Вы тут

Папулярныя артысты «спеліся» са спецыялістамі розных прафесій


На гэтым тыдні стартаваў новы сезон тэлешоу «Дзве зоркі на СТБ» — з падзагалоўкам «Рэдкія кадры». Такое ўдакладненне стваральнікі выбралі невыпадкова. Калі ў першым эпізодзе, які прайшоў вясной, кампанію знакамітым вакалістам складалі ўласна тэлевядучыя «Сталічнага тэлебачання», то цяпер партнёры артыстаў у дуэтах — прадстаўнікі самых розных прафесій: педагог, топ-менеджар буйнога банка, пагранічнік, работнік лесапілкі, міліцыянер, апаратчык прадпрыемства хімічнай прамысловасці, драматычны акцёр, стыліст...


— Мы іх сабралі з усёй Беларусі, — прызнаецца намеснік гендырэктара тэлеканала Павел Каранеўскі, — і паверце, «кадры» сапраўды рэдкія, а галоўнае, усе як адзін — таленавітыя!

Між іншым, да эфіру дайшлі далёка не ўсе: некаторыя патэнцыйныя ўдзельнікі тэлепраекта літаральна ў апошні момант адмовіліся выступаць на музычным судзе, пад агнём глядацкай крытыкі і каментарыяў журы. Затое тыя, хто не пабаяўся выйсці на шырокі сцэнічны прастор, мелі шанц спраўдзіць даўнія мары, атрымаць незабыўны вопыт і значную порцыю адрэналіну, — а камусьці з іх у выніку дастанецца яшчэ і народная слава.

Адны ўдзельнікі сапраўды стараюцца не адставаць ад прафесійных артыстаў у вакальным плане, другія «чапляюць» збольшага экспрэсіўнасцю і харызмай — але на кожнага з іх, безумоўна, цікава глядзець, уяўляючы, што «на яго месцы мог бы быць я». Акрамя таго, як мы заўважылі, у зімовым сезоне «Дзвюх зорак на СТБ» адбылася забаўная ратацыя: адны ўдзельнікі, як тэлевядучыя Антон Мартыненка ці Ірына Марцьянава, пераселі ў судзейскае крэсла, другія, як оперны спявак Эдуард Мартынюк, наадварот, перайшлі ў шэрагі канкурсантаў і адчулі на сабе ўсё хараство чужых ацэнак і меркаванняў...

Праўду сказаць, другі сезон шоу будзе імклівым: у ім усяго 4 тэматычныя канцэрты. Першая праграма — «Беларускія хіты» — ужо выйшла ў эфір 5 снежня, на чарзе — падборкі «Песні з кінафільмаў», «Залаты шлягер» (сусветныя хіты) і, канешне, канцэрт «Навагоднія песні». Судзейская калегія, дарэчы, у розных выпусках будзе мяняцца — тэлевізійнікі так і не прызналіся, зроблена гэта дзеля большай аб'ектыўнасці, каб не паспелі абзавесціся любімчыкамі, або проста для разнастайнасці і прыгожай карцінкі. Фінальны ж выпуск, куды трапяць найлепшыя нумары кожнай пары-ўдзельніцы праекта, тэлегледачы ўбачаць 31 снежня — і тады, ужо без дапамогі журы, выберуць народным галасаваннем дуэт пераможцаў.

Зазірнулі ў закуліссе праекта «Дзве зоркі на СТБ» і ўбачылі, як прыціраюцца адзін да аднаго тыя самыя «рэдкія кадры».

— Праспявана шыкоўна! — чуем, як хваліць чарговую пару аўтар ідэі шоу Ягор Хрусталёў.

— Я больш нічога не ўмею, — аджартоўваецца саліст опернай трупы Вялікага тэатра Эдуард Мартынюк, у пару да якога трапіла супрацоўніца пагранічнай службы, старшы лейтэнант Таццяна Новік.

Усяго ў праекце бяруць удзел 14 пар, усе як адна — незвычайныя. Так, адзін з дуэтаў — сямейны. Не хто-небудзь, а заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева амаль два тыдні ўгаворвала ўласнага сына, акцёра Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра Івана Стральцова ўсё ж выйсці разам на адну сцэну. І ўгаварыла! «Для мяне гэта абсалютна новы і нязвыклы вопыт, — прызнаўся за кулісамі Іван, — вельмі не хацелася стаць «слабым звяном». Ці хвалююся я? Не тое слова — амаль да дрыжыкаў!»

Затое ўдзельнікі яшчэ аднаго дуэта трымаюць сябе ў руках на зайздрасць усім астатнім. Яшчэ б: яна — заслужаная артыстка Беларусі і дэпутат парламента Ірына Дарафеева, а ён — былы спецназавец і ўладальнік суровай мужчынскай прафесіі — работнік Горацкай лесапілкі, уладальнік яркай знешнасці і экзатычнага імя Шэры-Крыстэль Лакака. Аказваецца, Крыстэль і Ірына ведаюць адзін аднаго далёка не першы дзень: спявачка заўважыла і ўзяла «пад крыло» харызматычнага і тэмпераментнага самадзейнага артыста яшчэ летась, падчас вакальнага конкурсу Федэрацыі прафсаюзаў. Таму знайсці музычнае паразуменне на сцэне абодвум аказалася нескладана.

Як ні дзіўна, але надзвычай арганічна склаўся дуэт-кантраст з бацькі і трэнера знакамітага тэнісіста Мікалая Мірнага і спявачкі, тэлевядучай і шматдзетнай мамы Ларысы Грыбалёвай. Напрыклад, у праграме беларускіх песень яны ператварыліся ў мульцяшную парачку Маша і Мядзведзь — прызнацца, у высачэзным калматым драпежніку з першага позірку цяжка было пазнаць Мірнага-старэйшага. Прагон, другі... Мікалай Мірны таемна, бы школьнік, падглядвае ў шпаргалку, дзе запісаныя словы песні, і тут жа атрымлівае строгую заўвагу ад аўтара ідэі «Дзвюх зорак на СТБ» Ягора Хрусталёва: «Мікалай Мікалаевіч, вы двоечнік!».

— Мікалай Мікалаевіч, як вы дазволілі з сабой такое зрабіць?! — пытаюся ў перапынку паміж рэпетыцыямі ў крыху засмучанага «мядзведзя».

— Усё проста. Справа ў тым, што я даўно і добра ведаю Ягора Хрусталёва, люблю ўсе яго тэлепраекты, пачынаючы з 15-гадовай даўніны, таму не мог адмовіцца ад гэтай авантуры і паддаўся на яго ўгаворы паспрабаваць сябе ў новым амплуа. Але пасля сказаў, што гэта першы і апошні раз, надалей я буду выступаць толькі там, дзе прафесійна штосьці разумею. А цяпер трэба адпавядаць — не магу ж я падвесці Лорыка (Ларысу Грыбалёву. — Аўт.)! Мы з ёй дамовіліся не крыўдаваць адзін на аднаго, незалежна ад вынікаў.

...Спявак Макс Лорэнс, ён жа першы беларускі ўладальнік Гран-пры «Славянскага базару ў Віцебску» Максім Сапацькоў, выглядае ўпэўненым і супрацоўніцтвам з партнёркай — стылістам і тэлевядучай Наталі Рашэ — цалкам задаволеным. Пытанню, што прывяло яго на такі аматарскі конкурс, артыст нават здзіўляецца:

— Артыст заўжды, калі толькі хоча развівацца, павінен удзельнічаць у розных праектах! Для мяне гэта — новы вопыт, новыя знаёмствы; у прыватнасці, я пазнаёміўся з таленавітай дзяўчынай Наталі Рашэ: артысткай, нават актрысай і, магчыма, будучай спявачкай — упэўнены, што ў яе гэта атрымаецца, калі яна сама захоча. Мы вельмі хутка знайшлі агульную мову, і мне падабаецца з ёй працаваць — гэта інтэлігентны, разумны і вельмі стыльны чалавек. А што да праекта — тут я проста атрымліваю неверагоднае задавальненне ад працэсу, ад песень, ад сустрэч са знаёмымі артыстамі і музыкантамі...

Тым часам да выступлення рыхтуецца чарговая пара, якая задае публіцы нечаканае пытанне: «Міліцыянеры ў зале ёсць?». Гром апладысментаў выклікае падазрэнне, што міліцыянераў тут не адзін дзясятак. А як інакш, калі «напарніца» артыста Паўла Клышэўскага — суровая і абаяльная, прафесіянал крымінальнага вышуку Наталля Клімовіч. Пакуль рана меркаваць, наколькі паспяховымі будуць выступленні гэтага незвычайнага дуэта маёра міліцыі і хулігана, але тое, што група падтрымкі ў іх адна з самых вялікіх і згуртаваных, — бясспрэчны факт.

...Пакуль адны дуэты выпрабоўваюць сцэну, другія распяваюцца ў закутку або ўжываюцца ў вобразы. Вось пара, якая быццам сышла з пляцоўкі гістарычнага кінафільма: спявак Аляксандр Сухараў і ўладальніца тытула «Настаўнік года-2011», выкладчыца англійскай мовы ў адной са сталічных гімназій Інэса Зубрыліна. Калі артысту да змены розных амплуа не прывыкаць, то педагог да новай ролі прымяраецца з ацярогай.

— Як вас спакусілі на ўдзел у такой рызыкоўнай справе — ацэньваць жа будуць не толькі суддзі, але і гледачы, у тым ліку калегі і нават вучні? — цікавімся ў Інэсы Уладзіміраўны.

— Я авантурыстка, — сцвярджае педагог у 14-м (!) пакаленні, — таму пагадзілася лёгка. Тым больш, сёння мы з Аляксандрам спяваем «Падабаецца — не падабаецца», гэта песня маёй маладосці, ад яе я атрымліваю чыстае задавальненне, і, можна сказаць, з ёй і я сама памаладзела. Хоць вобраз для мяне нязвыклы, але затое цяпер ведаю, што я магу і так!

— Так, нам лёгка і камфортна працуецца разам, — пагаджаецца спявак. — Дух спаборніцтва? Я праціўнік усякіх конкурсаў, практычна ніколі ў іх не ўдзельнічаў, але цяпер разумею, што трэба ўсё ж такі выходзіць на сцэну і «рваць» публіку. І тут я абсалютна спакойны — ведаю, што мы пераможам.

Дарэчы, выйграць у «Дзвюх зорках на СТБ» жадаюць практычна ўсе ўдзельнікі. А значыць, ёсць усе падставы лічыць, што далей будзе яшчэ больш цікава. Хто з канкурсантаў пераўвасобіцца ў «бандыта-гангстарыта», хто рызыкне дабавіць жаночы вакал у хіт «Любэ», а хто ўвойдзе ў вобраз Мэры Попінс? Каму гледачы будуць падпяваць любімы раманс з «Гардэмарынаў», а каму падтанцоўваць ці то ўсходні танец, ці то лезгінку? Хто здолее перанесці публіку ў зімовае Прастаквашына, а хто стане самым пераканаўчым Дзедам Марозам? Нарэшце, ці трапіць снарад у адну варонку двойчы і ці ўдасца адной з удзельніц, якая ўжо некалі выйграла шоу «Дзве зоркі» на іншым тэлеканале, зноў стаць пераможцай?.. Сачыце за эфірам — і ўсё самі ўбачыце і пачуеце. Наступныя выпускі «Дзвюх зорак на СТБ» выйдуць у эфір 12, 19 і 26 снежня, з паўторам па суботах, — а фінішуе праект, нагадаем, 31 снежня.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Так зоркі сышліся

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.