23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Як кантралююць бяспеку мінскай падземкі


Метро па праву лічыцца самым зручным відам грамадскага транспарту. Адно «але» — яго выкарыстанне патрабуе асцярогі. Толькі таго факта, што ты апынаешся ў закрытай прасторы дзесьці ў нетрах горада, дастаткова для таго, каб адчуць пэўны псіхалагічны дыскамфорт. А калі ўзяць пад увагу, што любое здарэнне пад зямлёй будзе мець больш сур'ёзныя наступствы, чым на адкрытым паветры, то і зусім становіцца не па сабе. Менавіта таму бяспека метро на асаблівым кантролі. Аб мерах па яе захаванні расказаў намеснік начальніка УУС па ахове Мінскага метрапалітэна па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Мікалай ГЛАЗКО.


Перыядычна СМІ паведамляюць пра тое, што на той ці іншай станцыі метро быў знойдзены падазроны прадмет ці хтосьці заявіў аб яго мініраванні. Калі зыходзіць з практыкі гэтага года: у 100% выпадкаў перажыванні былі дарэмнымі!

Сёлета ў дачыненні да пасажыраў падземкі было ўзбуджана 6 крымінальных спраў згодна з Артыкулам 340 Крымінальнага кодэкса РБ па абвінавачванні ў загадзя лжывым паведамленні аб небяспецы. Яшчэ па двух фактах зараз сумесна са Следчым камітэтам праводзіцца праверка. Сітуацыі, якія папярэднічаюць узбуджэнню крымінальнай справы, часцей за ўсё разгортваюцца па адным сцэнарыі. Чалавек адмаўляецца прад'явіць свае рэчы для агляду, а пасля працяглых спрэчак заяўляе, што там бомба.

— Звычайна апраўданне ва ўсіх адно: я пажартаваў, не думаў, што гэтую фразу могуць успрыняць усур'ёз. Тым не менш, каб выключыць самую малую верагоднасць надзвычайнага здарэння, праводзіцца дэталёвая праверка, выклікаюцца спецыялісты. Іх праца — нятаннае задавальненне, таму і пакаранне за такія «выбуховыя жарты» даволі суровае — да 7 гадоў пазбаўлення волі, — адзначыў Мікалай Глазко.

Яшчэ адна распаўсюджаная праблема — рэчы, пакінутыя на станцыях без нагляду. Аднак выпадкаў, каб іх кідалі знарок, у гэтым годзе зафіксавана не было. Забываюць нешта часцей за ўсё праз няўважлівасць. Пазней высвятляецца, што ў падазроных чамаданах, сумках і пакетах знаходзіцца адзенне, прадукты ці асабістыя рэчы. Аднак да гэтага работа станцыі на пэўны час прыпыняецца, а ўсе пасажыры эвакуіруюцца. Вядома, падобныя выпадкі выклікаюць занепакоенасць, аднак упадаць у паніку не варта: за становішчам старанна сочаць.

Самі пасажыры да ўласнай бяспекі ставяцца досыць пільна. Ужо пагалоскай стала леташняя гісторыя пра дзяўчыну, якая падгледзела змест чужога смс аб «жаданні падарваць метро» і забіла трывогу. У асноўным жа паведамляюць аб пакінутых на пероне рэчах.

Агляд на станцыях метро праводзіцца выбарачна. Калі спыняць кожнага, гэта створыць вялізныя заторы на самых загружаных станцыях. Таму некаторыя крыўдзяцца, маўляў, у яго сумка на 10 сантыметраў шырэй, а правяраюць мяне. Супрацоўнік службы бяспекі метрапалітэна ці дзяжурны міліцыянер у выбары зыходзіць са сваіх асабістых назіранняў і вопыту. Падазроным можа здацца вобраз чалавека ў цэлым, выкарыстанне рознай сімволікі, адзенне, рэзкія рухі, занадта вялікая, цяжкая ці дзіўная па форме ноша. Калі чалавек пры выкананні службовых абавязкаў просіць вас прайсці з ім для правядзення агляду, ніякіх парушэнняў вашых правоў у гэтым няма. Пры адсутнасці ў вас забароненых прадметаў уся працэдура зойме ад сілы некалькі хвілін. Ёсць тыя, хто абураецца: я тут кожны дзень праходжу, навошта вы мяне зноў і зноў правяраеце? Аднак гэта ні пра што не кажа. Па-першае: усіх, нават пастаянных, наведвальнікаў адной і той жа станцыі запомніць немагчыма, па-другое, калі сёння яны не праносілі нічога забароненага, гэта яшчэ не гарантыя таго, што і заўтра будзе гэтак жа.

— Нейкіх выпадкаў выяўлення злачынцы толькі па адным поглядзе на яго ў нас не было. Як, напрыклад, калі за мяжой тэрарыста-смяротніка вылічылі па адсутнасці абутку: паводле некаторых рэлігійных уяўленняў, у іншы свет варта пераходзіць босым. Вялікі натоўп людзей у спалучэнні з яго знешнім выглядам і дзіўнымі паводзінамі навялі на падазрэнні, якія аказаліся правільнымі, — прывёў прыклад Мікалай Віктаравіч. — Вядома, такія выключныя выпадкі бываюць рэдка. У больш складаных сітуацыях неабходна карыстацца прынцыпамі прафайлінгу. Пад прафайлінгам маецца на ўвазе сукупнасць псіхалагічных метадаў, якія дазваляюць спрагназаваць паводзіны чалавека на аснове яго знешніх характарыстык і невербальных і вербальных паводзін. Усе супрацоўнікі, якія задзейнічаны ў ахове метрапалітэна, праходзяць спецыяльнае навучанне.

Пры даглядзе, здараецца, сапраўды выяўляюць забароненыя прадметы: халодную ці агнястрэльную зброю, боепрыпасы. Нават калі ў вас у сумцы знойдуць усяго адзін патрон, праход для вас будзе закрыты. Акрамя таго, будзе пачата праверка ў межах крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Пры неабходнасці запытваюцца дадзеныя аб дазволе на захоўванне газавых пісталетаў. Пэўныя прадметы, якія ў нашай краіне знаходзяцца па-за законам, напрыклад кастэты, адразу ж канфіскуюць.

— Нельга сказаць, што некаторыя станцыі вылучаюцца па ўзроўні аховы. Усе абаронены дастаткова добра. Так, на новых лініях метро будзе больш сучаснае абсталяванне, аднак прынцып арганізацыі сістэмы застанецца ранейшым, — падкрэсліў Мікалай Глазко.

Што тычыцца канфліктных сітуацый, то яны ў асноўным адбываюцца на стадыі ўваходу ў метро. Як вядома, у стане алкагольнага ап'янення ён забаронены. Тым не менш не праходзіць і дня, каб такая сітуацыя не выклікала абурэння ў людзей нападпітку. Урэгуляваннем падобных пытанняў і займаюцца супрацоўнікі міліцыі, якія дзяжураць на станцыях. Аднак часам да іх звяртаюцца і з іншымі праблемамі. Напрыклад, калі ў натоўпе губляюць дзяцей або становяцца ахвярай крадзяжу. Увогуле аб'ём работы вялікі, бо штодня сталічным метрапалітэнам карыстаецца больш як 800 тысяч чалавек.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі Бужан

Загаловак у газеце: Жарты тут не да месца

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.