сабака Джэк. Тут сваю ролю адыграла пачуццё гумару аўтара і ўдалая падача — стыль спартыўнага каментатара, які ў спалучэнні з карцінкай стварае камічны эфект. Шкада, што спадар Зіновій не дазволіў сабе пацешыцца крыху (а мо і не крыху) больш. Кніга ад гэтага, падаецца, толькі б выйграла.

Але і гэтым разам у медаля ёсць адваротны бок. Так, кніга пазнавальная, так, павучальная, але дзе абяцаныя ў анатацыі прыгоды? Дзе жывыя людзі, а не выключна разважлівы дзед і яго ўнук-слухач? Дзе парушэнне правілаў, якое адначасова выклікае ў чытача непадробны інтарэс і здольнае павучаць правільным паводзінам не горш за наўпроставыя ўказанні?.. У выніку складваецца ўражанне, што кніга пісалася не для дзяцей, а для такіх самых дзядоў і бабуль, да якіх на лета прыязджаюць унукі — з мэтай даць ім матэрыял для лекцый і інструкцыю правільнага выхавання.

Хлопчык зорны і ўзорны

Іншая сітуацыя з кнігай Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка». Тэматычна і «прадметна» яе кніга выдатна сканструяваная. Тэма канікулаў таму і папулярная ў дзіцячых аўтараў — воля поўная. Спадарыня Кацярына выкарыстоўвае гэта на сваю карысць: падчас канікулаў Стасік сустракае даўняга сябра Зорнічка, знаёміцца з іншымі хлопчыкамі і нават дзяўчынкамі. Апошняе немалаважна: стасункі ў дзіцячым узросце — тэма калі не забароненая, то ўвагай абдзеленая.

Падчас канікулаў з дзецьмі адбываюцца сапраўдныя прыгоды, то бок — з рызыкай, з памылкамі, з парушэннем правілаў. Што не можа не цешыць: літаратурныя дзеці нарэшце ажылі. Пры гэтым праўдзіва выглядаюць і стасункі між імі: знаходзіцца месца сяброўству, сваркам, расстанням, рэўнасці да сябра і рэўнасці па віне сябра, суму і радасці, сумненням і шчырасці. Дзеці, якія не з’яўляюцца закаранелымі хуліганамі, таксама хлусяць і недагаворваюць, перабольшваюць свае подзвігі і не ведаюць, як паводзіцца ў няпростай сітуацыі. Гэтыя дзеці робяць «няправільныя» крокі — тым яны і цікавыя.

Тэмы Кацярына Хадасевіч-Лісавая закранае заўжды цікавыя чытачу: знаёмства з новымі людзьмі і страхі, з гэтым звязаныя; недавер дарослых да дзіцячых фантазій; стэрэатыпы пра хлопчыкаў і дзяўчынак ды іх разбурэнне; уласна тэма канікулаў і спосабы іх бавіць.

Адна акалічнасць — тое, што Зорнічак упершыню апынуўся на Зямлі і толькі знаёміцца са звыклымі для нас забаўкамі, — дазволіла аўтарцы паднавіць погляд на многія рэчы: ад футбола з хакеем да гарбаты на зёлках і дранікаў.

Здавалася б, кніга складаецца з адных удач. На жаль, не. Змест кнігі сапраўды не выклікае супярэчанні. А вось мова… Часам складваецца такое ўражанне, быццам аўтарка забылася, што піша для дзяцей, і рука «заміж персідскага ўзора» пачынае выводзіць… У якіх абставінах дзесяці-дванаццацігадовы хлопчык можа сказаць свайму сябру вось такое: «Нашае сяброўства ўяўляе для мяне вялікую каштоўнасць»?.. Так і хочацца дадаць: «Ударым аўтапрабегам па бездарожжы!» Да ўсяго, не ўпрыгожваюць аўтарскі стыль і русізмы.

Словам, калі б узяць мову ды асветніцтва Прыгодзіча і спалучыць іх з фантазіяй і чуйнасцю

Хадасевіч-Лісавой, мы, відаць, атрымалі б выдатную кнігу для дзяцей!

Вера ў цуды

Новая кніга Тамары Бунта з прыгожай назвай «Дзяўчынка з вішнёвага завулка», безумоўна, заслугоўвае асобнай гаворкі. Назва невыпадковая, гэта сапраўды не проста зборнік апавяданняў, але нібыта адна гісторыя пра дзяўчынку Тому.

Паколькі кніга аўтабіяграфічная, танальнасць заканамерна набывае настальгічныя ноткі.

Настрой гэты здольныя ўспрыняць многія з нас, нават тыя, чыё дзяцінства праходзіла не ў1960-х, пра якія вядзецца ў кнізе, але і ў другой палове 1980-х.

Адметным у кантэксце сучаснай беларускай літаратуры для дзяцей падаецца апавяданне «Шкілет», у якім закранаецца праблема дзіцячага страху (звяртаюцца да гэтай тэмы рэдка). Боязь цемры і адзіноты, што перажывае галоўная гераіня, знаёмы, бадай, кожнаму дзіцяці. Пры апісанні такіх сюжэтаў самае важнае — правільнае, з псіхалагічнага гледзішча, заканчэнне: каб дапамагчы, а не нашкодзіць. І гэта ў Т. Бунта атрымалася ідэальна. Дзякуючы глыбокаму псіхалагізму, якім прасякнутыя многія гісторыі, кніга будзе цікавай і для дарослага чытача. Аднак у гэтым, як ні дзіўна, палягае галоўная супярэчнасць ва ўспрыманні кнігі. Мастацкае афармленне, выдатна ажыццёўленае Аксанай Аракчэевай, дае пэўны «сігнал» бацькам, якія будуць выбіраць кнігу, што яна адрасаваная дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Як і некалькі першых гісторый.

Але выдатныя апавяданні «Гусак», «Лялька», «Апельсіны», «Чужое гора», «Хлопец з чужой каманды», «Белая аблачынка» адрасаваныя прынамсі падлеткавай аўдыторыі, у той час як ілюстрацыі адназначна арыентаваныя на ўспрыманне дзяцей ад трох да дзевяці гадоў. Вядома, дарослы можа дапамагчы свайму дзіцяці спасцігнуць няпростыя правілы чалавечых дачыненняў, якія апісваюцца ў названых гісторыях. Але калі дашкалятку прачытаць, як адзін з герояў апавядання «Любімае свята дзяцінства» дзядзька Лявон «кладзе цукеркі ў кожны боцік, у кожны валёнак, у кожны галёш», а пасля дадае: «— Заўтра скажам, што ноччу Дзед Мароз прыходзіў», то гэта дакладна скончыцца стратай у дзіцяці веры ў калядныя і навагоднія цуды.

Увогуле, ужо не першы раз даводзіцца сустракацца з тым, што ў сучаснай беларускай літаратуры часта змешваюцца паняцці «кнігі для дзяцей» і «кнігі пра дзяцей», у выніку чаго ў дзіцячых паводле афармлення і анатацыі кнігах аказваюцца не зусім дзіцячыя гісторыі.

Возера дзіва і яго ваколіцы

З насельнікамі лясоў, азёраў і балот знаёміць юных чытачоў у сваёй новай кнізе казак «Возера дзіва» Міхась Пазнякоў. Кнігу ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі: празаічную, у якой распавядаецца пра беларускую флору і фаўну; і паэтычную, прысвечаную класічным казачным сюжэтам.

Празаічныя казкі — гэта адаптаваныя для дзіцячага ўспрымання легенды пра паходжанне назваў некаторых раслінаў (сон лугавы, мнаганожка звычайная, чараўнік зеленакветкавы) і найменняў птушак (чырвоны каршун, белая чапля, чорны бусел, серабрыстая чайка, сіпуха).

Сапраўды, для сучасных дзяцей, якія ў камп’ютарных тэхналогіях і рэкламных брэндах разбіраюцца значна лепей, чым у прыродным наваколлі, гэта пазнавальна і карысна. Акрамя таго, казкі насычаныя патрыятычна-выхаваўчым зместам, што робіць іх прыдатнымі не толькі для сямейнага чытання, але і для вывучэння ў дзіцячых садках і школах.

Калі празаічная частка арыентаваная на беларускую рэчаіснасць, то паэтычная закранае пераважна пытанні агульначалавечых маральных нормаў. Сумленнасць у процівагу квапнасці, мудрасць, якая перамагае сілу, адданасць сяброўству, вышэйшую за інстынкты самазахавання, — усе гэтыя тэмы знайшлі паэтычнае ўвасабленне ў казках Міхася Пазнякова. А «Казка пра мядзведзя» і невялічкая вершаванка «Малпа» дапамогуць маленькім чытачам асэнсаваць важнасць правільнага размеркавання часу і выбару мэты. Прыхільнікам творчасці Уладзіміра Суцеева будзе цікава пачытаць знаёмую гісторыю ў новай інтэпрэтацыі («Качаня і Пеўнік»). А дзве апошнія казкі — «Ганарлівая дзяўчына» і «Кемлівы землякоп» прыйдуцца  даспадобы і больш дарослым чытачам, паколькі закранаюць складаныя пытанні маральнага выбару і сапраўднасці жыццёвых каштоўнасцяў.

Асобна варта адзначыць і мастацкае аздабленне кнігі: шыкоўныя ілюстрацыі Валянціна Макаранкі, якія суправаджаюць кожную казку, зробяць чытанне цікавым і захапляльным.

Наста ГРЫШЧУК,

Жанна КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.