Вы тут

Гісторыя брастаўчанкі, якая стала прыёмнай мамай


З Юліяй Гуляевай мы пазнаёміліся на ранішніку для прыёмных сем'яў. Тады і дамовіліся сустрэцца асобна, каб пагаварыць пра тое, як яна стала мамай маленькай дзяўчынкі Васілінкі. І вось мы сядзім у маім кабінеце і размаўляем пра жыццё.


І ў гэтым аповедзе звычайнай, на першы погляд, жанчыны я шукаю вытокі таго ўчынку, які шмат у чым змяніў яе жыццё. Юлія вырасла ў Брэсце. Для дзяўчынкі з матэматычным складам розуму і здольнасцямі да дакладных навук пытанне аб выбары вышэйшай навучальнай установы не стаяла. Ёй і паступаць не давялося: на фізічна-матэматычны факультэт Брэсцкага ўніверсітэта залічылі па выніках алімпіяды. Матэматыка ёй давалася надзвычай лёгка, вучыцца было цікава. Студэнцкія гады праляцелі на адным дыханні. А вось выкладанне ў школе, настаўніцкая работа — аказаліся не яе справай. Гэта зразумела хутка, за першыя паўгода работы ў школе. І абавязковыя два гады пасля бюджэтнай формы навучання адпрацоўвала ў дзіцячым садку. Там маладая выхавацелька адчувала сябе больш камфортна.

— Малыя дзеці такія добрыя, такія шчырыя, — расказвае яна. — І нават самы задзірысты, калі аднойчы рэзка выгаварыла яму за паводзіны, запярэчыў: «Ну што вы, Юлія Юр'еўна, я ж харошы хлопчык». Хіба такому не паверыш? А калі яны пасля абеду спяць у сваіх ложках, нібы анёлачкі, узнікае такое трапятлівае пачуццё, якое я пазней перажывала з маленькім сынам Вадзімам і потым зноў з Васілінкай, — расказвае Юлія.

У садку маладому педагогу працавалася нядрэнна, але праз некалькі гадоў яна сумясціла сваё захапленне матэматыкай з плённай прафесійнай дзейнасцю: стала індывідуальным прадпрымальнікам па аказанні рэпетытарскіх паслуг. Працаваць з адным вучнем ёй аказалася больш цікава.

Тым часам у маладога матэматыка паявілася свая сям'я, нарадзіўся сынок. Але з сям'ёй не вельмі склалася. Юля і яе муж рассталіся, калі малому было толькі тры годзікі. Так бывае. Праўда, зрабілі гэта маладыя людзі вельмі цывілізавана і засталіся сябрамі. Бацька ўсяляк падтрымлівае сына. Былыя свякроў і нявестка пры сустрэчах нязменна цалуюцца. А дзяўчына былога мужа часам нават тэлефануе: «Прывітанне, Юля! Падкажы, як лепей зрабіць...» Такія стасункі Юлія лічыць самымі прымальнымі ў іх сітуацыі.

Жылі яны з сынам звычайным жыццём няпоўнай сям'і: у іх асобная кватэра, бабулі-дзядулі ў адным горадзе. Але аднойчы паехалі ў дзіцячы дом. Тут я перапыніла расказ і папрасіла ўдакладніць, як узнікла рашэнне наведаць дзіцячы дом. Проста сядзелі-сядзелі ля акна і раптам рашылі паехаць?

— Прыкладна так і было, — згадвае Юлія. А потым успамінае больш дакладна:

— Недзе ў шостым ці сёмым годзе пачула аб'яву, што ў Дзень абароны дзяцей Кобрынскі дзіцячы дом праводзіць свята накшталт Дня адкрытых дзвярэй, куды запрашаюць усіх ахвотных. Купілі білеты ды паехалі з сынам. Што мяне ўразіла першы раз, дык гэта песня маманцяняці на канцэрце. Чамусьці яе вельмі любяць ставіць у падобных установах. Яна як быццам бы па тэме, але ў тых сценах гучыць вельмі ж сумна, нават шчымліва.

Першым жаданнем пад уплывам тых эмоцый было хоць нечым дапамагчы дзецям. І Юлія Гуляева сабрала неабходныя дакументы, каб аформіць «гасцявую сям'ю». Яны з сынам сталі запрашаць выхаванцаў дзетдома на выхадныя, на некалькі дзён на канікулах. Абавязкова для дзяцей арганізоўвалі праграму, ездзілі і ў Белавежскую пушчу, хадзілі ў крэпасць. Так працягвалася некалькі гадоў.

— А з Васілінай пазнаёміліся выпадкова. Я туды прыехала, падышла да першага дзіцяці, а супрацоўніца кажа, што ў Васіліны сёння дзень нараджэння. І мяне так разанула. Я ўспомніла годзік свайго сына з гасцямі, падарункамі, шумам-тлумам. Хоць дзіця гэтага ў адзін год не ўсведамляе, але для навакольных — падзея. А тут малая нікому не патрэбная, поўзае, кешкаецца, выглядае такой адзінокай. Узяла на рукі — яна сядзіць ціхенька, як тая мышка, толькі вочы сумныя. Потым мяне здзіўляла: дзіця спатыкаецца і не плача. У мяне якраз была такога ўзросту пляменніца, калі яна ўпадзе — увесь шматкватэрны дом чуе. І вось тады адразу нарадзілася жаданне забраць Васіліну зусім. Праўда, ад першага жадання да здзяйснення прайшло паўгода, пакуль былі адладжаны фармальнасці, прыгатаваныя дакументы для атрымання статусу прыёмнай мамы.

Я вельмі хвалявалася, — працягвае маналог Юлія Юр'еўна, — як пройдзе адаптацыя, як дзіця прывыкне да новай абстаноўкі. Ніякай адаптацыі і не было. Васілінка не хадзіла ў паўтара года. Яе прывезлі, пасадзілі, яна і сядзела спакойна. Спачатку наогул да ўсяго настолькі роўна адносілася, што мяне гэта палохала. Я падрыхтавалася маральна да бяссонных начэй. А яе варта было пакласці ў ложак — малая закрывала вочкі і засынала: ніякага крыку, плачу, патрабавання ўвагі да сябе. Надзвычай доўга я прывучала яе да выражэння сваіх эмоцый, жаданняў. І паступова ўсё праходзіла, усталёўвалася. Цяпер нават бываюць складанасці з паводзінамі ў грамадскіх месцах. Ну, як у многіх дзяцей, — гаворыць мама Юля.

Васіліна Выркоўская мае праблемы са здароўем, галоўная з якіх кваліфікуецца спецыялістамі як затрымка ў развіцці. Дзяўчынка пакуль вельмі дрэнна гаворыць. Фактычна кожны дзень яны з мамай ходзяць на розныя працэдуры, праходзяць курсы лячэння адзін за адным. Медыкі ў прагнозах, як заўсёды, вельмі стрыманыя, але гавораць, што надзея ёсць. І за гэту надзею прыёмная мама трымаецца вельмі моцна. Юля спадзяецца, што ўдасца развіць і выправіць маўленне. Гэта самае галоўнае. Потым можна будзе атрымаць прымальную для жанчыны прафесію накшталт кухаркі альбо швачкі і нармальна ўладкаваць жыццё.

Васілінцы зараз шэсць з паловай гадоў, яна ходзіць у спецыялізаваны садок. Галоўнае, што яна не спыняецца ў развіцці. Яна толькі крыху меншая ростам за сваіх равеснікаў. Усё астатняе — як і ў іншых дзяцей. Цяпер нават цяжка паверыць, што гэты рухавы смяшлівы жэўжык быў некалі сумным ціхім немаўлём.

А нядаўна ў гэтай сям'і многае змянілася: тут паявіўся тата. Гэта вельмі рамантычная гісторыя. Юля і Андрэй пазнаёміліся ў інтэрнэце, у ходзе РПГ-гульні. Інтэлектуальныя інтэрнэт-стасункі падтрымліваліся гадамі. А потым яны сустрэліся ў яго родным Харкаве. Яна была там праездам па дарозе з адпачынку. Дарэчы, Юліны бацькі некалі таксама пазнаёміліся ў Харкаве. Закаханыя заўсёды звяртаюць увагу на супадзенні... А неўзабаве і ён наведаўся ў Брэст. Пазнаёміўся з дзецьмі, сустрэлі разам Новы год. А ў наступны яго прыезд Юля і Андрэй распісаліся ў адзін дзень, нікога не папярэдзіўшы, на здзіўленне сваім родным.

Выпускнік знакамітага Харкаўскага авіяцыйнага інстытута, на той час намеснік дырэктара адной з прыватных кампаній, ён крута памяняў жыццё і пераехаў у Брэст да любімай жанчыны.

Потым прызнаваўся, што вельмі баяўся, ці ўдасца знайсці кантакт з дзецьмі. Сваіх у амаль 40-гадовага Андрэя не было да гэтай пары. Але ўсё склалася як найлепш. З сямікласнікам Вадзімам яны сышліся як два інтэлектуалы з іранічным складам розуму і асаблівым пачуццём гумару. Ну а Васілінка нібы толькі і чакала, калі ў доме паявіцца тата. Яна ўспрыняла другога дарослага ў сям'і з адкрытай дзіцячай душой. Харкаўскія бабуля і дзядуля адразу палюбілі сваю новую ўнучку, песцілі яе мінулым летам падчас прыезду на канікулы.

На адпачынак да мора сёлета ездзілі ўсе разам. Праўда, Васіліна адразу спужалася мора, яе доўга і паступова давялося прывучаць да вады. А ўсё астатняе на адпачынку было проста цудоўна. Усе ўчатырох яны адчувалі сябе сям'ёй.

...Перада мной сядзела шчаслівая жанчына. І ў гэтым, відаць, заключаецца адказ на пытанне, чаму ўзнікла жаданне ўзяць на сябе клопат пра чужое дзіця, пытанне, якое я ставіла сабе, напрошваючыся на сустрэчу з Юліяй. Яна і раней была самадастатковым чалавекам. А цяпер, калі ў жыцці паявілася каханне — выраслі крылы, што адчуваецца. Нягледзячы на тое, што далёка не ўсё складваецца гладка. Напрыклад, муж пакуль не можа знайсці работу. Аказалася, што нават вакансій дворніка ў бліжэйшым ЖЭСе няма...

Яна гаворыць аб тым, што цяпер яны многа смяюцца, што навучыліся выкручвацца з любых сямейных фінансавых крызісаў. Расказвае, што адзенне набываюць у асноўным па інтэрнэце, не купіла ў гэтым сезоне зімовае паліто, бо лічыць, што лепей адкласці нейкую капейку на будучы адпачынак. А цяжкасці існуюць для таго, каб іх пераадольваць. Прыёмнае дзіця ўпісваецца ў сістэму іх каштоўнасцяў — вось што галоўнае.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Адчуць сябе сям'ёй

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.