У аматараў рэаліці-шоу «Дом-2», што ўжо каторы год транслюецца па адным з даступных многім тэлеканалаў і стала нагодай да шматлікіх жартаў і анекдотаў, — бяда: чарговы сезон праекта датэрмінова закрываецца. Прычым арганізатары гэтага вельмі паспяховага па першым часе медыяпрадукту прычыну называюць вельмі арыгінальную — удзельнікі адмаўляюцца «будаваць каханне».
Карацей, паляцела ўся задумка дагары нагамі, бо сутнасць усяго шоу была — сабраць маладых лайдакоў з прывабнай знешнасцю і прагай тэлевізійнай славы (пароўну хлопчыкаў і дзяўчынак), змясціць іх у абмежаваную прастору і назіраць у рэжыме рэальнага часу, хто з кім сыходзіцца-разыходзіцца, сварыцца-мілуецца. Як правіла, пары пастаянна мяняліся, здрады былі на кожным кроку, хлопцы кідалі дзевак, дзеўкі — хлопцаў, хапаліся за новую істоту супрацьлеглага полу, спрабавалі «будаваць каханне» ўжо з ёй. Усё гэта — на вачах шматмільённай аўдыторыі, бо прыхільнікаў у шоу хапала: назіраць за чужым прыватным жыццём не праз замочную шчыліну, а на экране тэлевізара вельмі заманліва для многіх. Для тых маладых ды прывабных шоу стала месцам пастаяннай працы, яны станавіліся пазнавальнымі зоркамі (асабліва тыя, хто больш за ўсіх скандаліў ды часцей мяняў кавалераў або паненак). Сыходзілі з такой выгаднай работы рэдка, хіба што выганялі сужыцелі, а калі такая неспадзяванка здаралася, тут жа на кастынг замены імчаў натоўп новых лайдакоў і аматараў лёгкай славы....
А тут — на табе! — крызіс жанру. Ужо ўсе ўмовы ім стварылі, нават, дзеля разнастайнасці, памясцілі «Дом» на нейкім трапічным ці калятрапічным востраве (гэта ж якія выдаткі!). А яны не хочуць «будаваць каханне» — і ўсё тут! Плёскаюцца ў моры, песцяцца на сонцы, дзеўкі сварацца не з-за хлопцаў, а з-за прычосак, хлопцы ўвогуле ў гаджэты гуляюць — ім не да дзевак. Небаракі прадзюсары з імі і так, і сяк: і пагражалі, і ўгаворвалі (дзіва што: такі бізнес рушыцца). Але нічога не выйшла, каханне пад цёплым сонейкам будаваць ніхто не стаў, таму ўрэшце ўсіх пагрузілі ў самалёт і з тых Сэйшэлаў звезлі, а шоу цяпер пад пагрозай закрыцця. Бедныя-бедныя гледачы, удзельнікі і стваральнікі!..
З чаго гэта раптам я сёння пра нейкую, мякка кажучы, не зусім разумную, ды яшчэ не з нашага канала, тэлеперадачу размову завяла? Бо і само яе існаванне, і тая шматлікая аўдыторыя, якая трымала і працягвае трымаць ёй рэйтынгі (і некалькі тысяч з гэтай аўдыторыі, я проста ўпэўнена, жывуць і ў нашай краіне), — найбольш яскравае сведчанне таго, як абясцэніліся ў свядомасці людзей самыя лепшыя пачуцці, дзеля якіх, напэўна, чалавек і нараджаецца на свет. «Будаваць каханне»... І для маладых удзельнікаў згаданага шоу, і для тых, хто штовечар з захапленнем яго глядзіць, і для тых, хто не глядзіць, але выхоўваецца на падобных «каштоўнасцях», — гэта самая звычайная фраза, яна не б'е ні па вачах, ні па вушах. І ў жыцці, як у тым шоу: пабудаваў-пабудаваў з адным — не выйшла — кінуў — пайшоў шукаць іншага, каб пачаць «будоўлю» зноў. Быццам кубікі ці канструктар: надакучыла — разбурыў, пачаў нанова або проста склаў у скрыню і забыўся.
Але якое, скажыце, дачыненне гэта мае ўласна да кахання? Ніякага, толькі ўяўляецца менавіта так. А калі сапраўднае пачуццё ўсё ж даганяе-накрывае (бо яно, аўтаномна ад усякіх сучасных стэрэатыпаў, як і ад чалавечага жадання, па-ранейшаму існуе), а яшчэ і без адказу — вось тады пачынаецца страшнае. Чалавек, асабліва малады, кідаецца ў роспач, бо гэта — непадуладнае, няпростае, непрывычнае, правілам «будоўлі» не падпарадкоўваецца, не дае спакойна жыць. І ўспрымаецца не як шчасце (ці, у горшым выпадку, наканаванне), а як невядомая немач, якой сябры і знаёмыя зусім не хварэюць, спакойна «будуючы» новыя адносіны сёння з адной (адным), заўтра — з іншай (іншым). Немач, якой трэба саромецца, ад якой трэба пазбаўляцца любой цаной, няхай сабе разам з жыццём...
Вы заўважылі, што ў паведамленнях пра самагубствы падлеткаў, маладых людзей усё часцей стала гучаць фраза: «Мяркуецца, што прычынай стала нераздзеленае каханне»? Наўрад ці сталі больш жорсткімі аб'екты гэтага пачуцця, якія не адказваюць узаемнасцю. Наўрад ці больш палымяныя, бескампрамісныя і няўцешныя пачуцці і думкі ў тых, хто ў роспачы лезе ў пятлю ці робіць крок у бездань з высокага будынка. Яны проста да кахання — таго дзівоснага пачуцця, дзеля якога робяць адчайныя ўчынкі, адкрываюць новыя зоры, пішуць вершы ці музыку, — не гатовыя, бо лічылі, што ім можна толькі «займацца» або яго «будаваць», і што гэта — адзінае сапраўднае.
...Я не ведаю, што адчуваюць «Рамэа і Джульета з Лунінца», падлеткі, якія, баючыся, што іх разлучаць (у дзяўчыны былі праблемы з законам), збеглі ў кастрычніку ажно ў Маскву. Цяпер яны вярнуліся, Вераніка засталася на свабодзе, можна сустракацца без перашкод. Вельмі хочацца верыць, што ўсё, што яны рабілі дзеля таго, каб застацца разам, было па сумленні і па пачуццях, а не падгледжана ў нейкім шоу, кіно, ці камп'ютарнай гульні (спадара Шэкспіра не згадваю ў гэтым пераліку знарок).
Зрэшты, час, прычым вельмі хутка, пакажа...
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.